Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
А колькі ў нас сапраўды сур’ёзных праблемаў у экалёгіі! Паглядзіце, колькі бруду скідаюць у Дняпро розныя прадпрыемствы, колькі атручваецца рыбы, колькі гіне яе ад кіслароднага голаду на азёрах. А тут злавілі браканьера зь некалькімі кіляграмамі рыбы — і лічаць вялікім дасягненьнем. Неяк не па-людзку ўсё гэта робіцца.
Ці яшчэ адзін прыклад — з нашага лясгасу. Летам робяць прарэджваньне — высякаюць хмызьняк, маленькія елачкі, якія самі насеяліся. А зімой, пад Новы год, лясная ахова сядзіць у засадзе, каб, крый Божа, ніхто ня высек елачку. Самі нішчаць болып, чым тыя так званыя «незаконныя вырубшчыкі». He разумею я такую ахову лесу.
На працягу апошніх гадоў лясная ды водная ахова атрымалі ад улады такія паўнамоцтвы і такую экіпіроўку ды ўзбраеньне, пра якія колішнія савецкія рыбінспэктары ды лесьнікі нават ня марылі. Іншая рэч — супраць каго накіроўваюцца гэтыя аддзелы апранутых у вайсковую ўніформу і ўзброеных дэсантнымі аўтаматамі людзей? У аблогу трапляюць найчасьцей вясковыя мужыкі, якія спрадвеку лавілі рыбу на гэтых рэках і азёрах, нарыхтоўвалі дровы ў навакольных лясах. Да кіраўнікоў заводу, вытворчыя сьцёкі якога труцяць усё жывое на сотні кілямэтраў уніз па рацэ, гэтых узброеных людзей чамусьці не накіроўваюць... Хоць страты, якія наносяць прыродзе вытворчая хімія, прамысловая нарыхтоўка рыбы і татальная высечка лясоў леспрамгасамі, непараўнальныя з тымі, якія церпяць рэкі і азёры — ад нерата, а лясы — ад сякеры мясцовых жыхароў.
Міхаіл Мялешка, вёска Дашкаўка, Магілёўскі раён
30.07.2008
Я — актывіст апазыцыі з 80-х гадоў. Удзельнічаю ў выбарах і назіраю, як агенты спэцслужбаў сочаць за ўсімі намі. Заўважыў: не пасьпее моладзь пайсьці на справу (разгарнуць пікет ці вывесіць нацыянальны сьцяг) — як іх ужо чакае міліцыя.
Лябедзька сваіх прыхільнікаў у рэчыцкім лесе спрабаваў сабраць — і там яго хутка знайшлі.
Нават у Расейскай імпэрыі царская «ахранка» баялася сунуцца ў лес, а цяпер не баяцца.
Добраахвотныя памочнікі кадэбістаў тэлефануюць у міліцыю, як толькі ўбачаць, што сабраліся некалькі апазыцыянэраў. Маўляў, праверце, сабраліся тэрарысты. Агенты нават у сёлы засяліліся і актыўнічаюць.
На мяне тэлефанавалі, калі я яшчэ зьбіраў подпісы за Пазьняка. Паведамлялі ўсе прыкметы: «Паліто шэрае, шапка чорная, высокі, з сумкай» — і мяне ўжо сустракалі.
Падазраю, што робяць гэта агенты Масквы — сочаць, палююць на актывістаў беларускага нацыянальнага руху. Усё пытаюць: «Хто ты, адкуль?» Нахабныя, ваяўнічыя. У спрэчках нярэдка можна пачуць ад іх: «Вось хутка Расея ўвядзе свае войскі», альбо пра беларусаў: «Такога народу ніколі не было, яго выдумалі»...
I выбух 4 ліпеня ў Менску, я лічу, не абышоўся без рукі Масквы. Яны запалохваюць Лукашэнку.
Тое, што ў Беларусі спэцслужбы ўцягнутыя ў выбарчую кампанію — шырока вядома. Нядаўна мы падрабязна распавядалі пра гісторыю кобрынскага апазыцыйнага актывіста Алеся Меха. Ён запісаў на дыктафон, як кіраўнік мясцовага аддзелу КДБ пагражаў яму звальненьнем з працы, калі ён адважыцца ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата ў дэпутаты. I свае пагрозы ўлада ажыцьцявіла: Алеся Меха звольнілі з працы ў Белтрансгазе.
Ня думаю, спадар Мялешка, што агентаў спэцслужбаў адмыслова засяляюць у вёскі, каб сачылі за
апазыцыянэрамі. Звычайна робіцца гэта прасьцей: КДБ знаходзіць так званых «інфарматараў» зь ліку мясцовых жыхароў, якія за невялікую плату, a то і бясплатна, з ідэйных меркаваньняў, даносяць на «нядобранадзейных» суседзяў ды аднавяскоўцаў.
