Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
Васіль Гапуноў, вёска Летцы, Віцебскі раён
01.03.2008
Паважаны Валянцін Жданко. Мне і ўсёй нашай брыгадзе падабаюцца вашы перадачы і тое, як вы адказваеце на лісты слухачоў. За гэта — дзякуй. Але нядаўна адзін чалавек пытаўся ў вас, якую зарплату атрымліваюць нашы міністры, дэпутаты ды іншыя начальнікі. Вы ліст зачыталі, і на гэтым — усё, адказу не далі. Ці гэта ў Менску гакая таямніца? А людзям жа цікава.
Вось мы тут у Летцах даведаліся ў адной работніцы банку, што, напрыклад, галоўны беларускі банкір Пракаповіч атрымлівае штомесяц не адну тысячу даляраў. Калі верыць гэтай работніцы, дык яму аднаму п лацяць столькі, колькі ў нашым калгасе — усяму калектыву. Пракаповіч абяцаў, што да 2015 году сярэдні заробак у Беларусі будзе тысяча эўра, ці паўтары тысячы даляраў. Дык яно і цяпер, калі скласьці ягоны заробак і мой (350 тысяч беларускіхрублёў), то сярэдні ў нас на
дваіх будзе больш як паўтары тысячы даляраў. Мару пра тое, каб хоць адзін месяц спадар Пракаповіч атрымаў маю зарплату, а я — ягоную. Дужа хораша было б.
Адзін наш мэханік кажа: надта разумны той чалавек, які вынайшаў такую сыстэму падліку сярэдняй зарплаты. Трэбаямудаць Нобэлеўскую прэмію за такі спосаб адурманьваньня простага народу.
I яшчэ адно пытаньне ў нас — да кіраўнікоў беларускага ўраду. Вельмі б хацелася, каб яны зрабілі разьлік (ці склалі мэню), каб людзям было зразумела, як пры сёньняшніх беларускіх цэнах пражыць на 185-200 тысяч рублёў. Няхай напішуць: якую вопратку купляць, які абутак, якія прадукты? Бо, напрыклад, наш аграном хоць і мае вышэйшую адукацыю, але зрабіць такія разьлікі для нас ня можа.
Дэпутаты, міністры ды іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі пра памер сваіх даходаў гавораць неахвотна. Афіцыйным шляхам здабыць дакладную інфармацыю наконт гэтага даволі складана. Тым ня менш аб прыблізных лічбах меркаваць можна. Так, 21 лютага міністар абароны Беларусі генэрал-палкоўнік Леанід Мальцаў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску паведаміў, што за месяц цяпер зарабляе 3 мільёны 700 тысяч беларускіх рублёў. Прыблізна такія ж заробкі і ў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў: ім пасьля рэфэрэндуму 1996 году пачалі плаціць як міністрам.
Леанід Цыбульскі, Рэчыца
24.03.2008
Люблю я вас, свабодаўцы, за праўду. Мне 71 год, але па-сапраўднаму я яшчэ ня жыў і не жыву.
Летась у нас у горадзе правялі ўсебеларускія «Дажынкі». Рэчыца стала як велікоднае яйка. Але гэта — звонку. А што ўнутры?
Пабудавалі мост цераз чыгунку, пашырылі цэнтральныя вуліцы — гэта добра. А ўскраіны якія занядбаныя былі, такія ж і засталіся. Была ў нас лазьня — разбурылі. Кажуць, з вышыні птушынага палёту кепска выглядала, псавала панараму. Цяпер на ўвесь 50-тысячны горад засталася адна лазьня на 13 месцаў. А на пытаньне «Дзе мыцца?» адказ у чыноўнікаў адзін: «У нас побач Дняпро».
За вялізныя грошы пабудавалі амфітэатар — шэдэўр архітэктуры, які ні дня не працаваў. Цяпер яго аблюбавалі галубы. А да іх прыставілі ахову.
Нядаўна вырашылі будаваць яшчэ і лядовы палац, бо наш прэзыдэнт вырашыў зрабіць Беларусь хакейнай краінай.
Штрафныя санкцыі цяпер — на кожным кроку, усюды. Аказваецца, мы ня маем права курыць расейскія цыгарэты, есьці ўкраінскае сала (паспрабуй перавязі іх празь мяжу). Спаліў туалетную паперу ў сябе ў двары — штраф; перайшоў вуліцу без павязкі, якая адбівае сьвятло (флікера), — таксама штраф.
He ўпільнаваў, што на гародзе вырасла каліва дзікага маку ці канапель — плаці; несвоечасова прыбраў апалае лісьце — таксама плаці.
