• Газеты, часопісы і г.д.
  • Кароткая граматыка шведскай мовы

    Кароткая граматыка шведскай мовы


    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 88с.
    Мінск 2009
    12.97 МБ
    Прыназоўнік звычайна стаіць перад назоўнікам або займеннікам; аднак ёсць шмат адхіленняў ад гэтай нормы. Прыназоўнік можа выносіцца ў канец (або амаль у канец) сказа ў наступных выпадках:
    I. Калі назоўнік або займеннік пачынае сказ, а менавіта, пры адмысловым падкрэсленні дадатку месца (1), у сказах, якія ўводзяцца пытальным займеннікам (2), у азначальных даданых сказах, у якіх прыназоўнік злучаны з адносным займеннікам (3):
    1)	Det har du rätt i. — У гэтым ты маеш рацыю.
    2)	Vilken gata bor de på? — Ha якой вуліцы яны жывуць?
    3)	Jag fick ett brev, som jag genast måste svara på. — Я атрымаў ліст, на які быў павінен адразу ж адказаць.
    II.	Калі прыназоўнік злучаны з інфінітывам у функцыі азначэння:
    Det var någonting att tänka på. — Пра гэта трэба было падумаць.
    У адрозненне ад беларускіх, шведскія прыназоўнікі могуць спалучацца і з інфінітывамі (1), і з даданымі сказамі (2):
    1)	Han har förstört sina ögon genom att läsa för mycket. — Ён сапсаваў зрок, чытаючы занадта шмат.
    2)	Han blev förvånad över att hon var där. — Ён здзівіўся таму, што яна была там.
    СІНТАКСІС
    Сінтаксічны лад шведскай мовы збольшага падобны да сінтаксічнага ладу беларускай мовы. У залежнасці ад мэты выказвання тут можна вылучыць апавядальныя, пытальныя і пабуджальныя сказы; паводле структуры яны могуць быць простымі і складанымі (складаназлучанымі або складаназалежнымі).
    Да галоўных членаў сказа ў шведскай мове, як і ў беларускай, належаць дзейнік і выказнік, да даданых членаў сказа — дапаўненне, азначэнне, акалічнасць.
    Сказ, які ўяўляе сабой закончанае выказванне і не можа быць падзелены на самастойныя, сэнсава завершаныя часткі, завецца простым. Фармальным паказчыкам завершанасці выказвання з’яўляецца інтанацыя.
    Han kommer från Luleå. — Ён родам з Лулеа.
    Сказ, у складзе якога ёсць частка, здольная ўтварыць самастойнае выказванне, завецца складаным. Складаныя сказы бываюць складаназлучанымі і складаназалежнымі. Складаназлучаны сказ уяўляе сабой спалучэнне простых сказаў:
    Mattias studerar och hans bror jobbar på ett bibliotek. — Маціас вучыцца, a яго брат працуе ў бібліятэцы.
    Складаназалежны сказ складаецца з галоўнага сказа, які змяшчае самастойнае выказванне, і даданага, які не валодае самастойнасцю і сэнсавай скончанасцю. Для шведскага даданага сказа характэрны адмысловы парадак слоў (пра гэта падрабязней глядзіце ў раздзеле «Парадак слоў»).
    ПАРАДАК СЛОЎ У ПРОСТЫМ СКАЗЕ
    Парадкам слоў завуць як паслядоўнасць членаў сказа, так і паслядоўнасць слоў/элементаў у рамках аднаго (шматэлементнага) члена сказа. Разглядаючы парадак слоў у сказе, кажуць пра першае, другое і наступныя месцы. Пры гэтым адно месца можа займаць цэлае словазлучэнне, напрыклад:
    1	2	3
    Min andra bror heter Viktor. — Майго другога брата завуць Віктар.
    Ёсць словы, якія не займаюць асобных месцаў у сказе. Так, артыклі і прыназоўнікі ўключаюцца ў субстантыўную групу, а выклічнікі, злучнікі і часціцы пры нумарацыі месцаў наогул не ўлічваюцца.
    Найважнейшую ролю ў структуры шведскага сказа адыгрывае месца, якое займае дзеяслоў-выказнік або яго частка. Размяшчэнне дзейніка і выказніка адносна адзін аднаго вызначае два галоўныя тыпы парадку слоў — прамы і зваротны.
    Пры прамым парадку слоў група дзейніка (1 -е месца) папярэднічае ўсёй групе выказніка (2-е месца).
    1	2
    Pelle tycker inte om kaffe. — Пэле не падабаецца кава.
