• Газеты, часопісы і г.д.
  • Крынічка Хрэстаматыя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту

    Крынічка

    Хрэстаматыя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту
    Для малодшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Радыёла-плюс
    Памер: 432с.
    Мінск 2012
    83.28 МБ
    Маці ішла, маўчала, і я не ведаў, пра што яна думала.
    Я ўзіраўся на дарогу, сабе пад ногі. Бачыў шматкі пабялелага сена, бітае шкло, згубленую некім сасновую галіну, цяпер ужо абабітую, высахлую, раздушаны яблык. Але гэта мяне не цікавіла, як не цікавіць і адзінокі падголены, цудам не зрэзаны жняяркамі высокі асот на аўсянішчы. Я нічога не заўважаю ў гэтым новага, бачу такое штодня, я глядзеў, ці не трапіцца на дарозе якая жалезіна, бо Антонік знайшоў тут учора гаечны ключ, а днямі раней — вялікую адвёртку з касцяною ручкаю: сюдою праходзіць за дзень шмат машын, і, бывае, што-небудзь вытрасецца з іх. Вось і цяпер паблізу камбайн жне авёс, разварочваецца ля дарогі. Каб я пахадзіў там, то нешта знайшоў бы.
    Я даваў Антоніку шапку салодкіх яблыкаў, але ён не прадаў мне адвёрткі, хваліўся, што аддасць суседушафёру, і той пакатае за гэта, нават дазволіць «пакіраваць».
    Антонік любіць хваліцца, я... Я гэтаксама хачу, каб у мяне ўсё добра выходзіла, але мне неяк меней шанцуе, хоць сёння і я дачакаўся радасці, магу пахваліцца, як надзену неўзабаве новы касцюм.
    Нечакана ў мяне ёкнула сэрца: убачыў у пыле абцугі. Я з радасцю падхапіў іх і — тут жа затрывожыўся: былі яны ў салідоле, і я адчуў, што вымазаў рукі.
    Згледзела гэта маці, загневалася і не магла нічога сказаць ад нечаканасці, хацела раззлавацца, але не знаходзіла сярдзітых слоў.
    — Выкінь! — спрабавала крычаць, але злосці ў яе так і не было. — Ну, чаму ты такі?.. Чысценькі, у людзі
    ідзём, а ты ўсялякае жалеззе бруднае паднімаеш. Будзь ты ўжо разумнейшы крыху.
    Мне не хочацца выпускаць з рук такую знаходку, але я не мог выцерпець такіх слоў маці, шкадаваў і любіў яе — шпурнуў абцугі далей ад дарогі, у куст алешніку.
    — He відаць, што і мыўся, — сказала маці, гледзячы, як я пакручваў брудныя рукі, стараўся іх недзе схаваць, пасля падабраў шматок саломы, спрабаваў выцерці ёю мазут, але рукі мае не пачысцелі: салідол расціраўся і ўядаўся ў цела.
    Добры настрой мой пагоршыўся. Я захваляваўся, растрывожыўся, і мне стала крыўдна на самога сябе. Чаму я такі бесталковы? Калі ўжо сапраўды прыйдзе да мяне гэты розум?
    Злаваўся я на сябе і адчуваў, як моцна паліць сонца, прыпарвае. Аес нагрэўся, прымлеў — цягне душным, густым пахам ад шыгалля, пяску і мурашніку. Смалою пахнуць зялёныя ігліцы, карані і залысіны на камлях сосен. Хтосьці зачасаў сякераю хвою — кропелькамі-слязамі выступіла жоўтая сырыца-смала, прыцвярдзела, пабялела і пахне.
    Даўнавата я не быў у лесе, але адчуваю, што пачынае ўжо красаваць верас: прыемна пахне салодкім цёпленькім мядком. Здаецца, прыгледзься добра і ўбачыш, як садзіцца на верасоўку пчала, гойдаецца, нахінаецца ледзь не да самай зямлі і суне галоўку ў кветачку — п’е соладзь...
    Ад гарачыні мітусяцца, медна звіняць разамлелыя авадні; даўно стаіць суш, пыліцца зямля — не зялёныя, а шэрыя сталі кусты, вецер не можа стрэсці з іх пыл, як не здолее іх абмыць раса, вызеленіць і прасвяжыць. Чакае ўсё дажджу.
    I тут я ўспомніў, што мы ідзём купляць касцюм, што будзе прыгожы, з доўгімі штонікамі, у якія можна будзе зацягваць пояс, у кішэні якіх пакладу палавіну
    свайго дабра — гаечкі, шпунцікі, складанчык. Да ножыка я зашмаргну матузок, які прывяжу і да штаноў — каб не згубіць.
