Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі

Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі

Выдавец: Народная асвета
Памер: 128с.
Мінск 1995
29.47 МБ
Рэзкае незадавальненне навучэнцаў выклікаў існуючы ўнутрышкольны рэжым. У сярэдніх вучэбных установах праследавалі самую малую праяву крытычных адносін да існуючага строю. Аб цяжкай атмасферы ў сярэдняй школе гаворыць наступны факт. У 1899 г. назначаная папячыцелем Віленскай вучэбнай акругі камісія распрацавала правілы пазакласнага нагляду за навучэнцамі рэальных вучылішчаў і гімназій /Мінска, згодна з якімі павінен быў кантралявацца кожны крок вучня. Сочка ўстанаўлівалася ў тэатры, на катку, трэку, дома. Зімой і летам гімназісты павінны былі насіць форменнае паліто, зашпіленае на ўсе гузікі. Без паліто дазвалялася хадзіць толькі ў белым касцюме з белай фуражкай.
Перад самай рэвалюцыяй 1905—1907 гг. і ў першыя яе месяцы папячыцель Віленскай вучэбнай акругі імкнуўся прадухіліць распаўсюджванне рэвалюцыйных настрояў сярод навучэнцаў і выдаў шэраг указанняў. Сярод іх былі такія, як: «Аб абароне навучэнцаў ад рэвалюцыйнага ўплыву», «Аб мерах па папярэджванню хваляванняў сярод навучэнцаў», «Аб штодзённым аглядзе вучэбных памяшканняў з мэтай канфіскацыі пракламацый», «Аб узмацненні нагляду за вучнямі па-за сцена.мі навучальных устаноў». Але гэтыя цыркуляры не прынеслі жаданага выніку.
Навучэнцы прынялі актыўны ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905—1907 гг. Гэта праявілася ў чытанні нелегальнай літаратуры, стварэнні сацыял-дэмакратычных гурткоў навучэнцаў, арганізацыі забастовак пратэсту, распаўсюджванні пракламацыйнай літаратуры і ўдзеле ў палітычных дэманстрацыях.
На сходцы навучэнцаў Мінскай мужчынскай гімназіі, што адбылася 17 лютага 1905 г., была прынята рэзалюцыя з 20 пунктаў, прадстаўленая затым дырэктару гімназіі. У ёй, у прыватнасці, былі патрабаванні адмены пазакласнага нагляду і тэрміновага дазволу свабоднага наведвання бібліятэк, тэатраў і іншых публічных устаноў, адмены вобыску, інстытутаў інспекцыі і педэляў (наглядчыкаў за навучэнцамі), абавязковага нашэння формы, патрабаванні свабоды арганізацыі гурткоў і публічнага абмеркавання патрэб гімназістаў, неўмяшання школьнага кіраўніцтва ў асабістае жыццё вучняў, ветлівых адносін да іх з боку настаўнікаў, памяншэння платы за навучанне. Акрамя гэтых патрабаванняў акадэмічных свабод, гімназісты выставілі і такія сацыяльна значныя і надзённыя патрабаванні, як: адмена нацыянальных абмежаванняў для навучэнцаў і настаўнікаў, выкладанне для кожнай нацыянальнасці сваёй роднай мовы як аднаго з вучэбных прадметаў, выкладанне закона божага для кожнай нацыянальнасці на роднай мове, неабавязковае наведванне богаслужэння і свабода гутарковай мовы.
Падобныя рэзалюцыі з аналагічнымі патрабаваннямі былі прыняты і на сходах іншых сярэдніх навучальных устаноў Мінска, што сведчыла, на думку папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі, аб папярэдняй падрыхтоўцы гэтых петыцый «на якім-небудзь агульным сходзе навучэннаў...». Характэрйа, што на сумесным сходзе бацькоў, навучэнцаў і педсавета Мінскай мужчынскай гімназіі, які прайшоў у той жа дзень — 17 лютага, бацькі выказалі тыя ж пажаданні, што і гімназісты ў сваіх 20 пунктах. Гэты сход, па словах папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі, паказаў, што беспарадкі ў гімназіі выкліканы агульным браджэннем сярод мясцовага грамадзянства, і з’явіўся часткова як адлюстраванне настрою бацькоў, часткова як вынік дзейнасці студэнтаў і іншых асоб, якія належаць сацыял-дэмакратычнай партыі.
