Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі

Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі

Выдавец: Народная асвета
Памер: 128с.
Мінск 1995
29.47 МБ
Прыведзеныя прыклады сведчаць аб мацнейшым жаданні сялян вучыцца, аб іх актыўным удзеле ва ўсенародным грамадска-педагагічным руху.
Прыйшоўшы да ўлады ў выніку Лютаўскай буржуазнадэмакратычнай рэвалюцыі 1917 г., Часовы ўрад адмяніў шэраг устарэлых, рэакцыйных, антынародных распараджэнняў царскіх улад у галіне асветы і школы. У прыватнасці, былі адменены ўрадавая і міністэрскія дырэктывы, указанні аб недапушчэнні да педагагічнай дзейнасці «палітычна нядобранадзейных» асоб, аб забароне настаўнікам і вучням прымаць удзел у палітычнай дзейнасці, аб забароне настаўнікам ствараць саюзы і праводзіць сходы, аб строгіх абмежаваннях педагагічных курсаў і з’ездаў. Былі ануляваны абмежаванні правоў на адукацыю і педагагічную работу па расавых, нацыянальных і рэлігійных прыметах, у тым ліку дыскрымінацыйныя, антысеміцкія цыркуляры афіцыйных органаў аб недапушчэнні яўрэяў да педагагічнай дзейнасці, строгім абмежаванні адукацыі дзяцей яўрэйскай нацыянальнасці ў сярэдніх навучальных установах.
Часовы ўрад прыняў рашэнне аб развіцці настаўніцкіх семінарый і інстытутаў, стварыў камісію па рэформе вышэйшай школы, большасць рашэнняў і рэкамендацый якой не было, аднак, рэалізавана. Захавалася шматтыповая сістэма народнай асветы, архаізм псіхолага-
педагагічнай адукацыі. He была праведзена і абяцаная рэформа ў змесце падрыхтоўкі настаўнікаў. Дзяржаўнай мовай па-ранейшаму заставалася руская, выкарыстанне роднай мовы дазвалялася толькі ў прыватным справаводстве і ў прыватных навучальных установах.
Папячыцель Віленскай вучэбнай акругі перашкаджаў ажыццяўленню дэмакратычных пераўтварэнняў педагагічнай грамадскасцю і настаўнікамі. Кіраўніцтва акругі і дырэктары народных вучылішчаў заявілі аб лаяльнасці Часоваму ўраду, заклікалі настаўнікаў падпарадкоўвацца яго ўказанням, захоўваць парадак і спакой.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі актывізаваўся беларускі нацыянальна-вызваленчы рух. Важнае месца ў праграмах і платформах розных палітычных партый і арганізацый, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі, занялі пытанні развіцця беларускай культуры і школы, асветы і адукацыі, выкладання на беларускай мове.
Вялікая ўвага гэтым пытанням была ўдзелена на з’ездзе беларускіх нацыянальных арганізацый, які адбыўся ў сакавіку 1917 г. у Мінску. Стан і перспектывы народнай асветы былі разгледжаны на ім у кантэксце галоўных нацыянальных і палітычных праблем — лёсу беларускай дзяржаўнасці, свабоды і незалежнасці Беларусі, нацыянальнай самасвядомасці яе народа.
Дэпутат Цівінскі сказаў, што «для свабоднага развіцця неабходна родная мова, родная школа, свае парадкі. У першую чаргу нам неабходна нацыянальная школа, каб мы не былі ні палякамі, ні расейцамі». I. Краскоўскі папрасіў з’езд абмеркаваць справу арганізацыі школы, бо адраджэнне народа можа ісці толькі праз школу. Ен прапанаваў у настаўніцкіх семінарыях і інстытутах «увесці беларускі народны дух», арганізаваць настаўніцкія курсы, дабівацца стварэння універсітэта на Беларусі, заснаваць асветніцкую суполку «Прасьвета». З’езд выбраў школьную камісію для ўсебаковага абмеркавання школьнага пытання і выпрацоўкі рэзалюцый пад кіраўніцтвам Б. Тарашкевіча. У яе склад увайшлі Краскоўскі, Будзько, Сівіцкая (Зоська Верас). Алесь Гарун, Лявіцкая, Смоліч, Станкевіч і інш.
