Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
Вяртаць грошы людзям трэба ў поўнай суме, а не па частках, бо ў іх свае вялікія праблемы. Дый маральнага права, як настаўніца, ня маю. He магу заставацца нядобрасумленнай перад лю-
дзьмі, што выручыліў цяжкі момант. Цяпер кладуся і падымаюся з адной думкаю: дзе зарабіць грошай, каб разьлічыцца. Самае лепшае было б узяць крэдыт у банку, але перада мною паставілі такія ўмовы, што ўзяць яго проста немагчыма.
Была б вельмі ўдзячная, каб хто-небудзь унікнуў у мой лёс і прапанаваў работу — няні, прыбіральшчыцы — усё роўна якую, толькі б разьлічыцца з даўгамі... Працаваць я прызвычаілася й навучылася быць цярпліваю. Ведаю, што грошы зарабляюцца цяжка. He асуджайце, бо я не прашу міласьціну. I ліст гэты — мая апошняя надзея, мая бяда, мой сорам і маё прыніжэньне.
Спадарыня Шпілеўская папрасіла не называць у эфіры яе сапраўднага прозьвішча — ёй няёмка, што гэты ліст пачуюць яе калегі ці вучні. Але для рэдакцыі яна паведаміла дакладныя каардынаты з надзеяй, што нехта, магчыма, адгукнецца й прапануе якую-небудзь працу.
Гэты ліст я вылучыў сярод іншых падобных таму, што боль, які адчуваецца ў ім, гучыць непадробна. Боль чалавека, які не адзін дзясятак гадоў аддаў школе, але, нават ашчаджаючы на ўсім, ня здолеў сабраць на навучаньне сына. А ў маленькім мястэчку, сапраўды, ня знойдзеш іншае працы. I гэтае пакутлівае штодзённае адчуваньне віны... — хоць вінаватая, па сутнасьці, сыстэма, пры якой настаўнік, нават працуючы ад цямна да цямна, пазбаўлены ня тое што лішняга — нават неабходнага дзеля таго, каб выжыць і выгадаваць сваіх дзяцей.
2001
«Мара цяпер адна — трапіць на Захад
і выйсьці там замуж...»
Недзе крадуць дарагія лімузіны, дыямэнтпавыя каралі і залатыя завушніцы. А на Віцебшчыне ў гэты год кралі нават бульбу і дзіравыя алюмініевыя місы зь лецішча... Цяжкі быў год.
Войцех Раманаў, Ворша
25.01.2001
У горадзе поўна міліцыі, але не раскрываюць нават самых прымітыўныхзлачынстваў. Асабліва квітнеюць крадзяжы. Крадуць усё, што трапіць на вока, але найперш, вядома, каштоўныя рэчы — машыны, кампутары, аргтэхніку. Вось нядаўна друкарню абрабавалі, суседнюю зь ёй рэклямную фірму — таксама.
На Новы год у аршанскім раёне Задняпроўе ажно 10 прыватных дамоў абчысьцілі. Бяруць усё — ад бульбы да дзіравай алюмініевай місы. Цяпер, калі беларускае насельніцтва яшчэ больш зьбяднела, бандзюгі з размахам стараюцца перабрацца ў суседні Смаленск. Там ямчэй збываць тое, што ўкрадзена ў нас у Беларусі. Асабліва гэта тычыцца чорных і каляровых мэталаў.
Спытаеце: а што ж міліцыя? Ды яны ўсе адны з аднымі даўно знаёмыя, у іх між сабой выдатныя адносіны. Калі хто й трапляецца ў рукі міліцыі, дык па драбязе. Вось нядаўна злавілі некалькі падлеткаў, якія кралі тэлефоны-аўтаматы разам з кабінамі — на мэталалом. Дык міліцыянты іх зьбілі — сінякоў і драпінаў не палічыць. Але нават не спрабавалі высьветліць, хто з дарослых стаіць за гэтымі падлеткамі, каму яны збывалі крадзенае.
А што міліцыянты зьбіваюць і зьневажаюць затрыманых, нават пры сьведках — дык пра гэта ўсе ведаюць. Але паспрабуйце давесьці такую справу да суду — няма ніякіх шанцаў.
Многіх з тых, хто ўпершыню наведвае Беларусь, уражвае колькасьць міліцыянтаў на вуліцах. Дзеля чаго зусім не багатая дзяржава ўтрымлівае 100-тысячную армію міліцыянтаў? I ці адбіваецца гэта на колькасьці злачынстваў і бясьпецы людзей?
Міліцэйскія сілы ў Беларусі павялічваліся цягам усіх сямі гадоў прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Адначасова ў гэты ж час усё большала злачыннасьць, у тым ліку тая, якой раней у Беларусі амаль не было. У вёсцы сёньня трэба пільнаваць і хляўчук з свойскай птушкай, і бульбяное поле.
