• Газеты, часопісы і г.д.
  • Лісты на Свабоду  Валянцін Жданко

    Лісты на Свабоду

    Валянцін Жданко

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 428с.
    2014
    73.57 МБ
    ft
    c
    . 1
    co
    «J
    cC
    стагодзь^ з e
    Валянцін Жданко лісты на свабоду '-
    tri
    4
    yaw
    
    лісты на свабоду
    Валянцін Жданко
    лісты на свабоду
    Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода
    Валянцін Жданко. Лісты на Свабоду. (Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2014. 428 с.
    Заснавальнік і каардынатар сэрыі
    Аляксандар Лукашук
    Карэктар Мікола Раманоўскі
    Мастак Генадзь Мацур
    Выбраныя старонкі папулярнай радыёперадачы «Паштовая скрынка 111» прысьвечаныя надзённым праблемам сучаснага жыцьця ў Беларусі (2000-2014).
    © Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2014
    FOL
    ISBN 978-0-929849-65-2
    Зьмест
    Адрас без двукосься. Аляксандар Лукашук	7
    Пра гэтую кнігу	10
    2000
    «Мне, былой настаўніцы, сорамна, але часам даводзіцца гандляваць цыгарэтамі ля крамы» 	13
    2001
    «Мара цяпер адна — трапіць на Захад і выйсьці там замуж...» 	41
    2002
    «Даношваю чаравікі, якія купіў яшчэ пры савецкай уладзе»	57
    2003
    «Не, браткі, тут ня дах трэба мяняць, а падмурак...»	87
    2004
    «Хоць ён у нас і калхозьнік, але мужык харошы...» 	115
    2005
    «Цётка Вера — сьціплая працаўніца самагоннай справы: сваёй віны ніколі не адмаўляе...»	139
    2006
    «Ідзеш у краму па хлеб — а тут цябе ловяць і вядуць галасаваць»	169
    2007
    «Мой дзед Сямён Маркавіч не крыўдуе, калі яго называюць “старым маразматыкам”»	197
    2008
    «Калгасьнікам — граматы і канцэрт, начальнікам — выпіўка і закусь»	227
    2009
    «I чаму ў Менску павінны вырашаць, калі мне ў Докшыцкім раёне можна ісьці ў ягады?»	257
    2010
    «Беларускае ноў-хаў — плуг, разьлічаны на адну цяглава-чалавечую сілу» 	287
    2011
    «Беларуская эканоміка квітнела-квітнела — і, відаць, адцьвіла...» 	317
    2012
    «Купіць лівэркі — не такая простая справа. У некаторых крамах нават запісвацца трэба»	345
    2013
    «Нашы даяркі з прафэсійнай хваробай “хранічны запой”...»	373
    Паказьнік асобаў	406
    Ад рэдакцыі	416
    Пра аўтара	417
    Пра Радыё Свабода	418
    Summary	420
    Адрас без двукосься
    Чаму пішуць лісты на Свабоду?
    Бо:
    «...падчас слуханьня Свабоды я адчуваю сябе пасапраўднаму свабодным чалавекам»
    (Міхась Данько, Давыд-Гарадок).
    «...хачу атрымаць кнігу С. Дубаўца “Як?” каб зь яе дапамогай выхоўваць сваіх бацькоў і асабліва — дзядоў Яе тэксты з маіх вуснаў яны ўжо будуць слухаць напэўна!»
    (Ірына Аўгуль, Астравецкі раён).
    «... я ўкраінец, але дзякуючы беларускай “Свабодзе”, слухаючы вас, вывучыў беларускую мову. Вашы перадачы мне вельмі падабаюцца, яны надзвычай цікавыя. Нават цікавейшыя за футбольны чэмпіянат сьвету. Таму я нават падчас сусьветнага футбольнага першынства слухаў вас штодня і ўвечары, і раніцай»
    (Ігар Земляны, Днепрапятроўская вобласьць).
    «...гэта ўсё роўна што пасьля лазьні выпіць кілішак гарэлкі: і сьветла, і весела, і радасна» (Васіль Завадзкі, Маладэчна).
    «...праўдзівую інфармацыю пра падзеі ў Беларусі я атрымліваю толькі ад Свабоды»
    (Аляксандар Пекар, Старадароскі раён).
    «...рэдакцыя не ўхіляецца ад адказаў нават на “непрычасаныя” пытаньні»
    (Міхал Грамыка, Пінск).
    «...Радыё Свабода ёсьць адзінай станцыяй, якую можна рэгулярна слухаць, каб мець зьвесткі пра сваю радзіму»
    (Мікалай Бусел, Сьветлагорскі раён).
    «...уцякаеш ад жыцьцёвай марнасьці і панаваньня расейшчыны»
    (Ян Савіцкі, Баранавічы).
    «...вы заслужылі давер» (Валянціна Богуш, Менск).
