Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі

Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі

Выдавец: Народная асвета
Памер: 128с.
Мінск 1995
29.47 МБ
Цэлую праграму асветы і выхавання чалавека працы змяшчала мастацкая творчасць Янкі Купалы (I. Д. Луцэвіча). Творы Я. Купалы, як і іншых прагрэсіўных мастакоў слова, былі моцнай і ледзь не адзінай агульнадаступнай крыніцай асветы і выхавання шырокіх мас насельніцтва. Ужо ў той час яго творчасць нелегальна ўвайшла ў школьныя праграмы, калі сельскія настаўнікі знаёмілі сваіх выхаванцаў з творамі беларускага песняра. «Кожны новы верш Янкі Купалы, які з’явіўся ў друку, мае вучні ахвотна вучылі напамяць», — пісаў Я. Колас, успамінаючы аб сваёй працы ў прыватнай беларускай школе ў 1908 г. у адной з вёсак Магілёўскай губерні.
Сцвярджаючы думку аб вялікім значэнні асветы і адукацыі ў жыцці народа, паэт выступаў за захаванне і развіццё беларускай мовы, за беларускую нацыянальную школу. У артыкуле «Ці маем мы права выракацца роднай мовы» (1910 г.) Я. Купала гнеўна аблічаў палітыку пануючых класаў Расіі і Польшчы, якая негатыўна адбівалася на развіцці беларускай культуры, навукі і асветы. Шматвяковае іншаземнае ярмо затрымала на доўгія стагоддзі культурнае і нацыянальнае развіццё беларускага народа. У артыкуле гаварылася пра тое, што нават у самыя цяжкія часы беларусы шанавалі сваю мову — «гэту душу яго душы». Аўтар сцвярджае, што адрадзіцца і вольна глянуць на ўвесь свет «мы зможам толькі тады, калі пад саламянымі дахамі нашых хат зойме ганаровае месца наша родная беларуская кніжка». Галоўны вынік, які робіць Я. Купала: беларускі народ не мае права выракацца роднай мовы.
У многіх сваіх вершах паэт падкрэслівае неабходнасць народнай асветы, выдання беларускіх кніг і арганізацыі народных школ з навучаннем на роднай мове («Чаго нам трэба» (1905—1907), «Вучыся» (1907), «Мой погляд і мэта» (1910), «Ці ж не доля мая?!», «У вучылішчы» (1911 —1912). Я. Купала прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычнай барацьбе па праблемах беларускай мовы і беларускай школы. Прыкладам уплыву
гэтай барацьбы на яго творчасць можа быць верш «Ворагам Беларушчыны» («Чаго вам хочацца, панове?»), напісаны ў 1907 г. пасля дзікіх нападак на ўсё беларускае з боку рускіх і польскіх чарнасоценных газет.
Янка Купала праяўляў вялікую цікавасць да вучэбнай літаратуры на беларускай мове. У лісце да Б. А. Тарашкевіча ад 4 верасня 1913 г. ён цікавіўся, як ідуць справы з беларускай граматыкай. Як адказны сакратар Беларускага выдавецкага таварыства ў Йільні Я. Купала паведамляў аб тым, што таварыства хоча выдаць граматыку.
Значны ўклад у станаўленне і развіццё нацыянальнай школы і педагагічнай думкі Беларусі ўнёс вядомы беларускі паэт і літаратуразнаўца М. А. Багдановіч. Пасля выдання царскім урадам закону ад 1 чэрвеня 1914 г. аб дазволе беларускіх школ галоўнай задачай ён лічыў падтрымку гэтых школ з боку земства і стварэнне педагогіка-метадычных асноў працэсу навучання на роднай мове. 3 гэтай мэтай М. Багдановіч задумаў падрыхтаваць вучэбныя кнігі і дапаможнікі для беларускіх дзяцей. У час сваёй працы ў Мінскім губернскім харчовым камітэце і Беларускім камітэце дапамогі ахвярам вайны (кастрычнік 1916 — люты 1917 г.) ён часта сустракаўся з А. Смолічам і Зоськай Верас (Л. Войцік-Сівіцкай). М. Багдановіч і 3. Верас падтрымалі прапанову А. Смоліча аб стварэнні чытанкі-хрэстаматыі для пачатковай беларускай школы. Усе ўтрох распрацавалі план, па якому будучая кніга дзялілася на чатыры часткі (па порах года). Пры раздзяленні працы М. Багдановічу даручалася падбіраць адпаведныя вершы з беларускай літаратуры, рабіць пераклады і «зразумела, пісаць самому». Паэт узяўся за справу з вялікім жаданнем. Ен склаў праект хрэстаматыі і напісаў для яе нарыс «Гарадок». Але закончыць кнігу не ўдалося.
