Крынічка
Хрэстаматыя для дзяцей малодшага школьнага ўзросту
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Радыёла-плюс
Памер: 432с.
Мінск 2012
Петрусю зрабілася вельмі сорамна. Ён успомніў, як замыкаў ад Шурыка партфель, не даваў яму нават глянуць у кніжку. Потым уявіў сабе, як яго брата выклікае настаўніца, Зінаіда Іванаўна, і гаворыць, каб ён прачытаў хатняе заданне. Шурык бярэ кнігу дагары нагамі, і ў класе чуецца гучны рогат...
Пятрусь глянуў на Шурыка, які стаяў з апушчанаю галавою, з казкаю ў руках, пасля на тату і хутка загаварыў:
— Я больш не буду... Я больш не буду яго крыўдзіць і праганяць. Яяго перавучу, пакажу яму ўсе літары, як іх трэба чытаць, каб не дагары нагамі, а так, як трэба.
Шурык, не разумеючы, у чым справа, чаму ўсхвалявалася мама і за што сварыцца на Петруся тата, але адчуваючы, што прычына ўсяго гэтага — ён, голасна заплакаў.
Пятрусь павярнуўся да брата, абняў яго і пачаў суцяшаць:
— Ну, ціха, не плач, я больш не буду цябе крыўдзіць, ніколі-ніколі, я пакажу табе ўсе літары...
Гэта былі першыя ласкавыя словы, сказаныя Петрусём да меншага брата, але, напэўна, не апошнія.
Іван Муравейка
ШЧАСЛІВЫ ЧАЛАВЕК
Са школы Мікола ідзе і пяе, Шчаслівей яго На ўсім свеце няма.
— Я вывучыў літары, мама, твае: Я ведаю «М»
I ведаю «А».
Паслухай, як добра чытаю ўжо я: Ма-ма! Ма-ма!
Мама Мая!
Артур Вольскі
У ВЕРАСНІ
У верасні, у верасні хапае ўсім турбот. Дзятва да школы ў верасні спяшаецца штогод.
Хоць сыпле дожджык з раніцы і ў хмарах промень згас — хто ў першы клас збіраецца, а хто — ў апошні клас.
У верасні, у верасні зрабіўся дзень малы. Развітваюцца ў верасні
з буслянкамі буслы.
Рассекшы хмару ўзмахамі, клін жураўліны знік.
А ўсё чуваць над дахамі птушыны сумны крык.
У верасні, у верасні стаў лес зусім рабы. Вавёрачка у верасні дасушвае грыбы.
I вожык устрывожаны. А знаеце — чаму? Бо трэба ложак вожыку
У верасні, у верасні хапае ўсім трывог. Мядзведзіца у верасні вышуквае бярлог.
Медзведзяняты жвавыя да самае вясны, расстаўшыся з забавамі, глядзець там будуць сны.
У верасні, у верасні турбот — паўнюткі рот.
I я раблюся ў верасні сталей на цэлы год.
ЖЫВАЯ ГРАМАТЫКА
Той, хто быць пісьменным хоча, ведаць мусіць з першых год род мужчынскі, род жаночы і яшчэ — ніякі род.
Гусь уранні выйшла з хаты, важна тупае лужком. А за ёю —
гусяняты,
дзе падскокам, дзе трушком.
А я гусі не баюся, а я з гусі нацвялюся!
Тут яна
як с-с-сыкане ды ў атаку — на мяне:
— Га-га-га!
Ды го-го-го! Да-га-га-ганю яго!.. Ледзь схаваўся я за пдот...
Гусь — яна? Жаночы род!
Ах я, бедны, небарака. Ззаду гусь, а тут — сабака.
I гырчыць, і шчэрыць зубы. Дзе схавацца мне ад згубы?
Што рабіць?
I, нібы кот, я ўскараскаўся на плот. А сабака аж якоча — учапіцца ў дытку хоча. Ен пільнуе агарод...
Ён?
Ага, — мужчынскі род!
Колькі гэтак — вось няўдача! — Пратырчу на плоце я? Азірнуўся, ажно бачу: тут яшчэ і кацяня! — Мяў, — гаворыць мне яно, — я даўно сяджу, даўно. Аднаму так страшна — box!
Ваяваць смялей удвох...
I адразу — хвост трубой.
I гатовае у бой... Кацяня — яшчэ не кошка. Кацяня — яшчэ не кот. Ну, а род?
Падумай трошкі.
Раз яно — ніякі род!
Я запомню назаўсёды пасля гэткае прыгоды: род мужчынскі, род жаночы, род ніякі — ўсе тры роды.
