Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі
Выдавец: Народная асвета
Памер: 128с.
Мінск 1995
У 1914—1915 гг. на педсаветах сярэдніх навучальных устаноў разгарнуліся дыскусіі вакол цыркуляра папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі В. Г. Аляксеева ад 24 лістапада 1914 г. аб павышэнні якасці вучэбнай работы. Вынікі гэтых дыскусій былі сабраны і абагульнены ў «Матэрыялах па арганізацыі школьнага навучання на асновах навуковай педагогікі», выдадзеных у Вільні ў 1915 г. Гэтыя матэрыялы, якія ўяўляюць сабой яшчэ недастаткова даследаваную крыніцу каштоўных педагагічных знаходак, заслугоўваюць таго, каб прааналізаваць іх больш грунтоўна.
У цыркуляры Аляксеева гаварылася, што ў аснове педагогікі ляжаць дзве навукі: псіхалогія і этыка, якія адначасова з’яўляюцца дапаможнымі ў адносінах да педагогікі. Псіхалогія праяўляе характар педагагічных прыёмаў, пры дапамозе якіх педагогіка дасягае сваіх мэт, а мэты, да якіх павінны прывесці ўсе педагагічныя імкненні, вызна-
чае этыка, г. зн. вучэнне аб маральнасці. Аляксееў вызначае 4 стадыі навучання: 1) уяўленні і адпаведныя ім паняцці; 2) падрыхтоўка старых ведаў вучня; 3) паведамленне новых звестак; 4) высновы і дадаткі. Калі веды будуць паведамляцца ў такой паслядоўнасці, то «будуць саграваць душу і заахвочваць вучня да самастойных заключэнняў, да прымянення засвоеных ім ведаў, г. зн. выклічуць цікавасць». Прычым інтарэс павінен быць выкліканы рознымі прадметамі навучання, тады ён будзе шматбаковы.
Далейшыя разважанні прывялі В. Г. Аляксеева да ідэі «канцэнтрацыі выкладання», якая ўпершыню была выказана Я. А. Каменскім. Гэта канцэнтрацыя дасягаецца хутчэй за ўсё тады, калі з класам працуе адзін выкладчык, г. зн. у пачатковай школе. У сярэдняй школе ёсць неабходнасць аб’яднання розных прадметаў выкладання і адпаведна каардынацыі планаў і дзеянняў розных выкладчыкаў класа, што дасягаецца шляхам нарад выкладчыкаў дадзенага класа.
Зыходзячы з уласнага вопыту наведвання розных вучэбных устаноў акругі, папячыцель заключае, што «найбольш педагагічна ідзе выкладанне ў пачатковых школах. Некаторыя адступленні ад гэтых патрабаванняў педагогікі дапускаюцца ў вышэйшых пачатковых школах і амаль зусім не карыстаюцца дадзенымі навуковай педагогікі выкладчыкі сярэдніх навучальных устаноў».
Цяжка сказаць, чым былі выкліканы падобныя вывады Аляксеева. Вядома, захаванне фармальных патрабаванняў педагогікі лягчэй кантраляваць у пачатковай школе. Значна цяжэйшай была справа з сярэднімі навучальнымі ўстановамі, з іх духам вальнадумства і бунтарства, настаўнікамі-наватарамі, якія не жадалі прытрымлівацца ўстарэлых педагагічных падыходаў.
Ідэі і палажэнні, выказаныя В. Г. Аляксеевым, як і ў цэлым надзённыя праблемы вучэбна-выхаваўчага працэсу, актыўна абмяркоўваліся на пасяджэннях педагагічных саветаў сярэдніх навучальных устаноў. Так, дырэктар Мінскага настаўніцкага інстытута Д. А. Сцяпура лічыў, што ажыццяўленню навуковага падыходу ў педагагічным працэсе перашкаджаюць шматпрадметнасць і перагрузка вучэбнага плана інстытута, які неабходна выканаць за 3 гады. Ен пагадзіўся з меркаваннем Аляксеева ў тым, што канцэнтрацыя выкладання можа быць дасягнута толькі ў выпадку ўзаемадапаўнення сумежных прад-
метаў і ўстанаўлення ўнутранага адзінства паміж прадметамі, якія выкладаюцца; гэта будзе садзейнічаць стварэнню ў навучэнцаў цэласнага светаўспрымання.
