Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
У той жа час з газэтамі ды часопісамі, якія не даспадобы ўладам, сытуацыя іншая. Кастрычніцкі нумар часопіса «Крыніца» я атрымаў толькі ў лютым, а нумар за лістапад-сьнежань увогуле ня выйшаў. Кажуць, былы галоўны рэдактар часопіса нечым не дагадзіў Уладзімеру Замяталіну.
Дэталь паказальная. Хоць цалкам пераняць савецкі досьвед удаецца не заўсёды. Кажуць, нават Аляксандар Лукашэнка абурыўся, калі аднаго разу замест вечаровае «Панарамы» Беларуская тэлевізія адразу запусьціла ягоны трохгадзінны даклад. Так што даклады цяпер крыху скарачаюць — да
прыкладу, замест трох гадзін відэазапіс «уціскаюць» да гадзіны й ставяць пасьля выпуску навінаў; а «Советская Белоруссмя» публікуе якія-небудзь чарговыя задачы ўлады не на чатырох палосах, а на дзьвюх. Па форме атрымліваецца ня так адыёзна, як за камуністамі, хоць па сутнасьці — тое самае.
Іван Садоха, Менск
11.05.2000
Гэткая была пагалоска пра вайсковы парад, што я, стары дурань, спакусіўся, паабяцаў унукам, што 9 траўня зваджу іх на пляц Незалежнасьці паглядзець на танкі ды ракеты. Прачнуліся рана, апрануліся па-сьвяточнаму, таўкліся ў перапоўненым аўтобусе... Але зь якога боку ні падыходзілі да пляцу, паўсюль упіраліся ў міліцэйскае ачапленьне. Нідзе не дапамаглі нават мае мэдалі — міліцыянты патрабавалі пропуск...
Я абураўся: «Чаму патрэбен пропуск, каб хадзіць па сваім родным горадзе?» У адказ чуў кпіны й лаянку. Унукі плакалі, я нэрваваўся. Сьвята было канчаткова сапсутае. Мы стаялі ў нейкім глухім двары, над галовамі зь віскам праносіліся самалёты, і гэта толькі раздражняла.
Нас выпусьцілі на пляц толькі пасьля параду. Асфальт, яшчэ днямі такі акуратны, быў пасечаны тракамі вайсковае тэхнікі. Па пляцы бадзяліся нецьвярозыя людзі. Паўсюль прадавалі гарэлку. Было крыўдна й млосна...
На такі парад я ўнукаў больш ніколі не павяду. Бо наладжваўся ён не для народу, а для аднаго-
адзінага гледача, ад якога ўсіх нас і адгароджвалі тыя тысячы міліцыянтаў.
Нідзе ані ў Эўропе, ані ў былым Савецкім Саюзе не наладжвалі ў дзень заканчэньня Другое сусьветнае вайны такі парад, як у Менску — з бранятэхнікаю і самалётамі, з трактарамі й сенакасілкамі. Нават у Маскве пашкадавалі на гэта грошы й брук на Красным пляцы, які пасьля сталёвых тракаў давялося б рамантаваць.
У Менску дзеля дэманстрацыі вайсковае магутнасьці не шкадавалі ані грошай, ані нэрваў людзей, якіх спачатку не дапускалі ў цэнтар гораду падчас шматлікіх штовечаровых рэпэтыцыяў параду, а потым прынізілі й тым, што не пусьцілі на само гэтае шоў. Парад, сапраўды, быў не для іх. Ён быў дзеля задавальненьня амбіцыяў аднае асобы. I ў той дзень гэта многія зразумелі.
Яўген Бабаеў, Гомепь
11.05.2000
Дзіўлюся, як людзі вераць казкам улады наконт таго, што ў цяперашняй эканамічнай катастрофе Беларусі вінаватыя нібыта дэмакраты — маўляў, гэта Шушкевіч краіну разваліў, вось Лукашэнку цяпер і цяжка ўсё выправіць. Гэта аргумэнт для тых, у каго няма ані памяці, ані здольнасьці лічыць да дзесяці. Колькі часу Шушкевіч быў старшынём Вярхоўнага Савету? Два гады. А колькі Лукашэнка кіруе Беларусьсю, захапіўшы ўсю ўладу й творачы тут усё, што яму
заўгодна? Шэсьць гадоў. Ды за такі час краіны з попелу паўстаюць, з пасьляваенных руінаў. Уся Ўсходняя Эўропа, у якой на пачатку 90-х становішча было ня лепшае за наша, устала на ногі. Сярэдні заробак там сягае 300-400 даляраў. Людзі маюць магчымасьць зарабляць, бачаць пэрспэктыву. А нас улада частуе байкамі пра «саюз» ды сацыялізм і ператварыла ў жабракоў. Уся краіна — вялікі калгас. А ў калгасе ж, вядомая справа — калі ня вымакла, дык выгарала, добрага ўраджаю не бывае ніколі.
