• Часопісы
  • Казкі гаспадара Пятра з-пад Полацка  Пятро Сіняўскі

    Казкі гаспадара Пятра з-пад Полацка

    Пятро Сіняўскі

    6+
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 86с.
    Мінск 2022
    27.4 МБ
    Стаіць Дзед Мароз на лясной паляне і на неба хмурыцца: Сонейка зноў праспала! Летам яно раненька прачнецца, праз лес перакульнецца і грэе, і ззяе, усё вакол асвятляе, кветкам пялёсткі распускае. А зімой неахвотна Сонейку ўставаць са сваёй цёплай вясёлкі-пасцелі і падымацца ў халоднае неба.
    Ледзь Сонейка паказалася над лесам, Дзед Мароз павесялеў, чарадзейныя рукавіцы здзеў: цяпер і зверанят склікаць пара.
    Тут сарокі залёталі, застракаталі, усім зверанятам наказ перадалі. Дзед Мароз і вокам міргнуць не паспеў, як лясны народ на выклік прыспеў. Толькі Мядзведзя не было. Ён у бярлогу спаў, лапу смактаў. Лапа ж салодкая: ён восенню яе ў мёд апусціў.
    ,/i v'
    $
    
    А Дзеду Марозу і зверанятам клопат — вось-вось Новы год настане, дзеці падарункі чакаць стануць, a іх яшчэ падрыхтаваць трэба, самі ж яны не зваляцца з неба. I вось звераняты сход адкрылі, як падарункі сабраць, гаварылі. I толькі Лісіца — рыжая хітрыца хвастом круціць: маўляў, нічога ў яе няма (не хоча клапот задарма).
    Прагналі Лісіцу. Астатнія звераняты: і ваверчаняты, і зайчаняты, і нават Воўк — зубамі шчоўк, усе-ўсе за работу ўзяліся.
    А Дзед Мароз паклікаў свой лёд-самалёт, каб адправіцца ў далёкі палёт. Снягурачку з сабой забраў, у іх таксама многа спраў.
    На паляне ж работа кіпіць. Снегіры з лясных яблынь яблыкі зрываюць, а ваўкі іх у мяшок — і скок-скок на паляну. Так расла яблыкавая гара. Забыліся вавёркі на свае вячоркі, над сарокамі не насміхаюцца, а таксама завіхаюцца — арэхі з лясных кладовак дастаюць. Так расла арэхавая гара.
    А сарокі, ox, гэтыя белабокі! Без іх не абысціся. Яны за трыдзевяць зямель зляталі і рассакаталі, што трэба апельсіны. Там звяры добрыя, на дружбу шчодрыя, і з самага поўдня адправілі лебедзяў-гусей з апельсінамі для нашых дзяцей. Так расла апельсінавая гара.
    Лісіца ж, на зло майстрыца, тым часам задумала адпомсціць Дзеду Марозу і зверанятам за тое, што хітрыкі яе разгадалі і з лясной паляны прагналі. Адшукала яна ў лясным гушчары дуб, у дубе — дупло. Вялікае-вялікае, цёмнае-цёмнае, зверху лёдам закаванае. Лісіца дубінкай раз стукнула, два — лёд разбіла, Адлізе і Капяжу выхад з дупла адкрыла. А яны ж — вядома кожнаму — ворагі Дзеда Мароза.
