• Газеты, часопісы і г.д.
  • Крынічка Хрэстаматыя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту

    Крынічка

    Хрэстаматыя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту

    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 432с.
    Мінск 2012
    83.28 МБ
    Яму стала так лёгка, так весела, што ён пацалаваў дзяўчынку ў абедзве шчакі, сеў на свой дыван самалёт і паляцеў рабіць добрыя справы.
    Цяпер ён напэўна стаў шчаслівым добрым чараўніком і сам дорыць людзям усмешкі.
    Пятро Клімук
    НА КАСМІЧНЫМ КАРАБЛІ
    Сённяшнія хлапчукі заўзята гуляюць у касманаўтаў. Мараць лятаць у космас, быць камандзірамі караблёў. А кожны касмічны палёт — гэта перш за ўсё праца, праца цяжкая, упартая, адказная.
    Вядома, прафесія наша цікавая. 3 касмічнай вышыні добра відаць, што Зямля круглая. Такое можна ўбачыць толькі з космасу! I выглядае яна блакітнай.
    Неба ў космасе, наадварот, не блакітнае, а чорнае. Зоркі на ім ярка-белыя, буйныя. Здаецца, вісяць яны так нізка над галавой, што можна дакрануцца да іх рукамі.
    Сонца таксама выглядае не так, як з Зямлі. Яно нязвычна вялізнае, вельмі зыркае, ажно белае. У час заходу сонца робіцца чырвоным, яно сплюшчваецца ў палоску. Іўзыходзіць вельмі прыгожа. У тым месцы,
    дзе яно павінна выкаціцца з-за гарызонту, успыхвае колерны акаём, які пераліваецца, як вясёлка.
    Вельмі ўражвае тое, што Зямля з космасу выглядае не такой ужо і вялікай. Я нарадзіўся і жыў пад Брэстам. I некалі са страхам думаў: колькі гэта дзён трэба ехаць ад Брэста да Уладзівастока цягніком! А на караблі мы праляталі гэту адлегласць усяго за дваццаць хвілін.
    Але мы лятаем у космас працаваць. Вынікаў кожнага касмічнага палёту з нецярпеннем чакаюць вучоныя.
    Да палёту касманаўты настойліва і доўга рыхтуюцца. Якраз таму хочацца яшчэ раз падкрэсліць: самае галоўнае ў прафесіі касманаўта — праца і праца.
    I ў дадатак да ўсяго — моцнае здароўе!
    Жыць і працаваць у космасе нялёгка. Там усё траціць вагу. Бачыш, што ў цябе рукі і ногі на месцы, але іх ты не адчуваеш. Падымаеш руку, а ніякай сілы на гэта не трэба. Ледзь паварушыўся ў крэсле — і ты «плаваеш» па кабіне. Хадзіць ці бегаць у космасе немагчыма: ногі адрываюцца ад «падлогі».
    Спаць можна толькі ў спальным мяшку, які прывязаны да борта карабля. Ды трэба і самога сябе прывязваць да мяшка. Бо спрасонку можна выплыць і прачнуцца далёка ад свайго спальнага месца.
    З’есці што-небудзь у космасе ці папіць вады — таксама работа. Боршч альбо суп знаходзяцца ў алюмініевых тубах, якія падобны да цюбікаў ад зубной пасты. Звінчваеш каўпачок, праколваеш кончыкам нажа дзірку. Пасля злёгку націскай на тубу і смакчы.
    Хлеб упакаваны ў пакеты. Буханачка — малюсенькая, з палову запалкавага карабка, каб яе можна было за раз укінуць у рот.
    Адным словам, жыць у космасе складана, а працаваць вельмі адказна.
    Клаўдзія Каліна
    КАСМАНАЎТ
    Аўтобус, якім мы ехалі ў раённы цэнтр, вельмі часта спыняўся, падбіраў усё новых пасажыраў. Час цягнуўся марудна, стаяла летняя гарачыня, і дарога здалася ўсім цяжкай і доўгай.
    Нарэшце паказаліся першыя будынкі пасёлка. Пасажыры з палёгкай уздыхнулі. Але нечакана шафёр зноў затармазіў, ды так рэзка, што людзі, якія стаялі, паваліліся адзін на другога.
    — Што там такое?! — пачуліся незадаволеныя галасы.
    Пасярод дарогі стаяла жанчына без хусткі, з раскудлачанымі валасамі. Гэта яна спыніла аўтобус. Побач на абочыне дарогі сядзеў хлапчук гадоў васьмі, босы, у трусах і майцы, і толькі праз меру вялікая галава яго была абвязана цёплай хусткаю да самых вачэй. Жанчына схапіла хлапчука за руку і пацягнула да адчыненых дзвярэй аўтобуса.
    — Ну, лезь хутчэй! — груба штурханула яна малога. Але той спыніўся ля самых дзвярэй і, як сляпы, пачаў намацваць прыступку. Нехта з пасажыраў падхапіў хлопчыка за руку і памог увайсці ў аўтобус, які адразу ж крануўся з месца.
