• Газеты, часопісы і г.д.
  • Лісты на Свабоду  Валянцін Жданко

    Лісты на Свабоду

    Валянцін Жданко

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 428с.
    2014
    73.57 МБ
    Вось так, узгадваючы тагачасную гісторыю і параўноўваючы зь сёньняшнімі беларускімі рэаліямі, міжволі робіш выснову пра тое, як жа далёка цяпер ад народу Лукашэнка.
    На гэтую праблему зьвяртае ўвагу, бадай, кожны, хто хоць аднойчы назіраў, як рухаецца па дарогах Беларусі Лукашэнкаў картэж браняваных лімузінаў у суправаджэньні тузіна міліцэйскіх
    машын з сырэнамі. Усё жывое ў навакольлі павінна замерці дзеля таго, каб Лукашэнка імчаў з хуткасьцю 120 кілямэтраў у гадзіну. Дзеля таго каб перагарадзіць усе навакольныя вуліцы й дарогі, улады кідаюць усе наяўныя сілы міліцыі і КДБ. Пад колы Лукашэнкавага картэжу ўжо не аднойчы траплялі выпадковыя машыны, якія не пасьпелі прыціснуцца да абочыны.
    Кожны раз, назіраючы гэта, я ўзгадваю першага кіраўніка незалежнае Беларусі Станіслава Шушкевіча зь ягонымі двума ахоўнікамі, з афіцыйнымі візытамі на маленькім самалёце «Як-40» кампаніі «Белавія» і са звычайнай кватэраю на праспэкце Машэрава. Гэта яго дэпутат Лукашэнка абвінавачваў у асабістай нясьціпласьці й злоўжываньні службовым становішчам. У многім дзякуючы тым выкрыцьцям шклоўскі дырэктар саўгасу і стаў прэзыдэнтам.
    Апесь Кухто, Віцебск
    23.03.2000
    Зусім нядаўна ў Віцебску, як і ў іншых абласных цэнтрах, адкрыты вялікі лядовы палац, узьвядзеньне якога кантраляваў асабіста Лукашэнка. Але дзеці простых гараджанаў як не маглі гуляць у хакей без палаца, так ня могуць і цяпер. Хлопчыку, які захоча займацца спортам у лядовым палацы, трэба заплаціць за гадзіну заняткаў 250 тысяч рублёў. А з Новага году адміністрацыя зьбіраецца падвысіць кошты. Ці змогуць нашы дзеці там быць? I каму быў
    патрэбен гэты лядовы палац, калі ў нас не хапае сродкаў на лекі ды на шмат яшчэ што іншае, без чаго нельга абысьціся?
    Аляксандар Лукашэнка сам любіць паганяць шайбу па лёдзе і раўніва сочыць за посьпехамі й няўдачамі беларускіх хакеістаў. Гэтае ягонае захапленьне выглядала б зусім прыстойна і нават сымпатычна, калі б мела разумныя межы...
    Дзясятак лядовых палацаў, якія пабудаваныя ці будуюцца ў розных кутках краіны, абыдзецца Беларусі прыблізна ў 150-200 мільёнаў даляраў. Гэткай раскошы ня могуць дазволіць сабе нават непараўнальна багацейшыя за Беларусь краіны — напрыклад, Польшча ці Вугоршчына.
    Праблема ня толькі ў тым, каб пабудаваць лядовую арэну, але і ў тым, каб яе ўтрымліваць. Гэтая дарагая цацка не разьлічаная ані на сьціплыя гарадзкія бюджэты, ані на небагатых беларускіх дзяцей.
    Ірына Шляймовіч, Менск
    30.03.2000
    У 1991 годзе падчас тэрміновае службы ў войску майго сына зьбілі. У выніку ён перанёс дзьве складаныя апэрацыі, страціў здароўе, цяпер ня можа займацца працаю паводле сваёй спэцыяльнасьці. У войску сына запалохвалі, каб не казаў, хто яго зьбіў. У выніку траўму не зарэгістравалі, сын ня быў камісаваны ва ўстаноўленым парадку. I не атрымаў за калецтва аніякае страхоўкі.
    Колькі мне давялося выхадзіць, паезьдзіць і перажыць зьняваг ад усіх, у каго была на прыёме. I амаль усюды зь мяне рабілі дурніцу — настолькі вялікая чэрствасьць і бяздушнасьць вайсковых чыноўнікаў. Яны ўвогуле ня здольныя зразумець, што нехта адважваецца не пагаджацца зь іхнымі довадамі. А довады адны: паколькі ў вайсковай часьці няма матэрыялаў расьсьледаваньня, дык і няма пра што казаць. He разумею — чаму. Я ж ім у войска аддала здаровага моцнага сыночка, а дамоў вярнуўся хворы чалавек, інвалід. Я не дамагаюся, каб некага за гэта судзілі, пасадзілі ў турму — няхай таго чалавека пакарае Бог. Але няўжо я ня маю права на даведку, паводле якой мой сын мог бы атрымаць хоць якую кампэнсацыю за страчанае здароўе?
