Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
Сапраўды, спадар Сантаровіч, гэтыя гульні ў Беларусі набылі шырокі маштаб. Сам днямі быў сьведкам, як адна бабуля, атрымаўшы ў ашчадным банку пэнсію, ледзь ня чвэрць яе адразу ж, не адыходзячы ад акенца, патраціла на цэлую кіпу разнастайных лятарэй...
Рознага кшталту таталізатары папулярныя і ў іншых краінах. Але мала дзе дзяржава так спрыяе гэтаму сумнеўнаму бізнэсу, які эксплюатуе далёка ня самыя здаровыя і высакародныя схільнасьці некаторых грамадзян.
У любым выпадку важна, каб у гэтай справе людзі дакладна ведалі правілы гульні і каб гэта не ператварылася ў фінансавую піраміду, ад якіх у свой час пацярпелі мільёны былых савецкіх грамадзян, што апантана паверылі ў цуд імгненнага ўзбагачэньня і панесьлі апошнія ашчаджэньні прайдзісьветам.
Любоў Альшэўская, пасёлак Друя, Браслаўскі раён
22.01.2007
Насельніцтва Друі — болып як 1100 чалавек. Яшчэ нядаўна тут быў шпіталь, але ўлады яго закрылі. Пакінулі некалькі так званых «сацыя льных» ложкаў — для беспрытульных ды адзінокіх старых. Хочацца ведаць: каму гэта выгадна? Хто вырашыў эканоміць на здароўі людзей? Цяпер хуткая дапамога прыяжджае да нас з райцэнтру — гэта 32 кілямэтры. Толькі з гэтай прычыны ў нас памерла некалькі чалавек — не дачакаліся хуткай. Да людзей сталага веку хуткая часам увогуле не выяжджае, а часам у іх няма бэнзіну — таму ня едуць. Няўжо краіна так шмат зэканоміць на нас, жыхарах Друі? А паспрабуй легчы на лячэньне ў райбальніцу. У іх жа месцаў для нас амаль не бывае. Жанчыне, вэтэрану вайны, стала кепска, а ў іх адзін адказ: «Няма месцаў». Яе сыну давялося моцна пасварыцца з дактарамі — толькі тады яе паклалі. Аказалася, тры месцы ўсё ж былі. А як даехаць хвораму чалавеку да таго райцэнтру — дзьве гадзіны на аўтобусе? Гэта ж і грошы немалыя. Мы ня можам выкладваць на гэта апошнія капейкі. Зьвярталіся зь лістом у Міністэрства аховы здароўя. Адтуль пераслалі зварот у раён. Галоўурач Макарэвіч даў адказ: «У нас у Друі ёсьць пяць ложкаў стацыянарнага лекаваньня». Бачыла я гэтае лекаваньне. Вядуць сваякі пад рукі бедную жанчыну, каб атрымаць няшчасную кропельніцу... Сьмяротнасьць
пасьля закрыцьця шпіталя ў нас падвысілася. Мы зноў зьбіраем подпісы. Людзі ня проста плачуць — яны енчаць. Мне балюча глядзець на заплаканых дзядуль і бабуль — сэрца крывёю абліваецца. Людзі просяць мяне, каб дапамагла. Але што я магу? Хіба што напісаць ліст — каб пра гэтую бяду ведалі.
Праблема гэтая ўласьцівая ня толькі Друі — такі ж лёс напаткаў шпіталі і амбуляторыі і ў дзясятках іншых беларускіх пасёлкаў. Пасёлкі гэтыя найчасьцей зусім не малыя — насельніцтва іх часам большае, чым у іншым райцэнтры. Але ініцыятары маштабнай кампаніі закрыцьця мэдычных устаноў на гэта ня надта зважалі. Кіраваліся ў асноўным адным прынцыпам: шпіталь — толькі ў райцэнтры. Маўляў, там лепшыя спэцыялісты, лепшае будзе і лекаваньне. А за кошт закрыцьця шпіталяў у пасёлках можна зэканоміць вунь колькі грошай. Грошы, сапраўды, зэканомілі — пра што высокапастаўленыя чыноўнікі ад мэдыцыны адрапартавалі прэзыдэнту, назваўшы гэта ледзь не рэформай усёй сыстэмы аховы здароўя. Вось толькі ці патрэбная была такая рэформа, калі ў выніку яе дзясяткі тысяч старых хворых людзей адчулі сябе пакрыўджанымі і кінутымі на волю лёсу?
