Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
Дзякуй вам, Ірына, за шчыры, цікавы ліст, за глыбокія развагі і мудрыя высновы. Наўрад ці можна нешта дадаць да вашага аналізу той сыстэмы, якая склалася ў Беларусі ў дачыненьнях паміж уладай і прыватным бізнэсам. Адчуваецца, што гэтыя развагі грунтуюцца на глыбокім веданьні справы, на шматгадовым уласным досьведзе, уласных стратах, расчараваньнях і адкрыцьцях. Вось толькі што да высноваў пра сучасную моладзь... I цяпер, і дзесяць гадоў таму, і заўсёды былі канфармісты, прыстасаванцы, абыякавыя да палітыкі
й нават да ўласнай будучыні. Але вось жа ў сёлетнім сьцюдзёным сакавіку на Кастрычніцкай плошчы Менску невядома адкуль зьявіліся гэтыя маладыя бясстрашныя людзі. I гэта пасьля дзесяцігодзьдзя татальнай ідэалягічнай апрацоўкі, ва ўмовах усеагульнай запалоханасьці й падазронасьці. Такіх людзей (ня толькі маладых) у Беларусі шмат. Мяркую так, сярод іншага, па пошце Свабоды, у тым ліку і па вашым, Ірына, лісьце.
Іван Цімафейчык, вёска Мадзейкі, Зэльвенскі раён
12.07.2006
Жыву разам з калегамі ў васьмікватэрным настаўніцкім доме пры школе. Камунальныя беды для нас пачаліся ў далёкім ужо 1995 годзе. 3 надыходам восеньскіх халадоў спачатку, як у нас бывае, выйшла з ладу водазаборная сьвідравіна. А пазьней размарозілі ўсе батарэі ў школе. Лічы, усю зіму былі безь цяпла. Тым, хто пасьпеў змайстраваць печку, было лягчэй. А мне... Вада ў вядры ў кватэры перамярзала. Тройчы я наведваў адміністрацыю прэзыдэнта і Саўмін. Усё марна: там мае скаргі прапускалі міма вушэй. А ў райвыканкаме, каб зручней было адгаворвацца, склалі паперу, што ўмаёй кватэры нібыта як «очаг обогрева» ўладкаваныя дзьве мэталічныя печкі. Былы старшыня райвыканкаму Віктар Будрэвіч называў іх «душагрэйкамі». Гэта звычайныя печкі-«буржуйкі». Але ніякага
іхуладкаваньня не было. Неяк прынесьлі са школы такую печку, паставілі ў кутку кватэры і пра ўладкаваньне забыліся.
Доўгі час гэтую печ не маглі змантаваць. Потым нарэшце змантавалі, але няправільна вывелі комін праз вэнтыляцыйныя шахты, у выніку чаго парушылася вэнтыляцыя, і ў кватэры стала занадта вільготна, сыра.
3 гэтай прычыны ў мяне пастаянныя бранхіты. I куды я толькі ні зьвяртаўся: у адказ — адны адпіскі. Скончылася ўсё тым, што губэрнатар Гарадзенскай вобласьці Саўчанка выдаў адмысловае распараджэньне ад 29 сьнежня мінулага году: на мае звароты не рэагаваць. Вось ён, клопат пра інвалідаў і састарэлых.
Разам зь лістом Іван Цімафейчык даслаў фатаздымкі свайго шматпакутнага жытла. Што ў іх уражвае — ня столькі брудныя рагі вільгаці на столі й сьценах, колькі выгляд мэталічнай печкібуржуйкі ў інтэр’еры цеснай кухні тыпавога шматкватэрнага дому. Шматмэтровы комін печкі вужакай агінае ўсё памяшканьне й хаваецца ў адтуліне вэнтыляцыі. I гэта — у XXI стагодзьдзі, у сучаснай беларускай вёсцы, у якой нават трыццаць і сорак гадоў таму гэтыя дамы будавалі, прадугледжваючы ў іх сыстэмы цэнтральнага ацяпленьня й каналізацыі. Атрыбут галечы і грамадзянскай вайны зрабілі нормай. А чалавека, які імкнецца даказаць абсурднасьць, ненармальнасьць такой сытуацыі, запісалі ў суцяжнікі й на ўзроўні кіраўніка вобласьці забаранілі рэагаваць на ягоныя звароты й заявы.