Тарас Хадкевіч
АЛІКАЎ СШЫТАК
Як можна быць спакойным, калі табе пайшоў восьмы год і ты ўпершыню ў жыцці сеў за школьную парту! Усё для цябе новае — і гэты чысты, утульны клас, і настаўніца, якую ты бачыў да гэтага, магчыма, толькі здалёк, і твае новыя сябры — аднакласнікі. I ранец з кнігамі, пеналам і сшыткамі, які ты паклаў у парту, — усё, чаго ты раней не ведаў і не разумеў і што адкрывае перад табой шырокія нязведаныя далі.
He мог быць спакойным і Алік, калі настаўніца Галіна Рыгораўна рассадзіла першакласнікаў за парты. Ён перш за ўсё паглядзеў у бок суседа — гэта быў незнаёмы хлопчык з чужой вёскі.
Іх парта была трэцяй у радзе і стаяла ля самага акна — варта было толькі крыху прыўзняць галаву і адразу ўбачыш школьны двор, а за ім залітае вераснёвым сонцам узаранае поле.
Класны пакой ззяў свежапафарбаванымі, бялюткімі сценамі; яны ажно вочы сляпілі. На падаконніках цвілі кветкі. Чорная дошка, што стаяла ўмацаваная на трыножніку, блішчала, нібы наглянцаваная. А за расстаўленымі ў тры рады партамі сядзелі хлопчыкі і дзяўчынкі, аднагодкі Аліка. Многіх з іх Алік ведаў.
Сумятня ў класе паступова ўляглася. Галіна Рыгораўна расказала, як дзеці павінны сябе трымаць у школе, як і калі яны будуць займацца. Потым яна спытала, хто з вучняў ведае літары.
Настаўніца была ў цёмным плацці з белым карункавым каўнерыкам, з косамі, завязанымі на патыліцы ў тоўсты вузел. Вочы ў яе былі чорныя, строгія. Дома Аліку гаварылі пра настаўніцу, што яна добрая і справядлівая, ды ён і сам адчуваў, што яна добрая. I аднак жа цяпер ён падумаў пра яе: «Не падобна ні на матку, ні нават на цётку Ганну. Чужая цётка...» I павяр-
нуўшыся да суседа, Алік злёгку штурхнуў яго локцем і паўшэптам спытаў:
— А ты адкуль?
— 3 Селішча, — не варухнуўшыся, шапнуў той.
— А як завуць?
— Борка...
— Алік! — аклікнула настаўніца, пачуўшы гаворку на трэцяй парце. — Размаўляць на ўроку нельга.
Алік устрапянуўся, абапёрся локцямі на вечка парты і, унурыўшыся, замоўк. У гэты час Борка глянуў у акно — воддаль відаць быў узгорак з істужкай шэрай палявой дарогі. Некалькі фурманак, гружаных мяшкамі, з’язджалі з узгорка. Борка ўсміхнуўся і ўрачыста сказаў Аліку ледзь не на поўны голас:
— Вунь нашы з тока збожжа павезлі...
— Так ужо і вашы, — запярэчыў Алік. — Як быццам адсюль можна ўбачыць — вашы ці не...
— А вось і нашы, — Борка падняўся, нахіліўся да акна. — Вунь і дзядзька Марцін на першай фурманцы, па шапцы відаць.
Белавалосая дзяўчынка, якая сядзела ззаду і якую Алік не ведаў дагэтуль, таксама зірнула ў акно і пацвердзіла:
— Ага, дзядзька Марцін...
Тое, што ў размову ўмяшалася дзяўчынка, не спадабалася Аліку, і ён хацеў ужо быў прыкрыкнуць на яе. Але тут падышла Галіна Рыгораўна і паклала яму на плячо руку.
— Што ж вы, хлопчыкі, — прамовіла яна з дакорам. — Усе слухаюць настаўніцу, а вы размаўляеце...
Голас яе гучаў роўна і мякка, у ім Алік не заўважыў той строгасці, якой чакаў.
— Вы не дашкольнікі ўжо, а вучні, — сказала яна, адыходзячы да свайго стала, — і знаходзіцеся ў школе.
Позіркі ўсіх першакласнікаў былі накіраваны на Аліка і Борку. Хто-колечы з вучняў ціха пасмейваўся,
а вочы іншых як бы казалі: «Вось яны і выяўляюцца, недысцыплінаваныя. У першы ж дзень заўвагу ад настаўніцы атрымалі...» Аліку стала няёмка. Ен збянтэжыўся і хоць нічога не адказаў Галіне Рыгораўне, але да канца ўрока сядзеў спакойна, не зводзіў з настаўніцы вачэй. Борка таксама не варушыўся. Ен нават адвярнуўся ад Аліка, і можна было падумаць, што яны пасварыліся.
