Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
Але адначасова Захад гатовы дапамагаць у тым выпадку, калі беларусы (і найперш беларуская ўлада) будуць імкнуцца пабудаваць у сябе сапраўды дэмакратычную дзяржаву і рынкавую эканоміку на тых жа прынцыпах, што і Эўропа. I гэта справядліва, спадарыня Шэмет. У любой краіне людзі жывуць так, як працуюць і за якую ўладу галасуюць на выбарах.
Калектыўны ліст ад супрацоўнікаў абласнога шпіталя, Берасьце
09.08.2002
У нашага галоўнага лекара сёлета юбілей. 3 гэтай нагоды з усіх загадчыкаў аддзяленьняў шпіталя і паліклінікі ў загадным парадку на сьвяткаваньне зьбіралі па 20 даляраў, а са старшых мэдсясьцёр — па 10 тысяч рублёў. У рэстаране на вакзале адбыўся банкет, на якім прысутнічалі 125 чалавек (гэта пры тым, што зарплата ў галоўнага лекара — 116 тысяч).
Мы напісалі скаргу — прыехаў правяральшчык. Але ён, замест каб пагутарыць з работнікамі шпіталя сам-насам, разам з адміністрацыяй па адным выклікаў загадчыкаў аддзяленьняў, і яны пісьмова павінны былі пісаць абвяржэньні — нібыта збор грошай не праводзіўся. Але няўжо людзі, якія цалкам залежныя ад галоўнага лекара і баяцца страціць працу, маглі ў такой сытуацыі паступіць па-іншаму?
Галоўны лекар езьдзіць на нарады ў Менск на службовай машыне, хоць таньней было б карыстацца дзеля гэтага чыгункай. У гаражы шпіталя адкрытая майстэрня для рамонту ў рабочы час іншамарак прыватных асобаў. Машыны зьнікаюць, як толькі паступаюць паведамленьні, што хутка праверка.
Прэміі разьмяркоўваюцца толькі набліжаным і патрэбным галоўлекару асобам. Іншыя гэтых прэміяў увогуле ня бачаць.
Лічыцца, што ў Беларусі створаная жорсткая сыстэма дзяржаўнага ўліку і кантролю. На гэта трацяцца вялізныя бюджэтныя сродкі, задзейнічаная разгалінаваная сыстэма разнастайных кантрольных органаў зь вялікімі штатамі супрацоўнікаў. А вось як дзейнічае гэтая сыстэма, наколькі яна эфэктыўная — пра гэта, сярод іншага, сьведчыць і працытаваны ліст зь Берасьця. Апісаная схема працы правяралыпчыкаў стандартная — такі ж лёс многіх скаргаў, якія мяхамі прыносяць у дзяржаўныя канторы.
Віктар Баранаў, Рагачоў
16.08.2002
Ва ўсіх іншых краінах жніво, а ў Беларусі — палітычны спэктакль. Калі збожжавыя ўжо пасьпелі і калгасы пачалі іх убіраць, Аляксандар Рыгоравіч раптам абвяшчае надзвычайнае становішча, паказвае на ўсю краіну сэлектарную нараду, лае сваіх чыноўнікаў. Дзеля чаго ён гэта робіць? Напэўна, дзеля таго, каб паказаць усім сваю значнасьць — глядзіце, маўляў, безь мяне нічога тут ня зрушыцца зь месца.
Я так лічу: кепская ацэнка ўраду — гэта найперш кепская ацэнка самому прэзыдэнту. А ён усім сваім урадам увесь час дае такія ацэнкі, накіроўвае іх у адстаўку, а сам ніякай адказнасьці не нясе. Суседнія краіны даўно пайшлі наперад, а мы ўсё марым, калі ж у нас будзе стодаляравая зарплата. Ёсьць сродкі на лядовыя палацы, на
славянскія базары, а вось на зарплату грошай няма.
Л ічыцца, што бітва за ўраджай пасьпяхова завершаная. I ніхто ня кажа, што ў нас, на ўсходніх тэрыторыях, усё выгарала ад засухі. Ясна, што кошты на харчаваньне будуць высокія. А ўлады нічога ня робяць, каб яны зьніжаліся. Днямі размаўляў з прадаўцом прыватнай крамы. Высьветлілася, што гомельскія ўлады забараняюць купляць больш танныя харчы ў іншых рэгіёнах рэспублікі, прымушаюць купляюць сваё, мясцовае. Дзеля чаго ўсё гэта робіцца?
