Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
Яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў таму падобныя выпадкі былі чымсьці выключным для беларускіх вёсак. He прыпомню, каб у 70-80-я гады ў маёй роднай вёсцы на Гарадзеншчыне хоць аднаго разу здарылася нешта падобнае. Адпаведна, і працы ў мясцовага ўчастковага міліцыянта было ня надта багата — нягледзячы на тое, што ён адзін павінен быў сачыць за парадкам у некалькіх дзясятках вёсак. Хіба што рэйды па навакольных лясах у пошуках самагоншчыкаў даводзілася час ад часу наладжваць.
3 таго часу многае зьмянілася ў норавах вясковых жыхароў і ў крымінальных зводках сельскіх раёнаў. А штатны расклад раённай міліцыі і колькасьць участковых, відаць, засталіся нязьменнымі ці нават скараціліся. Затое цэлыя палкі міліцыі і AM АПу ў Менску і буйных гарадах сочаць за палітычнай апазыцыяй, ловяць распаўсюднікаўулётак і газэт, займаюцца разгонам пікетаў і мітынгаў. Хоць бы дзясятую частку гэтых сілаў — на дапамогу такім людзям, як Мікалай Лабанаў, Зіна Каралёва, Натальля Зайцава, якім сапраўды патрэбна дапамога міліцыі.
Васіль Валошка, пасёлак Радашкавічы, Маладэчанскі раён
06.06.2008
Усе ведаюць прымаўку: «На здароўі не эканомяць». А вось наша дзяржава эканоміць на здароўі ўласных грамадзянаў. Да прыкладу, адно з найважнейшых для жывога арганізму пытаньняў: якасьць спажыванай вады. Хто скажа, які працэнт насельніцтва забясьпечаны сапраўды якаснай вадой? Думаю, пашанцавала значна меней чым палове беларускага насельніцтва. Узяць хоць бы абезжалезваньне вады. Ці ва ўсіх паселішчах праводзіцца гэтая працэдура? Для прыкладу, у Маладэчне палова насельніцтва п’е ваду, якая праходзіць гэты цыкль, а другая палова фільтруе ваду пры дапамозе ўласных унутраных органаў. Справа ў тым, што ў горадзе два водазаборы: на адным станцыя абезжалезваньня ёсьць, а на другім няма (яна там ужо шмат гадоў на стадыі будаўніцтва). Упэўнены, што такая ж сытуацыя ў сотнях і тысячах паселішчаў па ўсёй Беларусі.
Хто багацейшы, купляе ваду ў краме. Але пераважная частка насельніцтва дазволіць сабе гэта ня можа і вымушана піць іржавую вадкасьць, што цячэ з водаправоднай трубы. На жаль, тыя, ад каго залежыць будаўніцтва такіх станцыяў, самі п’юць ачышчаную ваду, іх гэтая праблема непасрэдна не датычыць.
А можа, нам усім разбавіць гэтую самую ваду (ачышчаную зь неачышчанай) — і атрымаем вад-
касьць з дапушчальнай канцэнтрацыяй шкодных рэчываў? У нас жа ў гэтай справе вялізны досьвед. Калі вылічваецца сярэдні заробак па краіне, то складаюць даходы мільянэра і жабрака — і ў выніку атрымліваецца 355 даляраў на чалавека.
У тысячах і тысячах беларускіх вёсак людзі ня маюць доступу ня тое што да абезжалезенай — a ўвогуле да вады, якая б прайшла хоць першасную ачыстку і фільтрацыю. Бяруць ваду адтуль жа, адкуль бралі продкі на працягу апошніх стагодзьдзяў — з калодзежаў, а то і з адкрытых вадаёмаў. Раней, калі на палях не было мінэральных угнаеньняў ды ядахімікатаў, грунтовыя воды былі параўнальна чыстыя. А цяпер?
Уладзімер Цішуроў, вёска Навапрудзьдзе, Круглянскі раён
23.06.2008
Часам думаецца, што паэты, пісьменьнікі цяперашняга часу адлучаныя ад уладнай, дзяржаўнай увагі і літаратурны занятак зрабіўся амаль дармовым, неаплатным. Плата калі і ёсьць, то — мізэрная. Улада найбольш турбуецца пра сваіх чыноўнікаў розных рангаў, і некаторыя зь іх, кажуць, атрымліваюць за месяц да 15 тысяч даляраў. Самі чыноўнікі пра свае аклады маўчаць, як і прэса, якая іх абслугоўвае.
Ня так даўно мне за аповесьць прыслалі так званы «ганарар». Ён склаў крыху больш як 200
даляраў. Гэта — за аповесьць, над якой трэба працаваць, сушыць мазгі не адзін месяц. Паводле якіх мерак і кім прызначаецца такая плата — невядома, але, відаць, робіць гэта нейкі дыскрымінатар творчай працы.
