Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
6% з кожнага прывезенага рубля. Потым на працягу некалькіх гадоў ад 6% засталося 1,5%.
Далей — болей. За прывезеную выручку плату ўвогуле скасавалі, а ад 30% за абілечваньне пакінулі толькі 15%. Такім чынам, стымулу працаваць сумленна амаль не засталося. Атрымліваецца, што адміністрацыя не зацікаўленая ў тых работніках, якія імкнуцца працаваць сумленна. Бо нас такіх — адзінкі, усе астатнія працавалі без напругі. I цяпер яны пасьміхаюцца зь мяне: маўляў, ну што — гнаў плян на сваю бяду? Цяпер чым больш працуеш, тым менш зарабляеш.
Выснову я раблю такую: трэба падладжвацца пад іншых, цішком красьці, выкручвацца, каб зарабіць. Бо ў нас ня цэніцца высокапрадукцыйная праца. Яна не патрэбная, бо інакш будзе беспрацоўе. Я так думаю, што гэта адбываецца ва ўсёй краіне, таму ў нас і жыцьцё такое. I, напэўна, гэта выгадна чыноўнікам розных узроўняў. Але трэба нешта рабіць, інакш эканоміка ня вытрымае.
...Увогуле, жыць у гэтай рэчаіснасьці лепш ня думаючы, бо жыць сумленна — значыць толькі існаваць. Я пакуль у стане купляць праўдзівыя газэты, а вось пэнсіянэры і многія іншыя людзі гэта ўжо дазволіць сабе ня могуць. Калі і купляюць, то «Советскую Белоруссню» — яна танная.
Зьява, якую вы, спадар Ярмолін, даволі падрабязна апісалі, абапіраючыся на ўласны досьвед, за савецкім часам называлася «ўраўнілаўкай». Партыйныя органы тады пільна сачылі, каб савецкі грамадзянін, ня дай Бог, ня стаўбагатым, не зарабіў значна больш, чым ягоны калега — нават калі той
калега гультай і горкі п яніца. Пры гэтым ня мела значэньня, як чалавек працуе, колькі нормаў ён выконвае, як ставіцца да сваёй працы.
Нельга было ўявіць сытуацыю, каб работнік, які дзякуючы сваёй працавітасьці і вынаходлівасьці выканаў, да прыкладу, тры месячныя заданьні, атрымаў за гэта не 120 рублёў, a 360. Нейкую падвышку яму, вядома, далі б, але ўсьлед за гэтым паднялі б норму і скарацілі 6 расцэнкі. Савецкі чалавек ня мог зарабляць утрая больш, чым ягоны нядбайны і лянівы калега, гэта ня ўпісвалася ў прынцыпы так званай «сацыяльнай справядлівасьці».
Зьява гэтая была паўсюднай: працаваць эфэктыўна і якасна было нявыгадна — дзеля гэтага не было матэрыяльных стымулаў. Урэшце адсутнасьць матывацыі да працы і стала адной з галоўных прычынаў краху ўсёй савецкай эканомікі.
Ваш, спадар Ярмолін, расповед сьведчыць пра тое, што колішняя «ўраўнілаўка» ва ўмовах Беларусі вяртаецца, прынамсі, на дзяржаўных прадпрыемствах.
Аляксей Вабішэвіч, Маладэчна
08.06.2003
Я ўжо даўно на пэнсіі. Маю працоўнага стажу пяцьдзясят гадоў, а пэнсію мне плацяць сорак пяць даляраў. Зь іх трыццаць даляраў трэба аддаць за кватэру. А як пражыць за астатнія грошы, чым харчавацца — ня ведаю. Даводзіцца абыходзіцца ў асноўным супам ды малаком. Ці ёсьць такое дзе-небудзь яшчэ ў Эўропе?
На выбарах я галасаваў за Лукашэнку. Цяпер вельмі шкадую, бо бачу, што памыляўся. Ён дае жыць толькі сваім вэртыкальшчыкам, міліцыі, КДБ ды вайсковым камандзірам.
Многія кажуць, што выйсьця няма. А я ведаю, што ёсьць. Навошта нам столькі вайскоўцаў, міліцыянтаў, чыноўнікаў? А галоўнае, ня трэба марнаваць грошы на калгасы. Ня можа калгас апрацоўваць тысячу гектараў зямлі — няхай апрацоўвае пяцьсот. А пяцьсот няхай аддасьць фэрмэрам. А дзяржава павінна дапамагчы фэрмэрам з крэдытамі на тэхніку. Праз два-тры гады, калі іх не душыць, яны заваляць краіну танным хлебам.