Вырашэньне эканамічных праблемаў шляхам правядзеньня надзвычайных кампаніяў — не вынаходка Аляксандра Лукашэнкі. Усе гэтыя «бітвы за ўраджай», «працоўныя вахты», «пяцігодкі якасьці» — савецкі прапагандысцкі арсэнал. Неэфэктыўная савецкая эканоміка мела вострую патрэбу ў рэфармаваньні. Савецкія лідэры гэта ўсьведамлялі, але замест рэальных рэформаў, якіх баяліся, спадзяваліся на адміністратыўныя рычагі ды гэтую так званую «мабілізацыю мас» пад сьцягамі разнастайных кампаніяў.
Магчыма, на першым часе, у 20-30-я гады эксплюатацыя энтузіязму і давала нейкі плён — былі стаханаўцы, былі камуны, якія, зрэшты, хутка разваліліся. Але пазьней, у брэжнеўскую эпоху, усе гэтыя кампаніі ператварыліся ў аб’ект кпінаў і цікавілі хіба толькі тых, хто прафэсійна займаўся палітычнай агітацыяй і атрымліваў за гэта грошы. Казаць пра якісьці рэальны эканамічны эфэкт гэтых кампаніяў не выпадала. Наступны эканамічны крах савецкай імпэрыі толькі пацьвердзіў гэта.
Яўгенія Казлова, Ворша
06.09.2002
Я часта размаўляю зь людзьмі. Адчуваецца, што жыцьцё пагаршаецца. Але ня ўсе разумеюць — чаму. Многія апасаюцца, што цяперашні кіраўнік правядзе яшчэ адзін рэфэрэндум, nepanima Канстытуцыю і зробіцца пажыцьцёвым дыктатарам.
Я ў роспачы. Баліць душа. У нас быў такі патэнцыял — а яго змарнавалі.
Што засталося ад беларушчыны!.. У дзіцячых садках (і то ня ў кожным) ёсьць гэтак званыя «беларускія куткі». Беларушчыну яны загналі ў кут. Сымбалічна для сёньняшняга кіраўніцтва.
Няма духоўнай ежы ў дзяцей. За апошнія 6-8 гадоў значна пагоршылася і харчаваньне звычайнае. Я часта бываю ў садках дзеля службовага абавязку. Вывучаю мэню-раскладку. Дык вось, нормы харчаваньня заніжаныя — і ўсё роўна не вытрымліваюцца. Мяса і рыбу дзеці ў дзяржаўных садках (ад ГарАН А) атрымліваюць у лепшым выпадку раз на тыдзень. А бывае, што й па два тыдні няма ні мяса, ні рыбы. Нават бульбы сьвежай уволю няма, ня кажучы пра садавіну. Ужо нават стаіць пытаньне пра пераход на аднаразовае харчаваньне. А ў многіх сем’ях дзяцей няма чым карміць. Заробкі нізкія, дый тыя выплачваюць несвоечасова.
...Божа, дапамажы нам! Але Бог дапамагае тым, хто сам сабе ня вораг і хто змагаецца за лепшае, Боскае, сьветлае...
Так, спадарыня, Яўгенія, вы маеце рацыю, спадзявацца даводзіцца галоўным чынам на ўласныя сілы, уласнае імкненьне да справядлівасьці і годнага жыцьця. Абапіраючыся на разьняволеную асобу, на прыватную ініцыятыву, на асабістую зацікаўленасьць кожнага, будавалі свой дабрабыт усе заходнія дзяржавы, у якіх сёньня дасягнутыя высокія стандарты жыцьця.
Канстанцін Міронаў, Менск
13.09.2002
Я індывідуальны прадпрымальнік, гандлюю на адным з гарадзкіх рынкаў. У мяне шмат такіх жа знаёмых. Некаторыя лічаць, што ўсе дробныя гандляры — у апазыцыі да ўлады. Але гэта зусім ня так. Летась, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, пытаюся ў аднаго: «За каго будзеш галасаваць?» — «За Лукашэнку», — адказвае.
А чаму? Ды таму, што цяперашніх дробных чыноўнікаў я ўжо «падмазаў», а зьменіцца ўлада — прыйдуць новыя чыноўнікі, давядзецца зноў дамаўляцца, плаціць.
Чамусьці лічыцца, што індывідуальны прадпрымальнік — гэта рашучы, упэўнены ў сабе чалавек. Але гэта зусім не адпавядае сапраўднасьці. Якраз у тым выпадку, калі чалавеку ёсьць што губляць, ён адчувае сябе зусім безабаронным перад нашай непрадказальнай уладай, а таму менш за ўсё схільны да бунту.
Кіраўнікі прадпрымальніцкіх страйкаў робяць усё магчымае, але... На рынках даўно існуе
адпрацаваная сыстэма замены адных гандляроў другімі. Страйкуеш, ня плаціш арэнду — заўсёды знойдзецца ахвотнік на тваё месца.