    Пры зваротным парадку слоў група дзейніка (2-е месца) стаіць за выказнікам (1-е месца). Ёсць дзве разнавіднасці зваротнага парадку слоў: калі сказ пачынаецца з выказніка, а дзейнік знаходзіцца на другім месцы (1), і калі сказ пачынаецца з другараднага члена, а выказнік і дзейнік знаходзяцца, адпаведна, на другім і на трэцім месцах (2):
    1)	Har du ätit lunch idag? — Ці ты сёння абедаў?
    2)	Framför slottet står det en soldat. — Перад палацам стаіць салдат.
    Асноўная функцыя парадку слоў — указаць на тып сказа: апавядальны, пытальны ці пабуджальны. Кожнаму з гэтых тыпаў характэрны пэўны парадак слоў, што з’яўляецца фундаментальным правілам пабудовы шведскага сказа.
    Тып сказа
    Сказ, парадак слоў
    Каментар
    Апавядальны
    12 3	4
    Vi ska åka till Malmö.
    1	2 3 4	5
    Till Malmö ska vi åka tillsammans.
    Фінітны дзеяслоў заўсёды знаходзіцца на другім месцы, а дзейнік можа займаць першае або трэцяе месца ў сказе.
    Пытальны: а) агульнае пытанне б)спецыяльнае
    12 3	4
    Ska ni åka till Malmö?
    1	2 3 4	5
    Vart ska ni åka tillsammans?
    Агульнае пытанне: выказнік — на першым, а дзейнік — на другім месцы. Спецыяльнае пытанне: выказнік займае другое, а дзейнік — трэцяе месца.
    Пабуджальны
    1	2
    Stanna inte!
    Выказнік займае першае месца, дзейнік адсутнічае.
    Парушэнне звычайнага парадку слоў (інверсія) служыць для адмысловага вылучэння (падкрэслівання) якога-небудзь члена сказа, параўнайце:
    Hon vill gå på bio med Gustav. — Яна хоча пайсці ў кіно з Густавам.
    Gustav vill hon gå på bio med. — 3 Густавам яна хоча пайсці ў кіно.
    ЧЛЕНЫ СКАЗА
    Выказнік
    Выказнік паказвае на суаднесенасць дзеяслоўнага дзеяння з дзейнікам. Як было сказана вышэй, ён займае вызначанае месца ў сказе ў залежнасці ад тыпу сказа. Існуе два тыпы выказнікаў — аднаі шматэлементны. Аднаэлементны выказнік складаецца з дзеяслова ў адпаведнай форме (фінітнага дзеяслова), а ў шматэлементным выказніку за фінітным дзеясловам ідуць іншыя кампаненты, якія часта раздзяляюцца іншымі членамі сказа. Існуюць наступныя тыпы шматэлементнага выказніка.
    1.	Імянны выказнік, які складаецца з дзеяслова-звязкі і іменнай часткі (назоўніка або прыметніка). Часцей за ўсё выкарыстоўваецца дзеяслоў-звязка «быць» (är — у цяперашнім i var — у прошлым часе).
    Jag är upptagen. — Я занятая.
    Igår var vi i Ystad. — Мы былі ўчора ў Юстадзе.
    2.	Складаны дзеяслоўны выказнік, што складаецца з фінітнага дзеяслова (дапаможнага ці мадальнага дзеяслова ў адпаведнай часавай форме) і асноўнага сэнсавага дзеяслова ў форме інфінітыва, супіна або дзеепрыметніка II:
    Jag ska börja arbeta här snart. — Я пачну тут працаваць неўзабаве.
    Jag kan inte hjälpa till. — Я ніяк не магу дапамагчы.
    3.	Выказнік, прадстаўлены дзеясловам з прыдзеяслоўнай часціцай:
    Det ser bra ut. — Гэта выглядае някепска.
    Правілы размяшчэння кампанентаў шматэлементнага выказніка аднолькавыя для ўсіх яго тыпаў: у апавядальных сказах фінітны дзеяслоў заўсёды займае другое месца, а астатнія дзеясловы следуюць
    за ім, саступаючы месца толькі дзейніку (пры адваротным парадку словаў) і рухомым акалічнасцям (inte, kanske, etc. — гл. ніжэй раздзел «Рухомая акалічнасць»),
    Дзейнік
    Дзейнікам часцей за ўсё бывае назоўнік або займеннік (1), радзей інфінітыў (2), а таксама іншыя часціны мовы, якія падвергнуліся субстантывацыі (3):
    1)	Patrik (han) vaknade klockan åtta. — Патрык (ён) прачнуўся a восьмай.
