Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі
Выдавец: Народная асвета
Памер: 128с.
Мінск 1995
У артыкуле «Шануйце роднае слова», змешчаным у літаратурна-навуковым часопісе для беларускай моладзі «Лучынка» (1914 г.), які выдавала Цётка, яна звярнулася да моладзі з заклікам не адракацца ад роднай мовы, а, наадварот, імкнуцца да яе ўзбагачэння, «бо родная мова, як цэмент, звязвае людзей», аб’ядноўваючы іх у «цэлы народ». Цётка актыўна выступала супраць існуючага меркавання, што беларуская мова з’яўляецца толькі дыялектам ці гаворкай рускай мовы. Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць яе ліст да будучага аўтара першай беларускай граматыкі для школ Б. Тарашкевіча (1914 г.). У сваёй барацьбе за навучанне на роднай мове яна выступала, як успамінала У. Ф. Луцэвіч, не толькі супраць русіфікатарскай палітыкі царызму, але і супраць польскага шавінізму, што імкнуўся апалячыць беларускіх сялян, асабліва каталіцкага вераспавядання.
4. Зак. 927.
49
У 1915—1916 гг. у акупіраванай немцамі Вільні Цётка разгарнула актыўную работу па адкрыццю беларускіх школ. Па яе просьбе Ю. Вітан-Дубейкоўская пераклала на нямецкую мову зварот Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны да нямецкіх акупацыйных улад па пытаннях адкрыцця беларускіх школ. Пасля таго як немцы далі згоду на адкрыццё школ, Цётка дапамагала шукаць памяшканні і інвентар для іх, вышуквала беларускія сем’і і заклікала бацькоў запісваць дзяцей у гэтыя школы. У лістападзе 1915 г. была адкрыта першая беларуская пачатковая школа ў Вільні. 3 мэтай забеспячэння школ настаўніцкімі кадрамі, намаганнямі Цёткі і Івана Луцкевіча былі адкрыты беларускія курсы, на якіх выкладалі Іван і Антон Луцкевічы, Ю. Вітан-Дубейкоўская і яшчэ некалькі чалавек. Усе яны працавалі бясплатна. Цётка на гэтых курсах не выкладала з-за недахопу часу, але выказвала сваё задавальненне тым, што з дапамогай выпускнікоў трохмесячных курсаў можна будзе адкрываць беларускія школы на ўсіх ускраінах Вільні, дзе жыло шмат беларусаў.
Адначасова з Цёткай пачаў сваю дзейнасць класік беларускай літаратуры, таленавіты настаўнік і вучоныпедагог Я. Колас (К. М. Міцкевіч). У сваёй аўтабіяграфіі Я. Колас успамінае настаўніка рускай мовы Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Ф. А. Кудрынскага, які першым ацаніў вершы пачынаючага паэта і параіў яму пісаць на беларускай мове. Пасля заканчэння семінарыі Я. Колас пачаў сваю педагагічную дзейнасць у якасці народнага настаўніка на Палессі. За ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні нелегальнага з’езда настаўнікаў Мінскай губерні (1906 г.) ён быў затрыманы паліцыяй і звольнены з настаўніцкай пасады. Знаходзячыся пад следствам, большую частку часу жыў у лясніцтве ў свайго старэйшага брата, дзе зімой 1906—1907 гг. арганізаваў ва ўрочышчы Смалярня каля Стаўбцоў прыватную нелегальную школу, у якой навучалася 12 вучняў. Гэта была адна з першых на Беларусі школ з навучаннем на беларускай мове.
У гэтыя ж гады Я. Колас напісаў шэраг артыкулаў па пытаннях педагогікі, у якіх адстойваў права беларускага народа вучыцца ў школе на роднай мове. У артыкуле «Беларуская мова ў казённай школе» (1906 г.) ён асвяціў моўную праблему не толькі ў школе, але і значна шырэй — ва ўсім беларускім грамадстве. Пады-
ходзячы да гэтай праблемы з пункту гледжання беларускага інтэлігента, «які цураецца свайго ўсяго роднага». Аўтар адзначаў, што для адказу на пытанне, чаму беларускую мову называюць «мёртвай» мовай, неабходна ведаць гісторыю роднага краю, характар унутранай, расійскай, казённай палітыкі.
