• Газеты, часопісы і г.д.
  • Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі

    Ля вытокаў нацыянальнай педагогікі


    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 128с.
    Мінск 1995
    29.47 МБ
    У далейшым Мінская і Віцебская гарадскія думы, прадпрымальніцкія і грамадскія аб’яднанні неаднаразова падымалі пытанне перад МНА аб адкрыцці універсітэта ці тэхнічнага інстытута. У адказ на гэта ў 1913 г. міністр асветы Л. А. Касо заявіў, што адкрыццё універсітэта на Беларусі — справа няспешная і не так хутка настане яе чарга. Вышэйшую адукацыю беларусы атрымлівалі ў Маскве, Пецярбургу, Кіеве і іншых універсітэцкіх цэнтрах Расіі.
    Вельмі сумная карціна агульнага стану народнай
    асветы на тэрыторыі Беларусі ў пачатку XX ст. была пададзена ў вядомым капітальным выданні «Россня. Полное географнческое опнсаняе нашего отечества». У ім канстатавалася: «Нягледзячы на павелічэнне колькасці школ у апошні час, наша вобласць не багатая вучэбнымі ўстановамі: ВНУ няма зусім, сярэднія існуюць толькі ў больш багатых гарадах, і толькі ніжэйшая адукацыя, хоць і нельга назваць яе бліскучай, дае магчымасць азнаёміцца з адукацыйнымі сродкамі краю». Нездавальняючае становішча асветы, і ў першую чаргу сярод працоўных, прызнаваў нават афіцыйны друк таго часу. У прыватнасці, газета «Полацкі лісток» у 1913 г. адзначала высокі кошт навучання, нізкі ўзровень ведаў вучняў пачатковых школ горада і адмоўна ацэньвала школьныя падручнікі.
    Вельмі важным з пункту погляду вывучэння беларускага нацыянальнага адраджэння, барацьбы нацыянальна-дэмакратычных сіл і шырокіх мас насельніцтва Беларусі за навучанне на роднай мове мае даследаванне нацыянальнага складу навучэнцаў Паўночна-Заходняга краю ў канцы XIX — пачатку XX ст. Гэта пытанне з’яўляецца «белай плямай» у беларускай гісторыкапедагагічнай літаратуры. Яго фактычна абмінулі ў абагульняючых працах па гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі. Між тым у матэрыялах агульнарасійскага перапісу насельніцтва 1897 г. і Аднадзённага перапісу пачатковых школ Расійскай імперыі ад 18 студзеня 1911 г. змяшчаюцца даныя адносна нацыянальнага саставу насельніцтва і навучэнцаў губерняў краіны.
    Па перапісу 1897 г., на тэрыторыі сучаснай Беларусі пражывала 6579,6 тыс. чалавек. 3 іх 73 % складалі беларусы, 13,8 — яўрэі, 4,7 % — украінцы, 4,3 % — рускія, 2,5 % — палякі і 1,7 % — іншыя нацыянальнасці. У пяці заходніх губернях жыло 5408,4 тыс. беларусаў.
    Размеркаванне нацыянальных груп па губернях было наступным: беларусы (разам з украінцамі) складалі 82,6 % насельніцтва Магілёўскай, 76,4 % — Мінскай, 66,7 % — Гродзенскай, 56 % — Віленскай і 52,9 % — Віцебскай губерняў. Доля рускіх вагалася ад 3,4 % у Магілёўскай да 13,3 % у Віцебскай губернях, палякаў — ад 1,4 % у Магілёўскай да 10,1 % у Віленскай губернях, яўрэяў — ад 11,7 % у Віцебскай да 17,4 % у Гродзенскай губернях. Такім чынам, найболыпы працэнт беларусаў пражываў у Магілёўскай, найменшы — у Віцебскай
    2	. Зак. 927.
    17
    губерні, у якой ён ледзь перавышаў палову ўсяго насельніцтва. Удзельная вага рускіх, наадварот, была найбольшай у Віцебскай, а найменшай у Магілёўскай губерні. Такія суадносіны этнічных груп насельніцтва як у цэлым па Паўночна-Заходнім краі, так і па губернях адбіваліся на нацыянальным саставе навучэнцаў.
    Дастаткова красамоўным па выніках Аднадзённага перапісу 1911 г. быў і такі паказчык, як колькасць пачатковых школ МНА і Свяшчэннага Сінода на 100 жыхароў сярод розных этнічных груп. Па Віленскай акрузе ён складаў: рускіх — 4,16 %, у тым ліку велікарусаў 16,47 %, маларусаў — 2,67 %, беларусаў — 2,98 %, далей ішлі латышы — 2,88 %, палякі — 2,67 %, немцы — 2,53 %, літоўцы — 1,91 %, яўрэі — 1,68 %. Відавочна, што велікарусы значна апярэджвалі ўсе іншыя нацыянальнасці, у тым ліку і. беларусаў, па колькасці навучэнцаў на 100 жыхароў.