Вікенці Шымак, вёска Чырканцы, Воранаўскі раён
22.01.2007
Мы з матуляй увесь свой век працавалі на саветаў — і што з таго маем? Ужо трэці год, як не саджаем нават агарода — ніводнай баразны бульбы. Ня кажучы ўжо пра збожжа. Нам не даюць нітрактара, ні каня... Жывемзматулінай пэнсіі — 155 тысяч 850 беларускіх рублёў. Спытаеце, ці можна пражыць на гэтыя грошы? Можна. Вядома, катэдж не будуем, за мяжу ня езьдзім, на моры не адпачываем. Жабрацкае жыцьцё, але, калі ня страчанае Божае Блаславеньне, то лепей жыць на гэтыя грошы, чым у граху ў палацах. Матулі ўжо 83 гады, яна патрабуе дапамогі ва ўсім. У калгасе нашым (на новы лад — СПК) работы няма. А калі і ёсьць, дык заробку чакай да Новага году. На дадатак жывем мы ў памежнай зоне. Куды ні ступіш — памежнікі, міліцыя, КДБ. Вёскі абязьлюдзелі зусім — аж вачам ня верыцца. У нашым калгасе набудавалі новых домікаў — аж пяць штук. I ніхто ў іх не засяляецца. Каля дамоў няма ніякіх гаспадарчых пабудоў. Дый адкуль браць грошы на камунальныя паслугі? Жывёлагадоўчыя фэрмы пачалі распускаць. PaHeft трымалі кароў-ялавак па 5-6 гадоў. Навошта трымалі, калі ад іх — ні малака, ні мяса? Затое старшыні набудавалі сабе катэджаў, накуплялі не абы-якіх іншамарак. Адкуль толькі ў іх грошы? Hi ў Амэрыку, ні ў Нямеччыну на заробкі яны ня езьдзілі. Калісьці я служыў у ракетных войсках.
Аб’езьдзіў Расею, Казахстан... Тая служба забрала ў мяне здароўе. Застаўся нікому не патрэбны. Сям’і не стварыў, дзяцей ня маю. Ведаю, што даглядаць мяне ня будзе ніхто — ні сацыяльнае забесьпячэньне, ні старшыня, ні доктар, ні настаўнік... Што з таго, што я служыў, працаваў... Нікому тое не было патрэбна. Многія мае равесьнікі і нават аднапалчане, зь якімі служыў невядома каму і за што, ужо даўно ў сырой магіле.
Ведаю вашы мясьціны, спадар Шымак. Сапраўды, у гэтых памежных раёнах Заходняй Беларусі за апошнія дзесяцігодзьдзі адбыліся імклівыя зьмены. Яшчэ ў 70-80-я гады гэта былі параўнальна густанаселеныя мясьціны — шмат вёсак, вёсачак, хутароў, дагледжаныя палі, даволі моцныя калгасы. Апрацоўваўся кожны лапік зямлі. На ўласных падворках людзі трымалі столькі скаціны, што былі праблемы з пашай — часам даводзілася пасьвіць уласных кароў у лесе. Усё гэта зьнікла на працягу жыцьця аднаго пакаленьня. Тыповая карціна гэтай мясцовасьці цяпер іншая: ператвораныя ў руіны фэрмы, зарослыя быльнягом палі, занядбаныя пакінутыя вёскі... Усяго гэтага можна было не дапусьціць яшчэ 30-20 год таму. Але пра будучыню вёскі, пра гаспадара на зямлі тагачасныя ўлады ня надта думалі.
Ірына Зарэчная, Барысаў
05.03.2007
Я былая настаўніца, цяпер на пэнсіі. На тыя грошы, якія я зарабіла, пражыць цяжка. Спажываем і даношваем усё старое. Купіць новы тэлевізар або іншую рэч пэнсіянэру-настаўніку немагчыма — дзеля гэтага давялося б галадаць. Але побач з намі жывуць намэнклятурныя пэнсіянэры, і ў іх жыцьцё зусім іншае. Яны дазваляюць сабе шыкоўныя машыны, дарагія рэчы і многае іншае.
Думаю, вы разумееце, каго я маю наўвазе. Гэта былыя чыноўнікі, вайскоўцы, міліцыянты. Вось пра каго ў дзяржавы сапраўдны клопат. У 45 год яны ўжо на пэнсіі. I не абы-якой — 500-700 тысяч рублёў. Выйшаўшы на пэнсію, тут жа з дапамогай старых сувязяў знаходзяць сабе неблагую працу. Пэнсія плюс зарплата — гэта больш як мільён рублёў. Гэта не мае 300 тысяч.