    Норавы, якія пануюць у беларускім войску, — гэта савецкая імпэрская спадчына, дзе не было месца асобе, дзе многія казармы былі падобныя да турэмных камэр і дзе за агароджаю вайсковае часьці ўвогуле пераставалі дзейнічаць законы.
    Адмаўленьня ад тае спадчыны не адбылося й сёньня — досьвед Ірыны пра гэта сьведчыць. У генэральскіх кабінэтах — тыя самыя, хто дзесяць год таму камандаваў у казармах і дзеля добрых паказьнікаў у справаздачах прымушаў салдатаў маўчаць пра зьдзекі, а часам і трагедыі. Сёньня яны не зьбіраюцца адказваць за ўласныя злачынствы, спасылаючыся ўжо на адсутнасьць дакумэнтаў. Хоць выдатна ведаюць тэхналёгію савецкага разбору падобных спраў, паводле якой нестатутныя адносіны ў Савецкай Арміі ўвогуле не прызнаваліся.
    Іван Лявоненка, вёска Рудня, Лагойскі раён
    06.04.2000
    Уражвае падабенства палітычных біяграфіяў многіх дзеячоў, з імёнамі якіх сёньня часам атаясамліваецца беларуская апазыцыя. Міхаіл Чыгір, Віктар Ганчар, Анатоль Лябедзька, Станіслаў Багданкевіч, Юры Захаранка, Аляксандар Фядута... Вядома, зь якога кубла яны выпалі ў апазыцыю. Вараняня, якое выпала з гнязда (ці то само палезла на край ды звалілася, ці то варона-маці сваім крылом штурхнула неслуха) — і апынулася на зямлі, не становіцца ані жаўруком, ані шпаком.
    Аднойчы Анатоль Лябедзька, апраўдваючы сваё паплечніцтва з Лукашэнкам, узгадаў нават нейкія дэмакратычныя памкненьні былога шэфа на пачатку прэзыдэнцтва. Сапраўды, герб «Пагоня» ўзьняўся над Домам ураду адразу ж пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады. Але спатрэбілася няшмат часу, каб скінуць ня толькі гэты герб, але й бел-чырвона-белы сьцяг.
    Можна памыляцца, ацэньваючы напачатку каго-небудзь ці што-небудзь. Але ж што тычыцца Лукашэнкі, то ня трэба быць палітыкам ці нават вельмі дасьведчаным чалавекам, каб вызначыць ягоную сутнасьць пасьля двух-трох выступаў у тагачасным Вярхоўным Савеце. Балазе, сэсіі тады трансьляваліся на ўсю Беларусь. А калі ты гэтага не разгледзеў ці не зразумеў, дык не выдавай сябе за палітыка, тым больш — за рупліўца Бацькаўшчыны.
    Усе яны сталі апазыцыянэрамі, гэтак як і раней служылі Лукашэнку, зусім не на падставе палітычных ці ідэйных перакананьняў. Іхнае жыцьцёвае крэда мае вельмі празрыстую акрэсьленасьць. На расейскай мове гэта называецца «шкурнмчеством», а ў беларускай, здаецца, няма адпаведніка. Прыстасаваліся людзі да карыта, a калі страцілі яго, кінуліся шукаць другое. Нечакана ўсе зрабіліся патрыётамі, успомнілі родную мову і... сталі апазыцыянэрамі. Але ад перамены месцаў складнікаў сума не зьмяняецца. Таму і ніякай пагрозы рэжыму такая апазыцыя не ўяўляе. Яна — ня сіла, а толькі цацка ў гульнях Лукашэнкі з Захадам.
    Гэтыя словы нашага слухача, відавочна, крыўдныя для некаторых апазыцыйных палітыкаў, але падобныя думкі падзяляюць многія людзі, якія памятаюць пачатак 90-х і акалічнасьці прыходу Лукашэнкі да ўлады.
    На жаль, вельмі нямногія асобы, якія займаюцца палітычнай дзейнасьцю, стала сувымяраюць свае ўчынкі з высокімі маральнымі стандартамі. Лічыцца, што дасягнуць канчатковае мэты — здабыць уладу — надзвычай цяжка (мо і немагчыма), калі не падладжвацца пад момант, не прамаўляць папулісцкія лёзунгі й не авалодваць гэтак званымі «палітычнымі тэхналёгіямі». Гэта зрабілася ледзь не абавязковым атрыбутам прафэсіі палітыка. Такі аспэкт важна ўлічваць, даючы ацэнку тым асобам, пра якіх так катэгарычна напісаў Іван Лявоненка.