    2)	Att bada är trevligt. — Купацца — прыемна.
    3)	Den sjuke sov lugnt. — Хворы спаў спакойна.
    У апавядальным сказе дзейнік стаіць на 1-м ці 3-м месцы, а ў пытальных сказах — пасля фінітнага дзеяслова:
    Lena har varit i Spanien tre gånger. — Лена была ў Іспаніі тры разы.
    I Spanien har Göran aldrig varit. — У Іспаніі Ёран ніколі не быў.
    Har Göran varit i Spanien? — Ці быў Ёран у Іспаніі?
    När kom Lena från Spanien? — Калі Лена прыехала з Іспаніі?
    Фармальны дзейнік det функцыянуе ў сказе як звычайны дзейнік, але не абазначае аніякай рэальнай асобы або прадмета. Ён неабходны для фарміравання сказа з безасабовымі дзеясловамі і ў некаторых устойлівых словазлучэннях:
    Det är kallt och snöar. — Холадна, i ідзе снег.
    Hur står det till? — Як маецеся?
    Часам y сказе бывае адначасова два дзейнікі — рэальны і фармальны det:
    Det är skönt att vara här. — Тут прыемна быць.
    Сказ: Ett stort bord står i rummet. (У пакоі стаіць вялікі стол.) — дакладны з пункту погляду граматыкі, але для носьбіта шведскай
    мовы ён выглядае не зусім натуральным. У выпадку, калі трэба перадаць нейкую новую інфармацыю, лепш будзе сказаць: Det står ett stort bord i rummet. Слова det — фармальны дзейнік, a слова ett bord стаіць на месцы дапаўнення. Гэтая канструкцыя абумоўленая тым, што ў шведскай мове пазбягаюць размяшчаць новую для слухача інфармацыю на пачатку сказа. Такім чынам, сэнсавы цэнтр змяшчаецца ўправа.
    Дадатак
    У якасці дадатку функцыянуюць назоўнікі і займеннікі. Форма назоўніка-дадатка супадае з формай назоўніка-дзейніка. Тое самае можна сказаць і пра займеннікі, аднак некаторыя асабовыя займеннікі маюць форму ўскоснага склона. Дадаткі могуць ужывацца з прыназоўнікам і без яго, напрыклад:
    Han dricker inte mjölk. — Ён не п’е малака.
    Får jag prata med dig? — Можна з табой пагаварыць?
    Як правіла, дадатак стаіць у сказе пасля выказніка, аднак у выпадку інверсіі ён займае першае месца:
    Mjölk dricker han inte alls. — Малака ён зусім не п’е.
    Med dig har jag ingen lust att prata. — Размаўляць з табой y мяне няма ніякай ахвоты.
    Часцей за ўсё дадатак залежыць ад дзеяслова, але часам і ад прыметніка. Найчасцей прыметнік злучаны з дадаткам пры дапамозе прыназоўніка, але часам і без яго. Выбар прыназоўніка заўсёды абумоўлены прыметнікам.
    Hon är tillfredsställd med resultatet. — Яна задаволеная вынікам.
    Han är duktig i kemi. — Ён здольны да хіміі.
    Han är lik sin far. — Ён падобны да свайго бацькі.
    Шматлікія дзеясловы могуць ужывацца з двума дадаткамі — прамым і ўскосным. Прамы дадатак пазначае непасрэдны аб’ект дзеяння і ўжываецца без прыназоўніка; ускосны дадатак паказвае на
    адрасат дзеяння і можа быць альбо беспрыназоўнікавым, і тады ён папярэднічае прамому, альбо ўжывацца з прыназоўнікам, і тады ён стаіць пасля прамога:
    Johan gav Fredrik en veckotidning. — Юхан даў Фрэдрыку часопіс.
    Johan gav veckotidningen till Fredrik. — Юхан даў часопіс Фрэдрыку.
    Акалічнасць
    У функцыі акалічнасці выкарыстоўваюцца: прыслоўі (nyligen — нядаўна; tidigare — раней і інш.), прыназоўнікавыя звароты (på mån­dagarna — па панядзелках і інш.), словазлучэнні тыпу «прыметнік плюс назоўнік» (förra året — летась і інш.), так званыя рухомыя акалічнасці (ju — жа, kanske — мабыць і інш.), нарэшце, цэлыя даданыя сказы. Акалічнасці характарызуюць альбо дзеяслоўнае дзеянне (1), альбо выказванне цалкам (фразавая акалічнасць) (2):