• Газеты, часопісы і г.д.
  • Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII - пачатак XX ст.)

    Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі

    (канец XVIII - пачатак XX ст.)

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 496с.
    Мінск 2015
    226.43 МБ
    Курляндская кансісторыя ажыццяўляла нагляд за выкананнем царкоўных і свецкіх законаў, царкоўным парадкам і кантролем за лютэранскім друкам. Кансісторыя праводзіла пасяджэнні два разы ў год, а камітэт, у склад якога ўваходзілі тры члены кансісторыі, выконваў кіруючыя функцыі. Курляндская кансісторыя была падпарадкавана Генеральнай кансісторыі ў Пецярбургу. Лютэранскія абшчыны беларуска-літоўскіх губерняў удзельнічалі ў рэгіянальных сінодах у Вільні і ў правінцыяльных у Мітаве, рашэнні якіх афар.мляліся пратаколамі2.
    24 чэрвеня 1831 г. быў зацверджаны штат Літоўскай рэфармацыйнай калегіі ў складзе 17 чалавек: прэзідэнт (свецкая асоба), віцэ-прэзідэнт (духоўная асоба), 3 свецкія і 3 духоўныя куратары, генеральны сакратар, пратакаліст, рэгістратар і 6 канцылярыстаў3. Акрамя таго членамі калегіі былі амаль усе суперінтэнданты, віцэ-суперінтэнданты і свецкія куратары з дваран-рэфарматаў, якіх запрашалі для абмеркавання важных пытанняў4. На ўтрыманне калегіі было выдзелена 28 043 руб.5
    1832 год стаў знакавым у прававых адносінах паміж дзяржавай і евангелісцкімі канфесіямі. Гэта быў год прыняцця статута для евангелісцка-рэфармацкай
    1 ПСЗРЙ2. Т. 5. № 3741. С. 653-657.
    2 Prasmantaite A. Die Evangelischen Kirchen in Litauen. 1795-1918 // Die reformatorischen Kir­chen Litauens. S. 145.
    3 БУЛАН. Рукапісны адзел. Ф. 40. Спр. 678. Арк. 135.
    4 Тамсама.
    5 РДГА. Ф. 821. Воп. 5. Спр. 621. Арк. 5 адв., 28.
    і евангелісцка-лютэранскай канфесій, які замацаваў іх адміністрацыйна-прававое становішча ў Расійскай імперыі на доўгія гады да пачатку Першай сусветнай вайны.
    На падставе статута 1832 г. вышэйшае кіраўніцтва евангелісцка-лютэранскай царквой ажыццяўляла Генеральная кансісторыя, якая складалася з прэзідэнта (свецкай асобы), віцэ-прэзідэнта (духоўнай асобы), двух свецкіх і двух духоўных членаў. Усе яны, у тым ліку прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт, прызначаліся імператарам з тых кандыдатаў, што былі абраны адпаведнымі органамі. Выбары прэзідэнта ў розных кансістарыяльных акругах праводзіліся па-рознаму. У Курляндскай акрузе, якой падпарадкоўваліся лютэранскія цэрквы беларуска-літоўскіх губерняў, яго выбіралі мясцовыя дваране, лютэране па веравызнанні. Яны ж выбіралі і віцэ-прэзідэнта, вышэйшага духоўнага саноўніка кансісторыі. Ён меў сан генерал-суперінтэнданта (у іншых кансістарыяльных акругах суперінтэнданта, але правы ў іх былі аднолькавыя). Віцэ-прэзідэнт кансісторыі кіраваў і назіраў за ўсімі духоўнымі справамі ў акрузе, вёў спісы духоўных асоб, атэстоўваў іх, праводзіў візітацыю цэркваў, разбіраў спрэчкі паміж пастарамі. Ён меў пачэсныя знакі залаты крыж на грудзях і асабістую пячатку.
    Мясцовае кіраўніцтва справамі евангелісцка-лютэранскай царквы ажыццяўляла духоўная кансісторыя, якую ўзначальваў пробст. Ён падпарадкоўваўся генерал-суперінтэнданту і з’яўляўся кіраўніком пастараў сваёй акругі (пробсцкая акруга), пасярэднікам паміж генерал-інтэндантам і акругай, праводзіў візітацыю цэркваў, быў суддзёй у такіх справах, якія маглі скончыцца прымірэннем, без парушэння царкоўных правіл. Для вырашэння царкоўных і гаспадарчых спраў акругі пробст меў права збіраць сінод пастараў.
