Крынічка Хрэстаматыя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту

Крынічка

Хрэстаматыя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 432с.
Мінск 2012
83.28 МБ
Мінула, мабыць, з паўгадзіны, як Рыгорка ўвайшоў у лес, а прасвету ўперадзе ён усё не бачыў. «Не інакш, як узяў убок, — падумаў ён нарэшце і затрывожыўся: — Гэтак і заблудзіцца лёгка!» Адзіны выхад быў — вярнуцца, прайсці па сваім жа следзе. Рыгорка і зрабіў бы так, але раптам, не ўтрымаўшыся на гурбіне, ён імкліва з’ехаў у яловы гушчар і моцна ўдарыў правай лыжай у нейкі корч. Лыжа трэснула — Рыгорку здалося, што аж водгулле пайшло па лесе. Ён адвязаў лыжу
і агледзеў — яна была надламана, і ісці на ёй нельга было. Рыгорка ў роспачы апусціўся на снег.
Ціха шумеў вецер у верхавінні ялін і соснаў, то тут, то там рыпелі разлапістыя сукі пад снегавым цяжарам, час ад часу з глухім шастаннем спаўзалі, падалі з іх камякі снегу, а хлопчык сядзеў і плакаў. Ён быў адзін у гэтым гушчары, а тут набліжаўся вечар і шэрань ужо ахутвала лес.
— Рыго-о-рка!.. Эге-гэ-эй!.. Дзе ты там? — уварваўся ў лясную цішыню зычны, танклявы голас. Яго падтрымала яшчэ некалькі галасоў: — Эге-эй!.. Рыгоо-рка-а!
«Валодзя? Хлопцы?» — Рыгорка ўскочыў, хуценька выбраўся з гушчару і, зняўшы рукавічкі, выцер снегам твар.
— Тут я... Сюды, хлопцы! — крыкнуў ён на ўсю сілу.
Аднекуль з-за прысадзістых ялін вынырнула трое лыжнікаў. Яны ішлі ланцужком — гэта былі Валодзя, Міша Каваль і Косця. Заснежаныя, задыханыя, з разгарачанымі, ружовымі тварамі, яны акружылі Рыгорку і, убачыўшы на снезе зламаную лыжу, адразу зразумелі, у чым справа. Лыжа пераходзіла з рук у рукі, яе круцілі так і гэтак, аглядаючы, і твары хлопчыкаў выказвалі і жаль, і шчырае спачуванне Рыгорку. «Айяй-яй...» — журботна прыгаворваў Валодзя, потым падумаў і махнуў рукой:
— Дармо, не бядуй, Рыгор... Дзед Хведар змайструе такую ж самую, можаш не сумнявацца. Ацяпер бяры мае лыжы і пайшлі — бач, ужо цямнее. Бяры, бяры! Я пешкі дабяруся.
— А мы глядзім, — казаў па дарозе Рыгорку Косця, — няма цябе. Куды ж, думаем, ён мог падзецца? Вярнуліся ў кар’ер — няма. Бачым — лыжны след пацягнуўся да лесу. Рашыў скараціць шлях, думаем, вось дзівак! Цяпер і на лыжах праз лес не проста прабрац-
ца... Ну, мы і махнулі следам. Апрызнайся, боязна было аднаму ў лесе?
— Ані-ні, — запэўніў Рыгорка, хоць і разумеў, што наўрад ці павераць яму.
Калі выйшлі з лесу на поле — прыкметна пасвятлела. Ад узлесся, на ўзгорку, пачынаўся доўгі і разам з тым даволі круты спуск. Ледзь не да самага Селішча, якое ляжала цяпер перад вачамі, як на далоні: два роўныя рады хат у нізіне паабапал бальшака. 3 комінаў хат плылі, завіваліся блакітныя вячэрнія дымкі.
— Можа, з’едзем разам, — прапанаваў Рыгорка Валодзю, заўважыўшы, як таму цяжка ісці па снегавой цаліне.
— Паспрабуем, — ахвотна згадзіўся той і, з усіх сіл падпіхнуўшы Рыгорку, сам стаў на лыжы за ім ззаду.
Аыжы памчалі, усё больш і больш набіраючы разгон. Іўжо снегавы пылок прыемна ўдарыў у твар, і сустрэчны ветрык засвістаў у вушах, намагаючыся сарваць шапку з галавы. Міша Каваль і Косця, голасна галёкаючы, імчаліся побач. I так хораша было Рыгорку і ад гэтага шпаркага руху, і ад Валодзевых дужых рук, якія ён адчуваў на сабе, і ад цёплай прыязнасці да Валодзі, для якога ён не пашкадаваў бы цяпер ні лыжаў, ні чаго-небудзь іншага, самага дарагога, што было ў яго, Рыгоркі.