I за тое, што чытаеш забароненую газэту. I што выйшаў на рэчку зь лішнім рыбалоўным кручком альбо злавіў больш за пяць кіляграмаў рыбы... Цікава, што саму рэчку ўлада здала ў арэнду, і ўзаконеныя браканьеры вычэрпваюць зь яе ўсё. Атрымліваецца так: аматар падкормлівае рыбу і ловіць на кручок, а законны браканьер ня корміць, а рыбу выбірае сеткай. Што гэта за ўлада, якая дазваляе такое?
Наша радыё нядаўна паведамляла, што з ініцыятывы дзяржаўных лясгасаў увялі буйныя штрафы тым, хто наважыцца нарыхтоўваць бярозавы сок. Што далей? Магчыма, увядзеньне абавязковых ліцэнзіяў на збор грыбоў і ягад альбо платных санкцыяў на адпачынак на беразе возера?
Кастусь Сырэль, Ушачы
19.04.2008
Колькі каштуюць сёньня ў нашай краіне нечалавечыя пакуты, зламанае жыцьцё і пажыцьцёвае калецтва васьмігадовага хлопчыка? Колькі каштуюць гора і сьлёзы яго няшчасных бацькоў? Зусім нямнога — усяго адзін мільён беларускіх рублёў. Гэта — сярэдні месячны заробак жыхара нашай сталіцы.
Мінулай восеньню ў адным са сваіх лістоў на Радыё Свабода я расказаў пра трагедыю, якая здарылася ў нашым райцэнтры.
У двары аднаго зь пяціпавярховікаў па вуліцы Камсамольскай гулялі дзеці, гушкаліся на арэлях. Незамацаваныя арэлі перакуліліся і зламалі васьмігадоваму хлопчыку абедзьве нагі.
Міколка (так завуць хлопчыка) ужо ходзіць, але вельмі дрэнна. Пра тое, каб бегаць, няма і гаворкі. Дарога на футбольнае поле ці хакейную пляцоўку для яго закрыта. Кажуць, у яго няправільна зрасьліся косьці, патрэбна складаная хірургічная апэрацыя. Ці дасьць яна плён — невядома. Магчыма, хлопчык застанецца на ўсё жыцьцё калекам, яму будуць недаступныя ня толькі спартовыя гульні, але і шмат якія мужчынскія прафэсіі.
Нядаўна адбыўся суд, які прысудзіў выплаціць бацькам Міколкі адзін мільён беларускіх рублёў. Вінаватых не знайшлі, а «стрэлачніка» гэтым разам «прызначыць» не ўдалося. Аб размовах пра тое, як вялося сьледзтва і як праходзіў суд, распавядаць ня буду, бо яшчэ ўпаяюць гадоў сто за паклёп на нашу самую «чэсную» ў сьвеце ўладу.
Давайце параўнаем гэтую кампэнсацыю дзяржаўных службаў за калецтва васьмігадовага хлопчыка з тымі кампэнсацыямі, якія адсудзілі ў недзяржаўных газэт высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі — за тое, што журналісты нібыта зьняважылі іхныя гонар і годнасьць. Такім чынам: пазоў дзяржсакратара Савету бясьпекі Віктара Шэймана да газэты «Навіны» і журналіста Сяргея Аніські — каля 50 тысяч даляраў; пазоў былога старшыні Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка да газэты «Наша свабода» і журналіста Міхаіла
Падаляка — каля 56 тысяч даляраў; пазоў дэпутата Нацыянальнага Сходу Сяргея Гайдукевіча да газэты «Народная Воля» — каля 45 тысяч даляраў.
Атрымліваецца, жыцьцё і здароўе дзіцяці суд ацэньвае больш як у сто разоў ніжэй, чым патурбаванае самалюбства надзеленага вялікай уладай начальніка. У каго-небудзь яшчэ застаюцца пытаньні пра ступень незалежнасьці такіх судоў і ўзровень маральнасьці такіх начальнікаў?
Аляксандар Корж, Гомель
03.05.2008
Распавяду, як у адным з райцэнтраў Гомельскай вобласьці звычайна адзначаюць так званыя «працоўныя перамогі» — падсумаваньне вытворчых вынікаў за год і ўганараваньне перадавікоў. Першая частка ўрачыстасьцяў адбываецца адкрыта: гучаць фанфары, калгасьнікам і рабочым за іхную стаханаўскую працу ўручаюць ганаровыя граматы і малакаштоўныя падарункі. Імпрэза заканчваецца сьвяточным канцэртам мясцовай мастацкай самадзейнасьці. Пасьля чаго простыя працаўнікі, натхнёныя наказам на зьдзяйсьненьне новых працоўных подзьвігаў, вяртаюцца ў свой звычайны шэры сьвет штодзённай рутыны.