Сціпла трымаў сябе Алік і ў часе перапынку. 3 галавы яго не выходзілі словы настаўніцы аб тым, што ён цяпер не які-небудзь дашкольнік-ветрагон, а сапраўдны вучань.
«Вучань — гэта ясна, — з гонарам думаў Алік, — і не абы-які». Ён ведае ўсе літары і большасць з іх піша, як вучыў яго старэйшы брат Міколка. У ранцы, што ляжыць у парце, побач з букваром, пеналам і чыстымі сшыткамі ў касую лінейку, ёсць сшытак, амаль увесь спісаны Алікам. Алік прынёс яго сюды спецыяльна, каб паказаць настаўніцы, — няхай ведае, што ён яшчэ і да школы старанна займаўся і цяпер абавязкова будзе адным з лепшых вучняў у класе.
Але паколькі Галіна Рыгораўна нічога не сказала аб такіх сшытках і на наступным уроку, а вывесіла на дошцы таблічкі з літарамі, Алік паказаў свой запаветны сшытак Борку.
Нельга сказаць, каб сшытак зрабіў на таго моцнае ўражанне. Літары ў ім былі напісаны няроўна: адна вялікая, другая маленькая, трэцяя вось-вось паваліцца, чацвёртая ляжала зусім на баку. Ды і ні адна старонка тут не была спісана да канца, а ў сярэдзіне сшытка паўстаронкі займаў малюнак — нешта накшталт жывёліны з круглым тулавам, доўгімі нагамі, кароткім хвастом і вушамі, вельмі падобнымі на рогі. Борка доўга разглядаў малюнак, потым тыцнуў пальцам у яго і запытальна паглядзеў на Аліка:
— Што гэта такое?
— Хіба не бачыш? — пакрыўджана адказаў Алік.
— Можа, казёл, але чаму без барады? — пачаў разважаць Борка. — Баранчык — не інакш...
— Ну і сказаў! — зазлаваў Алік. — Бара-анчык... To ж наш Тузік... Звер, а не сабака — ого!..
— А-а, — няпэўна вымавіў Борка і заціх, бо настаўніца насцярожана зірнула ў іх бок.
«Борка мог і не разабрацца ў маім майстэрстве, — зрабіў вывад Ааік. —Ды ён, відаць, ні адной літары не ведае. Ашто ён разумее ў малюнках, калі нават не пазнаў у сшытку славутага Тузіка. Іншая справа— настаўніца, яна разбярэцца, як толькі гляне».
Але нечакана для Аліка ў адзін з наступных дзён, калі ўсе падрыхтаваліся да пісьмовых заняткаў і Алік разгарнуў свой стары сшытак, Галіна Рыгораўна ўзяла гэты сшытак у рукі, перагарнула старонкі, усміхнулася і вярнула яго Аліку, прамовіўшы без захаплення:
— Добра, Алік, што ты ведаеш літары. Але зараз вазьмі з ранца новы сшытак, а гэты пакінь дома...
He літары загадала яна пісаць у новым сшытку, як таго жадаў Алік, а зусім іншае — спачатку палачкі, потым розныя кручочкі.
Да Аліка пакуль не даходзіла, што з гэтых палачак, кручочкаў, завіткоў можна потым скласці літары, роўныя і прыгожыя. Скажам, з двух злучаных кручочкаў атрымаецца літара «м», а з завітка і кручочка — літара «а». Калі паставіць абедзве літары побач, выйдзе «ма». Яшчэ адно такое «ма» — і мы будзем мець слова «мама» — першае з усіх слоў, якое кожны з нас прамовіў у жыцці. Ад гэтага слова ляжа шлях і да іншых, спярша такіх жа простых і знаёмых, а потым больш складаных і невядомых яшчэ Аліку.
Словы зліюцца ў сказы, і сшытак Аліка — не першы, вядома, — у недалёкім будучым загаворыць гэтак жа, як гаворыць буквар, калі Алік адольвае яго, старонку за старонкай...
Усё ж іншы раз надакучвала доўга пісаць адно і тое. У Аліка не хапала такой цярплівасці, якой валодаў Борка. Ад празмернага старання ў таго кончык языка павольна пасоўваўся па вуснах у той бок, куды пасоўвалася пяро па паперы.
Старонак шэсць новага сшытка Алік спісаў акуратна, а на сёмай старонцы — гэта было ў канцы аднаго з урокаў — здарылася прыгода. Неяк міжвольна ён намаляваў літару «Т» і тут жа прыгадаў свайго любімца Тузіка, які кожны раз пры сустрэчы з Алікам падаваў яму правую лапу. Умомант Алік накідаў абрысы Тузіка, паўтарыўшы малюнак з таго сшытка, што ляжаў цяпер дома.