У апошнія дні свайго жыцця М. Багдановіч працаваў над складаннем беларускага буквара (лемантара). Ен сабраў шэраг матэрыялаў, падрыхтаваў прыклады для практыкаванняў і ўжо пачаў пісаць чыставы варыянт лемантара, але смерць ад сухотаў перарвала яго працу.
Свае погляды аб месцы і ўзаемаадносінах рускай і беларускай моў у школьным навучанні на Беларусі М. Багдановіч выказаў у артыкуле «Голас з Беларусі» (1916 г.). Аўтар лічыў галоўнай задачай для беларускай нацыянальнай піколы ліквідацыю недахопаў, якія ўнесла
за сабой выкладанне на велікарускай мове. Адным з такіх недахопаў было тое, што пры навучанні па-руску беларускія дзеці перасталі ўжываць вялікую колькасць адметных, чыста беларускіх слоў, вобразаў, а значыць, і зніклі ўсе звязаныя з гэтымі словамі жывыя, ясныя і звычныя ўяўленні і перажыванні, што вяло да абяднення дзіцячай псіхікі. Побач з гэтым беларускія дзеці сустракалі шмат рускіх слоў, якіх не чулі дома. Гэта, на думку аўтара, аказвала дрэнны ўплыў на іх яшчэ няўстойлівую псіхіку, часта вяло да памылковых уяўленняў. Вялікай перашкодай у працэсе словаўжывання была неадпаведнасць граматычных форм у рускай і беларускай мовах: несупадзенне роду значнай колькасці слоў, адрозненне ў рускіх і беларускіх словах націску. Асаблівую небяспеку М. Багдановіч бачыў у тым, што шэраг слоў у абедзвюх мовах гучыць аднолькава, але мае рознае значэнне. Ен з абурэннем піша: «Можна сабе ўявіць, якую блытаніну выкліча такі «пераклад» у галаве беларускага дзіцяці любая руская кніга, пачынаючы з буквара». М. Багдановіч лічыў, што ліквідацыя беларускай мовы ў школе вядзе да страты вынікаў велізарнай, шматвяковай духоўнай працы цэлага народа. Паэт выступаў за тое, каб авалоданне роднай мовай пачыналася з першага дня навучання.
Свае ўражанні аб наведванні ўвосень 1916 г. аднаго з дзіцячых прытулкаў (у Ратамцы пад Мінскам) М. Багдановіч пераказаў у артыкуле «Беларускі бежанскі прытулак». Ен асабліва падкрэсліў той факт, што гэта быў адзін з нешматлікіх дзіцячых прытулкаў, у які.м вучэбнавыхаваўчы працэс вёўся на беларускай мове. Моцнае ўражанне на яго аказала атмасфера, якая панавала ў гэтай установе: напісаны дзецьмі ад рукі плакат «Шануй родную мову», родная мова, якая гучала вакол, беларускае нацыянальнае адзенне на дзецях. Адзначыў паэт і той момант, што дзеці вывучалі яшчэ і рускую мову, але толькі пасля таго, як ужо прывыклі да беларускага чытання і пісьма.
У працэсе працоўнага выхавання настаўнікі прытулку надавалі вялікае значэнне захаванню нацыянальных традыцый і звычаяў. 3 размовы з загадчыцай прытулку М. Багдановіч даведаўся аб вялікай зацікаўленасці беларусаў у такіх нацыянальных школах.
У захаванні роднай мовы М. Багдановіч бачыў адну з галоўных умоў развіцця беларускага народа. Сама мова з’яўляецца для народа вялікім настаўнікам: яна
вучыла народ ужо тады, калі не было ні кніг, ні школ, і працягвае вучыць яго да канца народнай гісторыі.
Новай, недастаткова асэнсаванай і ацэненай па свайму значэнню з’явай у гісторыі грамадскай і педагагічнай думкі Беларусі з’яўляецца творчасць таленавітага беларускага літаратуразнаўцы, публіцыста і крытыка С. Е. Палуяна (1890—1910). Ен распрацаваў арыгінальную канцэпцыю беларускага нацыянальнага адраджэння, у аснове якой ляжала абуджэнне нацыянальнай свядомасці беларускага народа і перш-наперш адраджэнне роднай мовы. Галоўным сродкам распаўсюджвання беларускай мовы С. Палуян лічыў народную школу. Ен першым на Беларусі ў пачатку XX ст. паставіў пытанне аб «нацыяналізацыі школы», якую разумеў шырока, уключаючы сюды і дэмакратызацыю школьнай справы. Але галоўным момантам у «нацыяналізацыі» школы пісьменнік лічыў увядзенне выкладання на роднай мове, садзейнічанне школы ў развіцці нацыянальнай свядомасці вучняў.
