• Газеты, часопісы і г.д.
  • Лісты на Свабоду  Валянцін Жданко

    Лісты на Свабоду

    Валянцін Жданко

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 428с.
    2014
    73.57 МБ
    Ня сёньня і ня ўчора, спадар Дзякевіч, прыйшлі п’янства і самагонны бізнэс у беларускую вёску. I для Расеі гэтая праблема стала вострай зусім не цяпер, а шмат год (калі не стагодзьдзяў) таму. A памятаеце апошнюю антыалькагольную кампанію
    канца 1980-х гадоў? Зачынялі вінна-гарэлачныя заводы, абмяжоўвалі час працы крамаў, высякалі вінаграднікі, нават стварылі Ўсесаюзнае таварыства барацьбы за цьвярозасьць... А самагоншчыкаў судзілі выязныя суды ў вёсках, на месцы, так бы мовіць, «злачынства». Зьбіралі людзей у мясцовых клюбах, прыяжджала начальства... Быў разьлік на выхаваўчы эфэкт грамадзкага асуджэньня.
    На адным такім судзе ў вашых, спадар Дзякевіч, мясьцінах мне давялося пабываць у 1987 годзе (я працаваў тады карэспандэнтам у шчучынскай раённай газэце). Было прылюднае зьнішчэньне трохсот літраў брагі, быў суд, былі сьлёзы асуджанай жанчыны, якая адна выхоўвала чатырох дзяцей. I было спачуваньне ўсіх прысутных аднавяскоўцаў, многія зь якіх самі займаліся гэтай жа справай, бо без «паўлітра» на вёсцы ні каня здабыць, ні соткі апрацаваць. I ніякага грамадзкага асуджэньня ў тым вясковым клюбе я не заўважыў. Думаю, нямногае зьмянілася ў гэтай справе і цяпер, амаль праз дваццаць гадоў.
    Мікалай Пуцейка, Магілёў
    04.07.2005
    Амаль усе мае суседзі — беспрацоўныя. Адзін вымушаны быў звольніцца зь «ляжачага» заводу, на якім па паўгода не плацілі мізэрных заробкаў. Другі кінуў працу ў школе, бо ня мог за сьціплую настаўніцкую зарплату пракарміць вялікую сям’ю. Трэцяга скарацілі з навукова-дасьледчага інстытуту. I ў той жа час амаль штодня я чую і
    бачу, як улада хваліцца, што ў Беларусі амаль няма беспрацоўя. Статыстыка падае, што беспрацоўных — 1,5%. А вось у Нямеччыне ажно 10%. I там, маўляў, людзі гаруюць. Але ж гэта хлусьня. Адкуль яны бяруць гэтыя лічбы?
    Я часта ежджу ў вёску ў Касьцюковіцкі раён. Бяз працы там кожны другі. Ісьці ў калгас за сорак тысяч рублёў ня хочуць, гэта мізэрныя грошы, А на ўлік у службе занятасьці іх ня ставяць. Кажуць: «Вы не беспрацоўныя, ідзеце ў калгас: такім, як вы, дапамогу па беспрацоўі плаціць ня можам».
    Вы самі, спадар Пуцейка, апісалі мэханізм таго, як ствараецца гэткая нібыта суцяшальная статыстыка адносна беспрацоўя. Адно — што ня ставяць на ўлік тых, хто ня хоча працаваць на нізкааплатных месцах. А другое — дапамогі па беспрацоўі ў Беларусі настолькі мізэрныя, а іх атрыманьне абстаўлена такімі складанымі бюракратычнымі працэдурамі (а яшчэ і абавязковымі прыніжальнымі грамадзкімі працамі), што многія людзі, страціўшы працу, не становяцца на афіцыйны ўлік. Самастойна шукаюць спосабаў выжываньня: выяжджаюць на заробкі за мяжу, займаюцца нелегальнай альбо паўлегальнай дзейнасьцю — дробным гандлем, рамёствамі, транспартнымі паслугамі.
    Рэальнае беспрацоўе ў Беларусі, як сьцьвярджаюць многія адмыслоўцы, прынамсі ў некалькі разоў вышэйшае за той нізкі ўзровень, які абвяшчаецца афіцыйна. Але дакладная лічба невядомая. Вызначыць яе даволі проста, калі выкарыстаць тыя мэтодыкі, якімі карыстаюцца ў заходніх краінах. Але ў Беларусі такога жаданьня не выяўляюць.