Віктар Кляноўскі, пасёлак Друя, Браслаўскі раён
10.09.2008
Маёй маме 70 год, усё жыцьцё адпрацавала ў калгасе бухгальтарам. Нядаўна цэлы дзень праседзела ў полі, чакаючы камбайна, які б абмалаціў яе ячмень. А камбайнэры адмовіліся: маўляў, са стагоў не бяром, нам нявыгадна паўгадзіны стаяць на адным месцы, А за камбайн, між іншым, трэба заплаціць 30 тысяч — і розьніцы няма, гектар ён абмалоціць ці 5 сотак. А калі ты ў калгасе не працаваў і не працуеш — дык 50 тысяч.
Вось тут і задумаесься: а навошта ўсё гэта патрэбна? Ці не лягчэй і прасьцей купіць усё патрэбнае ў калгасных «несуноў»? А што? Мех крадзенага збожжа — дзьве «бомбы» «шамурлы». I зладзеямі болыпасьць людзей такіх несуноў ня лічаць. Кажуць так: «У калгасе красьці — ня грэх», альбо «Мы бяром тое, што нам недадае дзяржава».
Ці яшчэ адзін прыклад. Да вайны, пры Польшчы, у нас гадавалі якасны лён, які ішоў на экспарт, у Заходнюю Эўропу. Сяляне, якія займалі-
ся гэтай справай, мелі добрую капейку. А што цяпер? Вось я, спадзеючыся на высокі заробак, пайшоў у калгас на льноўборачны камбайн. Працаваў цэлы месяц, ад восьмай да восьмай. Толькі некалькі дзён выходных — з-за дажджу. I што зарабіў? 120 тысяч рублёў. Вось гэта даход — аж 50 даляраў за месяц цяжкай працы...
А якія ўмовы? Спэцвопраткі не даюць, амаль уся тэхніка дабітая. Камбайн толькі што з капітальнага рамонту, але за месяц дайшоў да ручкі, бо льняное поле — як пасьля бамбёжкі. Хто вінаваты? Напэўна, той мэханізатар, які араў і культываваў поле. Навошта яму старацца, калі можна зьліць салярку з трактара і прадаць спэкулянтам (як яны самі кажуць — «зэканоміць»)?
He сваё поле, ня свой трактар і камбайн, нізкі калгасны заробак, які толькі ўмоўна залежыць ад аб’ёму і якасьці тваёй працы... Усё гэта — старыя невылечныя хваробы створанай камуністамі калгаснай сыстэмы. У СССР яна трымалася на шчодрых дзяржаўных субсыдыях — і ўсё роўна не магла забясьпечыць краіну ні малаком, ні мясам, ні хлебам.
Наколькі адрозьніваецца ад той савецкай калгаснай вёскі сёньняшняя вёска беларуская? Калгасы перайменавалі ў каапэратывы — СВК, але і «несуны», і безгаспадарчасьць, і нізкія заробкі, і незацікаўленасьць селяніна ў выніках сваёй працы — усё прынцыпова важнае, на чым грунтаваліся калгасы, — засталося нечапаным.
Павал Шэўчык, вёска Любань, Лунінецкі раён
01.10.2008
Дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад нашай акругі апошнія чатыры гады была Ларыса Вершаловіч. У вясковым асяродку чулася наконт яе дэпутацкай дзейнасьці нямала незадаволеных галасоў. У нашай Лахве два гады таму закрылі ўчастковую бальніцу. Людзі наракаюць, што дэпутаты прагаласавалі за адмену льготаў, асабліва на праезд. Шмат дзе платным стала навучаньне, a заробкі вельмі нізкія. I шмат іншых праблемаў.
Але начальства вырашыла пакінуць Ларысу Вершаловіч дэпутаткай. Прывезьлі яе да нас на сход. А як туды завабіць людзей? Начальнікі адчуваюць, які настрой у насельніцтва. Дык што прыдумалі? У СВК «Новае Палесьсе» старшыня ў загадным парадку прымусіла ўсіх спэцыялістаў (бухгальтараў, вэтэрынараў, заатэхнікаў) зьявіцца на сустрэчу з кандыдаткай. А ня прыйдзеш — залічаць прагул на працы. Так што і кворум быў, і сход адбыўся.