Хваляванні сярод навучэнцаў не супакойваліся і ў 1906—1907 гг., аднак спад рэвалюцыйнага руху прывёў да паступовага іх затухання. Пасля разгубленасці і збянтэжанасці, якія ахапілі не толькі настаўнікаў, але і кіраўніцтва Віленскай вучэбнай акругі, апошняе распачало рашучыя дзеянні па «навядзенню парадку». Рашэннем Міністэрства народнай асветы ад 25 кастрычніка 1905 г. былі забаронены сходкі навучэнцаў ніжэйшых і сярэдніх навучальных устаноў. Да студзеня 1906 г.
з сярэдніх навучальных устаноў Віленскай вучэбнай акругі было звольнена без права паступлення ў якуюнебудзь навучальную ўстанову 160 чалавек «за ўдзел у беспарадках ці палітычную нядобранадзейнасць». Узмацніўся палітычны нагляд за настаўнікамі і вучнямі.
Цікавай, але ў той жа час і малавядомай старонкай у гісторыі руху сярод школьнай моладзі былі выступленні навучэнцаў духоўных семінарый. Аб гэтым амаль нічога не гаворыцца ў беларускай гісторыка-педагагічнай літаратуры. А між тым у гады першай расійскай рэвалюцыі хваляванні і незадаволенасць ахапілі духоўныя семінарыі, што рыхтавалі настаўнікаў духоўных вучылішчаў і былі прызваныя стаць, па разліках манархічнарэлігійнай вярхушкі, апорай самадзяржаўя, праваслаўя і народнасці.
Адным з цэнтраў такіх хваляванняў стала Віцебская духоўная семінарыя. Па словах стацкага саветніка Арнацкага, які праводзіў у кастрычніку 1907 г. рэвізію гэтай семінарыі, «выпадкі захаплення навучэнцаў вызваленчым рухам» пачалі заўважацца яшчэ на пачатку 1904/05 навучальнага года. Гэта выяўлялася ў тым, што «семінарысты замест сваёй прамой справы больш займаюцца рознымі рэфармацыйнымі пытаннямі — аб абнаўленні школы, аб лепшым сацыяльным і дзяржаўным ладзе і г. д., чытаюць лібералыіыя газеты і кнігі, а некаторыя ўступаюць нават у зносіны з пражываючымі ў Віцебску завадатарамі вызваленчага руху і атрымліваюць ад іх нелегальныя выданні».
У лютым 1905 г. семінарысты правялі 4 сходкі, прычым на апошніх дзвюх прысутнічалі па даручэнню семінарскага праўлення некаторыя з выкладчыкаў для выслухвання патрабаванняў выхаванцаў. Гэтыя патрабаванні насілі акадэмічны характар і былі накіраваныя на аслабленне ўнутрысемінарскага рэжыму і дэмакратызацыю вучобы і адпачынку навучэнцаў: стварэнне гурткоў самаадукацыі, удзел прадстаўнікоў старэйшых класаў на педагагічных сходах праўлення семінарыі, адмена пераводных экзаменаў, увядзенне лекцыйнага метаду выкладання ў старэйшых класах, паляпшэнне стану семінарыі.
Усе патрабаванні, за выключэннем патрабавання семінарыстаў «звольніць рэктара і наглядчыкаў», выкладчыкі, якія прысутнічалі на сходках, прызналі «карыснымі ў справе лепшага ўладкавання семінарскага жыцця», а праўленне семінарыі вырашыла прасіць епіскапа Полацкага выканаць іх. Але той не даў дазволу і ўказаў
праўленню і выкладчыкам на «няправільнае абмеркаванне» пытанняў, пастаўленых у вучнёўскай петыцыі.
Калі параўнаць патрабаванні віцебскіх семінарыстаў з выстаўленымі ў той жа час (люты 1905 г.) 20 пунктамі навучэнцаў мінскіх сярэдніх навучальных устаноў, то кідаецца ў вочы адсутнасць у семінарыстаў патрабаванняў сацыяльна-палітычнага гучання, свабоды выкладання на роднай мове. На гэта ўплывалі, магчыма, і сам характар навучальнай установы, і пэўны нацыянальны і рэлігійны склад яго выхаванцаў, і заўважаныя вышэй асаблівасці Віцебскай губерні, у якой доля рускага насельніцтва была найбольшай, а беларускага — найменшай з усіх беларускіх губерняў. Але галоўнае заключалася ў тым, што цэнтралізаваная сістэма Рускай праваслаўнай царквы, якая была адным з асноўных сродкаў ажыццяўлення русіфікатарскай палітыкі самадзяржаўя на нацыянальных ускраінах імперыі, не магла паставіць пад сумненне пытанне аб неабходнасці выкладання на рускай мове ці аб магчымасці ўвядзення выкладання на роднай мове. Вяртаючыся да параўнання пазіцый семінарыстаў і гім-' назістаў, патрэбна адзначыць значна большую ступень узаемнай падтрымкі і салідарнасці паміж семінарыстамі і іх выкладчыкамі (у асноўным грамадзянамі свецкага паходжання), чым паміж навучэнцамі і выкладчыкамі гімназій.