У горадзе злодзей можа паквапіцца нават на зьмесьціва лядоўні ці кладоўкі з гароднінай. I ніякая стотысячная армія міліцыянтаў ад гэтага не абароніць — бо справа тут — у галечы, у немагчымасьці пракарміцца, ад якой пакутуюць дзясяткі й сотні тысяч людзей.
Ірына Барысевіч, мястэчка Парэчча, Гарадзенскі раён
07.02.2001
Мяне не зьдзіўляе, што часам вам пішуць лісты з абразамі. Нічога, перажывяце. Са мной і не такое бывала: вырывалі з рук падпісныя лісты і ўлёткі, скамячыўшы, кідалі іх у твар (ці, у лепшым выпадку, у печ); пасылалі ў Польшчу, у Л ітву і яшчэ кудысьці далёка. Чаму?
Адным не падабаецца, што Пазьняк зьехаў за мяжу, не павялічыўшы пэнсіяў ды заробкаў. Другім не падабаецца, што Лукашэнку замінаюць «нацыяналісты паганыя». Адна настаўніца мне так і сказала: «Адчапіцеся ад прэзыдэнта, a то пакрыўдзіцца і сыдзе. Вось тады паплачаце, як літоўцы цяпер плачуць». Дарэчы, усе гэтыя людзі тутэйшыя.
Вельмі ўдалая ваша задума — перадача пра Яна і Яніса. Але хацелася б, каб было больш лічбаў для параўнаньня. Вось нядаўна я, спаткаўшыся са сваячкай зь Літвы, разгаварылася на тэму «як у вас?» ды «як вы?».
Яна скардзілася, што ейная дачка-настаўніца атрымлівае 400 даляраў, а за кватэру плаціць 75 даляраў — і таму, маўляў, цяжка пражыць. Але ж у яе застаецца 325 даляраў — гэта па нашых коштах цана каровы.
Я ёй патлумачыла, што мая дачка-настаўніца атрымлівае 38 даляраў, і пасьля аплаты камунальных паслугаў (3 даляры) у яе застаецца 35 даляраў. (Гэта крыху болып за 10 кіляграмаў
ялавічыны найлепшага гатунку.) Дык каму цяжэй?
«Але ж вашы грошы спарнейшыя», — адказала жанчына і яксьці няўпэўнена паціснула плячыма.
I ўсё ж раней, калі размова заходзіла пра прэзыдэнта, толькі й чула: «Хто, калі ня ён?», «Толькі ён», «Усе аднолькавыя». Цяпер зьявіўся яшчэ адзін тыповы адказ: «Абы-каго, толькі не яго». Самі дадумаліся ці хто дапамог — ня ведаю, але зьява такая ёсьць.
Мне таксама даводзілася сутыкацца з гэтай адметнасьцю чалавечай псыхалёгіі, спадарыня Ірына. Цёткі й дзядзькі зь літоўскіх Друскенікаў ды Салечнікаў вельмі зайздросьцяць сваякам з Горадні й Ліды, што тыя плацяць за кватэру 3-5 даляраў. Але пераяжджаць ні ў якім разе ня хочуць, бо ў Літве маюць пэнсію 150 даляраў. Вось каб да літоўскай пэнсіі ды беларускія камунальныя тарыфы...
Але нават пры сёньняшнім раскладзе ніхто зь Літвы ў Беларусь не імкнецца. Простыя арытмэтычныя падлікі, падобныя да тых, што зрабілі вы, паказваюць, дзе чалавеку лепш.
Леанід Смоліч, Салігорск
07.02.2001
У вёсках і мястэчках найпершы памочнік уладаў у часе рознага кшталту прапагандысцкіх і выбарчых кампаніяў — настаўнікі. За дробязную падачку на некалькі тысяч рублёў яны гатовыя
і агітаваць за каго скажуць, і выбарчыя бюлетэні, як трэба ўладзе, палічыць.
А пасьля адзін аднаму скардзяцца, што зарплаты мізэрныя, на іх пражыць немагчыма, што ўлада іхную працу ня цэніць. Але лічацца найперш з тымі, хто сам сябе цэніць і паважае, хто мае ўласную палітычную пазыцыю і гатовы яе адстойваць. А нашы настаўнікі каштуюць роўна столькі, колькі ім плацяць. I ня варта спачуваць і шкадаваць іх. Яны самі выбралі сабе такое жыцьцё. Стануць разумнейшыя — тады й жыць будуць інакш.
