Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі

Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі

Выдавец: Народная асвета
Памер: 128с.
Мінск 1995
29.47 МБ
Актыўны ўдзел у рэвалюцыйным руху прымала народнае настаўніцтва — самая шматлікая катэгорыя беларускай інтэлігенцыі. Настаўніцтва Паўночна-Заходняга краю, як і ўсёй Расіі, не было аднародным слоем інтэлігенцыі. У самым цяжкім матэрыяльным і прававым
становішчы знаходзіліся настаўнікі пачатковых школ, якія атрымлівалі мізерныя аклады — ад 15—20 да 30 рублёў у месяц. Педагогі гэтых школ складалі пераважную частку беларускага настаўніцтва. У той жа час даволі высокай была зарплата настаўнікаў сярэдніх навучальных устаноў — ад 60 да 170 рублёў у месяц. Сацыяльна-прававыя кантрасты ў становішчы педагогаў уплывалі і на іх адносіны да існуючых у Расіі і краі парадкаў. «Нізы інтэлігенцыі», выхадцы з народа, як правіла, былі рэвалюцыйна настроены і часцей за ўсё выступалі супраць царызму, нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту, за дэмакратызацыю і абнаўленне школьнай справы.
У сувязі з ростам рэвалюцыйнага руху і ўдзелам у ім настаўнікаў узмацніўся нагляд за іх добранадзейнасцю. Педагогам забаранялася ўключацца ў якія б то ні было грамадскія справы, пісаць просьбы і скаргі ад сялян, звяртацца з якімі-небудзь асабістымі просьбамі да вышэйшага начальства ў абыход дырэкцыі вучылішчаў. Шырокія памеры прыняла сочка царкоўных служкаў за паводзінамі настаўнікаў, якая падтрымлівалася вучэбнымі ўладамі. Яны праследаваліся за самы нязначны ўдзел у грамадскім жыцці. Нават сяброўства паміж настаўнікамі суседніх школ выклікала падазронасць вучэбнага начальства, а настаўнікі, заўважаныя ў блізкіх зносінах між сабой, разводзіліся па аддаленых адна ад другой школах.
У перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гг. частка настаўніцтва пад уплывам рэвалюцыйных падзей і дзейнасці рэвалюцыйна-дэмакратычных арганізацый уключылася ў барацьбу супраць самаўладдзя. Многія настаўнікі падвергліся за гэта ганенням. У прыватнасці, Я. Колас (К. М. Міцкевіч) за складанне ад імя сялян прашэння да памешчыка Скірмунта быў пераведзены ў снежні 1905 г. дырэкцыяй народных вучылішчаў «у выглядзе пакарання» з Пінкавіцкага ў Вярхменскае вучылішча Ігуменаўскага павета Мінскай губерні. За ўдзел у арганізацыі нелегальнага з’езда настаўнікаў Я. Колас быў арыштаваны, пазбаўлены настаўніцкай пасады, болын як два гады знаходзіўся пад следствам, а з 1908 па 1911 г. — у турме.
У 1905—1906 гг. сярод настаўнікаў распаўсюдзілася ідэя стварэння свайго прафесійнага аб’яднання на рэвалюцыйна-дэмакратычнай платформе. Ініцыятыву склікання настаўніцкага з’езда ўзяло на сябе «Часовае бюро
Мінскай групы настаўнікаў», куды ўваходзіў і Я. Колас. Ен жа з’явіўся і адным з ініцыятараў правядзення ў чэрвені 1906 г. у вёсцы Мікалаеўшчына (на сваёй радзіме) з’езда настаўнікаў Мінскай губерні. З’езд прыняў рашэнне далучыцца да Усерасійскага настаўніцкага саюза. У пастанове з’езда падкрэслівалася, што паколькі пры са.маўладным рэжыме немагчыма ажыццявіць рэарганізацыю народнай адукацыі, то з’езд сваёй бліжэйшай мэтай аб’явіў імкненне «да звяржэння самаўладдзя шляхам рэвалюцыйнага ўздзеяння на сялян і іх арганізацыю».
У маі 1907 г. у Вільні адбыўся першы ўстаноўчы з’езд настаўнікаў Беларусі, на якім быў створаны «Беларускі настаўніцкі саюз». З’езд сфарміраваў наступныя задачы саюза: «1) перабудова справы народнай асветы на шырокіх свабодных дэмакратычных асновах на карысць народа, каб падняць яго грамадзянскую самасвядомасць; 2) уводзіць у школе навучанне на роднай беларускай мове; 3) дабівацца незалежнасці школы і настаўніка ад рознага начальства, а для гэтага выбіраць свае камітэты, якія і павінны назіраць за работай настаўніка ў школе».