У сувязі з пачаткам Усерасійскай кастрычніцкай палітычнай стачкі хваляванні ў Віцебскай духоўнай семінарыі ўзмацніліся. 19 кастрычніка 1905 г. семінарысты разам з яўрэйскай моладдзю прынялі ўдзел у пахаванні забітых падчас чарнасоценных пагромаў грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці. Пахаванню быў нададзены характар рэвалюцыйнай маніфестацыі. На чырвоных і чорных сцягах маніфестантаў былі надііісы: «Далоў самадзяржаўеі», «Помста тыранам», «Няхай жыве рэвалюцыя», «Няхай жыве сацыял-дэмакратычная рэспубліка!». У сувязі з хваляваннямі сярод выхаванцаў семінарыя была зачынена, а галоўныя ініцыятары «беспарадку» — семінарысты Аўтухоў, Шчарбакоў і Сянькоўскі былі звольнены з балам «4» па паводзінах. Адзначаючы цесныя сувязі паміж семінарыстамі і навучэнцамі яўрэйскай нацыянальнасці свецкіх навучальных устаноў Віцебска, Арнацкі ў сваёй справаздачы пісаў, што апошнія «сваімі ліберальнымі поглядамі ўздзейнічаюць на семінарыстаў».
У 1906—1907 гг. у семінарыі працягвалася, па словах
Арнацкага, «прапаганда вызваленчых ідэй», хоць вялася яна ўжо больш стоена, без яўных выступленняў.
Яе органам быў рукапісны штотыднёвы часопіс «Семінарскае жыццё», які выдаваў з 1906 г. мясцовы камітэт Усерасійскага агульнасемінарскага саюза, што існаваў пры семінарыі, меў блізкія і частыя зносіны з Цэнтральным камітэтам гэтага саюза (знаходзіўся ў Вяцкай семінарыі). 3 Вяткі ў Віцебск з 1907 г. паступалі гектаграфічныя бюлетэні з інфармацыяй аб жыцці іншых семінарый. На бюлетэнях стаяў дэвіз: «Свабодная школа ў свабоднай дзяржаве», а мэтай Усерасійскага агульнасемінарскага саюза было змяненне існуючага ў семінарыях рэжыму.
Семінарысты вялі актыўную работу па распаўсюджванню нелегальнай літаратуры. Так, у арыштаваных у кастрычніку 1907 г. выхаванцаў Віцебскай семінарыі Т. Жураўскага, С. Ражнова і С. Ціхвінскага было канфіскавана ў інтэрнаце нелегальнай літаратуры вагой каля 12 пудоў! Пры абмеркаванні на пасяджэнні праўлення семінарыі пытання аб звальненні гэтых трох выхаванцаў рэктар семінарыі канстатаваў, што іх настрой выяўляўся «ў апатыі да багаслоўскіх навук, у захапленні рэвалюцыйнай літаратурай, ва ўдзеле ў антыўрадавых маніфестацыях 1905 г., у мяцяжах супраць свайго начальства».
Хваляванні сярод навучэнцаў духоўнай семінарыі Віцебскай губерні мелі месца і ў 1908—1909 гг., аб чым сведчыла спецыяльна заведзеная вучэбным камітэтам пры Свяцейшым Сінодзе ў Пецярбургу справа. Старшыня камітэта накіраваў 7 лістапада 1909 г. канфідэнцыяльны ліст рэктару Віцебскай духоўнай семінарыі, у якім рэкамендаваў у сувязі з «настроем» сярод выхаванцаў, які ўзнік у некаторых духоўных семінарыях , і для папярэджання хваляванняў устанавіць «самы пільны і неаслабны нагляд за паводзінамі і настроем выхаванцаў», прытрымлівацца «цвёрдасці і паслядоўнасці ў кіраванні семінарыяй». На выпадак узнікнення «беспарадкаў» рэкамендавалася ні ў якім разе не закрываць навучальную ўстанову і працягваць заняткі хаця б з невялікай колькасцю навучэнцаў.