Васіль Зуёнак
ПАЧАКАЙ, ДЗЯДУЛЯ МАРС!..
Нас пяцёра ў нашым доме — Дружбакоў усім вядомых.
Толькі дом не знае наш: Мы — касмічны экіпаж!
Компас ёсць. I ёсць ракета — Змайстравалі пад сакрэтам.
I цяпер бы самы раз Нам адправіцца на Марс.
Ды шкада, што ён далёка — Пэўна спознімся на ўрокі.
I,	глядзі, яшчэ ў прыдачу Тройкі ў дзённіках заскачуць...
А таму з прычыны гэтай Пераносім старт на лета.
Пачакай, дзядуля Марс, — Дай закончыць першы клас!
Сяргей Міхальчук
САЧЫНЕННЕ НА ВОЛЬНУЮ ТЭМУ
Надзея Паўлаўна зайшла ў клас, павіталася, дазволіла вучням сесці і тут жа падышла да дошкі. Прыгожымі выразнымі літарамі яна напісала:
1.	Кім я хачу стаць.
2.	Мой любімы літаратурны герой.
3.	Мой самы лепшы сябар.
Затым настаўніца павярнулася да класа і сказала:
— Выбірайце тэму і пішыце. Спяшацца не трэба. Часу ў нас дзве гадзіны. Хто скончыць раней — можа адразу ісці дадому: апошняга ўрока не будзе, я дамовілася. Хто не паспее — я пачакаю. Галоўнае, пішыце шчыра, як думаеце. Ну і трэба, каб было не менш... чатырох старонак...
Санька акуратна вывеў на першай старонцы — «Сачыненне вучня 6 «Б» класа Камісарчыка Аляксандра» — і задумаўся.
Якую ж тэму выбраць?
Ад першай ён, прыкінуўшы так і гэтак, адмовіўся. Бо і сапраўды яшчэ не ведаў, кім бы ён хацеў стаць. Цікавых прафесій многа. Калі чытаеш пра касмічныя палёты, то і сам сябе бачыш адважным касманаўтам, які пракладвае першыя сляды на далёкай планеце. Трапілася кніга пра даследчыкаў Антарктыды — і Санька вырашыў, што абавязкова паедзе на гэты таямнічы мацярык. I не кім-небудзь, а радыстам. Разам з Віцькам Качаргой яны нават азбуку Морзе вывучылі... Ахіба кепска стаць лётчыкам-выпрабавальнікам, або вадалазам, або археолагам, або геолагам? А калі аднойчы гэтым летам дзядзька Грыша дазволіў яму амаль цэлы кіламетр весці самому яго старэнькі «Масквіч», Санька парашыў, што абавязкова стане шафёрам, — такім радасным было адчуванне сваёй улады над машынай. А потым яны з тым жа Віцькам Качаргой збіраліся стаць маракамі. I не простымі матросамі, а капітанамі далёкага плавання... He, калі гаварыць сур’ёзна, ён яшчэ не выбраў будучай прафесіі. АНадзея Паўлаўна просіць пісаць шчыра.
Другая тэма спачатку здалася Саньку лягчэйшай. У свае дванаццаць з паловай гадоў ён прачытаў безліч кніг. Ён палюбіў Мірона і Віктара з «Палескіх рабінзонаў», Міколку-паравоза, Цімура і Паўку Карчагіна, Чапаева і Мярэсьева, Авадня і капітана Нема, Тома Сойера і Гека Фіна, д’Артаньяна і Шэрлака Холмса. I калі б Надзея Паўлаўна назвала тэму трошкі інакш: «Мае любімыя літаратурныя героі», — ён, мабыць, выбраў бы яе. Санька падрабязна напісаў бы, што адных ён любіць і паважае за іх смеласць і справядлівасць, другіх — за весялосць і безразважную адвагу, трэціх — за дабрату і высакародства, за выключную сілу волі, за кемлівасць і вынаходлівасць. Але выбраць сярод любімых герояў кніг кагосьці аднаго...
Санька ажно разгубіўся.
Заставалася яшчэ адна тэма — «Мой самы лепшы сябар».
Санька скасавурыўся і зазірнуў у сшытак Віцькі Качаргі. 3 Віцькам яны сядзелі за адной партай з пятага класа. I, вядома, дружылі. Да ўчарашняга дня. Аўчора...