Яшчэ ў ходзе рэвалюцыі 1905—1907 гг. пад напорам рэвалюцыйна-дэмакратычнага руху царскі ўрад быў вымушаны пайсці на некаторыя ўступкі ў галіне адукацыі. Былі некалькі пашыраны правы вучняў, унесены змены ў вучэбныя планы і праграмы сярэдніх школ. Педагагічным саветам паводле цыркуляра МНА, які быў выдадзены ў лістападзе 1905 г., дазвалялася адступаць па ўзгадненню з папячыцелем вучэбнай акругі ад існуючых правілаў для вучняў і інструкцый для класных настаўнікаў. Было дадзена права праводзіць пры сярэдніх школах агульнашкольныя і пазакласныя нарады і выбіраць на іх бацькоўскія камітэты.
Прыватныя сярэднія навучальныя ўстановы былі прыраўнаваны ў правах з дзяржаўнымі, выпускнікам рэальных вучылішчаў пры ўмове здачы дадатковага экзамену па лацінскай мове прадстаўлялася права паступлення ва універсітэт. Папячыцелі вучэбных акруг атрымалі дазвол па хадайніцтвах насельніцтва і педсаветаў уводзіць у гарадскіх вучылішчах дадатковыя прадметы, прадметную сістэму выкладання. Для паспяваючых навучэнцаў былі адменены пераводныя іспыты, а для непаспяваючых — захаваны толькі па тых прадметах, па якіх яны не паспявалі. Былі зняты існаваўшыя ў Паў-
ночна-Заходнім краі абмежаванні на адкрыццё прыватных навучальных устаноў па нацыянальных і рэлігійных прыметах. Адмянялася забарона карыстацца навучэнцам роднай мовай у зносінах паміж сабой і з настаўнікамі, дазвалялася выкладанне беларусам-католікам закону божага на беларускай мове. Начальства Віленскай вучэбнай акругі зрабіла шэраг захадаў па паляпшэнню вучэбнай і выхаваўчай работы сярод навучэнцаў сярэдніх навучальных устаноў з мэтай адцягнення іх ад рэвалюцыйных ідэй і выхавання вернападданніцкіх пачуццяў.
Непасрэдную карысць ад гэтых частковых уступак атрымала перш за ўсё буржуазія, асабліва за кошт зняцця абмежаванняў на адкрыццё прыватных школ, а таксама стварэння больш спрыяльных умоў для развіцця сярэдняй і прафесійнай адукацыі. Патрабаванні шырокіх народных мас аб усеагульнай адукацыі за кошт дзяржавы, агульнадаступнасці павышанай пачатковай і сярэдняй адукацыі, аддзялення школы ад царквы не былі задаволены царызмам. Спробы правесці праз Дзяржаўную думу праект закону аб увядзенні ўсеагульнай пачатковай адукацыі ў аб’ёме трохгадовай школы, якія прадпрымаліся Міністэрствам асветы пачынаючы з 1907 г. і аж да 1917 г., засталіся без поспеху.
У перыяд рэакцыі царызм узмацніў рэпрэсіі супраць настаўнікаў і вучняў, якія прымалі ўдзел у рэвалюцыйным руху, а таксама ўзнавіў ранейшы ўнутрышкольны рэжым. 3 мэтай закрыцця каналаў доступу ў школу рэвалюцыйных ідэй ажыццяўляўся строгі кантроль за паступаючай у школу літаратурай, настаўнікам было забаронена адыходзіць ад вучэбных праграм. Значна ўзрос аб’ём заданняў, каб у навучэнцаў не было вольнага часу, былі ўзноўлены пераводныя экзамены. Для супрацьдзеяння ўплыву звонку сярэднія навучальныя ўстановы актывізавалі выкладанне спецыяльных прадметаў і пазакласную работу.