    Вышэйшым органам евангелісцка-рэфармацкай царквы, як і раней, з’яўляўся Літоўскі евангелісцка-рэфармацкі сінод (з 1840 г. Віленскі)1. Часцей за ўсе яго сходы адбываліся ў Вільні, але час ад часу яны праходзілі ў Беліцы Лідскага павета, Ізабеліне Ваўкавыскага, Койданаве Мінскага, Капылі і Слуцку Слуцкага, Расне Брэсцкага і Асташыне Навагрудскага паветаў2. У другой палове XIX пачатку XX ст. пасяджэнні сінода адбываліся толькі ў Вільні. На яго сходы збіраліся духоўныя і свецкія асобы з дваран гэтага веравызнання. На іх разглядаліся розныя пытанні: аб матэрыяльным стане духавенства, назначэнні на пасады, адміністрацыйна-іерархічная структура і г. д. Усе бягучыя справы вырашала Літоўская (пазней Віленская) евангелісцка-рэфармацкая калегія. Сінод выбіраў усіх членаў гэтай калегіі на 6 гадоў. Кандыдатура яе прэзідэнта прызначалася імператарам, віцэ-прэзідэнта зацвярджалася міністрам унутраных спраў.
    1 Рэфармацкі збор у м. Копысь (Магілёўская губерня) знаходзіўся да 22 сакавіка 1782 г. у распараджэнні Юстыц-калегіі Ліфляндскіх, Эстляндскіх і Фінляндскіх спраў, да 1810 г. ён меў сваю асобную кансісторыю з адным духоўным, а затым быў падпарадкаваны Літоўскаму евангелісцка-рэфармацкаму сіноду (НГАБ. Ф. 2001. Bon. 1. Спр. 18. Арк. 8-8 адв.).
    2 Spis synodow і sesji prowincjanych jednoty Litewskiej. 1611-1913. Wilno, 1913. S. 49.
    Царкоўная структура і колькасць вернікаў евангелісцкіх канфесій. У канцы XVIII ст. (1791 г.) на тэрыторыі ВКЛ пражывала 3 млн 850 тыс. чалавек, з іх да евангелісцка-лютэранскай і евангелісцка-рэфармацкай канфесій належала 60 тыс. (або 1,6 %)1. Стан сучаснай гістарычнай навукі дазваляе вылучыць колькасць вернікаў гэтых дзвюх канфесій па асобных беларуска-літоўскіх губернях толькі на пачатак 1840-х гадоў. Так, па звестках на 1842 г., у Віцебскай губерні іх было 13 426, Віленскай 954, у Гродзенскай 42772. У Ковенскай губерні ў 1843 г. налічвалася 23 013 пратэстантаў, у тым ліку 16 646 лютэран і 6367 рэфарматаў3. 3 іх 344 пратэстанты (75 лютэран і 269 рэфарматаў) пражывала на тэрыторыі Новааляксандраўскага павета, частка якога ўваходзіць у склад сучаснай тэрыторыі Беларусі4.
    У пачатку 1860-х гадоў у пяці беларуска-літоўскіх губернях налічвалася 19 951 чалавек, якія адносіліся да евангелісцка-лютэранскай і евангелісцка-рэфармацкай канфесій. Найбольшая колькасць з іх (практычна адных лютэран) пражывала ў Віцебскай губерні 12 420 чалавек, што складала 1,57 % ад агульнай колькасці насельніцтва гэтай губерні, у Гродзенскай 5500 чалавек (0,6 %), Віленскай 891 (0,1 %), Мінскай — 684 (0,07 %), Магілёўскай — 456 чалавек (0,05 %)5. Даволі вялікая колькасць вернікаў, што адносіліся да евангелісцкіх канфесій, як і раней, пражывалі ў Ковенскай губерні. Па даных на канец 1860-х гадоў, іх тут налічвалася 39 761 чалавек, або 3,5 % ад агульнай колькасці насельніцтва. 836 пратэстантаў (0,6 % ад усяго насельніцтва) пражывалі на тэрыторыі Новааляксандраўскага павета6.
    На працягу другой паловы XIX ст. колькасць вернікаў гэтых дзвюх канфесій ва ўсіх беларуска-літоўскіх губернях павялічылася больш чым у тры разы і склала звыш 143 627 чалавек, з якіх па-ранейшаму значная доля прыходзілася на лютэран. Найбольш хуткімі тэмпамі павялічвалася пратэстанцкае насельніцтва ў Новааляксандраўскім павеце Ковенскай губерні, а таксама ў Магілёўскай і Мінскай губернях. Па абсалютных колькасных паказчыках працягвала лідзіраваць Ковенская губерня, затым Віцебская*. Лютэранства спавядала латышскае і нямецкае насельніцтва, што пражывала на гэтай тэрыторыі; евангелісцка-рэфармацкую веру палякі і беларусы, якія былі, як правіла, шляхецкага паходжання.
