• Газеты, часопісы і г.д.
  • Лісты на Свабоду  Валянцін Жданко

    Лісты на Свабоду

    Валянцін Жданко

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 428с.
    2014
    73.57 МБ
    Дапамога беспрацоўным у большасьці краінаў Эўропы, спадар Чыбісаў, вымяраецца зусім не пяцьцю эўра на дзень. Напрыклад, у Нямеччыне і Францыі штомесячная выплата чалавеку, які не з уласнай віны страціў працу, складае больш як тысячу эўра. Тут увогуле ня можа быць ніякага параўнаньня з заробкамі ў беларускіх калгасах альбо на заводах. Вы, напэўна, маеце на ўвазе беспрытульных бадзягаў, якія і не імкнуцца шукаць
    працу, не стаяць на ўліку на біржах. Такія людзі на Захадзе таксама маюць права на дапамогу, якой хапае на харчаваньне. I гэтая дапамога, сапраўды, сувымерная зь сярэднімі заробкамі ў Беларусі.
    Мікалай Бусел, вёска Дуброва, Сьветлагорскі раён
    06.12.2004
    Я трыццаць гадоў адрабіў у школе і зусім не пагаджаюся са спадаром Алесем Лозкам, які кажа, што школьная адукацыя ў нас добрая. На маю думку, яна кепская, прынамсі ў масавай школе (што ў горадзе, што ў вёсцы). I як жа яна можа быць добрай, калі 99 працэнтаў пэдагогаў — жанчыны? Самі па сабе жанкі — неблагі фактар, але калі іх зашмат ці супэршмат, гэта ўжо бяда. Гэта — масавы канфармізм, згодніцтва, сьляпое выканаўства, дробныя інтрыгі... Гэтае засільле жанчын адмоўна ўплывае на фармаваньне псыхалёгіі дзіцяці, фэмінізуе (у горшым сэнсе) усё, што ахапляе.
    Прычына гэтага — кепскае фінансаваньне. Цяпер прэсінг на настаўніц значна ўзрос. Бязглуздая татальная кантрактызацыя падвысіла дыскамфорт, што ня можа не адбіцца на вучнях. А ўжо пайшла пагалоска пра пляны на ўразаньне працягласьці настаўніцкага адпачынку. Гэта будзе асінавы кол для прафэсіі.
    Адукацыя ня можа быць добрай, калі настаўнік ня ў стане папаўняць свае веды (а рабіць
    гэтатрэбаўвесь час). 3 прычыны беднага заробку мала хто купляе кнігі. Кампутар дома ды інтэрнэт пакуль што для балыпыні — па-за межамі мараў. А ці багата настаўнікаў бачылі белы сьвет? Як прыходзіць летні адпачынак, я мушу брацца за нарыхтоўку сена, дроваў, за бульбу. «Заліты потам горкім вочы...»
    Думаю, спадар Бусел, не выпадае спрачацца з вашымі высновамі адносна беларускага настаўніцтва. Вам — чалавеку, які гэтулькі гадоў аддаў школе — усе гэтыя праблемы знаёмыя значна лепш, чым любым сталічным тэарэтыкам. Заўважу: вельмі значная частка сябраў выбарчых камісіяў усіх узроўняў (і ў горадзе, і асабліва на вёсцы) — гэта якраз тыя настаўніцы, пра якіх вы, спадар Бусел, пішаце. Гэта іх рукамі альбо пры іх маўклівай згодзе праведзеныя апошнія выбары і рэфэрэндум, у выніку якіх у Палату прадстаўнікоў не дапушчаны ніводзін непажаданы для ўлады палітык, а Аляксандар Лукашэнка атрымаў права да канца сваіх дзён балятавацца на пасаду прэзыдэнта. I многае тут тлумачыцца якраз прыніжаным станам беларускага настаўніцтва, яго поўнай залежнасьцю ад мясцовага начальства, яго жабрацкімі заробкамі, неабходнасьцю трымаць гаспадарку і аддаваць час, які патрэбен для самаадукацыі, на сьвінагадоўлю ды нарыхтоўку сена для каровы.
    Апяксей Рэдкі, Магілёў
    06.12.2004
    Апішу вам сцэнку, сьведкам якой я стаў у цэнтры гораду напярэдадні дзяржаўнага сьвята 7 лістапада. Дык вось — мізансцэна. Неахайны каржакаваты мужчына з грузам сабраных на сьметніку бутэлек і паперы яўна ня ўпісваецца ў выгляд сьвяточнага праспэкту, што зіхаціць агнямі. I паставы міліцыянэр разам з грамадзянінам у цывільным перагарадзілі бамжу дарогу і паспрабавалі даставіць яго ў так званы «грамадзкі пункт аховы парадку».
    Ох ужо гэты пункт аховы парадку! Аднаго разу і мне з кумам давялося пабываць там. Але ж і доўга пасьля гэтага ў нас нылі бакі... Але гэта — асобная гісторыя. Напэўна, затрыманы бомж таксама ведаў, што яго чакае, а таму стаў апантана супраціўляцца. Ён, відаць, не здагадваўся, як моцна адным сваім выглядам псуе агульную карціну нашага беларускага дабрабыту, ды яшчэ напярэдадні сьвята вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі.