Аляксандар Макараў, Ліда
02.08.2006
Калі чую па дзяржаўным тэлебачаньні й радыё казкі пра «ўздым эканомікі» і «рост заробкаў» — мне робіцца сьмешна. Ведаю, што на болыпасьці прадпрыемстваў Лідчыны, акрамя рэдкіх выключэньняў, заробкі ад ста да трохсот тысяч рублёў. Калі ў прымусовым парадку людзі працуюць па дванаццаць гадзін у дзень і па сьвятах, тады заробак можа даходзіць да трохсот-пяцісот тысяч, але гэта — ня праца, а зьдзекі. Такая зьява ёсьць на некаторых прадпрыемствах. А на некаторых, наадварот, працуюць па тры-чатыры дні на тыдзень. Вось такая ў нас «заможная й квітнеючая Беларусь».
У ліпені я аб’езьдзіў шмат беларускіх вёсак. Быў і ў вас на Лідчыне, спадар Макараў. Калі вясковыя людзі чуюць, што сярэдні заробак у Беларусі, згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, набліжаецца да шасьцісот тысяч рублёў, дык абураюцца й лаюцца. У большасьці калгасаў зарабіць хоць бы дзьвесьце тысяч — вялікая ўдача. Таму шмат хто ў працаздольным узросьце зайздросьціць пэнсіянэрам і чакае, каб хутчэй выйсьці на пэнсію.
У пераліку на замежную валюту заробкі й пэнсіі за апошнія гады сапраўды вырасьлі. Але ці вырас з гэтай прычыны ўзровень жыцьця? Адметны факт: раней у памежнай зоне некаторыя мелі неблагі прыбытак з таго, што вазілі танныя беларускія тавары ў суседнія раёны Літвы й Польшчы. Цяпер такі бізнэс зусім заняпаў, бо практычна ўсё ў Беларусі
даражэйшае, чым у суседзяў. А беларуская мытня цяпер сочыць, каб ужо з-за мяжы людзі ня ўвозілі значна таньнейшых харчовых і прамысловых тавараў.
Зьміцер Марчук, Менск
02.08.2006
Вельмі часта можна ўбачыць у менскіх дварах кампаніі, якія адкрыта расьпіваюць спіртовыя напоі — з крыкамі, лаянкай, а часам і з бойкамі, нават з нажамі. Пасьля іх застаюцца ня толькі сьмецьце й пляшкі, але, здараецца, і крывавыя плямы — на зямлі й на душы. Страшна выпускаць дзяцей на вуліцу. Масавае п’янства ў fleapax становіцца звычайнай зьявай, ад якой адно гора! Праз п’янства губляюць працу, хварэюць і рана паміраюць. Распадаюцца сем’і. Дзеці жывуць у сораме за сваіх п’яных бацькоў, якія ня могуць іх пракарміць і апрануць. Як жа хутка падае духоўнасьць грамадзтва! Суседзі дому № 22 (корпус 1) па вуліцы Адзінцова ўжо больш за 5 гадоў змагаюцца з раённай уладай і кампаніямі алькаголікаў за законнае права адпачываць і жыць у ціхім і чыстым горадзе. Навошта тады плаціць падаткі, калі ўлада не выконвае сваіх функцыяў? У нашым доме цягам толькі аднаго тыдня ў п’янках паранілі двух чалавек. Адзін ад ран памёр! А мы якраз за дзень перад забойствам, 12 ліпеня, накіравалі заказнымі лістамі чарговую калектыўную заяву з 45 подпісамі ў раённы аддзел міліцыі й адміністрацыю Фрунзэнскага
раёну — каб забясыіечылі парадак. Адразу прыгадваюцца словы клясыка савецкай паэзіі, што лепш за савецкую міліцыю нас сьцеражэ наша інтуіцыя. Адказу ўсё яшчэ няма, хоць мінула ўжо амаль 3 тыдні.
Амаль у кожным менскім (дый ці толькі менскім?) двары можна назіраць падобную ж карціну, спадар Марчук. Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі цяпер больш за 170 тысяч зарэгістраваных алькаголікаў. Але гэта толькі тыя, хто стаіць на ўліку ў нарколягаў. У сапраўднасьці залежных ад алькаголю людзей у некалькі разоў болей — гэта прызнаюць усе мэдыкі. Прычым толькі за адзін год колькасьць хворых на алькагалізм, паводле афіцыйных зьвестак, павялічылася на сем працэнтаў.
Генадзь Зотаў, вёска Загародзьдзе, Талачынскі раён
09.08.2006
Асабіста ў мяне жыцьцё за гады, калі пры ўладзе Лукашэнка, зьмянілася катастрафічна. I галоўная прычына ў тым, што я страціў павагу да сваёй дзяржавы, гордасьць за яе. Мне балюча глядзець і слухаць, што цяпер у нас адбываецца. Гэта жахліва, але зьдзек з простага чалавека стаў звыклай справай.