    Яўгенія Казлова, Ворша
    11.07.2005
    Пішу вам на просьбу некалькіх знаёмых жанчын, якія падзяліліся сваімі праблемамі. Работа ў гэтых жанчын сэзонная, на час працы аздараўляльнага дзіцячага лягера. Сталую працу яны страцілі пасьля таго, як закрылі прафілякторый, які наведвалі ў асноўным рабочыя льнокамбінату. У выніку жанчыны даведзеныя да галечы. «А навошта ж вы, даражэнькія, у такім разе хадзілі на выбары і рэфэрэндумы?» — пытаюся. — «Дык жа гналі», — быў адказ. Людзі даведзеныя да адчаю. Толькі адны выказваюцца, а другія маўчаць. На заводзе швейных машын заробак у многіх — 40-60 тысяч. Тры дні працуюць, чатыры гуляюць. Пра гэта я даведалася ад жанчыны, якая там працуе. Калі, кажа, скончыцца гэты зьдзек?
    А адну маю добрую знаёмую, якая працавала ў раддоме, звольнілі на наступны дзень пасьля таго, як ёй споўнілася 55 год. He працягнулі так званы «кантракт». I няма куды паскардзіцца, бо гэта ўзаконена. Людзі безабаронныя і бяспраўныя. А я шмат каму казала і 10, і 8, і 6 год таму: будзеце яшчэ плакаць з прычыны такога выбару. Плацяць грошай паўсюль мала, а вось забраць хочуць як мага болей. Напрыклад, пры аплаце камунальных паслуг налічваюць дадатковую плату за так званую «лішнюю» плошчу. Якую лішнюю? Я за кожны сантымэтар сваёй каапэратыўнай кватэры заплаціла яшчэ ў 1991 годзе. Да мяне прыяжджаюць дзеці, прыходзяць сябры.
    У гэтай кватэры я пражыла 19 год. Хто вырашыў, што 56 квадратных мэтраў — гэта замнога? Гвалт. Усе абураюцца. А вынікаў ад нашага абурэньня ніякіх.
    У сёньняшняй Беларусі гэта, спадарыня Казлова, масавая зьява — калі людзі працуюць па некалькі дзён на тыдзень, калі іх на доўгі час выпраўляюць у вымушаныя адпачынкі альбо пераводзяць на сэзонную працу. Пры гэтым яны ня лічацца беспрацоўнымі, і, адпаведна, афіцыйная лічба беспрацоўя ў Беларусі застаецца надзвычай нізкай, на ўзроўні аднаго-двух працэнтаў. Вось толькі ці можна гэта лічыць дасягненьнем і паказьнікам пасьпяховай сацыяльнай палітыкі?
    Вядома, было б іншай крайнасьцю — увогуле ліквідаваць нерэнтабэльную вытворчасьць і пакінуць людзей бяз працы: улада небеспадстаўна пабойваецца такога разьвіцьця падзеяў. Але ёсьць і іншыя варыянты (і яны, дарэчы, апрабаваныя ў многіх краінах Усходняй Эўропы), калі буйныя нерэнтабэльныя вытворчасьці, якія засталіся ў спадчыну ад сацыялізму, прыватызуюць і рэарганізуюць паступова, абавязваючы ў той жа час новых уласьнікаў ствараць працоўныя месцы для скарочаных работнікаў ды інвэставаць у сацыяльную сфэру.
    Мікалай Бельскі, вёска Малая Беліца, Сеньненскіраён
    01.08.2005
    Усё пачалося з таго, што я, добра ведаючы тэхніку, зацікавіўся старым збожжаўборачным камбайнам, які ўжо некалькі гадоў ржавеў, напаўразабраны, у быльнягу. Гэта быў стары савецкі СК-5 «Ніва». Дакладней, у тым выглядзе, у якім я за яго ўзяўся, гэта была хутчэй гара мурзатага, нікому не патрэбнага мэталалому. Раней я шмат часу займаўся рамонтам і рэканструкцыяй саўгаснай тэхнікі. I падумаў: чаму б не паспрабаваць вярнуць гэты лом да жыцьця? Камбайн начальства пагадзілася аддаць — замест заробленых мной грошай. Я нямала папацеў над ім і такі паставіў на колы, якія валяліся і яшчэ дзе-нідзе валяюцца на прасторах саўгасных палёў, раскіданыя ды паўзасыпаныя ў канавах.
    Працаваў на ім, малаціў людзям збожжа. Але пасьля таго як зламаў нагу (і дагэтуль кульгаю), камбайн гэты я вырашыў прадаць, каб паставіць помнік на бацькавай магіле. I прадаў, але ненадоўга. Аказалася, улада апомнілася і ўжо ня лічыць мой камбайн мэталаломам. Чалавек, якому я яго прадаў, спалохаўся: начальнікі яму сказалі, што гэты камбайн на балянсе сельсавету.