    На дапамогу міліцыянту і чалавеку ў цывільным прыехаў цэлы мікрааўтобус з амапаўцамі ў плямістых строях. Як галодныя сабакі на мяса, накінуліся яны на зламысьніка. А той мёртвай хваткай ашчаперыў дрэва — і ні ў якую. Як тыя ні спрабавалі разьняць ягоныя рукі, як ні зьбівалі з ног цяжкімі чаравікамі, так і не адарвалі бедака ад дрэва. Побач пачалі зьбірацца людзі. Некаторыя сталі абурацца дзеяньнямі доблеснага АМАПу, спачуваць бамжу. I амапаўцы
    ўрэшце здаліся, не дамогшыся свайго, хуценька зьехалі. Яшчэ хвілін пяць грамадзянін у цывільным пра нешта гаварыў з бамжом, пасьля чаго той нарэшце зь цяжкасьцю адарваў сябе ад дрэва, паслухмяна сабраў раскіданую паперу і разьбітыя бутэлькі — і сышоў у бок кінатэатру «Чырвоная зорка».
    Гэтак жа імгненна падразьдзяленьні АМАПу зьяўляюцца ў баявой амуніцыі, як толькі паступае сыгнал пра тое, што на цэнтральнай плошчы сабралася некалькі хлопцаў зь бел-чырвона-белым сьцягам альбо нехта расклейвае ўлёткі падазронага зьместу. Іншая рэч, калі вас абрабавалі на вуліцы альбо ў транспарце, калі дзе-небудзь у цёмным двары зь мінакоў зьдзекуецца зграя п яных хуліганаў... Тут вы можаце чакаць выкліканай міліцыі і гадзіну, і дзьве... I зьявіцца на выклік не атрад АМАПу з аўтаматамі, а стомлены пажылы ўчастковы альбо двое задыханых пузатых сяржантаў з гумовымі палкамі, якія самі гатовыя ўцякаць, убачыўшы зграю агрэсіўных недаросткаў.
    Віктар Зотаў, Смаргонь
    22.12.2004
    Аднае раніцы зазірнуў у спартыўна-аздараўляльны комплекс прадстаўнік вэртыкалі па ідэалягічнай працы. Акінуўшы строгім позіркам усе куткі, не знайшоў, за што можна было б укалоць. Урэшце зайшоў у пакой, у якім мы захоўваем
    інвэнтар. I ўзрадавана выявіў недахоп, тут жа запатрабаваўшы ўладным голасам:
    — Чаму прэзыдэнт ляжыць, а не вісіць?
    Настаўнік паспрабаваў пярэчыць:
    — Гэта не кабінэт, а інвэнтарны пакой. Я не вінаваты, што нампаліт прынёс і паклаў яго сюды.
    Але работнік ідэалёгіі быў няўмольны:
    — Стол стаіць — значыць, кабінэт. Вы што, павесіць яго ня можаце?
    — Павесім, абавязкова павесім, — бойка абяцае настаўнік, выправаджваючы госьця за дзьверы. А вярнуўшыся, хапае партрэт і з грукатам шпурляеў каналізацыйны люк, прыгаворваючы: «Я на яго глядзець не магу, а тут яшчэ і наганяй за яго атрымліваю».
    Як пісаў Максім Горкі свайму сыну: «Патрыятызм — добра, і нават вельмі някепска, але патрыятызм дурнаваты і тупы — гэта бяда».
    Ёсьць, спадар Зотаў, такі цыркуляр, спушчаны некалькі год таму з прэзыдэнцкай адміністрацыі, паводле якога партрэты Аляксандра Рыгоравіча павінны вісець ва ўсіх чыноўніцкіх і кіраўніцкіх кабінэтах. Розныя ведамствы ініцыятыву падхапілі і пашырылі, распаўсюдзіўшы патрабаваньне на школьныя клясы, студэнцкія аўдыторыі і нават на некаторыя заводзкія цэхі. Магчыма, што справа дойдзе і да падсобных памяшканьняў. Ці дадае гэта патрыятызму — пытаньне спрэчнае. Старэйшае пакаленьне добра памятае час, калі партрэты вялікага правадыра таксама былі абавязковыя паўсюль, у тым ліку на гарадзкіх плошчах і ў вагонах мэтро. Потым гэтыя партрэты дружна спальвалі,
    змагаючыся з наступствамі культу асобы. I, дарэчы, пазьней ужо ніводзін савецкі генсек не адважыўся паўтараць тую практыку з абавязковымі прыжыцьцёвымі партрэтамі. Нават за часы ахвочага да знакаў пашаны Леаніда Ільіча Брэжнева ў кабінэтах партыйнай і савецкай намэнклятуры абавязковым быў партрэт Леніна, але ня Брэжнева.
