Казкі гаспадара Пятра з-пад Полацка
Пятро Сіняўскі
6+
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 86с.
Мінск 2022
— Поле, поле! Ты ж маё дзяцінства, дапамажы мне. Маўчыць поле, не зварухнецца.
Зайшоў Янка ў лес:
— Лес, лес, ты ж маё дзяцінства, дапамажы мне! Пануры стаіць лес, нават рэха не адгукнулася.
Павярнуўся Янка да вады:
— Возера, возера, дапамажы мне, ты ж маё дзяцінства! Маўчыць блакітнае возера.
Захацелася Янку піць, успомніў крынічку, глянуў — сэрца як у абцугі заціснула. Заплыла крынічка багнаю, зверху жоўтыя плямы плывуць. Паспрабаваў руку ў ваду апусціць — ды зваліўся Янка ў роспачы і заснуў А раніцою чуе, нехта будзіць яго. Расплюшчыў вочы, бачыць — сама Праца вясковая перад ім стаіць. Такая няветлівая, у вочы не глядзіць, але кажа:
— Падымайся, калі жаданне ёсць душу сваю ачысціць. He хацела я да цябе падыходзіць, але ўпрасіў ты лес, поле ды возера — паслалі яны да цябе. Так і быць, дам табе работу. Упарты будзеш, можа, што і атрымаецца. Але я не веру, бо каля цябе ўжо сама Лянота шастае. Ды і без душы як працаваць будзеш? Адно скажу, калі хочаш, каб добра было, без падману працуй,— прамовіла Праца і знікла. He магла яна падыходзіць да чалавека, да якога Лянота падступае.
I ўзяўся Янка за працу. Пайшоў у лес дровы сячы. Да дрэва падысці не можа: то яму галіна вочы засланяе, то вопраткай за сук зачэпіцца. А дабярэцца, секане па дрэве — быццам не вастрыём, а абухом — сякера адскоквае. Сякерышча ў руках круціцца, крывавыя мазалі наганяе. А побач Лянота стаіць ды ўгаворвае:
— Адпачні, Янка. Дзень вялікі...
Янка ж адной рукой Ляноту адгоніць, другой пот змахне — і давай сякерай махаць. Ссячэ дрэва, а яно ў самы гушчар зваліцца: не падысці, хоць тут і кідай.
Касіць Янка возьмецца, мужыкі далёка наперадзе пракосам ідуць, а Янка ззаду пляцецца, каса ў яго то ў зямлі напалову загразне, то зверху над травою свісне, то ў камень з усяго размаху ўрэжацца.
Араць выйдзе, плуг то вынырне, па зямлі праскочыць, то ўглыб залезе, ажно конь надрываецца...
Колькі дзён-месяцаў так працаваў Янка, сам не ведаў. Адно стараўся без падману працаваць. Упарты быў хлопец. Рукі ад мазалёў усе ў крыві, спіна не разгінаецца.
Аднойчы працаваў ён ля возера. He паддавалася яму каса. А тут яшчэ і сонца пячэ, нібы здзекуецца. Як у чыгуне варыўся. I захацелася яму піць. Падаўся да возера, па дарозе на крынічку сваю наткнуўся. Глянуў — вачам не верыць: вада ў ёй чыстая, толькі не такая хуткая. Але пад сонцам зіхаціць, пераліваецца.
Прыпаў Янка да крынічкі сваёй, напіўся, твар абмыў — і пачуў ён, як камень у яго з сэрца зваліўся. Тут і спякота спала.
Доўга сядзеў Янка над чыстай крынічкай. Было яму пра што падумаць.
Пра вучонага сына і мудрага бацьку
Як спрадвеку вядома, жылі-былі на белым свеце стары са старою, а з імі сын іх Іванка. I жылі не ў трыдзявятым царстве, а дома, або, як той казаў,— тут, дзе ядуць клёцкі з душамі і пахлёбку з круп, дзе ўлетку на градках не пуста, а зімою на стале са свежанінай капуста. Дзе мужык — працаўнік, ды не толькі, бо мудрэйшы ён за грамацеяў там колькі...
Старая катлы з печы на прыпечак і з прыпечка ў печ перасоўвала, ежу гатавала, скацінку даглядала. А сам гаспадар то з касою, то з плугам, бывала, талакою, а часцей саматугам над зямлёй-карміцелькай завіхаўся. Іванка ж над кніжкамі сядзеў крукам — ішла рукою яму навука.
Так і жылі.
I вось аднойчы, калі было ўжо Іванку гадоў раз шэсць па тройчы, да старога са старою чуткі дайшлі: сын іх разумны, ды такі, што і свет яшчэ не чуў.