Параўнаньне шасьці гадоў фактычнага прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі з тымі двума гадамі, калі Станіслаў Шушкевіч узначальваў Вярхоўны Савет, не зусім карэктнае. Фармальна Шушкевіч лічыўся кіраўніком краіны, але рэальнай улады, каб ажыцьцяўляць уласную палітыку, ня меў. Беларусь тады была парлямэнцкай рэспублікаю, а найбольшай рэальнай уладаю валодаў прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч. Які, дарэчы, ня быў прыхільнікам ані рынкавай эканомікі, ані незалежнасьці Беларусі. I гэта толькі падмацоўвае вашы высновы, Яўген.
Што да Беларусі як да вялікага калгасу — дык што ж, само жыцьцё пацьвярджае гэтае параўнаньне. Тры гады таму не было ў нас ураджаю, бо пранеслася бура, пазалетась замінала паводка — усё вымакла, летась — засуха (адпаведна, усё высахла). Сёлета вось выглядае, што ўраджай вымерз, бо зь Менску ў калгасы паступіла дырэктыва адсеяцца ў красавіку, а на пачатку траўня надарыліся начныя маразы...
Але самая вялікая калгасная таямніца ў тым, што ўраджаю ўсё роўна ня будзе, нават калі не
перашкодзяць маразы й паводкі... He даедзе ён да засекаў: пагубляюць па дарозе або раскрадуць. Бо гэта асноўная ўласьцівасьць такое формы гаспадараньня, дзе нямаўласьніка і эканамічнага інтарэсу, а ёсьць толькі прымус, жабрацкі заробак ды крывадушныя заклікі да працы.
Мікалай Чыбісаў, мястэчка Казлоўшчына, Дзятлаўскі раён
29.06.2000
Нядаўна давялося ляжаць у больніцы. Неяк у палаце разгаварыліся пра дэмакратыю ў Беларусі, пра БНФ. Сусед па бальнічным ложку распавёў, як яму выпала сутыкнуцца з КДБ.
Прозьвішча ягонае Філарэт, ён былы настаўнік гісторыі, цяпер на пэнсіі. Дык вось, у сваёй вёсцы Дварэц Дзятлаўскага раёну ён у размовах зь людзьмі ўхваляў БНФ, казаў, што дэмакраты — адзіная сіла ў Беларусі, якая можа палепшыць жыцьцё...
А празь некаторы час да яго завіталі тры асобы ў цывільным. Спачатку гутарылі пра жыцьцё, а потым папярэдзілі: калі ня спыніш свае палітычныя размовы, дык твае сыны, якія скончылі ВНУ, могуць застацца бяз працы.
Вось як яны запалохваюць людзей, і, папраўдзе, гэта вельмі сур’ёзна й важна. Застаўшыся бяз працы, становісься нікім: можаш страціць і сям’ю, і нават асабістую свабоду. I тут табе ані БНФ не дапаможа, ані дэмакраты. Кіраўнікам
БНФ там, у Менску, добра: ім з-за мяжы ідуць гранты. Дый працу ў сталіцы знайсьці лягчэй. А пры выпадку — і за мяжу зьехаць можна. А нас, простых беларусаў, яны падстаўляюць пад удар. Прычым выглядае, што чым драбнейшая дэмакратычная партыя, тым цяжэй знайсьці паразуменьне ейным лідэрам. А шараговым сябрам таго ж БНФ тым часам думай, да якой партыі далучыцца — ці да Пазьняковай, ці да Вячоркавай. I тыя дэмакраты, і другія... Бяда ў тым, што ўсе лідэры лічаць сябе надта разумнымі. А з-за іхнага розуму бандыты ўжо сем гадоў абкрадаюць народ Беларусі.
Вашы абвінавачаньні, Мікалай, падаюцца мне не зусім справядлівымі. Калі вашага знаёмца шантажуюць спэцслужбы за ягоныя палітычныя погляды, дык хто ўсё ж у гэтым вінаваты: Партыя БНФ, пазыцыю якой адстойваў былы настаўнік гісторыі, — ці ўлада, якая такім вось чынам імкнецца не дапусьціць палітычнага іншадумства?
А наконт дабротаў ды замежных грантаў, на якіх нібыта раскашуюць у Менску дэмакратычныя лідэры... Пра гэта варта спытаць у тых палітыкаў, якія пасьля ледзь ня кожнай масавай акцыі апазыцыі апынаюцца ў турэмных камэрах, змушаныя цярпець зьдзек і перасьлед на працы, паўставаць перад судамі й плаціць шматмільённыя штрафы. Пад удар уладаў трапляюць найперш самі яны. Станавіцца пад гэты ўдар вас ніхто не прымушае — гэта ваш асабісты маральны выбар. I наўрад ці варта патрабаваць за гэты выбар падзякі ці абвінавачваць у ім кагосьці іншага.
