Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
Згадваю, спадар Балабашкін, як на пачатку і ў сярэдзіне 90-х гадоў беларускія ўлады, палохаючы людзей рынкам, у якасьці аргумэнтаў супраць рынкавай эканомікі якраз і распавядалі пра тое, колькі вымушаныя плаціць за камунальныя паслугі грамадзяне краінаў Балтыі й Польшчы. Беларусаў гэтым шляхам абяцалі ня весьці — казалі пра нейкі свой адмысловы шлях, бяз гвалту і ўзрушэньняў.
Дзесяць гадоў гэты асаблівы шлях шукалі — а ў выніку выявілася, што вярнуліся ў той самы пункт адліку, які суседзі даўно прайшлі. Яно б, можа, і нічога — лепш позна, чым ніколі. Бяда ў тым, што змарнаваны час вельмі дорага каштуе — няма тых рэсурсаў, якія былі на пачатку 90-х, даўно зношаная матэрыяльная база, безнадзейна сапсаваныя адносіны са зьнешнім сьветам, адкуль можна было чакаць інвэстыцыяў ды эканамічнай дапамогі... Няма і людзкога цярпеньня.
Так, у суседняй Літве становішча пэнсіянэраў таксама ня дужа лёгкае. За камунальныя паслугі пры пэнсіі 150 даляраў трэба заплаціць 70-80 даляраў. Але гэта зусім ня так, як у вас, спадар Балабашкін (40 даляраў пэнсія, a 30 трэба аддаць за кватэру). I гэта пры тым, што кошты на ўсё астатняе (ежа, адзеньне, прамысловыя вырабы) у Беларусі ўжо не ніжэйшыя, а часам і вышэйшыя, чым у Літве.
Ганна Валатоўская, Баранавічы
21.02.2003
Мне 69 гадоў, я жыву ў Баранавічах — недалёка, дарэчы, ад пасёлку Дарава, адкуль вам пісаў Аляксей Плескацэвіч. Дык вось, хачу зьвярнуцца да таварыша Плескацэвіча. Напэўна, шаноўны, вы трымаеце гаспадарку, маеце карову, сьвіней, курэй, якіх я ў гарадзкой кватэры трымаць не магу. Інакш бы вы часьцей хадзілі па крамах і ведалі, што цэны растуць як грыбы.
У сьнежні я атрымала 10 тысяч рублёў надбаўкі да пэнсіі. Але адначасова ўлады адабралі ў мяне ўдвая болей: плата за 2-пакаёвую кватэру ўзрасла з 25 да 45 тысяч. А на гэтую пэнсію я вучу дачку ў інстытуце (даю ёй 25 тысяч). 10 тысяч штомесяц аддаю на лекі. На ежу застаецца 17-20 тысяч. Жыву на хлебе і малацэ. Зрэдку купляю цукар.
I хто ў гэтым вінаваты, таварыш Плескацэвіч? Дэмакраты, якія ніколі не былі пры ўладзе ў Беларусі? Ці тая ўлада, якая ўжо дзевяць гадоў вядзе нас невядома куды? Я, былы савецкі інжынэр, не магу са сваёй пэнсіі назьбіраць сабе на боты: хаджу ў старых, парваных. Мне сорамна. У якой яшчэ краіне такое бывае? Але мая крыўда — ня самая вялікая. Аказваецца, і я, просты інжынэр, і былы галоўны інжынэр заводу атрымліваем аднолькавыя пэнсіі. Так ня можа быць...
Зьвяртаюся да прэзыдэнта. Аляксандар Рыгоравіч, павярніцеся тварам да бедных старых. Дайце нам тую пэнсію, якую вы абяцалі — каб мы змаглі дажываць і лячыцца.
Сапраўды, спадарыня Валатоўская, нястрымны рост цэнаў і тарыфаў найбольш балюча адбіўся на гарадзкіх пэнсіянэрах. Згадваю сваю вёсачку Краснае Шчучынскага раёну. Камунальных выгодаў там ніколі ня мелі: ваду насілі й носяць з уласных калодзежаў, у печах палілі й паляць дровамі, што самі ж нарыхтоўваюць у лесе. Газавыя трасы туды не дайшлі, а газ у балёнах яшчэ дапрасіся, каб прывезьлі за шэсьць кілямэтраў. Таму на тыя балёны ня дужа і спадзяюцца.
А спадзяюцца галоўным чынам на сябе, на ўласныя рукі ды на дапамогу дзяцей. Натуральна, на гэтых людзях узрушэньні апошняга часу з новымі камунальнымі тарыфамі адбіліся менш, чым на іншых. Але наўрад ці варта зайздросьціць ім, спадарыня Валатоўская. Саўгасныя пэнсіі значна ніжэйшыя, чым нават ваша інжынэрская, на якую вы ня можаце пражыць. А ўласны агарод ды жывёла патрабуюць вельмі шмат сілаў і выдаткаў. Hi аднаго, ні другога ў многіх проста не засталося.
