Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
Алег Астаповіч, Асіповіцкі раён
15.03.2005
У вёсцы, дзе жыве мая маці, закрылі адзіны ў акрузе фэльчарска-акушэрскі пункт. Цяпер да бліжэйшай паліклінікі — дваццаць пяць кілямэтраў. Хуткай дапамогі часам чакаем суткамі: у іх то бэнзіну няма, то машына сапсавалася, то дарогу сьнегам замяло. Пайшоў я ў райвыканкам, а там мае скаргі і слухаць ня хочуць. Нявыгадна, кажуць, утрымліваць вясковы ФАП — дорага, у раёне на гэта няма грошай. I ўвогуле, гэта дзяржаўная палітыка — называецца «аптымізацыя сеткі ўстановаў аховы здароўя». У перакладзе з чыноўніцкай мовы на беларускую гэта азначае, што ні шпіталяў, ні паліклінік, ні ФАПаў у большасьці вёсак увогуле не застанецца: лячыцеся, калгасьнікі, як хочаце. У райвыканкаме мне яшчэ і параду Лукашэнкі нагадалі: шукайце, кажуць, здароўе не ў паліклініцы, a на стадыёне ці ў спартзалі. Вельмі дарэчы гэтая парада дзьвюм сотням адзінокіх старых, якім і ў маладосьці было не да спортпляцовак. Для іх замест лыжных трасаў ды канькоў былі каса на сенажаці ды плуг на ворыве.
Сапраўды, спадар Астаповіч, утрымліваць шырокую сетку вясковых ФАПаў ды паліклінік, якая існавала апошнія дзесяцігодзьдзі, справа нятанная. Праўда, гэта не даражэй, чым будаўніцтва ды ўтрыманьне лядовых палацаў ва ўсіх абласных цэнтрах, а таксама гарналыжных комплексаў ды футбольных манэжаў у сталіцы і яе ваколіцах. Каб
аплачваць і адно, і другое, грошай у ня надта багатай беларускай дзяржавы не хапае. На карысьць чаго зрабіла выбар улада — многія вясковыя жыхары бачаць на прыкладзе ўласных вёсак. I гэта пры тым, што ніякай бясплатнай мэдыцыны гэтыя старыя вясковыя людзі ніколі ня мелі. Сьціплыя амбуляторыі ды ФАПы даўно і на шмат гадоў наперад аплачаныя дзесяцігодзьдзямі цяжкой працы, за якую нашым бацькам і маці ў калгасах спачатку нічога не плацілі, а потым плацілі капейкі.
Галіна Сутула, Глыбокае
16.03.2005
Адна мая знаёмая мае сваякоў у Аўстраліі. Раз на тры месяцы яны высылаюць ёй дапамогу. Мая знаёмая не гуляе, не раскашуе на яе. Працуе на дзяржаўнай службе, мае соткі, трымае скаціну. A за замежную дапамогу купляе неабходнае, на што ня здольная зарабіць на працы — сабе і дзеткам абутак, мэблю, дабудоўвае хату. Атрымліваецца, замежныя даляры і эўра ідуць на пад’ём нашых беларускіх вытворцаў. Чыноўнікі павінны б дзякуй сказаць грамадзянам за гэтыя інвэстыцыі, за тое, што людзі самі робяць тое, што павінна рабіць дзяржава. Дык жа не — замест гэтага прэзыдэнцкім указам уведзена абавязковая рэгістрацыя такой дапамогі, а ўсе банкі і пошты павінны здаваць у падатковыя інспэкцыі зьвесткі аб прыбытках, якія пералічаныя беларусам з-за мяжы. Гэты дэкрэт ставіць крыж на тых
невялікіх інвэстыцыях, якія зь неймавернай цяжкасьцю здабываюць нашы суайчыньнікі.
Дэкрэт, пра які вы, спадарыня Сутула, згадваеце, выклікаў вялікае абурэньне сярод дзясяткаў тысяч беларусаў, якім родныя і сябры час ад часу дасылаюць з-за мяжы невялікую дапамогу. Атрымліваецца, нават калі табе належыць атрымаць сьціплую суму, некалькі дзясяткаў даляраў — спачатку трэба зарэгістраваць яе ў Менску і паведаміць чыноўнікам, на што зьбіраесься патраціць грошы. А ўжо яны вырашаюць, ці варта даваць такі дазвол. Для многіх адна толькі дарога ў Менск і назад каштуе болей, чым той грашовы перавод. А колькі патрэбна чыноўнікаў, каб усё гэта рэгістраваць, улічваць, даваць дазволы...