A 28 верасьня ў Лунінецкай акрузе ў такім жа стылі адбылося галасаваньне, у выніку якога, калі верыць афіцыйным вынікам, дэпутат Ларыса Вершаловіч ужо ў першым туры атрымала пераканаўчую перамогу і засталася ў дэпутацкім крэсьле яшчэ на чатыры гады. Ну і на каго цяпер наракаць лахвіцкім дзядзькам і цёткам, што бальніцу ў вёсцы пры маўклівай згодзе дэпутаткі Вершаловіч закрылі, а каб дабрацца да раённай бальніцы, гэтым жа
дзядзькам і цёткам трэба плаціць удвая даражэй, чым раней (за гэта прагаласавала зноў жа дэпутатка Вершаловіч)?
Уладзімер Цішуроў, вёска Навапруды, Круглянскі раён
15.10.2008
Свабода — лічы, адзіная праграма, дзе чуваць праўда жыцьця, галасы людзей, розныя меркаваньні пра тую ці іншую грамадзкую зьяву. Дзяржаўнае радыё замоўчвае актуальныя праблемы. Яно проста запалохана чыноўнікамі ад ідэалёгіі, якія верна служаць Лукашэнку, а той іхную службу добра аплачвае. Нядаўна вычытаў у адным выданьні пра 28-разрадную шкалу аплаты працы ў Беларусі. Можа, я і памыляюся, але падумалася: калі адзін грамадзянін, які на ніжэйшай прыступцы гэтай шкалы, атрымлівае сто тысяч беларускіх рублёў, дык другі — у 28 разоў болей, г.зн. 2 мільёны 800 тысяч? I прэзыдэнт пасьля гэтага заяўляе пра сацыяльную арыентаванасьць нашай дзяржавы?
Калі слухаеш нашага «бацьку», дык здаецца, жывеш у краіне-казцы. А зірнеш на навакольнае жыцьцё — казка даволі страшная. Страчаны маральныя каштоўнасьці і арыенціры. У пагоні за залатым цяльцом зьнікаюць сумленнасьць, праўдзівасьць, прыстойнасьць. Зьявілася воўчая псыхалёгія. Раней ідзеш па дарозе, паднімеш руку перад спадарожнай машынай — падбяруць, падвязуць. Цяпер машыны праносяцца па
шашы, як злосныя чмялі. I ніхто ня спыніцца. Расьце колькасьць злачынстваў. Церпячы псыхалягічны, маральны дыскамфорт, людзі вёскі сьпіваюцца. Зь іхнымі меркаваньнямі ніхто ня лічыцца, іхнага голасу ніхто ня хоча чуць.
Дзякуй, што агучылі даходы дэпутатаў, зьвесткі пра іхнае пэнсійнае забесьпячэньне. Цяпер зразумела, чаму некаторыя «вэртыкальшчыкі» кінуліся ў дэпутаты. Аказваецца, там кавалак тлусьцейшы.
Быў перад выбарамі ў адной кампаніі. Жанчына-пэнсіянэрка разважала пра тое, хто будзе дэпутатам: «Дык гэта цяпер у нас Іваноў будзе, яго прызначаць дэпутатам...» Бачыце, якая сьвядомасьць? А колькі ў нас такіх цёмных, затурканых грамадзянаў са сьвядомасьцю сярэднявечнага пэрыяду... Ім загадалі галасаваць за гэтага чалавека — яны так і зрабілі. Ад агульнай булкі дадуць кавалачак — яны і задаволеныя.
У маёй выбарчай акрузе ў менскім раёне Ўручча пераможцам на выбарах абвешчаны вылучэнец улады, начальнік вайсковай акадэміі. Задэкляраваны гадавы даход новага дэпутата, які, заўважым, працаваў на дзяржаўнай службе і атрымліваў грошы зь дзяржбюджэту, — каля 176 мільёнаў рублёў. Гэта прыблізна 7 тысяч даляраў за месяц. Даходы настаўнікаў, выхавацеляў дзіцячых садкоў, мэдыкаў, якія таксама атрымліваюць свае заробкі зь дзяржаўнага бюджэту, — у 30-40 разоў ніжэйшыя. Пра якую сацыяльна арыентаваную мадэль можна казаць, калі сама «вэртыкаль» сьвядома стварыла такую бездань паміж кіроўнай элітай і асноўнай масай насельніцтва?
2002
«I чаму ў Менску павінны вырашаць, калі мне ў Докшыцкім раёне можна ісьці ў ягады?»
«3 2011 году, яўпэўнены, мы будзем жыць як у Эўропе», — сказаў Лукашэнка сьвінаводам і чыноўнікам, прыехаўшы на сьвінакомплекс у Ляхавіцкім раёне ў жніўні 2009 году. Многіх гэтыя словы тады абнадзеілі, а многіх расьсьмяшылі. Усе памяталі, што пачаўся той год з раптоўнай 20-працэнтнай дэвальвацыі беларускага рубля.