Выступаючы з дакладам школьнай камісіі, Б. Тарашкевіч сказаў, што «справа школы беларускай — адна з самых важных і балючых спраў беларускіх». Адзначыўшы, што ніхто з членаў камісіі не выказаўся прынцыпова супраць беларускай мовы ў школе, ён паведа-
міў, што камісія прапаноўвае ажыццявіць паступовы пераход на беларускую мову, паколькі няма ні добрых падручнікаў, ні дастатковай колькасці настаўнікаў-беларусаў. Б. Тарашкевіч прывёў у гэтай сувязі словы былога інспектара народных вучылішчаў, рэдактара «Могнлевского вестннка» Кахановіча аб тым, што нават у такой «чыста беларускай» губерні, як Магілёўская, «амаль усе настаўнікі і настаўніцы велікарусы, якія не ведаюць мовы беларускай».
Таму школьная камісія выказалася за тое, каб перш за ўсё ва ўсе школы, асабліва народныя, увесці «дух беларускі», г. зн. імкнуцца да таго, каб «нас вучылі мясцовыя (тутэйшыя) беларусы, a не велікарусы з глыбокай Расіі, якія хоць і блізкія, але мовы і культуры нашай не ведаюць і не паважаюць».
Школьная камісія прыняла наступныя рэкамендацыі і пастановы:	■
1.	Заснаваць суполку «Прасьвета», для чаго выбраць часовы кіруючы орган у складзе Парэчына, Станкевіча, Лявіцкай, Смоліча, Тарашкевіча. Для аказання дапамогі ў заснаванні суполкі запрасіць вядомых дзеячаў беларускай культуры: Краскоўскага, Ігнатоўскага, Мігая, Эпімах-Шыпілу, Іваноўскага, Фальковіча, Максіма Багдановіча.
II.	Даручыць беларускай арганізацыі заявіць Часоваму ўраду аб тым, што справа кіраўніцтва асветы павінна быць аддадзена ў беларускія рукі.
III.	Імкнуцца да таго, каб у пачатковых класах уводзіліся беларуская мова, літаратура, гісторыя з улікам магчымасці настаўніцкіх кадраў. Парадак рэалізацыі гэтай прапановы павінны вызначыць з’езды беларускіх народных настаўнікаў.
IV.	Хутчэй выдаваць неабходныя падручнікі.
V.	Арганізаваць летам беларускія курсы для настаўнікаў.
VI.	Імкнуцца да таго, каб у настаўніцкіх, а таксама праваслаўных і каталіцкіх семінарыях былі ўведзены беларуская мова і літаратура, больш шырокае вывучэнне беларускага краю.
VII.	Дапусціць у сярэднія школы, якія маюць патрэбных настаўнікаў, беларускую мову і літаратуру ў якасці факультатыўных прадметаў. Пры першай магчымасці адкрыць у адным з беларускіх гарадоў «вышэйшую школу», якая б цалкам задавальняла культурныя патрэбы цэлага краю.
VIII.	Шырока развіваць пазашкольную асвету і «расшырэнне ўсялякай навукі» пры дапамозе арганізацыі курсаў чытання, народных хат і іншых асветніцкіх устаноў.
Рэкамендацыі з’езда беларускіх нацыянальных арганізацый сведчылі аб тым, што на ім была прапанавана праграма пераходу пачатковых і сярэдніх школ, настаўніцкіх семінарый на родную мову навучання, выкладанне ў іх беларускай мовы, літаратуры і гісторыі Беларусі. Гэта была праграма беларусізацыі школы. Вялікае значэнне ў справе дэмакратызацыі і абнаўлення школы мелі прапановы з’езда аб пераходзе спраў кіраўніцтва народнай адукацыяй на Беларусі ў «беларускія рукі», адкрыцці беларускага універсітэта, арганізацыі цеснай сувязі настаўніцкага і сялянскага руху і інш.
Выбраны з’ездам выканаўчы орган — Беларускі нацыянальны камітэт (БНК) — не здолеў рэалізаваць патрабаванні беларусізацыі школы і ў выніку сваёй абмежаванай сацыяльна-палітычнай платформы не атрымаў шырокай падтрымкі працоўных. На сялянскіх і настаўніцкіх з’ездах, якія адбыліся ў 1917 г., прадстаўнікі БНК не змаглі пераканаць дэлегатаў у неабходнасці выкладання ў школах Беларусі на беларускай мове.