У артыкуле дадзены вострыя, дакладныя ацэнкі гістарычных, сацыяльна-ідэалагічных прычын зневажальных адносін значнай часткі беларусаў да сваёй матчынай мовы, закаранелых у іх псіхіцы комплексаў нацыянальнай непаўнацэннасці. Я. Колас адзначаў, што непрыязныя адносіны будучага інтэлігента-беларуса да роднай мовы прывіваюцца з дзяцінства, з навучання ў народнай школе, а потым у семінарыі, дзе ўсё прыстасавана дзеля таго, «каб не толькі знішчыць да канца ў беларуса ўсё тое беларускае, што яшчэ засталося ў душы яго, але і каб з яго зрабіць пакорлівую авечку, забіць мазгі, адным словам, выпусціць на свет балванчыка». ЯКолас растлумачыў, чаму беларусам так сорамна і непрыемна размаўляць на роднай мове. Гэта з’яўлялася вынікам мэтанакіраванай дзейнасці казённай школы, якая паступова, з класа ў клас вытраўляла ў беларускіх дзяцей усё роднае, выстаўляла на смех беларускую мову.
Я. Колас не абмяжоўваўся толькі заклікамі і палымянымі словамі ў абарону роднай мовы. Пры першай жа магчымасці ён накіроўваў свае сілы і майстэрства настаўніка на справу адкрыцця беларускіх школ. У 1908 г. ён па запрашэнню патрыятычна настроенага памешчыка КГардзялкоўскага на працягу некалькіх месяцаў працаваў настаўнікам у яго маёнтку на Магілёўшчыне, дзе дзейнічала паўлегальная беларуская школа.
Знаходзячыся пад следствам, Я. Колас пачаў працаваць над падрыхтоўкай вучэбнай кнігі для беларускіх дзяцей. Праца была скончана ў 1908 г., а ў 1910 г., калі Я. Колас сядзеў у турме, пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца...» сумесна з віленскім выдавецтвам «Наша хата» выпусціла ў свет яго кнігу «Другое чытанне для дзяцей беларусаў». Гэта была хрэстаматыя для вучняў пачатковых школ Беларусі.
У 1906 г., калі Я. Колас працаваў настаўнікам у прыватнай нелегальнай беларускай школе ў вёсцы Смалярня, там яму прыйшла ідэя стварэння кнігі-чытанкі для беларускіх дзяцей. Гэта думка яшчэ больш замацавалася ў перыяд яго працы ў прыватнай школе пана
Гардзялкоўскага на Магілёўшчыне. Следам за Ул. Іваноўскім і К. Каганцом («Беларускі лемантар, або Першая навука чытання», 1906 г.) і Цёткай («Першае чытанне для дзетак беларусаў», 1906 г.) будучы народны пясняр задумаў кнігу, якая павінна была садзейнічаць першапачатковаму навучанню роднай мове і чытанню ў народных школах Беларусі.
«Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я. Коласа ў адрозненне ад «Першага чытання» Цёткі больш адпавядала дзіцячаму ўзросту, больш шырока адлюстроўвала падзеі і з’явы жыцця. Аднак галоўная мэта гэтых нацыянальных падручнікаў для беларускіх дзяцей была адзінай — навучанне і выхаванне на роднай мове. Як прадстаўнікі педагагічнай думкі Цётка і Я. Колас лічылі, што апісанне малюнкаў беларускай прыроды ў кнігах для дзяцей з’яўляецца крыніцай ведаў, сродкам маральнаэстэтычнага і патрыятычнага выхавання. У аснову абедзвюх кніжак пакладзены агульны дыдактычны прынцып, які заключаецца ва ўзыходжанні ад простага да склаіанага пры выкарыстанні звычайнага, зразумелага матэрыялу беларускага наваколля. Але ў сэнсе тэматыкі, асаблівасці стылю і мовы кніжка Я. Коласа складзена больш удала, чым «чытанка» Цёткі. Яна адрозніваецца паслядоўнасцю, адзінствам стылю, маляўнічасцю мовы. Аўтар бачыў сваю задачу ў складанні такога матэрыялу для чытання, які б садзейнічаў расшырэнню кругагляду беларускіх дзяцей, абуджаў бы нацыянальную самасвядомасць, розум, вучыў бы эстэтычнаму ўспрыманню з’яў навакольнай рэчаіснасці, абагачаў бы мысленне і мову. У «Другім чытанні» як бы зліліся ў адзінае такія працэсы, як асваенне нормаў беларускай мовы, вывучэнне лепшых твораў нацыянальнай літаратуры і асэнсаванне з’яў сацыяльнага жыцця і прыроды. На гэтых асновах Я. Колас мог вырашаць і задачу выхаваўчага навучання. Як педагог і пісьменнік ён лічыў, што галоўнай у творах для дзяцей з’яўляецца маральна-выхаваўчая ідэя, дзякуючы якой дзіця ў працэсе чытання само павінна прыходзінь да неабходнай высновы, пэўнай маральна-эстэтычнай ацэнкі. Так закладваліся асновы самавыхавання.