У нашай пошце шмат лістоў менавіта ад вясковых настаўнікаў. Вельмі часта гэта — шчырыя думкі разумных, удумлівых людзей, якія выдатна арыентуюцца ў сёньняшняй сытуацыі, якіх не падманеш палітычным папулізмам, якія кожны на сваім месцы робяць тое, што могуць — а найперш выхоўваюць сапраўдных грамадзян, якія будуць будаваць незалежную Беларусь празь дзесяцьдваццаць гадоў.
I я не лічу, што гэта маральна — патрабаваць ад вясковага настаўніка, які ня мае іншай працы ды іншых пэрспэктываў у сваёй вёсцы, нейкіх палітычных дэмаршаў у часе кампаніяў, што наладжвае ўлада.
Вячаслаў Ляскевіч, Полацкі раён
22.02.2001
У вясковых школах дзеці часам трацяць прытомнасьць ад недаяданьня. Сам часта бываю сьведкам, як у школьнай сталоўцы некаторыя знарок застаюцца даўжэй за сталом, каб цішком узяць не даедзеную суседам булачку ці катлету. Відовішча не для слабых нэрваў. Хочацца хоць чым дапамагчы гэтым дзецям, але як, калі й сам не заўсёды бываеш сыты?
Хутка выбары, а галасаваць няма за каго. Па тэлебачаньні паказваюць аднаго Лукашэнку, усе астатнія маўчаць, як вады ў рот набралі. I людзям здаецца, што нікога іншага й няма.
Астатнія не маўчаць, спадар Вячаслаў. Іншая справа, што ўбачыць на тэлеэкранах іншых кандыдатаў, апроч Лукашэнкі, удасца ня хутка. (А ці ўдасца ўвогуле?) Прычыны гэтага зразумелыя большасьці людзей, якія ня толькі глядзяць дзяржаўнае тэлебачаньне, але й здольныя аналізаваць убача-
нае.
Аляксандар Давыдзенка, мястэчка Наваельня, Дзятлаўскі раён
01.03.2001
Мне 55 гадоў. Часта ўвечары я і мае равесьнікі, а таксама людзі больш сталыя, зьбіраемся ў сваёй вёсцы і слухаем вас. Але чуем зусім ня тое, пра што хацелі б даведацца.
Чаму ў вас не знаходзіцца спагадлівага слова для людзей нашага пакаленьня? Мы ж трапілі ў пастку, як ніхто іншы: і з укладамі ў Ашчадным банку, і з працай, і цяпер з пэнсіяй. Чаму вы ня станеце на нашу абарону? Чаму ня кажаце, як нам быць, як можна нашаму пакаленьню дапамагчы?
Замест гэтага ў вас адно й тое ж, адна палітыка і адна хлусьня. Вы тут жыць не жылі, а судзіце ўсіх. I гэта адштурхоўвае ад вашай хвалі. Вы ўжо пераўзышлі Гебэльса. Той хацеў паруліць усім сьветам, і вы, панове, таго ж хочаце.
Мы ў гэтым асяродзьдзі жывем і ўсё бачым, чуем. Жывучы ў калгасе, ведаем яшчэ па маладосьці пана Шарэцкага. Ён, калі працаваў старшынём калгаса, заўзятым камуністам быў. Усё палохаў: «Выганю з партыі, калі ўнёскаў не заплаціце».
Мы верылі Шарэцкаму, галасавалі за яго. Але ён, на жаль, да нас так і не прыехаў, хоць і абяцаў. Ён спазнаў у партшколе смак даляра, а партыі для яго былі (і адна, і другая) толькі кармушкамі.
А Чыгір, сын якога займаўся цёмнымі справамі, а вы яго выстаўляеце як ахвяру рэжыму?
Чым маліцца на такіх асобаў, як на абраз, лепш дапамаглі б нашаму калгасу імя Заслонава. Вось тады б не было сорамна вам перад людзьмі. I было б вам болып веры. А бруд можна знайсьці ў любой хаце.
Апазыцыя ўсё чакае: вось прыедзе АБСЭ і ўсё вырашыць. Ды навошта, каб у маю хату нехта лез разьбірацца? Вось бы дзе прафсаюзам наладзіць мітынг «Рукі прэч ад Беларусі». Тады б іх народ падтрымаў. Захад нам ніколі не дапаможа — гэта ведаюць усе. Так проста нас там ніхто не чакае.
А прэзыдэнта мы самі выберам такога, які быў бы дастойны народу. А вы не распускайце плётак і не зьбірайце па сьметніках заразу — яе і так хапае. Лепш распавядзіце, як нам пазбавіцца ад такога жыцьця. А тое, як жывем, мы й самі ведаем, нават болей за вас. Запрашаю ўвесну да нас у калгас, на дапамогу. За абедам вы ўбачыце і пачуеце ад нас усю праўду.