Якаў Ішчук, Наваполацак
28.03.2003
Хацелася б ведаць, чаму нашым дактарам плацяць толькі за тое, што яны велікадушна зьяўляюцца на працы (прытым нярэдка — зь вялікім спазьненьнем)? Яны шмат і ахвотна ныюць, што ім мала плацяць. А за што плаціць? Хто зь іх калі адказаў за пакутніцкую сьмерць пацыента? Лечаць яны абы з рук, як атрымаецца.
А вось пісаніну ў дакумэнтах вядуць старанна, не падкапаесься.
Кладзеш потым на стол у пракуратуру мэдычную карту хворага, распавядаеш, як зь яго зьдзекаваліся, а там нават заяву адмаўляюцца браць. Кажуць: «Ня маем права».
Летась у Польшчы выкрылі дактароў-злачынцаў, якія злоўжывалі становішчам, губілі пацыентаў. Але там ім не далі разгуляцца — злавілі, давялося адказваць. I гонар белага халата, гонар краіны ад гэтага не пацярпеў. А ў нас гэты гонар разумеюць па-свойму. Калі бракароб, злачынца — дзяржаўны, то яго судзіць нельга. Свой свайго абараняе. I ніякага табе народнага кантролю, ніякай непажаданай прэсы.
Сапраўды, спадар Ішчук, ад беларускіх дактароў у адказ на прэтэнзіі да якасьці іхнай працы часам нават адкрыта можна пачуць апраўданьне: «Як нам плацяць, так мы і лечым». Натуральна, такія словы ня могуць служыць аргумэнтам у сытуацыі, якую апісваеце вы — калі спрэчка даходзіць да судовага разбору. Адпаведныя законы пра адказнасьць мэдыцыны ў Беларусі ёсьць, іншая справа — як яны дзейнічаюць. I калі грунтоўна аналізаваць гэтую праблему, у любым выпадку размова вернецца да пытаньняў фінансаваньня мэдыцыны, матэрыяльнай зацікаўленасьці пэрсаналу, забесьпячэньня шпіталяў сучасным абсталяваньнем. Пагадзіцеся, немагчыма спадзявацца, што вас якасна абслужаць у шпіталі, у якім фактычна няма лекаў, а зарплата доктара роўная зарплаце грузчыка і на яе немагчыма пракарміць сям’ю.
Іван Яскевіч, вёска Новыя Гавяды, Шклоўскі раён
30.03.2003
Горкі Чарнобыль адабраў у нас малую Радзіму — вёску Ўшакі Чэрыкаўскага раёну. Былі гэта цудоўныя санаторныя мясьціны... Часта ўспамінаецца той дачарнобыльскі час. У нашым калгасе «Маладая гвардыя» доўгі час не было дзіцячага садку. Дык нашыхмалых, пакуль мы, настаўнікі, працаваліў школе, даглядала пэнсіянэрка Соф’я Ларыёнаўна Яскевіч. Гуляла зь імі, выхоўвала, кнігі чытала.
У сваю чаргу, бацькі-настаўнікі дапамагалі нам на гародзе бульбу пасадзіць і выкапаць, дроваў, сена нарыхтаваць і прывезьці. Дагэтуль памятаю тую нядзельку, калі бацькі зь дзеткамі прыйшлі да нас у госьці з падарункамі. Соф’я Ларыёнаўна частавала гасьцей чым толькі магла. А Таня Любчанка з хлопчыкамі й дзяўчаткамі выступілі зь невялікім канцэртам: сьпявалі, расказвалі вершы, байкі, танцавалі. У маленькай бацькоўскай хатцы нашай усім месца ставала...
Былы настаўнік, інвалід савецкай арміі Іван Яскевіч жыве далёка ад сваіх родных мясьцін, часта згадвае той час, які лічыць шчасьлівым, шкадуе, што родныя людзі цяпер далёка ад яго. I піша, што дагэтуль чакае хоць бы вестачкі-паштоўкі ад тых дзетак, якіх і сёньня лічыць сваімі ўнукамі і ўнучкамі.