Дырэктар Вілейскай гімназіі М. А. Клімантовіч у сваім выступленні на пасяджэнні педагагічнага савета гімназіі ад 27 студзеня 1915 года заявіў, што сярэднія навучальныя ўстановы павінны атрымліваць самастойнасць. На яго думку, трагізм педагога сярэдняй школы, яго незадаволенасць заключаецца ў тым, што кіраўнік можа дзейнічаць толькі «ў межах устаноўленых форм школы». Выпрацаваныя навуковай педагогікай прыёмы навучання нелыа ажыццявіць пры цяперашнім становішчы сярэдняй школы. Перашкодай для іх рэалізацыі з’яўляецца перш за ўсё памылковае разуменне прызначэння школы, якая павінна быць перш за ўсё навучальнай установай, а не дзяржаўнай (для набыцця грамадзянскіх правоў). М. А. Клімантовіч назваў і такія вядомыя хібы школы, як яе перапоўненасць, пастаяннае змяненне саставу класаў, неаднароднасць гэтага саставу ў сэнсе здольнасцей вучняў і іх развіцця, перагрузка вучэбнымі прадметамі, няўзгодненасць курсаў, абмежаванасць гадзін на праходжанне вучэбнага матэрыялу.
Дырэктар Мінскага рэальнага вучылішча I. В. Папоў з мэтай дасягнення канцэнтрацыі навучання выказаў меркаванне педагагічнага савета па пытаннях «аб’яднання выкладання, у прыватнасці, геаграфіі, гісторыі і рускай мовы». Ен абгрунтаваў гэта тым, што выкладанне розных прадметаў можа быць аб’яднана з боку метаду выкладання вучэбнага матэрыялу, з боку задачы, мэты навучання і выхавання. Цікавая думка Папова аб тым, што сярэдняя школа, кіруючыся ў сваёй дзейнасці навуковым падыходам, павінна тым не менш на першы план ставіць інтарэсы навучэнцаў, а не інтарэсы навукі. Ен падкрэсліў, што ў аснову вывучэння такіх прадметаў, як гісторыя, геаграфія, руская мова і часткова прыродазнаўства «павінна быць пакладзена развіццё нацыянальнага пачуцця, любові да свайго роднага краю, роднай прыроды, роднай мовы». Для беларусаў, чые нацыянальныя пачуцці, культура, мова ўсяляк прыцясняліся, падобная заява магла стаць маніфестам нацыянальнага адраджэння. Аднак Папоў, рускі па нацыянальнасці, ураджэнец Уладзімірскай губерні, меў на ўвазе патрыятычныя інтарэсы адзінай і непадзельнай Расіі, якая ўступіла ў цяжкую вайну з германскім блокам.
На педагагічным сходзе выкладчыкаў Віцебскай жано-
чай гімназіі пад старшынствам яе кіраўніка К. I. Ціхамірава было прапанавана настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў мэтах лепшага засваення дзецьмі важнейшых гістарычных і геаграфічных дат паведамляць выкладчыкам арыфметыкі гэтыя даты як матэрыял для складання арыфметычных задач, што надасць большую шырыню і жыццёвасць гэтым задачам і вылічэнням.
Педагагічны савет Быхаўскай мужчынскай гімназіі пад старшынствам дырэктара Д. I. Очкіна выпрацаваў комплекс мер па паляпшэнню вучэбна-выхаваўчага працэсу. Па пытаннях выхавання яны зводзіліся да таго, каб пры парушэнні навучэнцамі дысцыпліны карыстацца перш за ўсё маральным уздзеяннем і толькі ў пэўных выпадках прыбягаць да дысцыплінарных спагнанняў. Па пытаннях навучання было прапанавана прымаць усе меры, каб зацікавіць вучняў прадметам выкладання і зрабіць яго засваенне лёгкім, канцэнтраваць увагу навучэнцаў на найбольш важным, галоўным, не абцяжарваць іх празмернымі другараднымі падрабязнасцямі, каардынаваць кожны дзень работу настаўнікаў-прадметнікаў і такім чынам дасягнуць канцэнтрацыі выкладання.
Рэдакцыйны артыкул 4-га выпуску «Матэрыялаў па арганізацыі школьнага навучання на пачатках навуковай педагогікі» прысвечаны выкананню ўмоў, якія садзейнічаюць ажыццяўленню ў школе педагагічнага ўздзеяння на вучня. Галоўнейшая з іх — гэта разуменне асобы вучня на аснове вывучэння яго індывідуальных уласцівасцей і асаблівасцей. Адзначаецца, што сродкі вывучэння навучэнца, якія прымяняюцца ў сучаснай школьнай практыцы, недастатковыя і аднабаковыя. У артыкуле падвяргаюцца крытыцы кандуітныя часопісы, якія зневажаюць годнасць навучэнцаў, адлюстроўваюць толькі іх правіннасці, а не станоўчыя якасці. Аўтары артыкула са спачуваннем адзначаюць, што практычна галоўнай крыніцай вывучэння асобы навучэнца служыць рэгістрацыя яго негатыўных дзеянняў.