    — Навошта яму памагаць, узлезе і сам! — замест падзякі сярдзіта сказала жанчына і пачала папраўляць валасы. Пасажыры здзіўлена пераглянуліся.
    — Што гэта за маці такая? — пачулася ціхае здзіўленне. — Дзіця хворае, а яна крычыць на яго ды яшчэ ў плечы таўчэ...
    — He маці, а, напэўна, мачыха, — зазначыў стары дзед і пасунуўся, каб даць месца малому -Ідзі, унучак, сядзь са мною... — запрасіў ён
    Але хлапчук прытуліўся галавой да жанчыны і жаласна захныкаў.
    — Ну садзіся ўжо! — строга загадала жанчына малому і, павярнуўшыся да пасажыраў, дадала: —He хвалюй-
    цеся, людзі добрыя, не хворы ён... Адома я яму яшчэ не так усыплю. Будзе ведаць, як ад працы адрываць. Самае жніво, работы столькі ў калгасе, а ён... Насіся тут з ім! — і жанчына ў злосці пляснула далоняй па вялізнай хлапчуковай — галаве. Пачуўся глухі звон.
    — Давай развяжу, a то задыхнешся, — ужо больш лагодна сказала яна і пачала развязваць хустку на хлапчуку.
    Ад цікаўнасці пасажыры нават падняліся са сваіх месц, каб лепш убачыць, што такое з малым.
    Хлапчук не даваўся, трымаючыся рукамі за галаву.
    Але маці сцягнула хустку з сына:
    — Вось, калі ласка, палюбуйцеся!
    На галаве малога бьгў круглы чорны чыгун, і толькі з выбітай пічыліны выблісквалі жывыя дзіцячыя вачаняты.
    — У-у-у! — загуло ў сярэдзіне чыгуна, і хлапчук зноў уткнуўся ў матчын фартух.
    — Сціхні! Чуеш? Вось прыедзем у бальніцу, там Ta66 знімуць твой шлем. Выдумаў сам сабе на бяду. Цяпер маўчы.
    Пасажыры стрымана заўсміхаліся. Ніхто не адважыўся вясёлым рогатам пакрыўдзіць цярплівага пакутніка.
    Аўтобус спыніўся якраз насупраць амбулаторыі. Жанчына з хлапчуком выйшлі. Аза імі высыпалі і ўсе астатнія пасажыры. Праз адчыненае акно амбулаторыі было відаць, як у прыёмным пакоі доктар пстрыкнуў пальцамі па чыгуну і весела сказаў, заглядваючы ў шчыліну:
    — Што, браток, надзець змог, а зняць не можаш? Ну, нічога, здымем. Пацярпі... — Ён падышоў да дзвярэй і гукнуў: — Данілавіч! Ідзіце сюды! Гэта па вашай часці...
    На парозе прыёмнага пакоя паявіўся вусаты санітар. Ён пакруціў галавой, пацмокаў языком, узяў хлопчыка за руку і павёў за сабой.
    Пасажыры не разыходзіліся. Усе быццам забыліся пра свой клопат. Кожнаму было цікава, як жа ўсё скончыцца.
    Неўзабаве на ганак выскачыў наш герой. Увесь спацелы, перамазаны сажай, ён трымаў у руках дзіравы чыгун.
    Хлапчук вінавата азірнуўся. Бачачы, што ён ніяк не можа расстацца са сваім злашчасным шлемам, маці выхапіла чыгун з яго рук і шпурнула ў прыдарожную канаву.
    Вусаты санітар выйшаў на ганак, закурыў.
    — Ну і цярплівы ж... — задаволена сказаў ён. — Гэтак я яго прыціснуў, аж самому горача стала, а ён хоць бы што— толькі сапе... Такі напэўна будзе гэтым... як яго...
    — Касманаўтам! — у адзін голас падказалі пасажыры і пайшлі садзіцца ў аўтобус.
    Алесь Пальчэўскі
    ДОБРАЕ СЛОВА
    У трамвай праз пярэднія дзверы ўваходзіў старэнькі дзядок. Хлопчык убачыў, як цяжка падымацца старому чалавеку з нізкай прыступкі. Ён усхапіўся з лаўкі і падаў руку. Дзядуля падзякаваў.
    — Сядайце, калі ласка, на маё месца, — паказаў хлопчык на лаўку.
    — Сядзі-сядзі. Мне недалёка ехаць.
    Хлопчык быў настойлівы:
    — Ну я вас прашу, дзядуля, сядайце.
    Прыйшлося паслухацца. Дзядуля сеў, прыхіліў хлопчыка да сябе і спытаў:
    — Як жа цябе зваць?
    — Юра.
    — Харошае імя, — пахваліў дзядуля.
    — Я ў той дзень нарадзіўся, як Юрый Гагарын паляцеў у космас.