Відавочна, рабілася ўсё гэта дзеля таго, каб кантраляваць замежную дапамогу, не дапусьціць фінансаваньня апазыцыі, абкласьці падаткам кожны даляр з-за мяжы. Але праіснуе ўказ у сваім першапачатковым выглядзе, відаць, нядоўга. Прынамсі, днямі ўлады заявілі пра свой намер унесьці ў яго істотныя зьмены: абяцаюць, што з 1 красавіка сумы прыблізна да трохсот трыццаці даляраў рэгістраваць не спатрэбіцца. Чыноўнікі мусілі гэта зрабіць, бо, з аднаго боку, былі закіданыя шматлікімі скаргамі, а з другога — ніякага істотнага эфэкту жорсткі парадак не прынёс. Апазыцыю ён не напалохаў, а вось паток грашовых пераводаўу Беларусь у выніку істотна скараціўся. Чыноўнікі ня толькі не атрымалі новых падаткаў, на якія разьлічвалі: празь неразумнае рашэньне дзяржава страціла дадатковыя рэсурсы, якія ў канчатковым выніку ішлі на разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі.
Міхаіл Валошка, Маладэчна
04.05.2005
Заўважаю, наколькі болып стала ў нас хворых. Калі, напрыклад, у Маладэчне яшчэ некалькі год таму цяжка было трапіць толькі да стаматоляга, дык цяпер, каб узяць талён нават да тэрапэўта (ня кажучы ўжо пра кардыёляга, эндакрыноляга, нэўрапатоляга ці ўроляга), трэба быць ля дзьвярэй паліклінікі ўжо а пятай гадзіне раніцы. I то — трапіш, калі пашанцуе. А колькі стала хворых на шчытападобную залозу! А гэта ж хвароба, непасрэдна зьвязаная з Чарнобылем. I выяўляюць яе часта выпадкова, пры абшырным дасьледаваньні, альбо ўжо тады, як яна адчувальна заяўляе пра сябе.
Людзі застаюцца жыць на забруджаных тэрыторыях з прычыны сваёй непісьменнасьці ў гэтым пытаньні, толкам не ўяўляючы, якая бяда чакае калі ня іх, дык іхных дзяцей, унукаў, праўнукаў. А ўлады, замест таго каб праўдзіва і кваліфікавана інфармаваць свой народ пра гэтую бяду, замоўчваюць альбо нават дэзынфармуюць людзей. Ды яшчэ накіроўваюць туды маладых спэцыялістаў, загадваюць вырошчваць там прадукты харчаваньня. Што гэта, калі не злачынства супраць свайго народу? I калі будзе суд над цяперашняй уладай (а ён абавязкова будзе), то галоўным абвінавачаньнем, лічу, стане гэта. Навукоўцы, якія маўчаць пра сапраўдныя маштабы бяды, таксама не застануцца без увагі правасудзьдзя.
Самае жахлівае, калі нашы ўнукі ці праўнукі зададуць нам простае і страшнае пытаньне: «Навошта вы, самі хворыя, нараджалі на гэты сьвет нас — яшчэ больш хворых? I як нам цяпер жыць?» А яшчэ скажуць, што трэба было ад гэтай бяды ўцякаць куды вочы глядзяць, як калісьці ўцякалі ад фашысцкай чумы нашы продкі.
Ня ўсе, спадар Валошка, уцякалі ад фашысцкай чумы. Многім не было куды і не было як уцякаць. А многія засталіся сьвядома, бо ніколі не пакідалі сваёй зямлі, які б акупант ні прыходзіў. Гэтак было і ў часе Чарнобылю. Цяжка дакараць людзей, якія ня ведалі і ня ведаюць усёй праўды пра тое, што чакае іх ды іхных дзяцей. Хоць тут трэба мець на ўвазе і тое, што адзінай думкі пра сапраўдныя наступствы катастрофы няма і сярод спэцыялістаў. Але, у кожным разе, калі існуе рызыка і небясьпека для жыцьця ды здароўя, лепш перастрахавацца, чым рызыкаваць дзеля прывідных матэрыяльных дабротаў. I тут вы, спадар Валошка, маеце рацыю: вялізная адказнасьць кладзецца на ўладу, бо менавіта ад яе рашэньняў залежала і залежыць тое, ці будуць людзі ведаць праўду і ці будзе ў іх права на сьвядомы, асэнсаваны выбар.