    2005
    «Цётка Вера — сьціплая працаўніца самагоннай справы: сваёй віны ніколі не адмаўляе...»
    Няма нічога прасьцей, чым уступіць у БРСМ. Гэта пры залічэньні ў камсамол трэба было ведаць імёны членаў Палітбюро і час правядзеньня партыйных зьездаў. А ў БРСМ прымаюць проста так — не пытаючы пра пэрсанальны склад Адміністрацыі прэзыдэнта і колькасьць Усебеларускіх народных сходаў. I ўсё роўна ўсіпупаць у БРСМ ня хочуць...
    Натальля Бойка, Мазыр
    14.02.2005
    Вучуся я ў дзясятай клясе адной з мазырскіх школаў. Школа мая, як, на жаль, і ўсе астатнія гарадзкія школы — расейскамоўная. Мне пакуль толькі пятнаццаць год, але ўжо амаль тры гады як я пачала цікавіцца лёсам нашае мовы, культуры і краіны ўвогуле. Штодзень слухаю ваша радыё, чытаю «Нашу Ніву» ды іншыя беларускія газэты і часопісы.
    Распавяду, як у нас агітавалі за ўступленьне ў БРСМ. Агітатар прыйшоў на клясную гадзіну. Агітацыю пачаў з пахвальбы: маўляў, члены гэтай арганізацыі маюць права на бясплатны пра-
    езд y аўтобусах. Скончыў тым, што без БРСМаўскага пасьведчаньня ня возьмуць ва ўнівэрсытэт. Яшчэ распавёў пра заробкі на ўборцы ўраджаю дзесьці ў Краснадары. Потым я ў яго запытала:«A чым канкрэтна займаецца ваша арганізацыя?» На нейкі час ён разгубіўся. А потым зноў замахаў сваім плястыкавым пасьведчаньнем, загаварыў пра нейкія сходы ды паседжаньні, пра важныя пытаньні, якія там абмяркоўваюцца.
    Зь першага разу ў сьпіс запісаліся восем чалавек. Тады агітатар яшчэ раз зрабіў упор на праблемы з унівэрам і заробкі ў Краснадары. Колькасьць завэрбаваных павялічылася да 21 чалавека. I гэта дэмакратыя? Пад канец агітатар зьвярнуўся асабіста да мяне: «А вам, дзевушка, была бы асобенна палезна ўступіць у рады БРСМ». Я не стрымалася, кажу:«Лепш я ў каровіну ляпёшку ўступлю, чым у гэты ваш БРСМ». Агітатар прыгразіў: «Вы яшчо пажалееце, да позна будзет». А клясная на мяне адразу накінулася: «Ты што, як так можна гаварыць...»
    Ніводзін беларускі закон, Наташа, не дае ўладальнікам бээрсээмаўскіх пасьведчаньняў перавагаў пры паступленьні ў ВНУ альбо дазволу на бясплатны праезд у грамадзкім транспарце. I калі вам і вашым аднаклясьнікам абяцаў усё гэта райкамаўскі функцыянэр, дык ён папросту хлусіў. Відавочна, як і ў колішнія камуністычныя часы, яму давялі разнарадку — колькі моладзі ён павінен, так бы мовіць, «уцягнуць у шэрагі» — вось і пайшоў таварыш па школах: там падлеткі легкаверныя, недасьведчаныя, на іх лёгка паўплываць з дапамогай настаўнікаў. Гэта ж ня тое, што на заводзе альбо
    ва ўстанове суполкі ствараць — там фантазіямі на тэму высокіх заробкаў у кубанскіх калгасах ня дужа каго зацягнеш у палітычную арганізацыю, мэта якой — падтрымка дзейнай улады.
    Мэтады цалкам камсамольскія: да 1991 году школьнікаў дакладна гэтак жа гуртом заганялі на бюро райкамаў камсамолу, выдавалі камсамольскія білеты, вабілі высокімі заробкамі на камсамольскіх будоўлях ды прымушалі зьбіраць складкі невядома на што. Праўда, тады ўсё ж любы агітатар пачынаў размову не з ільготаў і прывілеяў, а з высокай адказнасьці за выхаваньне маладога пакаленьня будаўнікоў камунізму. Потым, аднак, выявілася, што многія высокапастаўленыя камсамольскія функцыянэры першымі здрадзілі сваім высокім камуністычным ідэалам і апынуліся ў першых шэрагах тых, хто пачаў прыватызаваць былую партыйную і камсамольскую маёмасьць. Многія колішнія камсамольскія сакратары, якія ў свой час апантана заклікалі змагацца з капіталізмам, сталі банкірамі, уладальнікамі прыватных кампаніяў, пасьпяховымі мэнэджэрамі. Можна толькі здагадвацца, які лёс чакае сёньняшніх бээрсээмаўскіх сакратароў, якія зацята змагаюцца з дэмакратычнай апазыцыяй, прымушаючы моладзь калі ня верыць, то хоць бы рабіць выгляд, што толькі сёньняшняя ўлада мае права кіраваць беларускай дзяржавай.