Мне не выпадае з вамі спрачацца, Канстанцін, вы сваё прафэсійнае асяродзьдзе, відавочна, ведаеце знутры. Аднак калі я нядаўна назіраў за сходам прадпрымальнікаў на менскім рынку «Дынама», то бачыў, як мне падалося, зусім не зламаных уладай і не запалоханых людзей. Наадварот, сярод іх было вельмі шмат рашучых, дзейных і ўпэўненых у сабе асобаў — якраз такіх, якія адпавядаюць стэрэатыпным уяўленьням.
Тамара Сялюн, Вялейка
06.12.2002
Ёсьць у народзе такі выраз — «вылузвацца са скуры». Вось і я цяпер у такім становішчы. Выхоўваю двух хлопчыкаў-двайнятак — па 12 гадоў. Жывем з мамай у прыватным доме. Бацька памёр шэсьць гадоў таму. Я тады ж разышлася з былым мужам (лепш бы яго ніколі не сустракала). Цяпер не працую, не магу ўладкавацца. Усе абяцаньні працы аказваюцца падманам. Існуем на мізэрную маміну пэнсію. У такім гарадку, як Вялейка, вольна жывецца толькі афэрыстам.
Вельмі шкада дзетак. Я не магу ім цяпер даць нават самае неабходнае — харчаваньне, ня кажучы ўжо пра іншае. Мой былы муж алімэнтаў ня плаціць і нічым не дапамагае.
Я ўспамінаю час, калі наша сям’я жыла добра. Бацькі заўсёды трымалі гаспадарку — парасят, курэй, качак, гусей, трусоў. Усім хапала працы. Заўсёды было і для сябе, і на пачастунак гасьцям. А цяпер мы сталі жабракамі. Многія перасталі з намі нават размаўляць, ня тое што заходзіць. Я расчаравалася ва ўсіх і ва ўсім. Так хочацца зьехаць з гэтай, так бы мовіць, «добрай», «хвалёнай» краіны. Так надакучыла весьці змаганьне зь непрыстойнасьцю.
Наша кіраўніцтва, відаць, зацікаўленае ў тым, каб не працавалі, сьпіваліся, разводзіліся... Толькі ў Вялейцы паўсюль гоняць, прадаюць, перапрадаюць самагон. Усе цудоўна ведаюць пра гэта, але ніхто нічога ня робіць.
Сумна, але гэта досыць тыповая гісторыя для невялікіх гарадоў і мястэчак, большая частка жыхароў якіх да нядаўняга часу працавала на аднымдвух мясцовых прадпрыемствах. Заводы гэтыя са сваім састарэлым абсталяваньнем, без інвэстыцыяў і прыватызацыі, пазачыняліся альбо на мяжы закрыцьця. Людзі страцілі працу і стабільны даход, многія сьпіліся, пакідалі сям’ю і дзяцей...
«У чым тут віна дзяржавы?» — спытаеце. Ці ня самі гэтыя людзі вінаватыя, што ва ўсім прывыклі спадзявацца на дзяржаву, што не гатовыя да сытуацыяў, калі самастойна даводзіцца вырашаць многія праблемы?
Але ж яшчэ дзесяць гадоў таму было бачна, што старыя савецкія прадпрыемствы асуджаныя, як і сыстэма кіраваньня імі. Тады са значна меншымі стратамі можна было распачынаць рэформы, навучаць людзей, якім пагражала страта працы, новым
прафэсіям, у тым ліку прыватнаму бізнэсу; нарэшце, псыхалягічна рыхтаваць іх да жыцьця ў новых умовах, калі многае вырашае ўласная ініцыятыва і прадпрымальнасьць.
Цяжка параіць нешта пэўнае вам, Тамара. Я зьвярнуў увагу на тое месца ліста, дзе вы настальгічна згадваеце час, калі ваша сямя трымала ўласную гаспадарку і мела дастатак. А ці нельга вярнуцца да ўласнай справы? Тым больш — падрастаюць сыны. Калі не жывёлу заводзіць, дык дробным гандлем заняцца, дапамагаць старым па гаспадарцы ці ў хатніх клопатах?
Ўладзімер Гардзейка, Смалявічы
06.12.2002
16 лістапада ў Смалявічах ладзілі «Дажынкі». Кажуць, у дзяржаве няма грошай, але на паказуху знайшлі. Цэлымі днямі пад дажджом і сьнегам фарбавалі, бялілі, чысьцілі, рамантавалі... Прычым прыгладжвалі толькі той бок дамоў, які бачны з вуліцы, другі заставаўся як быў. Глядзелі людзі, як плюхаюць грошы ў гразь, ды чухалі патыліцы... Навошта ўсё гэта патрэбна? Нібыта дзеля таго, каб іншым здалося, што мы не жабракі: хоць галодныя, але вясёлыя.