    Падумаў так — і адразу павесялеў, шпарчэй затупаў, паразважаў, што рукі памыю ў рачулцы, якая цячэ перад самым мястэчкам, і будуць яны чыстыя. Ha­ro так па іх бедаваць? Самае важнае, што мы ідзём у магазін, будзем купляць мужчынскі касцюм, якога я ніколі не меў, але які хутка ў мяне будзе...
    Пясок цёплы, пульхны, і я мякка тупаю, маці стараецца ісці сцежкаю, дзе цвярдзей: там не паднімаецца пыл, і ёй лягчэй шанаваць, каб туфлі блішчалі, а не былі запыленыя.
    — He забалелі ногі? — усміхаецца маці.
    — He, — адказваю я, хоць і паколвае ад быстрае хады ў лытках.
    — Напомні, каб кніжкі паглядзелі, a то магу забыцца, — просіць маці. — Хоць усё роўна, купляй ці не купляй, толк з цябе малы, вучыцца не хочаш. Троек вунь колькі.
    — He, — адмаўляюся я.
    — А кім жа ты хочаш стаць?
    — Лётчыкам.
    — Ого! Хоць бы за якога шафёра вывучыўся б! ААнтонік твой кім думае быць?
    — Камандзірам-пагранічнікам.
    — Ого, начальнікамі хочаце стаць, — кажа маці, — хоць цяпер мала думаеце, што трэба меней мячык ганяць, а болей кніжак чытаць.
    — А настаўніца нам гаварыла: каб быць дужым, трэба болей бегаць, хадзіць, — апраўдваўся я.
    — Трэба, — згадзілася маці, — але розуму вялікага ад бегатні не набярэшся. Трэба чытаць, калі хочаш лётчыкам стаць. Яхацела настаўніцаю быць, дужа многа чытала, што толькі пападала ў рукі, але бацькі далей чацвёртага не пусцілі вучыцца: сям’я, сказалі,
    вялікая, няма ад каго вучыць цябе, налаўчыся во на швачку, дык скарэй толк убачым... Паплакала я ад крыўды і пачала хадзіць да адной тутэйшай швачкі і глядзець, як яна шые. За месяцы два вывучылася і з таго часу абшываю вёску... У навуку вы ўжо ідзіце, мы з бацькам дарогі вам заступаць не будзем і знойдзем, з чаго вучыць.
    Маці азіраецца, і мы, прыслухаўшыся, чуем, як непадалёку грукоча па каранях, ляскае бартамі, падтрасаючыся на выбоінах, машына. Прыпыняемся і чакаем яе, бо вельмі хочацца пад’ехаць, хутчэй трапіць у магазін.
    Вёска наша маленькая, у адну вулачку, у баку ад вялікіх дарог, і аўтобус да нас не заглядвае. Вось і мусім хадзіць у школу ці ў магазін за колькі вёрст у суседняе мястэчка.
    Шафёр трапіўся добры, прыпыніў машыну і дазволіў нам пад’ехаць. Мы залезлі ў кузаў, пасталі. Калі паехалі, нас трэсла, кідала, біла бочкаю, якая шалёна качалася, але мы не падпускалі яе да сябе нагамі, радаваліся, што едзем.
    Мігам праскочылі лес, рачулку, у якой я збіраўся памыць рукі, і ўехалі ў Налібакі. Мястэчка гэтае вялікае — шырокі пасярэдзіне пляц, тут стаіць высокі помнік, адсюль разыходзіцца шмат вуліц, на якіх багата дамоў, садоў, магазінаў. Кожная вуліца мае сваю назву, а дамы пазначаны нумарамі.
    Я люблю бываць у гэтым мястэчку, але заўсёды, як і цяпер, калі мы злезлі з машыны і пайшлі, губляюся: здаецца мне яно чужое. Я здзіўляюся, як тут дзеці могуць добра гуляць, у нашай вёсачцы болей волі...
    Мы абышлі помнік і пайшлі ўніз, на Пяскі, да сельмага. Маці вітаецца з каторымі жанчынамі, загаворвае, і я вітаюся, усміхаюся, хоць нікога тут не ведаю.
    У сельмагу мала людзей, цяпер жнівень— хто сянуе, збірае ягады ці першыя грыбы — часу гуляць ня-
    ма. Я гляджу на полкі, набітыя адзеннем, і ў мяне разбягаюцца вочы: колькі сукенак, плашчоў, касцюмаў! Тут цяжка і выбраць, і я баюся, што мне трапіць не самае лепшае...
    Я пачаў сам углядацца, каб знайсці прыгожы пінжачок.
    Прайшоўся колькі разоў ля прылаўка і прыпыніўся, дзе вісеў чорненькі касцюм, паказаў яго маці.
    — Сама бачыла, — ціха сказала яна, — дарагі вельмі... — прамовіла і паглядзела на шэры, у жоўтыя палосачкі.