    У 1911 г. у пачатковых школах МНА і Свяшчэннага Сінода Віленскай вучэбнай акругі навучалася (у акругленых лічбах): 336 тыс. рускіх (у тым ліку велікарусаў — 118 тыс., маларусаў — 13 тыс., беларусаў —.205 тыс.), 30 тыс. яўрэяў, 21 тыс. літоўцаў, 19 тыс. палякаў, 12 тыс. латышоў і жмудзі. Усяго ў акрузе было 425 911 тыс. вучняў.
    Калі ўзяць размеркаванне вучняў па роднай мове ў працэнтах да агульнага іх ліку па губернях, то, па даных перапісу 1911 г., самая вялікая ўдзельная вага вучняў, назваўшых беларускую мову сваёй роднай мовай, была ў Гродзенскай губерні — 69,18 % хлопчыкаў і 55,49 % дзяўчынак. Затым ішлі Віленская — адпаведна 65,32 % і 51.96 %. Мінская — 63,39 % і 50,29 %, Магі лёўская — 50,62 %' і 43,14 %, Віцебская — 29,89 % і 23,54 %. У цэлым па Віленскай вучэбнай акрузе беларускую мову назвалі роднай 52,02 % хлопчыкаў і 40,37 % дзяўчынак.
    Самы высокі працэнт вучняў, назваўшых роднай рускую мову, быў у Віцебскай губерні — 47,04 % хлопчыкаў і 48,3 % дзяўчынак. Пасля ішлі Магілёўская, Віленская, Мінская, Гродзенская і Ковенская губерні. У цэлым па Віленскай акрузе гэты паказчык быў 27,12 % сярод хлопчыкаў і 30,05 % сярод дзяўчынак. Больш за ўсё ўкраінцаў навучалася ў школах Магілёўскай і Гродзенскай губерняў — каля 4 %, а ў Віленскай губерні ніводны вучань не назваў украінскую мову сваёй роднай. У адносінах да польскай мовы на першых двух месцах
    ішлі Ковенская і Віленская губерні — каля 10—13 %, за імі — Гродзенская, Віцебская, Мінская і Магілёўская губерні. Самая высокая доля яўрэйскіх навучэнцаў была таксама ў Ковенскай і Віленскай губернях. Па беларускіх губернях па гэтаму паказчыку быў такі расклад (акруглена): Мінская — 4% хлопчыкаў і 14 % дзяўчынак, Гродзенская — адпаведна 5 % і 13 %, Віцебская — 5 % і 9 %, Магілёўская — 3 % і 9 %. У цэлым па акрузе — 4,86 % і 12,99 %.
    Па такому паказчыку, як размеркаванне вучняў па роднай мове сярод пачатковых школ для двух ведамстваў — Міністэрства народнай асветы і Свяшчэннага Сінода, — беларусаў была прыблізна аднолькавая колькасць у школах абодвух ведамстваў: МНА — 48,33 %, Сінода — 49,80 %. Рускіх у царкоўных школах было ў два разы больш, чым у міністэрскіх. Украінцаў было на 1 % больш у школах МНА. Пераважная колькасць палякаў, літоўцаў і яўрэяў вучылася ў міністэрскіх школах.
    Ва ўзроўні развіцця народнай адукацыі паміж асобнымі беларускімі губернямі меліся даволі значныя адрозненні. Гэта можна выявіць з прыведзенага вышэй аналізу шэрага важнейшых паказчыкаў. Калі паспрабаваць абагульніць некаторыя рэгіянальныя асаблівасці і спецыфічныя рысы палітыкі царскага ўрада, кіраўніцтва Віленскай вучэбнай акругі і губернскіх улад у вобласці асветы адносна асобных губерняў, то можна прыйсці да наступнага заключэння.
    Урад у канцы стагоддзя лепш за ўсё фінансаваў адукацыю ў Віцебскай губерні, расходы на якую з разлікам на аднаго чалавека перавышалі затраты на Магілёўскую губерню ў 2,5 раза. Гэта было абумоўлена, на наш погляд, імкненнем царызму паставіць у больш выгаднае становішча губерню з самым высокім працэнтам рускага насельніцтва ва ўсім Паўночна-Заходнім краі, у той час як у Магілёўскай губерні доля рускіх была найменшай, а беларусаў — найбольшай. У Віцебскай і Мінскай губернях былі самыя высокія тэмпы росту пачатковых школ, якія павялічыліся за другую палову XIX ст. адпаведна ў 20 і 28 разоў. У Віцебску быў адкрыты першы на Беларусі настаўніцкі інстытут, пасля чаго такія інстытуты былі створаны ў Мінску і Магілёве.