Алег Раманкевіч, Ворша
04.04.2003
Цяпер я працую на заводзе «Чырвоны Барацьбіт», жонка працуе ў стаматалягічнай паліклініцы. Наша дачка вучыцца на другім курсе пэдунівэрсытэту, сын ходзіць у сёмую клясу. Ад бацькоў у мяне ў вёсцы засталася драўляная хата. Я даўно думаў заняцца якой-небудзь уласнай справай. Мне ўжо 51 год, і хацелася б ня жыць у чаканьні так званай «зарплаты», якую ўвесь час затрымліваюць, а зрабіць нешта ня толькі для сябе, але і пакінуць дзецям. Думаў апроч сельскай гаспадаркі заняцца дрэваапрацоўкай (расьпілоўкай, рамамі, дзьвярыма). Але каб адразу купіць абсталяваньне, няма такіх грошай. А крэдыт нашых банкаў я не адужаю.
Ведаю, што падобнымі думкамі ды ідэямі апанаваныя многія сталыя і самастойныя людзі, якія большую частку жыцьця адпрацавалі на дзяржаўных прадпрыемствах. Назіраючы, як гэтыя заводы прыходзяць у заняпад, пакутуючы ад нястачы і прыніжэньняў, людзі (падобна як Алег Раманкевіч) усё часьцей задумваюцца пра ўласную справу.
На жаль, дзяржава зь недаверам ставіцца да прыватнай ініцыятывы. Атрымаць ільготы альбо бязвыплатную дапамогу прадпрымальніку-пачаткоўцу ва ўмовах Беларусі нерэальна. Хоць сама дзяржава ні зь беспрацоўем, ні з рэканструкцыяй дзяржаўных прадпрыемстваў, ні з сацыяльнымі праграмамі не спраўляецца.
У такіх умовах чалавеку, які задумаў распачаць уласную справу, дзеля атрыманьня стартавага капіталу звычайна даводзіцца займацца дробным гандлем. Сёньняшнія ўладальнікі невялікіх прыватных цэхаў і майстэрняў — у мінулым, як правіла, так званыя «чаўнакі», якім па некалькі гадоў давялося езьдзіць па рынках Турэччыны, Польшчы ды Расеі.
Якаў Ішчук, Наваполацак
13.04.2003
Што жывем кепска, самі ведаем, штодня ў гэтым пераконваемся, і ўжо не адзін год. Урад таксама мянялі ня раз — не дапамагло. Палова заводаў стратныя, а спытаць няма з каго. На складах прадукцыі на трыльёны, а зарплаты няма. Фэрмэраў задушылі, калгасы распадаюцца, a на рынках — бэльгійская морква 1200 рублёў за кіляграм, азэрбайджанская капуста, расейская грэчка. Бульба ў краме каштуе даражэй за муку вышэйшага гатунку. He, браткі, тут ня дах трэба мяняць, а падмурак.
Больш чакаць няма чаго. Апошні сродак — вярнуць уладу народу. I дзеля гэтага ня трэба ніякіх рэвалюцыяў. Дастаткова імем закону сыстэматычна, няўхільна патрабаваць ад начальнікаў усіх узроўняў выкананьня іхных абавязкаў і тлумачэньня іхных учынкаў. Калі ён будзе ўпэўнены, што схопяць за руку — не рызыкне парушаць закон.
Сытуацыю вы, спадар Ішчук, пазначылі дэталёва, глыбока, зь веданьнем справы. А вось прапанаванае вымі выйсьце выклікае нямала пытаньняў. «Вярнуць уладу народу», паводле вашага тлумачэньня, азначае прыставіць да ўсіх начальнікаў кантралёраў, каб сачылі, патрабавалі, засьцерагалі...
Наўрад ці такі шлях плённы. Сыстэма ўлады ў Беларусі заганная не таму, што мала кантралёраў (у гэтым якраз недахопу няма — армія чыноўнікаў вялізная). У людзей няма магчымасьці ўзьдзейнічаць на тых, хто мае рэальную ўладу. Той жа старшыня райвыканкаму не залежыць ад насельніцтва раёну (яно яго не выбірае) і фактычна можа не лічыцца з раённым саветам (у саветаў вельмі абмежаваныя паўнамоцтвы). Няма ў Беларусі і незалежнага суду, і амаль усе сродкі масавай інфармацыі падначаленыя прэзыдэнцкай вэртыкалі. Вось гэты падмурак, відавочна, і трэба мяняць, каб дамагчыся рэальных зьменаў.
Сяргей Ярмолін, Бабруйск
16.04.2003
Мне сорак пяць гадоў. Слухаю вас ужо гадоў трыццаць. Працую вадзіцелем аўтапарку № 2 у Бабруйску. Яшчэ нядаўна зарплата ў мяне была 240 ООО «чыстымі» — за 150 гадзін працы. Цяпер — 140 ООО «чыстымі» за 170 гадзін. Я заўсёды працаваў на такіх лініях, дзе шмат пасажыраў і шмат наяўных грошай: Бабруйск — Магілёў і Бабруйск — Салігорск. Адміністрацыя аўтапарку абяцала: вось вам 30% надбаўкі за абілечваньне і