А вось прэзыдыюм сходу і чыноўнікі райвыканкаму са сваімі набліжанымі поўным складам кіруюцца на шыкоўны банкет. Там няма ганаровых грамат, затое ёсьць значна болып рэальныя
рэчы. Банкет адбываецца паводле прынцыпу «халява, сэр», але з абавязковай умовай — конкурсам, хто лепш пахваліць кіраўніка мясцовай адміністрацыі. Атрымліваецца так: калгасьнікам — граматы і канцэрт, начальнікам — выпіўка і закусь. А самае цікавае пачынаецца пасьля банкету. He пасьпявае ад’ехаць апошні з запрошаных, як пад’яжджае шыкоўная машына аднаго з кіраўнікоў «вэртыкалі» — і пачынаецца інтэнсіўная загрузка харчоў і пітва, якія засталіся ад банкету. А застаецца, як правіла, нямала. Ня ў крыўдзе і чэлядзь: ім таксама перападае з панскага стала.
Такая карціна — звычайная для правінцыйнага жыцьця мясцовай «багемы». Тым болып што нагодаў для сьвяткаваньня хапае.
Ды вось бяда для намэнклятуры: людзіўсё гэта бачаць, ім хустку на вочы не накінеш. Няўжо мясцовыя чыноўнікі так гаруюць, што ня могуць абысьціся бяз гэтага? А можа, для іхужо надышла сьветлая будучыня ў так званай «сацыяльна арыентаванай» дзяржаве?
Такая намэнклятурная традыцыя цягнецца яшчэ з савецкага часу. Падобнае ўласьціва, бадай, любому беларускаму рэгіёну. Праўда, ня думаю, што рэшткі са сьвяточнага стала прызначаюцца для кіраўніцтва «вэртыкалі». Калісьці, у часы татальнага дэфіцыту харчаваньня і пітва, так, магчыма, і было. Але цяпер для высокага начальства — гэта надта дробязна. Калі злоўжываньні адбываюцца — дык у іншых месцах і пры іншых абставінах. I дзеляць там зусім ня пляшкі каньяку і не кавалкі вяндліны.
Мікалай Лабанаў, вёска Вейна, Магілёўскі раён
24.05.2008
Нас рабуюць, абкрадаюць розныя прыхадні дзень і ноч — а ўлада амаль не рэагуе і нанесеную шкоду не кампэнсуе. Вось і маё жытло (а гэта хата майго бацькі, камандзіра Чырвонай Арміі, які загінуў на вайне) абакралі на два мільёны рублёў. Міліцыя злачынна бязьдзейнічала і нікога не знайшла, хоць у сяле ўсе факты — на паверхні. Mae скаргі абышлі ўсе суды, але я не атрымаў ад міліцыі кампэнсацыі ні рубля. Наадварот, у Вярхоўным судзе зь мяне, жабрака, садралі ні за што 70 тысяч рублёў (гэта з маёй пэнсіі, якая складае 88 тысяч).
Я нарадзіўся і жыву ў гэтым раёне. У вайну за радзіму загінулі 26 чалавек маёй радні. Сам я атрымаў калецтва ў Савецкай арміі, у 1968 годзе, за бязглузды так званы «інтэрнацыяналізм». A нармальнага жыцьця не было і няма.
Лес за вёскай Вейна, канавы, дарогі ў лесе ўсыпаны касьцямі, чарапамі, трыбухамі ўкрадзенага быдла. Улетку смурод — не прайсьці. Вось некалькі прыкладаў. Вёска Зімніца. Улетку з фэрмы ўкралі двух коней. Прыехала міліцыя. Рабочыя паказваюць сьляды і пытаюцца: «А дзе ваш сабака? Зь ім злодзея хутка б знайшлі». A сьледчы адказвае, што ягоная справа — паперы, і раіць шукаць участковага, якога ніхто тыднямі ня бачыць.
Вёска Косьцінка. У пэнсіянэра Клопава ўначы вывелі карову, за хлявом забілі, мяса вывезьлі. Тое ж самае — у вёсцы Халмы ў Каралёвай Зіны. Вёска Запрудзьдзе. У Клачковай Ніны і Зайцавай Натальлі ўкралі сьвіней... I такіх фактаў — мноства. А злодзеяў ніхто не знаходзіць. Хоць усе пасады ў міліцыі занятыя, усе акуратна атрымліваюць высокія заробкі ды яшчэ і льготы маюць.