«Другое чытанне», якое складалася з 110 старонак аўтарскага тэксту і натрыятычнай прадмовы Л. Сеўрука, разбіта на сем раздзелаў. Матэрыялы першых частак прысвечаны порам года: вясне, лету, восені, зіме. У пятым раздзеле «Родныя вобразы» змяшчаюцца вершы і проза
пра жыццё сялян беларускага Палесся, прасякнутыя сацыяльным гучаннем. Большую частку твораў Я. Колас напісаў сам.
Вялікі выхаваўчы патэнцыял ЯКолас бачыў у фальклоры, у народнай педагогіцы. Ен разумеў, што дзеці любяць казкі, якія вабяць сваім аптымізмам і гумарам, дабрынёй і фантастычнасцю, але ў той жа час цеснай сувяззю з жыццём. Таму ў апошні раздзел увайшлі казкі, апрацаваныя таленавітым пісьменнікам і педагогам, даступныя па форме і цікавыя па зместу. Мова казак вельмі простая і даступная. Тут можна сустрэць шмат прыказак, прымавак, фразеалагізмаў і метафар, якія нясуць адпаведную выхаваўчую нагрузку.
Матэрыял у кнізе добра прадуманы з пункту гледжання патрабаванняў педагогікі, размешчаны па ступені ўзрастаючай складанасці не толькі ідэйнага сэнсу, тэматыкі, зместу, але і асаблівасцей мовы, стылю вершаў і прозы.
Пры стварэнні «чытанкі» Я. Колас шмат увагі ўдзяліў правільнай метадычнай падачы матэрыялу. Першая ж рубрыка «Вясна» пабудавана такім чынам, што кожная з яе пяці частак уяўляе сабой закончаную думку і можа быць самастойнай. Такая пабудова тэксту зручная для работы і ў класе, і дома. Пры разборы гэтага твора няцяжка выкарыстоўваць пытальна-адказную форму работы, на аснове якой можна было б даць назву кожнай частцы «Вясны». Напрыклад: 1) раставаннеснегу; 2) сонца; 3) рака; 4) людзі назіраюць разліў ракі; б) павучэнне дзецям. Гэты план можа быць з поспехам рэалізаваны ў такіх метадах навучання, як апавяданне ці гутарка. Пасля працы непасрэдна з тэкстам Я. Колас прапаноўвае дзецям заданне, якое патрабуе: 1) успомніць і паўтарыць усё, што звязана з восенню; 2) зрабіць гэта паралельна з тымі думкамі, якія навеяла ім вясна; 3) вельмі добра падумаць і адказаць: «Чаму думкі асеннія не падобны на думкі вясны?» Такі прыём дазваляе выкарыстоўваць на ўроку паўтор, параўнанне, пераказ і, як вынік, — нараджэнне ўласных думак, поглядаў на з’явы прыроды і грамадскага жыцця. Творы Я. Коласа прымушаюць самастойна мысліць, займацца самавыхаваннем, выпрацоўваць свой уласны погляд на з’явы жыцця. Пісьменнік улічыў і ўзроставыя асаблівасці дзяцей, ствараючы тэксты і вершы не толькі высокамастацкага зместу, але і цікавыя, займальныя, даступныя. ЯКолас выкарыстоўваў матэрыял беларускага сялянскага наваколля,
блізкага і зразумелага дзецям. Гэта давала яму магчымасць увесці ў абарот і новыя словы, абапіраючыся на ўжо знаёмыя з’явы («Прэд навальніцэю ў ночы», «Мурашкі і іх будова» і інш.). «Чытанка» Я. Коласа, яго іншыя творы для дзяцей і дарослых садзейнічалі нацыянальнаму адраджэнню Беларусі, актывізацыі руху за родную мову і беларускую школу.