    «...па той самай прычыне, па якой я пішу назву радыёстанцыі без двукосься, успрымаючы яе не як радыёстанцыю, а як форму існаваньня, як стан маёй душы»
    (Кастусь Сырэль, Ушачы).
    I ёсьць яшчэ адна важкая прычына, чаму слухачы бяруць пяро і аркуш паперы, выводзяць адрас Свабоды і нясуць лісты да паштовай скрыні — таму што іх чытае Валянцін Жданко.
    Чытае ўсе — ніводзін з тысячаў лістоў не застаўся безь ягонай увагі. Выбірае самае важнае, сапраўды перажытае і набалелае, што будзе цікава розным людзям у розных кутках Беларусі. Словы аўтараў гучаць у эфіры ягоным роўным, ясным, выразным голасам — і гэта стварае адчуваньне асабістай блізасьці і даверу. Адказвае на развагі, прапановы, крытыку ляканічна і грунтоўна, напрасткі зьвяртаючыся да слухачоў, непахісна трымаючыся
    двух правілаў: нікога ніколі не абражаць і гаварыць праўду, якая б яна ні была.
    Ёсць і трэцяе правіла — спагадлівасьці, павагі да жыцьця ва ўсіх яго праявах, зычлівасьці, якая спалучаецца зь цьвёрдай верай у спрадвечныя каштоўнасьці і ўпэўненасьцю ў дэмакратычным выбары.
    Любы ліст — выхад чалавека на людзі ў шырокі сьвет.
    Шмат для каго гэты сьвет гаворыць непаўторным голасам Валянціна Жданко.
    Пішыце. Чакаем новых допісаў. Адрас можна пісаць без двукосься.
    Аляксандар Лукашук, Радыё Свабода.
    Пра гэтую кшгу
    Свабоду ў нашай лясной вёсачцы Краснае адкрыта, не хаваючыся, слухалі двое. Абодва былі маімі суседзямі. Худы, самотны, хворы на сухоты Ясь Жданко, управіўшыся ўвечары па гаспадарцы, уключаў сваю радыёлу «Роднна» — і завываньне няўстойлівых кароткіх хваляў часта было чуваць нават на нашым панадворку.
    Дзядзька Ясь часам заходзіў да нас і, хітра прыжмурыўшы вока, зьвяртаўся да мяне як да вядомага ў вёсцы выдатніка вучобы:
    — А казалі вам у школе, чаму Брэжнеў палез у Аўганістан і што там цяпер робіцца?
    He даслухаўшы мой няўцямны адказ, махаў рукой:
    — Бальшавікі праўды ня скажуць...
    I пераказваў мне і маім спалоханым бацькам апошнія зводкі зь перавалаў Гіндукуша, дзе сотнямі гінулі кінутыя туды на згубу маладыя савецкія хлопцы. Бацькі былі ўстрывожаныя, бо налета ў войска павінны былі прызваць майго старэйшага брата, а яшчэ праз два гады — мяне. У савецкіх газэтах пра вайну фактычна не пісалі.
    Яшчэ Свабоду слухаў няшмат старэйшы за мяне Віця Багдзевіч — нязграбны, прастадушны, наіўны. Напрыканцы красавіка 1986 году вечары навылёт мы не адыходзілі ад ягонага VEFa,
    ловячы зьвесткі пра тое, у які бок рухаецца чарнобыльскае воблака, і спрабуючы вылічыць, ці накрые яно нашу вёску.
    — А чаму нашы маўчаць? Ты ж там у Менску да іх бліжэй... Чаму? — усё дапытваўся ён у мяне ў тыя дні. Пасьля Свабоды мы ўключалі тэлевізар: там паказвалі суцэльныя першамайскія сьвяткаваньні.
    А калі праз тыдзень Віцю разам зь ягоным аўтакранам паслалі на Гомельшчыну, у «зону», ён паслухмяна паехаў. На першым часе, пакуль не захварэў, радаваўся, што там плацілі на 50 рублёў болей.
    Апошнія пятнаццаць гадоў, чытаючы лісты і спрабуючы адказваць на іх, я часта ўспамінаў гэтых першых у маім жыцьці слухачоў Свабоды, іхнае стаўленьне да паўзабароненага тады радыё, іхную рэакцыю на пачутае. Мне здаецца, гэтыя ўспаміны дапамагалі мне ў размове са слухачамі.
    У кнігу ўвайшла толькі невялікая частка дзясяткаў тысяч лістоў, што прыйшлі за мінулыя паўтара дзесяцігодзьдзя на знаёмы для многіх адрас — Менск-5, паштовая скрынка 111. Для кнігі я выбраў пераважна тыя зь іх, дзе няма глыбакадумных развагаў пра лёсы дэмакратыі і незалежнасьці, улады і апазыцыі, а ёсьць аповеды пра штодзённыя абставіны жыцьця — канкрэтныя назіраньні, здарэньні, выпадкі, дэталі побыту. У гэтых лістах — тое, пра што думалі беларусы на пачатку XXI стагодзьдзя, што іх турбавала і непакоіла, забаўляла і трывожыла, на што яны шукалі і не знаходзілі адказу.