Асноўнай працай, якая раскрывала педагагічныя погляды С. Палуяна, быў яго артыкул «Аб нацыянальнай школе на Беларусі» (у сувязі з выхадам зборніка «Белорусскнй учнтель» у Пецярбургу), надрукаваны ў 1909 г. у часопісе «Украінська хата». Аўтар пісаў: «Толькі адна гэта нацыяналізацыя (школы. — С. С.) можа рассекчы гордзіеў вузел беларускай неразбярыхі, яна адна можа вывесці беларускі народ з таго тупіка, у які завялі яго нашы ўласныя вышэйшыя слаі сваёй антынароднай палігыкай, і паставіць яго на шлях агульначалавечага развіцця».
Ідэі С. Палуяна аб нацыяналізацыі школы, якую ён лічыў цэнтральным момантам усёй школьнай рэформы, ролі настаўніка ў гэтым працэсе, пакінулі значны след у гісторыі грамадскай і педагагічнай думкі Беларусі пачатку XX ст.
Справу В. Іваноўскага, К. Каганца, Цёткі і Я. Коласа па стварэнню кніг на беларускай мове прадоўжыў выдатны дзеяч беларускага нацыянальнага руху Вацлаў Ластоўскі. У 1910 г. у Вільні ім была надрукавана лацініцай і кірыліцай «Кароткая гісторыя Беларусі». Гэта была першая спроба напісання падручніка па гісторыі Беларусі на роднай мове. У прадмове аўтар піша: «Працу гэту ахвярую сыном маладой Беларусі, каб хаця з гэтай кароткай і няпоўнай працы маглі пазнаваць гісторыю баць. каўшчыны ў сваёй роднай мове. У кнізе паказаны дасяг-
ненні Вялікага княства Літоўскага ва ўнутранай і знешняй палітыцы, выяўлены карані русіфікатарскай палітыкі царызму ў Паўночна-Заходнім краі. Педагагічныя ідэі аўтара, іх вострае сацыяльнае гучанне накіраваны на выхаванне грамадзянскіх пачуццяў моладзі, фарміраванне іх палітычнай культуры.
Пасля таго як беларуская мова .атрымала статус дзяржаўнай, узнікла вострая неабходнасць у стварэнні новай «чытанкі» для беларускіх школ. За гэту справу ўзяўся В. Ластоўскі і ў 1915 г. у Вільні выдаў падручнік «Першая чытанка, кніжыца для беларускіх дзетак дзеля навукі чытаньня». У 1916 г. у Вільні «Першая чытанка» выходзіць на лацініцы разам з «чытанкай» для 2-га і 3-га класаў. «Першая чытанка», невялікая па аб’ёму (64 с.), складалася з прадмовы, фанетычнага і лсксічнага мінімуму, а таксама тэкстаў, вершаў і слоўніка. Свае педагагічныя погляды і метадычныя пажаданні аўтар выказаў у прадмове да падручніка. Ен лічыў, што «далейшая навука чытання» ў асноўным залежыць ад першапачатковага навучання, раіў звярнуць асаблівую ўвагу на развіццё вуснай мовы, прапаноўваў выкарыстоўваць дыдактычныя правілы — ад агульнага да прыватнага, ад вядомага да новага. Даючы метадычныя парады, В. Ластоўскі заклікаў настаўнікаў імкнуцца да свядомага засваення дзецьмі вучэбнага матэрыялу, выкарыстання індывідуальнага падыходу ў працэсе навучання і выхавання.
Безумоўнай заслугай аўтара ў параўнанні з вучэбнымі кнігамі В. Іваноўскага і К. Каганца, Цёткі і Я. Коласа з’яўляецца тое, што ўпершыню на старонках падручніка для пачатковай школы з’явіліся матэрыялы аб гістарычным мінулым Беларусі пад назвай «3 нашай мінуўшчыны». Гістарычныя тэксты, часткова ўзятыя з «Кароткай гісторыі Беларусі» і адаптаваныя для пачатковай школы, раскрываюць гераічнае мінулае беларускага народа («Князёўна Рагнеда», «Бітва каля Магільні», «Вітаўт і Ягайла» і інш.).