Барыс Валасюк, Берасьце
14.09.2000
Распавяду пра справы на Берасьцейскай дывановай фабрыцы. Да траўня там плацілі заробкі рэгулярна. Потым пачаліся перабоі. Зарплату ўвесь час затрымліваюць. Вось за ліпень выдалі толькі 44 тысячы. Калі выдадуць за жнівень, ніхто ня ведае.
Цяпер асноўная маса людзей на фабрыцы не працуе, усе капаюць бульбу. Бо на фабрыцы няма сыравіны. Полацак не дае валакна, бо не заплачана за раней пастаўленае. Адным словам, паўсюль у даўгах.
Ня лепш і на іншых прадпрыемствах. Электрамэханічны завод ледзь дыхае. Раней ён працаваў на ВПК, цяпер няма заказаў. Калі выйшаў указ Лукашэнкі наконт выплаты заробкаў, там адрапартавалі, што разьлічыліся. Хоць у сапраўднасьці гэта — хлусьня. Прыехалі кантралёры і ўсё выявілі. У выніку — скандал. Шукаюць ахвярнага казла. На электралямпавым заводзе таксама няўпраўка. Новае абсталяваньне распрадалі, a на старым далёка не заедзеш.
I так паўсюль. Заробкі мізэрныя, спэцыялісты разьбягаюцца, вялікае прыхаванае беспрацоўе. А тыя пераможныя рэляцыі, што гучаць на радыё і тэлевізіі, абсалютна не адпавядаюць сапраўднасьці.
Барыс апісаў ня нейкую надзвычайную сытуацыю — падобнае становішча на заводах любога беларускага гораду. Паказальна, што пры гэтым
афіцыйна лічыцца, што прадпрыемствы працуюць, а ў гарадах амаль няма беспрацоўных. Зь беспрацоўем увогуле цікавая сытуацыя. Каб атрымліваць мізэрную дапамогу ў беспрацоўі (нешта каля трох даляраў), трэба штомесяц днямі выстойваць у чэргах, ды яшчэ ўдзельнічаць у гэтак званых «грамадзкіх работах» — падмятаць вуліцы ці капаць бульбу. Калі такі парадак захаваецца й надалей, афіцыйных беспрацоўных у Беларусі, можа стацца, увогуле ня будзе. Вось толькі каго гэтым улада зьбіраецца падмануць?
Апена Судас, Гомель
21.09.2000
Чамусьці лічыцца, што пэнсіянэры — галоўная апора ўлады Лукашэнкі. Кажуць так, мне здаецца, з-за інэрцыі. Сапраўды, так было ў 94-м, 95-м, 96-м гадах. Але — не цяпер. Тады мы верылі, што Лукашэнка — за нас, што ён верне тыя парадкі, якія былі да 91-га году, калі на пэнсію можна было няблага жыць. Але ж у лепшы бок не зьмянілася нічога — наадварот, стала яшчэ горш. Я на сваю настаўніцкую пэнсію (агульны працоўны стаж — 35 гадоў) не магу нават пракарміцца. Сорамна, але часам даводзіцца гандляваць цыгарэтамі ля крамы. Мяне ганяюць міліцыянты, якіх некалі дзецьмі я вучыла ў школе. Як можна верыць чалавеку, які за сем гадоў ня выканаў сваіх галоўных абяцаньняў?
Так разважаю ня толькі я — амаль усе мае знаёмыя, многія зь якіх галасавалі за Лукашэнку на
выбарах і на рэфэрэндумах, бо верылі, што яму нехта замінае.
Напісала вам, бо апошнім часам часта слухаю Свабоду, і непрыемна чуць, калі некаторыя Bambi журналісты выказваюцца пра пэнсіянэраў як пра людзей недалёкіх, якія прагаласуюць за Лукашэнку пры любых абставінах. Паверце, што гэта зусім ня так.
Грамадзкія настроі мяняюцца, і сярод людзей сталага веку — таксама. Наколькі істотныя гэтыя зьмены? Калі верыць сацыёлягам, усё ж асноўная сацыяльная база, на падтрымку якой абапіраецца ўлада, застаецца пакуль ранейшаю — гэта менавіта пэнсіянэры, жыхары вёскі, некваліфікаваныя работнікі. Хоць, відавочна, варта пагадзіцца з вамі, спадарыня Алена, што любыя абагульненьні тут — справа рызыкоўная.