    У царкоўна-адміністрацыйнай структуры евангелісцка-рэфармацкая і евангелісцка-лютэранская цэрквы мелі шмат агульнага, але былі і невялікія адрозненні.
    1 Alma Mater Vilnensis. London, 1951. S. 29, 66.
    ■ Без-Корннловпч. Военно-статястнческое обозренне Россяйской ямперяя. СПб., 1852. Т. 8, ч. 1: Внтебская губерння. С. 192; Норденстренг. Военно-статястяческое обозренпе Россяйской нмперян. СПб., 1848. Т. 9, ч. 2: Вяленская губерняя. С. 30; Камберг. Военно-статпстнческое обозренне Россяйской ямперня.-СПб., 1849. -Т. 9, ч. 3: Гродненская губерння.-С. 96.
    3 КАА. Ф. 1-50. Bon. 1. Спр. 875. Арк. 46.
    4 Тамсама. Арк. 30.
    Яноўская В. В. Хрысціянская царква ў Беларусі. 1863-1914 гг. С. 63.
    6 Памятная кннжка Ковенскай губерннн на 1872 год. Ковна, 1872. С. 145.
    * Падлічана намі паводле даных перапісу 1897 г. па адпаведных губернях.
    Эскізная прапанова па праекце ўзвядзення новага будынка Мінскай кірхі (1830-я гады) (НГАБ)
    Аснову царкоўнага ўладкавання лютэран складаў прыход. У яго ўваходзілі прыходская абшчына і пастар. Прыходскія абшчыны па сваіх правах былі неаднароднымі. У адных прыходах абшчына была самастойнай адзінкай, яе дзейнасцю кіравалі выбарныя органы агульны сход і царкоўны савет (або калегія, канвент). У іншых абшчыну прадстаўлялі патрон і землеўладальнікі. У першай палове XIX ст. лютэранскія кірхі, што былі цэнтрамі прыходаў, існавалі ў Гродне, Мінску, Слуцку, Віцебску, Полацку і Магілёве. Згодна са справаздачай аб стане евангелісцка-лютэранскай царквы за 1864 г., у 5 губернях дзейнічала 27 лютэранскіх цэркваў, у тым ліку галоўных 7, прычэтных (прыпісных) 8, шпітальных і хатніх 1, малельных дамоў 11. Па губернях яны размяркоўваліся наступным чынам: у Віцебскай — 9(1 галоўная, 5 прычэтных, 3 малельныя дамы), у Магілёўскай — 1 галоўная, у Мінскай — 2 (галоўная і прычэтная), у Віленскай 3 (галоўная, прычэтная, хатняя), у Гродзенскай 12 (3 галоўныя, 1 прычэтная, 8 малельных дамоў)1. Найбольш разгорнутую структурную сетку мелі Віцебская і Гродзенская губерні. Так, у пачатку XX ст. (1909 г.) у Віцебскай губерні існавала 9 евангелісцка-лютэранскіх прыходаў (Дзвінскі, Віцебскі, Прэльскі, Крэйцбургскі, Люцынскі, Балаўскі, Стружанскі, Полацкі, Рэжыцкі). Лютэранскія кірхі на той час былі не ў кожным прыходзе. Праўда, у такім вялікім, як Крэйцбургскі, іх мелася нават тры. Але гэта хутчэй не правіла, а выключэнне з яго. Што тлумачыцца найперш заканадаўчымі складанасцямі пры пабудове новых неправаслаўных храмаў. Бу-
    1 РДГА. Ф. 821. Воп. 5. Спр. 18. Арк. 16.
    даўнічы статут, што меў сілу закона, патрабаваў: калі старыя пабудовы прыходзілі ў нягоднасць і на іх месцы трэба было ўзвесці новы будынак, то патрабавалася згода не толькі свецкіх улад, але і праваслаўных іерархаў1. Архіўныя матэрыялы паказваюць, што прайсці гэты шлях і атрымаць дазвол усіх інстанцый удавалася не кожны раз, нягледзячы на наяўнасць усіх неабходных умоў для будаўніцтва.
    Некалькі прыходаў у сукупнасці ўтваралі пробсцкія акругі, якія знаходзіліся пад наглядам духоўнага саноўніка пробста. Сукупнасць пробсцкіх акругаў утварала кансістарыяльную акругу. У пачатку 60-х гадоў XIX ст. у Расійскай імперыі існавала ўсяго 8 евангелісцка-лютэранскіх духоўных кансістарыяльных акруг. Пасля скасавання ў 1830 г. Віленскай лютэранскай кансісторыі ўсе 5 губерняў (Віленская, Віцебская, Магілёўская, Мінская, Гродзенская) увайшлі ў Курляндскую кансістарыяльную акругу.