    — Вунь што. Тады яно двойчы харошае... У якім жа ты класе, хлапчына, вучышся? — зірнуў дзядуля на Юраў партфель.
    — У трэцім.
    — Малайчына. Старайся, старайся. Яў твае гады і аднаго класа не скончыў. Толькі і ўмею распісацца. Ды і то навучыўся, калі мне было дваццаць гадоў.
    — Дык вы і казак гэтых не чыталі? — Юра дастаў кніжку з партфеля.
    — He. Казкі расказвала мне маці.
    — Ой, дзядуля, колькі цікавага вы не ведаеце! — пашкадаваў хлопчык. — Каб жылі блізка ад нас, я і вам чытаў бы... Тату і маме я кожны вечар чытаю.
    Дзядуля ўздыхнуў: у яго свае такія ўнукі ёсць, могуць пачытаць, ды не вельмі дружаць яны з кнігай. Ён паглядзеў у акно і сказаў:
    — Ну, мне скора выходзіць. Ты куды — у школу ці са школы едзеш?
    — У школу, на другую змену. Мы пераехалі ў новы раён, а трэці клас я канчаю там, дзе жылі раней.
    — Настаўнік ці настаўніца вучыць цябе?
    — Настаўніца.
    — Сядай на маё месца, — устаў дзядуля, — і перадай настаўніцы дзякуй. Скажы — ад дзядулі Сцяпана Міхайлавіча.
    — Вы ведаеце нашу Вольгу Пятроўну?! — здзівіўся Юра і сеў на лаўку.
    — He. Але ты перадай ад мяне дзякуй, прашу цябе! — ужо з прыступкі гукнуў дзядуля.
    «А за што перадаць дзякуй незнаёмай настаўніцы? — паціснуў плячамі Юра. — Прывітанне і тое знаёмым толькі перадаюць, а тут — дзякуй...»
    Настаўніца ўвайшла ў клас, і Юра перадаў ёй дзядулеву падзяку. Вольга Пятроўна распытала, дзе і калі гэта было, трошкі захвалявалася і падзякавала вучню за прынесенае добрае слова.
    А за што ўсё ж дзякаваў дзядуля настаўніцы? Можа, ты ведаеш?
    Зося Жукоўская
    ДЗЕСЯЦЬ ЗАПАВЕДЗЯЎ
    У Бібліі расказваецца, як аднаго разу вельмі даўно Бог зышоў на зямлю. I да яго на гару падняўся Майсей і вярнуўся адтуль са скрыжалямі — дзвюма каменнымі дошкамі, на якіх Божай рукою былі напісаны Дзесяць запаведзяў. Гэта найважнейшыя правілы, як жыць чалавеку. Нібы дзве далоні з дзесяццю пальцамі, працягнутыя да нас у вітанні.
    У першых чатырох запаведзях Бог кажа аб сабе як Творцы сусвету, зямлі і неба.
    Вось першая запаведзь: «Я, Госпад, Бог твой... Хай не будзе ў цябе іншых багоў перад тварам Маім».
    Другая запаведзь і трэцяя дапаўняюць першую, засцерагаючы людзей, каб яны не кланяліся сонцу, дрэвам, камяням і нічога створанага не лічылі Богам і не ўжывалі дарэмна імя Божае.
    У чацвёртай запаведзі гаворыцца: шэсць дзён працуй, сёмы адпачывай. Гэты сёмы дзень Бог дабраславіў і аддзяліў ад іншых дзён. У гэты дзень мы можам сустрэцца з Ім у царкве, альбо молячыся ў сваім доме, альбо чытаючы Яго Слова — Біблію.
    Пятая запаведзь: «Шануй сваіх бацьку і маці, і добра будзе табе, і доўга пражывеш на зямлі».
    Слухайся, шануй і любі сваіх тату і маму, дапамагай ім, даглядай іх, калі яны хворыя ці нямоглыя. He слухацца іх, казаць ім няпраўду — вялікі грэх.
    Шостая запаведзь: «Не забівай!»
    Калі ты незнарок абдзярэш руку ці парэжаш палец, адчуеш пякучы боль. Так баліць усяму жывому і твайму таварышу, калі ты вытнеш яго ці абразіш нават словам.
    He мы далі жыццё птушцы, коціку ці сабаку. He рабі ім балюча. А тым больш чалавеку. Вось чаму мы імкнёмся да міру на зямлі, каб ніколі чалавек не забіваў чалавека.
    Сёмая запаведзь вучыць нас быць вернымі сваёй сям’і. Ты вырасцеш і пакахаеш так, як пакахалі адно аднаго твае тата і мама. Каб заўсёды была згода ў сям’і, трэба берагчы адзінства, каб ніхто трэці не пазбавіў цябе радасці жыць з татам і мамаю. Гэта запаведзь — ахоўніца кахання, каб муж заўсёды быў верны жонцы, а жонка — верная мужу.