Вырашыў стары праверыць — суседзі праўду кажуць альбо хлусню як падвалоку вяжуць. Вывеў ён Іванку ў двор, абвёў вакол сваёй старэнькай хаткі, расказаў, як будаваў яе з маці і бацькам. А як праходзілі паўз бярвенне, што ля сянец ляжала, стары спатыкнуўся, ледзь
не паваліўся. Ды Іванка-ўдалец падхапіў бацьку, не даў упасці.
Прыйшлі яны ў поле. Стары паказвае рукою на вялікі камень, які ляжаў там, і пытае:
— Скажы ты мне, Іванка, што гэта такое?
Іванка пачаў словамі сыпаць, як rapox з мяшка,— і як поўнач па камені знайсці, і як поўдзень, і што трэба аб’язджаць яго, калі арэш, бо сапсуеш плуг...
Гадзіну ён пра той камень гаварыў, а калі скончыў, бацька пытае:
— I ўсё?
Іванка здзіўлена на бацьку глянуў, адказаў упэўнена:
— Вядома, усё!
— Дурань ты яшчэ, сынок. Ідзі да людзей розуму набірайся.
Паціснуў Іванка плячыма, але бацьку паслухаўся.
Год не было яго дома. У свеце вучонаму ды разумнаму справа вядомая: што пісаць, што чытаць, дзе слова ўставіць мудронае, дзе пяром парыпіць, а з гэтага меў ён і есці, і піць.
А як год мінуў, вярнуўся дахаты.
ййк"
Ізноў павёў яго бацька вакол старэнькай хаткі. Як праходзілі каля бярвення, спатыкнуўся стары, ледзь не паваліўся. Ды Іванка — дзяцюк хваткі, не даў яму ўпасці.
Прыйшлі ў поле. Стары паказвае на камень, пытае:
— Што гэта?
Іванка зноў пачаў словамі сыпаць, як гарох з засека: і адкуль камяні бяруцца, і як утвараюцца, і нават сказаў, як яны па-латыні называюцца... Гадзіны дзве ён пра той камень гаварыў. А калі скончыў, бацька пытае:
— I ўсё?
— Здаецца, усё,— няўпэўнена адказаў Іванка.
Стары нахмурыў бровы і кажа:
— У цябе не толькі розуму няма, але і старэйшых слухаць не ўмееш. Я табе казаў да людзей ісці розуму пытаць, а ты ізноў да папер звярнуўся.
Год быў у людзях Іванка. Разам з імі працаваў, разам песні спяваў, калі свята выпадала (бо, як вядома, каб не збіцца з хлеба, і адпачыць трэба).
А калі год мінуў, вярнуўся дахаты. I не паспеў пыл дарожны з рук змыць, як узяў рыдлёўку і ў поле пайшоў, да каменя вялікага. Стаў яго з зямлі выкопваць. А бацькам сказаў:
— Будзем хату новую будаваць. Гэта ж зусім ужо ў зямлю ўехала. 3 тых бярвенняў, аб якія ты, тата, увесь час спатыкаешся, зруб зрубім, а гэты камень пад фундамент пойдзе. Заадно і поле ад цяжару вызвалім.
I казаў цяпер Іванка пра камень так коратка, што і певень за гэты час сваё «ку-ка-рэ-ку» праспяваць не паспеў. Сказаў і за працу ўзяўся.
Стары толькі ў вусы ўсміхнуўся і падумаў: «Цяпер і я згодны, што крыху таго розуму, з якім не паперы гартаць, а ў жыцці для людзей неабходным стаць, і ў майго Іванкі ёсць».
Як Гаўрылка пана са свету зжыў
Жыў-быў Гаўрылка. Конь у Гаўрылкі — галава ды хвост, а паміж іх — рэбры, скурай абцягнутыя. Былі да каня і драбіны — колы драўляныя, спіцы саламяныя, шворан жалезны, а самі з паперы склееныя.
Запрог Гаўрылка каня ў драбіны, паехаў у поле, наклаў дзесяць мяхоў бульбы. Дзесяць бульбінак у кішэнь паклаў і дахаты рушыў. Конь нагамі пераступае, у хамут налягае — колы драўляныя, спіцы саламяныя круцяцца. I едуць папяровыя драбіны, мяхі з бульбаю вязуць. А Гаўрылка збоку ідзе, мяхі падпраўляе, воз падпіхае, каню памагае, каб колы ў канёвым жа следзе не загразлі. I яшчэ глядзіць Гаўрылка, каб гужы не парваліся. Бо парвуцца гужы — трэсне дуга. Трэсне дуга — конь напужаецца, страпянецца, не ў той бок крутанецца — і хрусне аглобля. Хрусне аглобля — пераломіцца шворан. Пераломіцца шворан — драбіны аб дарогу ўдарацца, рассыплюцца. I не давязе тады Гаўрылка бульбу дахаты.