Гэтыя так званыя «пэнсіянэры» другі й трэці раз жэняцца, нараджаюць дзяцей. 45 гадоў — гэта ж самы ўзрост, калі маеш грошы. На тле іх я адчуваю сябе нейкай непатрэбнай істотай. У мяне вышэйшая адукацыя, стаж 35 гадоў, а сацыяльна мы зь імі зусім на розных прыступках. Няўжо дзяржава лічыць гэта нармальнай зьявай у мірны час — утрымліваць на сваім карку 45гадовых мужыкоў толькі за тое, што яны насілі штаны зь лямпасамі й ахоўвалі гэты рэжым?
I ў чым мая віна? Хіба ў тым, што я не нарадзілася мужчынам і ня стала вайскоўцам або міліцыянтам? I што лёс не паслаў мне мужа з
пагонамі? Вось такі сумны ліст атрымаўся. Хацелася б ведаць вашу думку на гэты конт.
Мая маці, якая значную частку жыцьця адпрацавала ў саўгасе, полючы буракі ды капаючы бульбу, атрымлівае сёньня пэнсію 150 тысяч рублёў, спадарыня Зарэчная. У яе былі вялікія перапынкі ў працоўным стажы — малых дзяцей не было з кім пакінуць, а пра дзіцячы сад у вёсцы тады нават ня чулі.
Да таго ж заробкі на вёсцы ў той час (як, зрэшты, і цяпер) не ішлі ні ў якае параўнаньне з тым, што дзяржава плаціла (і плаціць) якому-небудзь сяржанту міліцыі, які пільнуе дзьверы ў будынку аблвыканкаму.
Супастаўляючы і аналізуючы такія вось лічбы і факты, няцяжка здагадацца, якім чынам дасягаецца высокі сярэдні памер пэнсіі й як мала агульнага мае гэтая сярэдняя лічба з паўсядзённым жыцьцём мільёнаў беларускіх пэнсіянэраў, якія да гэтага ўзроўню не дацягваюць і наўрад ці калі дацягнуць. Такая вось ілюстрацыя з жыцьця дзяржавы, якую ўлада абвясьціла сацыяльна арыентаванай і справядлівай.
Павал Сац, вёска Асавая,
Маларыцкі раён
14.03.2007
Многія хлопцы з нашай мясцовасьці едуць на заробкі ў Расею. Але ня ўсе вяртаюцца з грашыма. У мяне ёсьць знаёмы, Сяргей, дык зь ім летась увосень здарылася такая гісторыя.
Пасьля некалькіх месяцаў працы разам са знаёмымі вярталіся дамоў. На аўтобусным прыпынку падышлі расейскія бандыты. Кажуць: «Рэкет, даставайце ўсё з кішэняў!» Што было рабіць — давялося падпарадкавацца. А што не забралі бандыты, празь некаторы час адабрала расейская міліцыя. Добра, што яшчэ жывых адпусьцілі. А бывае ж і па-іншаму...
Сяргей вярнуўся хутка, бо ў яго яшчэ заставаліся грошы на дарогу, якія ён абачліва пакінуў у гаспадыні, дзе кватараваў. А іншыя засталіся без капейкі, і ім давялося яшчэ на нейкі час застацца, каб зарабіць на квіткі на зваротную дарогу. Вось вам і Расея, і заробкі.
Так, спадар Сац, гісторыя гэтая, на жаль, тыповая. На працягу апошніх гадоў наша радыё ня раз паведамляла і пра значна больш драматычныя выпадкі, калі, паехаўшы на заробкі ў Расею, людзі ўвогуле не вярталіся жывымі да сваіх семяў.
На дзяржаўным узроўні паміж Беларусьсю і Расеяй падпісана мноства дамоваў, якія нібыта гарантуюць роўныя правы расейцам і беларусам, у
тым ліку ў працаўладкаваньні на тэрыторыі абедзьвюх дзяржаваў.
У сапраўднасьці ж беларускія гастарбайтэры часта адчуваюць сябе на расейскай тэрыторыі безабароннымі й кінутымі на волю лёсу. Пашанцуе — вернесься дамоў з заробленымі грашыма, не — паўторыш лёс Сяргея і ягоных таварышаў...
Чаму беларусы так часта становяцца аб’ектамі бандыцкіх нападаў? Усе пра гэта выдатна ведаюць: бо вяртаюцца з заробкаў, маючы пры сабе буйныя сумы грошай. А паслугамі банкаў не карыстаюцца, бо беларуская дзяржава ўвяла жорсткі кантроль за грашовымі пераводамі, абкладаючы іх атрымальнікаў вялізнымі падаткамі.
Мікалай Зайко, Менск
18.04.2007
3 абурэньнем даведаўся пра тое, што сёлета зноў будзе скарочаная колькасьць «бюджэтных» месцаў у вышэйшых навучальных установах — ажно на сямсот. Гэта значыць, конкурс на бясплатныя месцы ўзрасьце да завоблачных вышыняў.