Тое ж і з прамысловымі прадпрыемствамі. Ты зьменш падаткі, дай ім жыць. Яны падвысяць заробкі, людзі пачнуць больш купляць прамысловых тавараў, эканоміка пачне ўзьнімацца... Але ж не — улады ўсё робяць якраз наадварот.
Сапраўднае сваё прозьвішча не называю. A чаму — вы і самі павінны ведаць. На старасьці гадоў уцякаць ды адбівацца ад сабак цяжка, так што выбачайце. Магчыма, роздум мой і ня надта пісьменны, адукацыя ў мяне слабая, але напісаў як думаў.
Развагі вашы, спадар Вабішэвіч, зусім лягічныя і слушныя. Любому чалавеку зь вялікім жыцьцёвым досьведам відавочна: ня будзе плённай працы і добрага выніку там, дзе няма стымулу, асабістай зацікаўленасьці чалавека.
Ці ведаюць гэта тыя, у каго сёньня ўлада ў Беларусі? Безумоўна. Але чалавек-гаспадар, чалавекуласьнік іх палохае і непакоіць. Найперш тым,
што такім чалавекам цяжка, а часам і немагчыма камандаваць, што ён адчувае сябе самастойным і незалежным. А галоўнае — тым, што ён будзе імкнуцца займець такую ўладу ў краіне, якая б абараніла гэтую ягоную свабоду і ўласнасьць. Прырода сёньняшняй беларускай улады зусім іншая. Яна абапіраецца на тых, у каго зусім іншае становішча ды іншыя мэты.
Сяржук Макееў, мястэчка Коханава, Талачынскі раён
18.06.2003
У нашым раёне ёсьць моцны дзяржаўны манапаліст — хлебазавод у райцэнтры. У 1995 годзе канкурэнцыю яму паспрабаваў скласьці прыватны прадпрымальнік, які набыў і ўсталяваў уласную хлебапякарню. Справы ў яго ішлі няблага. Хлеб ягоны быў таньнейшы і смачнейшы, чым зь дзяржаўнага хлебазаводу. Натуральна, людзі пацягнуліся па хлеб да прыватніка. Вось тут і пачалося супрацьстаяньне прыватнага гаспадара з чыноўнікамі й дырэктарам хлебазаводу. Скончылася ўсё тым, што прадпрымальнік вымушаны быў адмовіцца ад выпечкі хлеба, а рабочых звольніў. Пасьля гэтага ніхто ў раёне больш не адважваецца на такую рызыкоўную справу.
Гісторыя гэтая мела працяг ужо ў самім мястэчку Коханава. Пазбавіўшыся ад канкурэнта, дзяржаўны хлебазавод працягваў пячы той жа дарагі і нясмачны хлеб. Местачкоўцы ведалі —
праз суткі талачынскі хлеб кісьне, а праз паўтара-двое сутак пакрываецца цьвільлю. Тым часам як аршанскі хлеб таньнейшы, а захоўвацца можа да пяці сутак. I вось у Коханаве знайшоўся прыватны прадпрымальнік, які на ўласнай машыне пачаў прывозіць хлеб з Воршы. I для коханаўцаў, і для жыхароў суседніх вёсак — Багданаўкі, Вялікіх Ліпнікаў, Пуськоў, Кругоў — гэта вельмі зручна. Але раённыя чыноўнікі кожны год пачалі ўводзіць так званую «часовую» забарону на гандаль прывазным хлебам. А прадпрымальніку казалі — «гандлюй талачынскім хлебам». Той, натуральна, не пагаджаецца: хлеб кепскі й дарагі. Жыхары мястэчка кожны год пішуць калектыўныя скаргі ў Менск, але праблема не вырашаецца.
Раней падчас такіх забаронаў многія жыхары Коханава езьдзілі па хлеб электрычкаю ў Воршу, але пасьля таго як падаражэў праезд, гэта стала не па кішэні. Асабіста я для сябе вырашыў: талачынскі хлеб набываць ня буду да таго часу, пакуль ён ня стане ня горшы і не даражэйшы за аршанскі.
Гісторыя гэтая, Сяржук, тыповая для многіх сельскіх раёнаў Беларусі. Аргумэнты, якімі апраўдваюцца чыноўнікі, на першы погляд нібыта слушныя. Трэба, маўляў, падтрымліваць уласнага вытворцу: ён плаціць падаткі ў мясцовы бюджэт, дае працу мясцовым жыхарам. Якраз гэтага і дамагаецца манапаліст: навошта ламаць галаву над мадэрнізацыяй вытворчасьці, навошта шукаць грошы на сучаснае абсталяваньне, калі ўсё можна вырашыць з дапамогай загаду мясцовай вэртыкалі?
Інтарэсы спажыўцоў, якія вымушаныя пераплачваць за няякасны хлеб, не бяруць да ўвагі ні чыноўнікі, ні манапаліст.