    — Ну, трымайся, Дзед Мароз! — крыкнула Адліга.— Мы пагрэем табе нос.
    — Кап-кап-кап,— пацвердзіў Капеж.— Ты ад нас не ўцячэш.
    Прыляцеў тут іх конь-Вецер, падхапіў брата з сястрой і панёс над зямлёй даганяць лёд-самалёт з Дзедам Марозам і Снягурачкай.
    А Дзед Мароз пабываў ужо ў Шакаладным горадзе, набраў у лёдсамалёт шакаладу. У Цукерачным горадзе набраў цукерак і накіраваў свой чарадзейны самалёт да лясной паляны.
    Ляцелі-ляцелі, па адным перніку з’елі. Ляцелі-ляцелі, па другім перніку з’елі. Ляцець жа яшчэ доўга, а Новы год хутка. Ну, ды нічога, думаюць, паспеем.
    Раптам, адкуль ні вазьміся, наляцелі на лёд-самалёт цёмныя-цёмныя хмары, наўкола свіст узняўся, грукат... Глянуў Дзед Мароз у ілюмінатар і жахнуўся:
    — Бяда, Снягурачка,— кажа,— хтосьці Адлігу з Капяжом выпусціў Падай мне хутчэй рукавіцы, яны дапамогуць ад бяды адбіцца!
    Падае Снягурачка Дзеду Марозу рукавіцы, сняжынкамі расшытыя, а тут падскочыў конь-Вецер, выхапіў іх і на зямлю скінуў. Адліга
    і Капеж смялейшыя цяпер: няма ў Дзеда Мароза чарадзейных рукавіц, чаго ж баяцца. I трашчыць лёд-самалёт, усё тае, тае, толькі кроплі з яго слязінкамі-дажджынкамі сцякаюць.
    У роспачы Снягурачка: не дачакаюцца дзеці навагодніх падарункаў. А Дзед Мароз не здаецца, ведае, быць такога не можа! Расперазаў ён пояс-мяцеліцу, і пайшла яна гуляць, снег віхурай узнімаць. Адлігу з Капяжом ад самалёта адганяе, да зямліцы прыціскае, ды не можа без чарадзейных рукавіц адолець.
    А ў гэты час звераняты — працавітыя рабяты на лясной паляне Дзеда Мароза са Снягурачкай чакаюць, пра бяду
    нічога не знаюць. I яблыкі, і арэхі, і апельсіны
    яны сабралі. Ды потым трывожыцца сталі: чаго гэта мяцеліца разгулялася? Дзед Мароз злуецца, значыць, штосьці з ім здарылася, няйначай! I чаму гэта Лісіцы, хітрай хітрыцы няма?
    Ану, сюды яе! Падышлі звераняты да лісінай хаткі: выходзь з нары! Гавары, што знаеш, чаго нас пазбягаеш? Зноў штосьці натварыла?
    He вытрымала Лісіца, вочы апусціла. Прызналася. Ды і як не прызнацца: хто зло ўтойвае, у таго на лбе напісана.
    