Па меры развіцця рэвалюцыйнага працэсу паміж Лютым і Кастрычнікам працоўныя, сяляне, салдаты, бежанцы, навучэнцы, якія прымалі ўдзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху, сталі заяўляць аб сваім спецыфічным попыце ў сферы нацыянальнай культуры, мовы, асветы. Паколькі Часовы ўрад не хацеў прызнаваць за беларускім народам права на самавызначэнне і культурнае развіццё, а яго намеснікі на месцах тармазілі працэс дэмакратызацыі народнай адукацыі і перавод выкладання на родную мову навучэнцаў, то працоўныя ўсё больш актыўна сталі выстаўляць патрабаванні: увесці беларускую мову ў школах, стварыць ВНУ, развіваць сетку культурна-асветных устаноў.
I з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, што адбыўся ў красавіку 1917 г. у Мінску, выказаўся за тое, каб кожнай нацыянальнасці краю была дадзена поўная магчымасць культурна-нацыянальнага развіцця, а таксама за ўвядзенне ўсеагульнага, абавязковага, бясплатнага навучання, выкладання ў пачатковых школах на роднай мове. За «нацыяналізацыю школы» (навучанне на роднай мове) выступіў сялянскі з’езд Віцеб-
скай губерні, які прайшоў у тым жа месяцы. 15 мая 1917 г. у Мінску на мітынгу салдат і афіцэраў Заходняга фронту — ураджэнцаў Беларусі — былі прыняты рэзалюцыі аб канфіскацыі панскай зямлі, увядзенні ў школах беларускай мовы, самавызначэнні беларускага народа ў складзе Расійскай Федэратыўнай Рэспублікі.
У праграмах палітычных партый пытанні адукацыі і школы ставіліся і разглядаліся ў кантэксце рашэння нацыянальнага пытання. Беларуская сацыялістычная грамада выступіла за культурна-нацыянальную аўтаномію беларусаў, развіццё беларускай культуры, нацыяналізацыю школы. Кадэты не ішлі далей культурнага самавызначэння, якое разглядалі толькі як выкладанне роднай мовы ў пачатковых школах, развіццё культурнаасветных устаноў. Кадэцкі Саюз беларускай дэмакратыі не прызнаваў правы беларускага народа на самавызначэнне і нават не дапускаў развіцця яго культуры.
Эсэры і меншавікі, прытрымліваючыся кадэцкай лініі, адмаўлялі імкненне беларускага народа да нацыянальнай дзяржаўнасці, развіцця сваёй культуры, мовы, школы. Напрыклад, 8 жніўня 1917 г. на VI з’ездзе Усерасійскага настаўніцкага саюза група дэлегатаў ад Беларусі, у асноўным эсэры, прапанавала прыняць рэзалюцыю, якая адмаўляла развіццё беларускай культуры і пратэставала супраць выкладання ў школах на роднай мове. Гэтыя ж ідэі эсэры спрабавалі адстаяць і на педагагічнай нарадзе выкладчыкаў сярэдніх навучальных устаноў Заходняга краю, якая адбылася ў Магілёве 13 верасня 1917 г.
Бальшавікі Беларусі ў сваёй палітычнай дзейнасці па заваяванню мас выступалі з шырокай дэмакратычнай праграмай сацыяльных пераўтварэнняў, у тым ліку і ў галіне асветы. Так, у выбарчай платформе «сацыялдэмакратычнага блока», якая была распрацавана па ініцыятыве Мінскага камітэта РСДРП(б) у чэрвені — ліпені 1917 г., змяшчалася патрабаванне «ўсеагульнага бясплатнага навучання для кожнай нацыянальнасці на роднай мове». Гэта азначала, што бальшавіцкія арганізацыі Паўночна-Заходняга краю, якія раней толькі фармальна прызнавалі праграмнае патрабаванне РСДРП аб адукацыі на роднай мове, летам—восенню 1917 г. улавілі змены ў настроі мас на карысць навучання на роднай мове і ўключылі гэтае патрабаванне ў якасці адной з першачарговых задач дэмакратычных пераўтварэнняў.
Праведзены аналіз сацыяльна-палітычных аспектаў усенароднага руху за дэмакратызацыю і абнаўленне школы і асветы паказвае, што гэты рух з’яўляўся састаўной часткай беларускага нацыянальна-вызваленчага руху, важным фактарам нацыянальнага адраджэння Беларусі. Пытанні народнай адукацыі і школьнай справы набылі шырокае значэнне.