Вязе ды вязе Гаўрылка бульбу і думае: «Прывязу бульбачку, жонка набярэ ў кош, памые, насыпле ў чыгунок, вадой налье, на агонь паставіць. Зварыцца бульбачка — дзеткі пад’ядуць». Думае так і думае Гаўрылка, а тут адкуль ні вазьміся — пан са служкамі на конях наляцеў. Коні ў пана — віхор, служкі дужыя, сам пан здаравенны ды вясёлы. Пытае ён у Гаўрылкі:
— Чаму пехатой ідзеш, чалавеча, ды не на возе едзеш? — А сам адным вокам, хітрым, круціць, другім, прагным, на мяхі з бульбай пазірае.
— Воз падпіхаю, каню памагаю і гляджу, каб гужы не парваліся, бяда не падкралася,— адказвае Гаўрылка.
Усміхнуўся пан у вус ды служкам:
— А праўду Гаўрылка кажа — цяжка яму. Дапамажыце ж чалавеку!
Наляцелі служкі, перакінулі мяхі з бульбачкай у панскі воз, свіснулі, гікнулі, зарагаталі і да панскага палаца памчалі.
Глянуў ім Гаўрылка ўслед і ні з чым дахаты паехаў Прыехаў, дастаў з кішэні дзесяць бульбінак. Жонка іх памыла, кінула ў чыгунок, наліла вадой, на агонь паставіла. А калі зварыліся, раздала дзеткам. Кожнаму па бульбінцы. А Гаўрылка з жонкаю не паеўшы спаць леглі.
Назаўтра чуць свет сабраўся Гаўрылка і паехаў у поле. Накапаў дзесяць мяхоў бульбы, дзесяць бульбінак у кішэнь паклаў і едзе дахаты другой дарогай, каб пана са служкамі не сустрэць.
А яны тут як тут.
Ускочыў Гаўрылка на воз — конь стаў
Падляцелі пан са служкамі да Гаўрылкі. Пан адным вокам, хітрым, круціць, другім, прагным, на мяхі з бульбай пазірае. Пытае ў Гаўрылкі:
— Чаго на возе сядзіш, чалавеча?
— Дамоў еду,— адказвае Гаўрылка.
Пан да служак сваіх звяртаецца:
— A і праўду Гаўрылка кажа — цяжка яму. Ну, што стаіце, дапамажыце каню.
Наляцелі служкі на Гаўрылкаў воз, мяхі з бульбаю на панскі перакінулі, з кішэні ў Гаўрылкі дзесяць бульбінак вытраслі. А потым — толькі і бачыў іх Гаўрылка.
Прыехаў Гаўрылка ў свой двор, каня адпрог, пасвіцца пусціў, а сам у хатку не ідзе — цяжка будзе дзеткам у вочы паглядзець. Яны ж так есці хочуць!
Сеў Гаўрылка на драбіны і думае, што рабіць яму: ці ў сцяну лбом ударыцца, ці ў вір галавой кінуцца? Ды не мог ён у вір галавой. «Каб сам, дык што? А без мяне дзеткі, птушаняткі неапёраныя, прападуць».
I ўсё ж надумаўся Гаўрылка, што рабіць яму.
Дачакаўся раніцы і да панскага палаца белакаменнага падаўся. Падышоў пад тое акно, дзе спальня была, і як загаласіў па пане хаўтурную:
Скора, скора, паночку, Стане дзень табе ночкай, I ў дамавіне дошкі Сціснуць пану ножкі, Што ніколі не ўстанеш, На Гаўрылку не глянеш Адным вокам хітрым, Другім вокам сквапным.
Ды так жаласна спяваў Гаўрылка, вярба побач расла, і тая за-
плакала. Прачнуўся пан, разгневаўся, што па ім жывым Гаўрылка
хаўтурную спявае. Пан той, як і ўсе паны, вельмі смерці баяўся.
Загадаў ён служкам Гаўрылку розгамі адлупцаваць. Наляцелі служкі, збілі Гаўрылку на горкі яблык. «Ну,— думае
пан,— не прыйдзеш болып пад акном галасіць».
А назаўтра раніцай прачнуўся пан ад Гаўрылкавага голасу. Глянуў у акно, а пад ім Гаўрылка стаіць і хаўтурную спявае:
Назаўсёды, паночку, Стане дзень табе ночкай...
I так жаласна Гаўрылка спявае, што дрэвы наўкола аж рыпяць ад жудасці.
Яшчэ горш разгневаўся пан, загадаў служкам збіць Гаўрылку на горкі яблык і ў склеп пад замок пасадзіць.