У вачах педагога-выхавацеля вучань павінен быць не падсудным, не пацыентам, а жывой чалавечай асобай. Вучнёўскія хібы ў вачах педагога — гэта не правіннасць, не хвароба, а перш за ўсё такая педагагічная з’ява, якая мае педагагічную прычыну і патрабуе сваіх педагагічных сродкаў. Значная ўвага ў артыкуле ўдзяляецца аналізу псіхалагічных асноў і сродкаў выхавання. Цікавыя ідэі і прапановы выказваліся ў 6-м выпуску матэрыялаў, прысвечанаму абмеркаванню цыркуляра па-
пячыцеля Віленскай вучэбнай акругі аб сутнасці выхаваўчых ідэй (ад 14 лютага 1915 г.).
У цэлым «Матэрыялы па арганізацыі школьнага навучання на пачатках навуковай педагогікі» карысталіся ўвагай педагагічнай грамадскасці за межамі Віленскай вучэбнай акругі. Яны ўтрымлівалі рознабаковыя ідэі, прапановы, рэкамендацыі, абагульненні педагагічнага вопыту вучэбных устаноў Паўночна-Заходняга краю. Дадзеныя матэрыялы з’яўляюцца калектыўным укладам у развіццё педагагічнай думкі, які быў здабыты намаганнямі і творчай работай кіраўніцтва Віленскай вучэбнай акругі, кіраўнікоў педагагічных саветаў сярэдніх вучэбных устаноў, шматлікіх педагогаў і настаўнікаў-наватараў.
Другой змястоўнай крыніцай педагагічнага вопыту, здабытага настаўніцтвам Беларусі ў пачатку XX ст., была кніга A. I. Шэстава «Навуковая педагогіка і руская школа», выдадзеная ў Юр’еве ў 1916 г. Прааналізаваўшы і абагульніўшы недахопы вучэбна-выхаваўчага працэсу ў сярэдніх навучальных установах Віленскай вучэбнай акругі, аўтар прыйшоў да высновы, што гэтыя ўстановы не змаглі стаць «самастойнай школай для жыцця», а былі толькі «дрэннымі падрыхтоўчымі класамі для вышэйшай школы». У мэтах выйсця школы з крызіснага становішча A. I. Шэстаў прапанаваў: выпрацаваць нацыянальную сістэму выхавання і навучання; галоўную ўвагу надаваць педагагічнай навуцы і асабліва павышэнню яе ўзроўню ў педагагічным асяроддзі; ажыццявіць збліжэнне школы з сям’ёй і ўдзел усіх здаровых сіл грамадства ў арганізацыі школьнай сістэмы.
Пасля рэвалюцыі 1905—1907 гг. кіраўніцтва Віленскай вучэбнай акругі выдала шэраг цыркуляраў і распараджэнняў аб актывізацыі выхаваўчай дзейнасці навучальных устаноў. У 1908 г. у Вільні была створана акруговая вучэбная камісія па знаходжанню мер садзеяння фізічнаму, маральнаму і разумоваму развіццю навучэнцаў. Камісія прыняла шэраг пастаноў аб фізічным выхаванні, аб экскурсіях, аб уздзеянні школы на навучэнцаў у час канікул, аб вучнёўскіх летніх дачах, аб ручной працы, аб дрэвапасадцы, аб наведванні навучэнцамі царквы, аб выкладанні спеваў і музыкі і г. д. Няцяжка зразумець, што мэтай гэтых выхаваўчых мерапрыемстваў было імкненне запоўніць вольны час навучэнцаў, узмацніць кантроль за выкарыстаннем імі свайго вольнага часу, адцягнуць увагу ад чужога «шкоднага» ўплыву. 3 боку вучэбнага кіраўніцтва, асабліва ў гады новага рэвалюцый-
нага ўздыму, наглядаўся адыход ад рэпрэсіўных форм да «гуманных» метадаў уздзеяння на навучэнцаў. Аб гэтым сведчыла цыркулярнае распараджэнне папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі ад 16 красавіка 1916 г. «Аб неабходнасці ў школе далікатнасці з боку выкладчыкаў і павагі ў адносінах да навучэнцаў».