    Той мне зусім не спадабаўся, здаўся выгаралы, выцвілы, самы горшы на свеце.
    Калі маці больш не стала глядзець на яго, я зарадаваўся, што і ёй не спадабаўся гэты касцюм. Яна абышла колькі разоў і нічога не выбрала. Янасцярожыўся: яшчэ скажа, што нічога добрага няма, касцюмы благія, а грошы вялікія, не будзем купляць, перашыем з бацькавага рудога, яшчэ паносіш сёлета. А мне так ужо надакучыла насіць гэтыя цесныя, паношаныя, перашытыя касцюмы...
    — Што вы хацелі? — спытала ў маці магазіншчыца.
    — Ды касцюмчык майму кавалеру трэба, — збянтэжылася мама.
    — За колькі рублёў?
    — Таннейшы які...
    — Таннейшы ды пякнейшы, — кажа і ўсміхаецца магазіншчыца, перакладае на прылаўку кіпы адзення і дастае спадыспаду густа-сіні пінжачок.
    Маці ўзяла яго, але сказаць што не спяшаецца, аглядае рукавы, падкладку, гузікі.
    — Памерай, — кажа потым і надзяе на мяне пінжак, круціць мяне ва ўсе бакі і аглядае. — Здаецца, добра, сіненькі, надта мазацца не будзе, не тое што светлы які. Плечыкі во не паднятыя.
    Магазіншчыца ўсміхаецца і падае мужчынскія штонікі, я хачу сам узяць іх, але мяне перапыняе маці:
    — He бяры сваімі рукамі.
    — Як на яго, — кажа магазіншчыца, — лепшага не падбераце.
    — Вымажа за дзень, падзярэ за тыдзень, — цяпер усміхаецца і маці.
    — Ды яны, дзеці, такія. У мяне чацвёра, дык не набрацца ні касцюмаў, ні абутку, — згаджаецца магазіншчыца.
    Я слухаю іх і не веру, што магу не толькі падраць, але нават выпацкаць такі чысцюткі, з прыемным пахам касцюм. Я не прылягу ў ім, прыйду са школы, зніму яго, вычышчу і павешу ў шафу, дома буду бегаць у старым. Я сёлета пастараюся добра вучыцца, лепш, як летась, каб стаць лётчыкам...
    Маці дае магазіншчыцы грошы, знімае з мяне пінжак і азіраецца: у магазін заходзіць высокі вусаты мужчына.
    — Ой, якія краслатыя штаны табе, хлопец, купілі, — сур’ёзна кажа ён. — Я такіх краслатых не насіў бы.
    Я гляджу на яго, разгубіўся, адчуваю, што вочы мае туманеюць, бо ў іх збіраюцца слёзы.
    — He слухай яго, хлопчык, дзядзька смяецца, — суцяшае мяне магазіншчыца, бярэ пінжак, штаны, абгортвае іх папераю, звязвае вяровачкаю. — Харошанькі касцюмчык... Насі на здароўе і вучыся добра.
    Я забываюся ад шчасця сказаць якое добрае слова, толькі калі маці штурхнула ў бок, апомніўся, прамовіў: «Дзінькую».
    Маці папрасіла магазіншчыцу паказаць блакітную хустачку, узяла яе, разгледзела, відаць, хацела купіць, бо доўга не аддавала, але нехаця палажыла на прылавак, апраўдалася:
    — Тоненькая вельмі...
    Мы развіталіся з магазіншчыцай і вусатым дзядзькам-жартуном і выйшлі на двор. Парыла, было душна і ціха; ніводзін лісточак на бярозах не кратаўся, маўчалі, млосна блішчалі драты, вакол стаяла прыглушаная разамлелая ціш. Я прыклаў руку да грудзей і чуў, як радасна тахкае сэрца.
    — He паспеем мы, Стась, да навальніцы зайсці дадому, — занепакоілася маці, — а пра кніжкі і забыўся, лётчык... Пабеглі хутчэй.
    Мы подбегам падаліся ў кнігарню, з яе — у прадуктовую лаўку: трэба было купіць булак, цукру, запалак, цукерак маёй сястрычцы — лічы, не быў у мястэчку, калі вярнуўся без гасцінцаў.
    Дождж, уліўны, цёплы, грыбасей, дагнаў нас у лесе, абрынуўся як з вядра. Пасвяжэла, пацягнула ветрыкам, пасля бліснула, асляпіла маланка, а за ёю звонка ляснуў гром. Маці зняла з ног туфлі, і мы сышлі з дарогі, сталі пад густой маладою елкай. Увачавідкі змыўся з лесу шэры пыл, вакол усё азелянілася, сабраліся ў спадзінах мутныя ручайкі, падхапілі і панеслі ігліцы, растрэсенае сена.