А цяпер уявім, што прыватным хлебапякарням чыноўнікі перастануць чыніць перашкоды. Што адбудзецца зь дзяржаўным хлебазаводам? Так, ён вымушаны будзе альбо пячы іншы хлеб, альбо збанкрутуе. Ці прайграе ад гэтага мясцовы бюджэт? Наўрад ці: ён зможа атрымліваць падаткі з рэнтабэльных прыватных хлебапякарняў. Дый дасьведчаныя хлебапёкі змогуць там знайсьці занятак. Бяз працы застануцца хіба што начальнікі.
Павал Станкевіч, Берасьце
18.06.2003
Нядаўна быў па справах у памежным Тэрэспалі й назіраў за акцыяй польскіх спэцслужбаў у справе адлову і дэпартацыі беларускіх грамадзянаў. Пад’яжджаюць да рынку некалькі цёмнасініх аўтобусаў, адтуль выскокваюць 5-6 мужчын у цывільным — і пачынаецца паляваньне. Усе на рынку разьбягаюцца хто куды.
Мясцовыя палякі кажуць, што гэтыя «зачысткі» прымеркаваныя да рэфэрэндуму наконт уступленьня Польшчы ў Эўразьвяз. Тым часам ваша радыё перадае з Польшчы толькі бадзёрыя рапарты пра перамовы наконтувядзеньня візаў. А трэба распавядаць пра жыцьцё, пра тое, як нас там прыніжаюць.
Пытаньне наконт таго, хто каго ў гэтым выпадку прыніжае, спадар Станкевіч, — спрэчнае. Ці не прыніжаюць самі сябе тыя людзі, якія цішком спрабуюць правезьці празь мяжу цыгарэты і гарэлку, а потым нелегальна прадаюць усё гэта на польскіх рынках? Натуральна, улады Полынчы супрацьстаяць гэтаму, бо нелегальны гандаль шкодзіць нацыянальнай эканоміцы.
Зрэшты, у гэтай праблемы ёсьць і іншы аспэкт. He ад добрага жыцьця многія ўчорашнія беларускія настаўнікі, мэдыкі, рабочыя ператварыліся ў так званых «сьпіртавозаў». Для многіх гэта адзіны спосаб пракарміць сям’ю.
Міхаіл Шавель, пасёлак Навінкі, Менскі раён
25.06.2003
Мы з жонкай — былыя настаўнікі. Ужо больш як дзесяць гадоў на пэнсіі, нідзе не працуем. Пэнсія наша на дваіх склала ў сакавіку 213 тысяч 170 рублёў. Трэцяя ў сям’і — дачка, якая ўжо шмат гадоў ня можа знайсьці працу і грашовай дапамогі ніадкуль не атрымлівае. За сакавік за камунальныя паслугі мы заплацілі амаль 70 000 рублёў — гэта значна больш за чвэрць сямейнага даходу. I я вырашыў дамагчыся абяцаныхуладай субсыдыяў.
Два дні разам з жонкай патрацілі на атрыманьне даведак, абышоўшы каля дзясятка
розных кабінэтаў. На трэці дзень накіраваліся грамадзкім транспартам з мноствам перасадак, а потым пешшу — у Ждановічы, дзе месьціцца раённая камунальная служба. А там бухгальтарка, прагледзеўшы нашы паперы, сказала: «Ваш даход вялікі, субсыдыі не паложана. У нас каля сямі тысяч кватэранаймальнікаў, а субсыдыі мы выплацілі толькі сямі ці дзесяці адзінокім старэнькім...»
Вярталіся дамоў абураныя, з сапсаваным настроем. Цешыла толькі думка, што за травень атрымаем крыху большыя пэнсіі. Але і тут надзеі нашы былі марныя. Аказваецца, падвышэньне, пра якое ўлады столькі гаварылі, на нас не распаўсюджваецца. Нас, былых настаўнікаў, інвалідаў (па сутнасьці — амаль жабракоў), чыноўнікі лічаць багатымі й ня вартымі падвышэньня пэнсіі.
У беларускіх вёсках пэнсіянэры ўвогуле лічацца заможнымі — на тле даярак і трактарыстаў, якія ў асобныя месяцы, бывае, ня могуць зарабіць і дваццаці тысяч рублёў. Выглядае, што гэтак жа глядзяць на пэнсіянэраў і чыноўнікі, ад якіх залежыць, ці выдаваць жыльлёвыя субсыдыі. Зь іншага боку, зразумела, што мясцовыя бюджэты ня маюць грошай на такія субсыдыі. Але навошта ў такім разе публічна ўводзіць людзей у зман, марна ганяючы пэнсіянэраў па чыноўніцкіх кабінэтах?