    Амаль у кожным калгасе знойдзецца хаця б адзін такі майстар залатыя рукі, здольны ўдыхнуць жыцьцё ў даўно сьпісаную тэхніку, якая гадамі зарастае быльнягом, псуючы навакольныя кра-
    явіды. I заўсёды такія майстры сутыкаліся зь непрыемнасьцямі, калі ім удавалася дасягнуць сваёй мэты. Ламачынай, якая раней толькі мазоліла вочы ды раздражняла начальнікаў, гэтыя ж начальнікі пачыналі жыва цікавіцца, як толькі яна атрымлівала здольнасьць рухацца па дарозе ды працаваць. Знаходзіліся раптам дакумэнты пра тое, што гэтая тэхніка дагэтуль у некага на балянсе, што яна на ўліку ў дзяржаўтаінспэкцыі. А майстра адразу падазравалі ў атрыманьні так званых «непрацоўных даходаў». У савецкі час такія гісторыі заканчваліся, як правіла, аднолькавым фіналам: тэхніку ў майстра забіралі, вярталі ў калгас, а самога яго часам яшчэ і да адказнасьці прыцягвалі. Рэквізаваны трактар ці камбайн, адпрацаваўшы нейкі час, бяз дбайных рук зноў ламаўся. I ўрэшце займаў сваё звыклае месца пад плотам.
    He сумняюся, спадар Бельскі, што так будзе і ў выпадку з вашым камбайнам. Калі толькі ня знойдзецца ў калгасе ці раёне начальнік, здольны справядліва разабрацца ў гэтай гісторыі і прадбачыць яе найбольш верагодны вынік.
    Яніна Кучынская, Воранава
    10.08.2005
    Я — пэнсіянэрка, вольнага часу хапае, слухаю розныя радыёстанцыі й цудоўна бачу, дзе праўда, а дзе хлусьня. Вось вы раіце нашаму народу браць прыклад з польскай рэвалюцыі 1980 году. Але навошта нам іхная рэвалюцыя? Я й мае знаёмыя ня хочам жыць так, як жывуць у Польшчы.
    Там для простага чалавека няма нічога добрага. Вялікае беспрацоўе. Уся моладзь бегае па Эўропе — шукае, дзе зарабіць капейку. Пэнсіянэры аддаюць усе свае пэнсіі на камунальныя паслугі, лекі ды дактароў... Я ўсё гэта добра ведаю, бо ў мяне там сваякі.
    А як жыве Прыбалтыка? У вёсках уся гаспадарка закінута. Дый у гарадох працы няма. Моладзь па Эўропе чысьціць туалеты капіталістам. Старыя дажываюць свой век. Уся іхная тэрыторыя неўзабаве будзе аддадзена амэрыканцам пад базы й палігоны. Калёнія, адным словам.
    А ў нас у Беларусі ўлада народная, а жыцьцё з кожным годам становіцца ўсё лепшым. За ўсё маё жыцьцё ў нас такога добрага ўраду яшчэ не было. Лукашэнка аддае ўсё сваё здароўе, усе сілы для свайго народу. А ня дай бог, уладу возьме апазыцыя — усе мы станем рабамі капіталістаў.
    Балюча слухаць пра ўсю гэтую бойку, якую распачалі палякі супраць Беларусі пад дыктоўку Буша. Якой свабоды нам не хапае? Глядзім што хочам, чытаем што ўздумаецца. Усяго хапае: жыві ды радуйся. Міліцыя ахоўвае ад хуліганаў. Жывем спакойна, добра. Чаго яшчэ трэба? Засумавалі па алігархах? Каб усё, што належыць народу, перайшло ў рукі некалькіх багацеяў і яны намі кіравалі? Ня дай бог, каб такое з намі калінебудзь адбылося.
    Так, спадарыня Кучынская, моладзь і ў Польшчы, і ў краінах Балтыі шмат падарожнічае, часта езьдзіць на заробкі ў эўрапейскія краіны. Аднак, заўважце, ніхто адтуль ня едзе на заробкі альбо на сталае месца жыхарства ў Беларусь. Вы не за-
    думваліся, зь якой прычыны так адбываецца, калі, паводле вас, у Беларусі і беспрацоўя няма, і заробкі добрыя, і жыцьцё спакойнае?
    3 тым, што ў Беларусі можна чытаць і глядзець што хочаш, таксама хочацца паспрачацца. Беларускія тэлеканалы (а іншыя на большай частцы тэрыторыі Беларусі прымаць немагчыма) — усе дзяржаўныя, на іх адлюстроўваецца толькі адзін пункт гледжаньня, іншадумцам допуску туды няма. Недзяржаўнай палітычнай прэсы ў Беларусі таксама амаль не засталося: некалькі газэт, якія пакуль друкуюцца, зазнаюць вялікі ўціск, перашкоды з распаўсюдам — і таму да правінцыі часта не даходзяць.