Выяўляецца гэта часта ў самых простых, будзённых рэчах. Вось купіў я ў вёсцы Загародзьдзе старую хатку. Пакрысе перавожу туды розныя рэчы. 21-га чэрвеня на сваім старэнькім
«Масквічы» вёз вулей. Перасек Крупскі раён. На ўезьдзе ў Талачынскі мяне спынілі й прымусілі заплаціць «Белаўтастрадзе» за карыстаньне дарогаю 11 тысяч рублёў. Для мяне, пэнсіянэра, гэта — вялізныя грошы. А я ж у маладосьці гэтую дарогу ўласнымі рукамі рыдлёўкай адсыпаў. Гэта мая ўласная дарога. За што ж я плачу такія грошы? Вось вам і параўнаньне — як было раней і як стала цяпер.
Уводзячы плату за карыстаньне дарогамі, улады зазвычай спасылаюцца на досьвед заходніх дзяржаў: там такая плата — даўняя практыка. Ёсьць, аднак, некалькі істотных момантаў, якія пры гэтым ня ўлічваюцца. Адна справа — заплаціць пяць даляраў за дарогу французу, у якога пэнсія — тры тысячы эўра, і зусім іншая — беларускаму пэнсіянэру аддаць тыя ж пяць даляраў, маючы 100 даляраў пэнсіі. У Беларусі, уводзячы дарожныя зборы, чамусьці вырашылі арыентавацца на заходнія кошты, а не на рэальныя прыбыткі ўласных грамадзянаў. Пры гэтым якасьць платных дарог у Беларусі вельмі адрозьніваецца ад заходняй.
Алег Александровіч, пасёлак Бярозаўка, Лідзкі раён
06.09.2006
Адзінае буйное прадпрыемства ў Бярозаўцы — шклозавод, ад якога ў большай ці меншай ступені залежыць дабрабыт усіх мясцовых жыхароў, паколькі іншых значных працадаўцаў у рэгіёне няма. На шклозаводзе працую і я. Пай-
шоў наш цэх у адпачынак, зьявіўся вольны час. Мы з жонкай вырашылі за гэтыя некалькі тыдняў зрабіць дома рамонт. Разьлічвалі на адпускныя. Большасьць рабочых нашага заводу жыве, як кажуць, ад зарплаты да зарплаты, бо заробкі маленькія. У адпаведнасьці з законам грошы нам павінны выплаціць у трохдзённы тэрмін пасьля пачатку адпачынку. На гэта я і разьлічваў. А што атрымалася?
Да заводзкага банкамату я хадзіў цэлы месяц. Ведаеце, станавілася неяк сьмешна і сумна, калі дзясяты і дваццаты раз банкамат паказваў на маім і жончыным рахунках нулі. А сьцены і дзьверы заводутым часам завешаныя стракатымі плякатамі «За квітнеючую Беларусь!», «За працоўную Беларусь!», «За заможную Беларусь!».
Заробленыя грошы мне ўдалося атрымаць толькі праз два тыдні пасьля адпачынку. Адказ на ўсе прэтэнзіі адзін: у заводу цяжкасьці з грашыма. Затое на прахадной заводу і ў заводакіраўніцтве ідзе эўрарамонт. Тым часам на самім заводзе, у цэхах няма часам самага неабходнага — напрыклад, электрычных разэтак. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі наш дырэктар папярэджваў: «Спадзяюся, вы ведаеце, за каго трэба галасаваць. Як Бярозаўка прагаласуе, такая ёй будзе і дапамога ад улады». Перамог, як вядома, той чалавек, на якога намякаў дырэктар. Але дапамогі пакуль не відаць — акрамя паказухі на прахадной у выглядзе эўрарамонту.
У Беларусі нямала такіх невялікіх гарадкоў, якія цалкам залежныя ад аднаго буйнога прадпрыемства, разьмешчанага на іхнай тэрыторыі. Многія
з гэтых заводаў маральна і фізычна састарэлі, выпускаюць не запатрабаваную на рынку і неканкурэнтаздольную прадукцыю. Улада імкнецца захаваць такія горадаўтваральныя прадпрыемствы, зусім слушна апасаючыся, што ў іншым выпадку давядзецца сутыкнуцца з масавым беспрацоўем і мноствам іншых сацыяльных праблемаў. Пытаньне ў тым, якім шляхам гэта спрабуюць зрабіць.