    Юры Канышка, Ворша
    06.04.2000
    Няма ўласнага дому—ня можа быць і парадку ў такім жытле. Гэта прахадны двор, дзе ўсе плююць, раскідваюць сьмецьце, зьнішчаюць кулыуру, падманваюць, крадуць. Вядома, не свая хата...
    3 нас нават афрыканцы насьміхаюцца — кажуць, Беларусь магла б жыць толькі за кошт сваіх вучоных, а жыве ў такой нястачы...
    Беларусь адкінутая сваім кіраўніцтвам на дзясяткі гадоў назад. Каб купіць набор прадуктаў на месяц у разьліку на дарослага чалавека, у лютым 2000 году трэба было мець 65 даляраў. Гэта звычайныя простыя прадукты, не далікатэсы. Але хто ў нас атрымлівае такія грошы — адзінкі. Іншымі словамі, бальшыня беларусаў харчуецца абы-як, няякаснай ежаю, безь вітамінаў, бязь якасных бялкоў. Адкуль быць здароўю? I ці трэба зьдзіўляцца, калі за тыя гады, што пры ўладзе Лукашэнка, колькасьць жыхароў у Беларусі пачала рэзка скарачацца, a 30 адсоткаў прызыўнікоў штогод прызнаюцца непрыдатнымі да вайсковае службы?
    Сапраўды, гэты паказьнік — сьмяротнасьці насельніцтва й дынамікі нараджальнасьці — вельмі дакладна сьведчыць пра вынікі эканамічнае палітыкі. Колькасьць насельніцтва Беларусі пачала скарачацца якраз у 94-м годзе, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. I за шэсьць гадоў ягонага прэзыдэнцтва зьменшылася больш як на паўмільёна чалавек — гэта насельніцтва буйнога гораду.
    Сымон Яскевіч, Менск
    04.05.2000
    Апошнім часам даводзіцца чуць, як вашы карэспандэнты называюць старшыняў абласных выканаўчых камітэтаў «губэрнатарамі»... Хіба мы ўжо жывем у Расеі? Крыўдна, што нашы журналісты робяць такія недаравальныя памылкі. Агульнавядома ж, што губэрнатар ва ўсім сьвеце, як і мэр — пасада выбарная. Іх абірае народ. А нашы гэтак званыя «губэрнатары» й «мэры» вядома кім абраныя.
    Называючы старшыню абласнога камітэту губэрнатарам, а старшыню гарадзкога выканаўчага камітэту — мэрам, мы, з аднаго боку, уводзім людзей у зман, а з другога — надаем шмат гонару гэтым старшыням.
    Палітычную моду называць старшыняў абласных ды гарадзкіх выканаўчых камітэтаў «губэрнатарамі» й «мэрамі» ўвёў Лукашэнка. Тэрміны, як і шмат што іншае, ён пераймае ў расейцаў. Хоць у сапраўднасьці беларускі гэтак званы «губэрнатар» адрозьніваецца ад губэрнатара расейскага гэтак жа, як за камуністамі проста кампартыйны сакратар адрозьніваўся ад сакратара генэральнага.
    Кіраўнік вобласьці ў сёньняшняй Беларусі — гэта якраз старшыня абласнога выканаўчага камітэту ў самым што ні ёсьць савецкім сэнсе гэтае пасады. Лукашэнка ў любы момант можа яго, як Кулічкова, прылюдна зьняважыць, выгнаць з кабінэту й зьняць з пасады. За чыноўнікам няма падтрымкі людзей, няма справядлівых выбараў. Адпаведна,
    няма і аніякай адказнасьці перад выбаршчыкамі. Ён залежыць толькі ад Лукашэнкі і толькі яму намагаецца дагадзіць.
    Уладзіслаў Жыгалка, Менск
    04.05.2000
    Часам згадваю такую карцінку савецкай эпохі: набывае чалавек у шапіку газэту, тут жа разгортвае яе, кідае вокам — і адразу камечыць і шпурляе ў сьметніцу. Аказалася, што на ўсіх старонках — матэрыялы чарговага партыйнага пленуму. Сёньня часы, якія, здавалася, назаўсёды мінулі — вяртаюцца. Я таксама ўсё часьцей выкарыстоўваю частку газэты «Рэспубліка» (а часам дык і ўвесь нумар) ня дзеля чытаньня, а, так бы мовіць, дзеля «побытавых патрэбаў». I гэта ня сьмешна, а сумна.