Аляксандар Івановіч, Менск
10.05.2005
Няўжо можна паверыць, што людзям усё гэта падабаецца: кантрактная сыстэма, прымусовыя суботнікі, на якіх трэба бясплатна працаваць на скразьняках у халодных цэхах, розныя паборы,
пастаянны рост цэнаў на ўсе прадукты, паслугі і асабліва на лекі? Я пацікавіўся статыстыкай: імклівае скарачэньне насельніцтва Беларусі пачалося ў 1994 годзе, калі адбыліся першыя прэзыдэнцкія выбары. Мяне гэта не зьдзіўляе. Просты рабочы, пэнсіянэр ня могуць купіць патрэбных лекаў, кепска харчуюцца, п’юць розную дрэнь. Многія не дажываюць да пэнсіі. За дзесяць год беларусаў стала меней амаль на мільён. I гэта ўлада называе «стабільнасьцю» ды «ростам дабрабыту»? Стабільна ў нас цяпер працуюць хіба што пахавальныя канторы.
Хто аддаў загад засяваць чарнобыльскую зону? Нядаўна я зайшоў у гарадзкі анкалягічны дыспансэр. А там народу, як у Маскве на Казанскім вакзале. Каб трапіць да доктара, трэба запісацца ды месяц чакаць. А што зь лекамі? Нібыта пэнсіянэры ды інваліды могуць атрымаць іх па льготных рэцэптах. Але, аказваецца, лекары атрымалі загад не выпісваць ільготнікам дарагіх (а гэта значыць — якасных, эфэктыўных) лекаў. Я паслаў міністру аховы здароўя Пастаялцы тры лісты на гэтую тэму — ніводнага адказу не атрымаў.
Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдняя працягласьць жыцьця мужчын у Беларусі ў 1986 годзе складала больш як 67 гадоў, у 2001-м — толькі 63 гады. Такім чынам, сярэдні беларус атрымлівае пэнсію на працягу ўсяго трох гадоў. Для дзяржаўнага Пэнсійнага фонду — вялікая эканомія. Калі верыць афіцыйным зьвесткам, эканоміка Беларусі дасягнула і перавысіла ўзровень самых пасьпяховых савецкіх гадоў. Але ні на працягласьці жыцьця,
ні на нараджальнасьці гэта чамусьці не адбіваецца. Насельніцтва Беларусі скарачаецца ўжо адзінаццаты год запар.
Кірыл Макееу, Менск
15.06.2005
Распавяду пра тое, як у студэнцкім асяродзьдзі ўспрынялі нядаўні загад міністра адукацыі Аляксандра Радзькова, паводле якога студэнты, што ўдзельнічаюць у апазыцыйных акцыях пратэсту, могуць быць выключаныя са сваіх навучальных установаў.
Вядома, гэта спыніць студэнтаў. Асабліва тых, якія вучацца на бюджэтныя грошы, атрымліваюць стыпэндыю. У іх проста няма выбару. Страціш месца вучобы — застанесься ні з чым. Асабліва калі твае бацькі ў вёсцы і жывуць на мізэрную зарплату. Але гэта ня значыць, што студэнты пачнуць думаць па-іншаму. У сваёй групе я ўвогуле ня ведаю ніводнага чалавека, які б падтрымліваў палітыку Лукашэнкі. Дый выкладчыкі ня надта стараюцца прапагандаваць палітыку кіраўніцтва. Многія зь іх скрозь пальцы глядзяць на апазыцыйныя погляды студэнтаў і нават цішком падтрымліваюць апазыцыянэраў.
Многія з вашых выкладчыкаў, Кірыл, за апошнія дзесяцігодзьдзі перажылі не адну зьмену ўлады і на ўласным досьведзе пераканаліся, як ператвараюцца ў пыл учорашнія ідалы, якіх абагаўлялі
і якім пакорна служылі. Адсюль, напэўна, і такое стаўленьне многіх выкладчыкаў да намаганьняў сёньняшняй улады зноў зрабіць іх інструмэнтамі прапаганды і агітацыі.
Зыгмунт Дзякевіч, вёска Пяньценішкі, Воранаўскі раён
29.06.2005
Апошнім часам Расею захліснула хваля п’янства ды наркаманіі. Паступова гэтая хваля перакідваецца і на тэрыторыю нашай незалежнай дзяржавы. Таму шмат цяпер клопатаў у міліцыянтаў — шукаюць самагоншчыкаў ды гандляроў, якія займаюцца нелегальнай рэалізацыяй гарэлкі. У адну зь мінулых суботаў у адной толькі вёсцы Пашкавічы выявілі адразу тры такія падпольныя гарэлачныя «пункты».
А самыя дасьведчаныя самагоншчыкі ў нашай акрузе — у вёсцы Больцішкі. Усе там ведаюць цётку Веру. Стаж у яе ў гэтай справе велізарны, і пратаколаў з гэтай нагоды пісана-перапісана. Але можна яе і пахваліць, гэтую сьціплую працаўніцу самагоннай справы: сваёй віны яна ніколі не адмаўляе, адразу пагаджаецца з усімі абвінавачаньнямі.