    Паімчаліся тут усе звяры і птушкі туды, дзе Дзед Мароз са Снягурачкай з Адлігай і Капяжом змагаліся, дзе конь-Вецер завываў, а мяцеліца іх да зямлі прыціскала, лёд-
    самалёт ад гібелі абараняла. Прыбеглі звераняты, рукавіцы чарадзейныя на зямлі адшукалі, птушкам іх падалі, а тыя падхапілі і Дзеду Марозу ўвысь панеслі.
    Цяжкія, ох, цяжкія чарадзейныя рукавіцы, а Вецер усё мацней насядае, за крылы хапае... Ён добра ведае, што яму канец, калі іх Дзед Мароз надзене. Цяжка птушкам, сіл болей няма, але ўжо бачаць яны Дзеда Мароза, ён так іх чакае не дачакаецца. Снягурачку бачаць, яна хоча дапамагчы птушкам і не можа. А лёдсамалёт танюсенькі стаў, зусім празрысты — вось-вось разваліцца, шакаладкі, цукеркі і пернікі пагубляюцца. Таму Снягурачка і плача: які ж Новы год без падарункаў? He было ўжо сіл у птушак, і яны выпусцілі б рукавіцы, але ж як пакінуць у бядзе самых жаданых зімою гасцей. I данеслі. Дзеду Марозу падалі. Ён надзеў іх хутчэй, ударыў у далоні, ды так, што конь-Вецер адразу сілу сваю згубіў, а Капеж і Адліга тут жа ледзяшамі сталі.
    Прыляцелі Дзед Мароз са Снягурачкай на паляну і хутчэй за справу бяруцца. Перш-наперш зайцам быў такі наказ: на ўскрайку лесу людзей сустракаць і паказваць ім, дзе ялінкі чарадзейныя,
    святочныя,— толькі пад такімі знондзецца падарунак у навагоднюю ноч.
    Разбегліся зайцы па лесе і ўсё рабілі, як было сказана.
    А на паляне звераняты ласункі па пакетах раскладваюць, птушкі завязваюць на іх стужкі. Хутка, хутка Новы год!
    Дзед Мароз тройчы ў рукавіцы хлопнуў, нагой прытупнуў — снег пайшоў. Ляцяць пушыстыя сняжынкі, якая з іх над палянай перакульнецца, тут жа Дзедам Марозам абернецца. Стала іх многа-многа, Дзедаў Марозаў. Бо гарадоў у нас многа, а вёсак і не злічыць. I кладуць яны падарункі ў свае распісныя мяшкі і ідуць, хто ў школу, хто ў дзіцячы садок, а хто і да цябе прыйдзе, падарунак прынясе.
    А што з Лісіцай? Як яе пакаралі? Усе цяпер ведаюць, што Лісіца — злосная хітрыца. Усе яе пазбягаюць, усе з ёй не размаўляюць. Няма ў яе сяброў. А ці ж гэта не пакаранне?!
    Тс-с! Здаецца, хтосьці ідзе. Напэўна, Дзед Мароз падарункі прынёс.
    3 Новым годам!
    Змест
    Янкава крынічка 	3
    Пра вучонага сына і мудрага бацьку	12
    Як Гаўрылка пана са свету зжыў	15
    Фількава грамата. Памяці Уладзіміра Караткевіча	21
    Зачараваная гаспадарка 	35
    Замова на замову 	50
    Самабраны абрус	54
    Казка-быль, як будаваў хатку Базыль 	59
    Яська-касец. Казка-жарт 	66
    Адкуль вёска Пустапарожняя. Казка-жарт 	69
    Пра дровы. Прыпавесць	72
    Чарадзейная груша	75
    Таямніцы лясной палянкі. Навагодняя казка	80
    Сіняўскі, П.
    С38 Зачараваная гаспадарка : казкі гаспадара Пятра з-пад Полацка : для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту / Пятро Сіняўскі ; мастак Марыя Каратаева. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2022. — 86 с. : іл.
    ISBN 978-985-02-2111-7.
    Казкі, сабраныя ў гэтай кнізе, уражваюць трапнай самабытнай мовай, а казачныя падзеі адмыслова знітаваныя з сучаснасцю. Прыгоды, дзівосы, вандроўкі ў пошуках шчасця і сэнсу жыцця — казкі Пятра Сіняўскага будуць цікавыя і дзецям, і дарослым.
    УДК 821.161.3-93
    ББК 84(4Бея)-44
    Літаратурна-мастацкае выданне
    СІНЯЎСКІ Пятро (Пётр Іванавіч) ЗАЧАРАВАНАЯ ГАСПАДАРКА Казкі гаспадара Пятра з-пад Полацка
    Рэдактар A. В. Спрынчан
    Мастацкі рэдактар В. I. Сенчанка
    Тэхнічны рэдактар Т В. Свірыдзенка Стылістычныя рэдактары М. С. Неўгень, В. В. Крывадубская
    Падпісана да друку 11.11.2022. Фармат 84х90716. Папера афсетная.
    Гарнітура Times New Roman. Афсетны друк. Ум. друк. арк. 7,7.
    Ул.-выд. арк. 5,82. Тыраж 1000 экз. Заказ 474.
    Выдавецкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Мастацкая літаратура» Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюджвальніка друкаваных выданняў № 1/5 ад 09.07.2013. Пр. Пераможцаў, 11, 220004, Мінск. www.mastlit.by; e-mail: mail@mastlit.by
    Адкрытае акцыянернае таварыства «Паліграфкамбінат імя Я. Коласа». Пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўца, вытворцы, распаўсюджвальніка друкаваных выданняў № 2/3 ад 10.09.2018. Вул. Каржанеўскага, 20, 220024, Мінск.