    Напісаныя пераважна ад рукі, чарнільнымі і шарыкавымі ручкамі і алоўкамі, на аркушах з вучнёўскіх сшыткаў... Я добра ўяўляю, як яны нараджаліся, у якіх умовах былі напісаныя, якіх высілкаў (а часам і грамадзянскай мужнасьці) вымагалі ад аўтараў — асабліва ад тых, якія адважваліся падпісваць іх нявыдуманымі імёнамі і праўдзівымі адрасамі.
    Наступная падобная кніга ўжо наўрад ці калі зьявіцца. Амаль зьніклі з гарадзкіх і вясковых вуліц сінія паштовыя скрынкі для лістоў — тыя самыя, якія дваццаць год таму можна было ўбачыць на кожным кроку. Ня толькі ў вёсках, але і ў вялікіх мястэчках адно за адным зачыняюцца паштовыя аддзяленьні. Здымаюцца з вытворчасьці і зьнікаюць з продажу караткахвалевыя прымачы. Нарэшце, не вытрымліваючы канкурэнцыі з інтэрнэтам, зьнікае само радыё на кароткіх хвалях. Неўзабаве змоўкне ў эфіры і Свабода...
    I пакрысе адыходзяць у лепшы сьвет тыя, для каго гэтае радыё на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў было істотнай і важнай часткай штодзённага існаваньня.
    Даўно няма дзядзькі Яся — трагічна загінуў пад коламі трактара п’янага сябрука-трактарыста. У 40-гадовым узросьце ад цяжкай хваробы памёр Віця Багдзевіч. Жывых хатаў у маёй вёсачцы Краснае на гэты дзень засталося шэсьць. Слухаць Свабоду там больш няма каму.
    2000
    «Мне, былой настаўніцы, сорамна, але часам даводзіцца гандляваць цыгарэтамі ля крамы»
    Спачатку гэты картэж вылучаўся толькі міліцэйскімі мігалкамі. Потым міліцыя ды спэцслужбы сталі перагароджваць усе прылеглыя вуліцы. А цяпер дайшло да таго, што, калі ён едзе, забараняюць нават адчыняць форткі і выходзіць з хаты. Каго ён так баіцца?
    Арэнці Дзегіль, Менск
    16.03.2000
    Час ад часу я ежджу ў сталічны мікрараён Вясьнянка па крынічную ваду, бо тую хляраваную, што падаецца ў наш дом, піць амаль немагчыма. Крыніца побач з праспэктам Машэрава, па якім з рэзыдэнцыі з Драздоў якраз а восьмай раніцы, калі я прыяжджаю па ваду, праносіцца пад завываньне сырэнаў узброены да зубоў картэж Лукашэнкі. Пры гэтым уздоўж трасы й на прылеглых вуліцах дзяжурыць вялікая колькасьць супрацоўнікаў міліцыі і дарожнай аўтаінспэкцыі.
    У зьвязку з гэтым згадваю адну адметную падзею, пра якую мне ў маленстве распавяла маці, a пазьней, у сярэдзіне 70-х гадоў, болын падрабязна апісаў настаўнік гісторыі Ўладзімер Томка, які
    жыў і працаваў у мястэчку Гарадзішча Баранавіцкага раёну. Было гэта ў часе I сусьветнай вайны. Аднойчы сонечным веснавым днём 1915 году зь лініі фронту скіроўваўся ў Баранавічы, дзе тады быў штаб, расейскі імпэратар Мікалай II. Ехаў ён на легкавым аўтамабілі паўзь легендарнае лясное возера Сьвіцязь, на якое жадаў паглядзець, і таму завітаў у наша мястэчка Гарадзішча. Акрамя яго й кіроўцы, у аўтамабілі быў толькі адзін афіцэр — больш аніякай аховы.
    Дык вось, калі машына пад’яжджала да Гарадзішча, яе заўважыла мясцовая дзятва й з радаснымі воклічамі ад гэткае незвычайнае на той час зьявы кінулася наўздагон. Між тым аўтамабіль пераехаў мост і ўжо ў суправаджэньні дзяцей пачаў павольна падымацца ўгару, да цэнтральнага пляцу мястэчка. Там ён спыніўся ля пошты, і афіцэр выйшаў, каб тэлеграфаваць у Баранавічы. Тым часам ля легкавіка пачаў зьбірацца народ. Пазнаўшы цара, дарослыя сталі перашэптвацца, а некаторыя са старэйшых — маліцца. Што ж да Мікалая II, дык ён адчыніў дзьверцы, паклікаў да сябе дзяцей і, апытваючы ў іх сярод іншага таблічку множаньня, за слушныя адказы ўзнагароджваў цукеркамі.