    Аднак узровень народнай адукацыі ў беларускіх губернях прама не залежаў ад урадавых расходаў на
    яго. Так, Магілёўская губерня на пачатку XX ст. апярэджвала іншыя беларускія губерні па ахопу дзяцей навучаннем, была наперадзе па паказчыку адукацыі, у той час як Віцебская знаходзілася на апошнім месцы. У Магілёўскай губерні ў 1894 г. былі самымі высокімі: частата адукацыі (г. зн. колькасць пачатковых школ на колькасць квадратных вёрстаў), колькасць школ на на колькасць жыхароў, колькасць народных вучылішчаў і колькасць вучняў у іх. Па ўзроўню пісьменнасці насельніцтва наперадзе іншых ішла Гродзенская, апярэджваючы Віцебскую, Мінскую і Магілёўскую губерні. Па ахопу дзяцей навучаннем у 1913 г. беларускія паветы Віленскай губерні больш чым ў два разы ўступалі Магілёўскай губерні.
    У 1913 г. найбольшая колькасць навучэнцаў усіх навучальных устаноў на 1 тыс. жыхароў прыходзілася на Магілёўскую губерню — 67,8 %; далей ішлі Гродзенская — 60,3; Мінская — 53,6; Віцебская — 48,4 і Віленская — 31,2 %. Па колькасці сярэдніх агульнаадукацыйных вучэбных устаноў лідзіравала Мінская губерня — 31, у той час як у Гродзенскай было 26, Магілёўскай — 22, Віцебскай — 6, Віленскай — 5. Па колькасці навучэнцаў у гэтых вучэбных установах наперадзе таксама была Мінская губерня — акруглена 9,5 тыс., апярэджваючы Гродзенскую — 7,5 тыс., Магілёўскую — 6,5 тыс., Віленскую — 3,5 тыс., Віцебскую — 3 тыс. чалавек. Найбольшая колькасць ніжэйшых вучэбных устаноў была ў Гродзенскай губерні.— у два разы большая, чым у Віцебскай. Па колькасці вучняў у іх наперадзе была Магілёўская губерня, апярэджваючы Мінскую, Віцебскую і Віленскую (даных па Гродзенскай няма). Звесткі па агульнай колькасці вучэбных устаноў наступныя: Магілёўская губерня — 2763, Мінская — 2731, Гродзенская — 2528, Віцебская — 1710, Віленская — 1086. Па колькасці навучэнцаў у іх у 1913 г. мы маем наступную карціну (акруглена): Гродзенская губерня — 199 тыс., Мінская і Магілёўская — па 159 тыс., Віцебская — 92 тыс., Віленская — 63 тыс.
    Прыведзеныя лічбы сведчаць аб тым, што напярэдадні першай сусветнай вайны сярод беларускіх губерняў існавалі даволі значныя адрозненні па ўзроўню развіцця пачатковай і сярэдняй адукацыі. 3 пэўнымі агаворкамі можна зрабіць вывад аб тым, што пачатковая адукацыя была больш за ўсё развітая ў Магілёўскай, a сярэдняя — у Мінскай губернях, пісьменнасць насель-
    ніцтва была самай высокай у Гродзенскай губерні. Па развіццю сеткі навучальных устаноў усіх тыпаў наперадзе былі Магілёўская і Мінская губерні, апярэджваючы Гродзенскую і асабліва значна — Віцебскую і Віленскую губерні. Так, Мінская губерня перавышала па колькасці сярэдніх агульнаадукацыйных навучальных устаноў Віцебскую і Віленскую губерні ў 5—6 разоў. Нераўнамернасць развіцця народнай асветы на Беларусі ў пачатку XX ст. з’явілася вынікам як папярэдняга яе развіцця з сярэдзіны XIX ст., так і праявай і ўзмацненнем новых тэндэнцый, характэрных для перыяду 1890— 1917 гг.
    У гады першай сусветнай вайны ўстановы народнай асветы Беларусі апынуліся ў цяжкім становішчы. У сувязі з акупацыяй нямецкімі войскамі значнай часткі тэрыторыі Беларусі шмат сярэдніх і спецыяльных вучэбных устаноў, вышэйшых пачатковых вучылішчаў, настаўніцкіх семінарый былі эвакуіраваны ў Магілёўскую і Віцебскую губерні альбо ў глыб Расіі, дзе працавалі другая і трэцяя змены мясцовых школ. Пачатковыя школы ў зоне ваенных дзеянняў былі закрыты альбо заняты пад шпіталь.