Імкнучыся не даць паўтарыцца рэвалюцыйным падзеям 1905—1907 гг., царскія ўлады і вучэбнае начальства рыхтаваліся да рашучага спынення магчымых хваляванняў сярод навучэнцаў. У лістападзе 1910 г. мінскі губернатар накіраваў сакрэтнае пасланне дырэктару Мінскай мужчынскай гімназіі, у якім у сувязі з беспарадкамі, што адбываліся ў Пецярбургу сярод студэнтаў ВНУ, рэкамендаваў «узмацніць нагляд за настроем навучэнцаў і ўсімі мерамі імкнуцца не дапусціць склі-
канне сходак». Губернатар спасылаўся на распараджэнне, атрыманае ад міністра ўнутраных спраў Расіі, якое папярэджвала, што ў «выпадку дапушчэння навучэнцамі дэманстрацый антыўрадавага характару супраць вінаватых будуць прыняты самыя строгія меры, а для спынення сходак у сценах навучальнай установы ў яе будуць уведзены атрады паліцыі». На аснове гэтага паслання дырэктар Мінскай мужчынскай гімназіі аддаў 3 снежня 1910 г. сакрэтнае ўказанне памочнікам класных настаўнікаў «узмацніць нагляд за пазашкольнымі паводзінамі гімназістаў», адзначыўшы, што настаўнікі будуць несці строгую адказнасць за паводзіны навучэнцаў.
Нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі і праследаванні, якія абрушыліся на перадавое настаўніцтва ў гады рэакцыі, у асяроддзі настаўніцкай інтэлігенцыі захоўваўся рэвалюцыйна-дэмакратычны настрой. Аб гэтым сведчыць справаздача Віленскага губернатара Д. Любімава па выніках яго паездак па губерні і размоў з настаўнікамі (1910 г.). Па словах губернатара, ён падмеціў новы тып вясковага настаўніка. На словах ён выказвае гарачы патрыятызм на нацыянальнай глебе і адданасць гістарычным асновам нашай дзяржаўнасці; на справе ж — абсалютную да іх абыякавасць. Д, Любімаў звярнуў асаблівую ўвагу вучэбнага начальства на школьныя настроі настаўнікаў.
Асцярога Віленскага губернатара не была беспадстаўнай. Настаўнікі карысталіся аўтарытэтам і павагай сйрод вясковых жыхароў, якія заступаліся за іх і прыходзілі на дапамогу ў цяжкую хвіліну. Калі летам 1906 г. улады выслалі з Наваградскага павета Мінскай губерні 8 настаўнікаў за агітацыйна-прапагандысцкую дзейнасць сярод сялян, то апошнія ўзялі на сябе ўтрыманне настаўніцкіх сем’яў, далі ім «ссыпку» і памяшканне да вяртання кармільцаў.
У змрочныя гады рэакцыі працягваўся сялянскі рух за адкрыццё народных школ. Гэтыя патрабаванні былі ў шматлікіх наказах сялян сваім дэпутатам I і II Дзяржаўных дум. У сялянскіх прыгаворах, зваротах, хадайніцтвах падкрэслівалася, што школа і пісьменнасць неабходныя ім і іх дзецям як важнейшы сродак пазбаўлення цемнаты і невуцтва, як найпершая жыццёвая патрэба. Так, у прыгаворы сялянскага сходу вёскі Чартоўшчына Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні ад 6 снежня 1909 г. гаварылася, што сяляне маюць «гара-
чае бацькоўскае жаданне вучыць дзяцей» і бачаць у гэтым «крайнюю патрэбу і неабходнасць». Сяляне, якія прысутнічалі на сходзе, аднадушна вырашылі хадайнічаць перад дырэктарам народных вучылішчаў Магілёўскай губерні аб адкрыцці ў вёсцы аднакласнай земскай школы ў першай палове 1909—1910 г. Як адзначалася ў прыгаворы, «калі для адкрыцця гэтай школы патрабуецца якая-небудзь грашовая падтрымка з нашага боку ў пасільных памерах, то мы з радасцю дадзім яе». У прашэнні сялян вёскі Сухое Пінскага павета Мінскай губерні ў адрас галоўнакіруючага земляробствам і дзяржаўнай маёмасцю ад 26 кастрычніка 1910 г. змяшчалася просьба, каб даць сялянам кавалак казённай зямлі пад будаўніцтва народнага вучылішча. Гэты ўчастак са згоды арандатара мог быць дадзены не раней 1924 г. «Чакаць 1924 г. мы не маем магчымасці: пісьменнасць патрэбна так, як хлеб надзённы», — заявілі сяляне. Многія з іх нават са слязьмі ўпрошвалі арандатара — свайго аднавяскоўца — даць зямлю пад будаўніцтва школы.