Учора яны сабраліся ў Толіка Жалезнага, каб канчаткова высветліць, каго лічыць чэмпіёнам класа па шахматах, — брат Толіка, дзевяцікласнік Жора, мае шахматны гадзіннік, і хлопцы вырашылі правесці ўтрох бліцтурнір з шасці партый, бо на класных спаборніцтвах яны падзялілі першае месца: кожны набраў роўна па васемнаццаць ачкоў. У школьнай насценгазеце нават была змешчана кароценькая заметка, у якой прозвішчы пераможцаў, каб ніхто не пакрыўдзіўся, пералічваліся ў алфавітным парадку: Камісарчык Аляксандр, Качарга Віктар, Петрушкевіч Анатоль. Сапраўднае прозвішча Толіка — Петрушкевіч. Апразвалі яго Жалезным за звычку. Пра што б ён ні расказваў, што б ні абяцаў, абавязкова дадаваў: «Жалезна!» Хоць, калі гаварыць праўду, слова сваё стрымліваў далёка не заўсёды, а тое, што ён расказваў, было праўдай яшчэ радзей.
У час бліцтурніра Саньку здалося, што Жалезны махлюе: то кнопку гадзінніка націсне, перш чым зрабіць ход, то думае за чужы кошт, гэта значыць, калі Санька зробіць ход, а націснуць кнопку забудзе. А Віцька стаў на яго бок. Яму што? Ён прайграў і Толіку і Саньку. Трэцяе месца. Яны тады ледзь не пабіліся, даказваючы адзін аднаму сваю правату. Ды якраз у хату зайшоў дзядзька Грыша. Ён хацеў аб чымсьці пагаварыць з бацькам Толі і разбараніў іх. Нават паабяцаў быць суддзёй у іхнім турніры, калі яны перанясуць яго на нядзелю.
«Чакай, чакай! — спахапіўся Санька. — А хіба ёсць у мяне лепшы сябар, чым дзядзька Грыша? Праўда, яму ледзь не ў чатыры разы больш гадоў, чым мне. Але...»
Рыгора Лявонавіча Траяноўскага — дзядзьку Грышу — у вёсцы паважаюць усе: і малыя, і дарослыя, і нават старэйшыя за яго самога сівыя дзяды. Паважаюць за гаспадарскую руплівасць аб калгасным набытку, за спакойную разважлівасць і дабрату. Колькі памятае сябе Санька, дзядзька Грыша кожнае лета пасе калгасных кароў, а ўзімку корпаецца ў калгаснай майстэрні. «Залатыя рукі ў чалавека, — кажа пра яго Санькава маці, — ды от толькі здароўя няма». Аздароўя няма таму, што дзядзька Грыша інвалід. На вайне яму прастрэлілі грудзі, цудам жывы застаўся. Адразу пасля вайны, гэта Саньку таксама маці расказвала, Рыгора Лявонавіча прызначылі загадчыкам фермы. Прарабіў гадоў дзесяць, навёў парадак на ферме, кароў племянных завёў, а потым сам папрасіўся ў пастухі...
Санька паважаў дзядзьку Грышу заўсёды. А вось пасябравалі яны па-сапраўднаму толькі летась. Аднойчы маці — яна працуе даяркай — папрасіла Саньку:
— Падмяні ты, сынку, на дзень-другі Генку-падпаска. Трэба яму нечага ў горад да дзядзькі пад’ехаць.
Генка як паехаў на дзень-два, дык так і не вярнуўся, уладкаваўся ў нейкае вучылішча. Ды Санька на яго не крыўдаваў, нават радаваўся, так яму спадабалася быць за падпаска. I не дзіва. 3 дзядзькам Грышам не засумуеш. 3 ім заўсёды цікава. Колькі гісторый пачуў ад яго Санька, пра якіх толькі людзей не даведаўся. У час вайны дзядзька Грыша прайшоў са сваім артылерыйскім дывізіёнам ад Волгі да Вены, пабываў мо ў дзесятку краін. Ды і цяпер амаль кожны год, як ляжа снег, едзе то да мора лячыцца, то да сыноў пагасцяваць. А сыны ў яго тры. I каб пабываць у кожнага, дык трэба ледзь не ўвесь Савецкі Саюз аб’ехаць. Старэйшы — Пятро — аж у Краснаярску інжынерам працуе, сярэдні — Васіль — шахцёрам у Данбасе, а малодшы — Ігнась — вучоны і жыве ў Мінску.
А яшчэ цікава Саньку быць з дзядзькам Грышам таму, што дзядзька майстар на ўсе рукі. I на пашы рукі яго ніколі не гуляюць: то ён кош пляце, то путы ўе, то зубы для грабляў выстругвае. Ато знойдзе які адмысловы корань і пацешную фігурку з яго выража. Ад дзядзькі Грышы і Санька сёе-тое налаўчыўся рабіць.
I пра што б ні гаварылі яны між сабой, блукаючы са статкам па лугах і пералесках, заўсёды выходзіць неяк так, што дзядзька Грыша сваімі расказамі — не, не павучае! — вучыць Саньку шырэй глядзець на жыццё і перш за ўсё добра, з душой рабіць любую, нават самую звычайную работу.