За апошнія восем год я выдаў чатыры кніжкі: дзьве — вершаў і дзьве — прозы. За якія ж грошы? У асноўным зьвяртаўся да людзей — служачых, калгасьнікаў, пэдагогаў, пэнсіянэраў. Давалі хто пяць, хто дзесяць рублёў. Якія былі свае грошы — і тыя аддаваў на выданьне кніжкі. Вось так яна ствараецца, мая літаратура, помнік майму жыцьцю і творчасьці.
Але калі народ абраў такую ўладу, калі галасаваў, то галасаваў за беднасьць пісьменьнікаў. Хаця школьныя настаўнікі пра пісьменьнікаў гавораць узьнёсла, як пра сьвятых ці апосталаў... Стрэўшы мяне на вуліцы, вучні доўга ўглядаюцца, вывучаюць. Якія робяць высновы, вывучыўшы маю зьнешнасьць — невядома... Але, мусіць, бачаць, што настаўнікі кажуць адно, a жыцьцё паказвае іншае.
Пагардлівае стаўленьне да роднай мовы, літаратуры — паказьнік культуры цяперашняй улады. Значныя сумы грошай выдаткоўваюцца на хакей (зь вядомай прычыны), на аграгарадкі (у гэтым слове так многа гырчаньня, немілагучнасьці). Дый будуюцца яны з тым жа гырчаньнем, паскоранымі тэмпамі, у пажарным парадку — што дай бог, каб усё гэта ня скончылася, як савецкае вёскабудаваньне. Дарэчы, тыя савецкія пабудовы, якім ня болей за трыццаць год, руйнуюцца, бурацца і закопваюцца ў зямлю. Ня так даўно ў адной вёсцы нашага раёну пахавалі
кароўнік. Сьцены бурылі экскаватар і бульдозэр. Белая цэгла была яшчэ прыдатная для будоўлі, сылікатныя блёкі — таксама. Але ўсё гэта было ссунута бульдозэрам у загадзя выкапаны роў і засыпана зьверху зямлёй. Выходзіць так: бацькі аралі зямлю, апрацоўвалі, стараліся вырасьціць добры ўраджай, даілі каровы, гадавалі цяляты, будаваліся. А дзеткі іх працу — у роў...
Але дыктатура ёсьць дыктатура. Яна дыктуе сваё і ў гаспадараньні, і ў архітэктуры, і ў культуры, і ў журналістыцы... У выніку — безаблічнасьць, бездухоўнасьць, занядбаньне нормаў маралі. Але змагаймася за правы, за мараль і духоўнасьць. Вось цяпер зноў спрабую зарабіць грошай, каб выдаць кніжку — хаця б 200 асобнікаў.
Ня ўсе пісьменьнікі ў сёньняшніх беларускіх умовах бядуюць і зьбіраюць па капейцы грошы на выданьне ўласных кніг. Ёсьць і тыя, што і да дзяржаўных выдавецтваў дапушчаныя, і неблагія ганарары маюць, і ўзнагароды з рук чыноўнікаў атрымліваюць. Пра раскол у пісьменьніцкім асяродзьдзі і пра яго наступствы Свабода на працягу апошніх гадоў ня раз паведамляла. Самі літаратары добра ведаюць, што ад іх патрабуецца дзеля таго, каб займець чыноўніцкую ласку і допуск да дзяржаўных грошай. Ласкі гэтай, аднак, не шукалі ні Васіль Быкаў, ні Пімен Панчанка, ні Янка Брыль. He шукаюць і тыя пісьменьнікі, на якіх трымаецца сёньняшняя літаратура — Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законьнікаў, Уладзімер Арлоў...
Аляксандар Корж, Гомель
25.06.2008
Ня так даўно на будынку інтэрната папяровай фабрыкі гораду Добруша зьявіўся плякат з выявай задаволеных падлеткаў і надпісам: «Шчасьлівыя дзеці. Што можа быць лепш?..» Але давайце зазірнем у інтэрнат і паглядзім на гэтае шчасьлівае жыцьцё. На некалькі дзясяткаў сем’яў, якія жывуць у інтэрнаце, прадугледжаныя такія, так бы мовіць, «выгоды», як агульныя кухні, агульныя прыбіральні, адсутнасьць гарачай вады і немагчымасьць прыняць штодзённы душ. Ня кажучы ўжо пра тэлефон альбо доступ да інтэрнэту. На радасьць «шчасьлівым дзецям» ды іхным бацькам зусім нядаўна пабудавана гарадзкая грамадзкая лазьня — усяго за паўкілямэтра ад інтэрната. 3 другога ж боку ад гэтага будынку разьмясьціўся Цэнтар дзіцячай творчасьці. Але ад яго тэрыторыі чыноўнікі адрэзалі ладны кавалак зямлі пад індывідуальны службовы дом для галоўнага раённага начальніка. Вось там будуць усе сучасныя ўмовы, усе выгоды.
I цяпер ня могуць простыя бацькі пераканаць сваіх інтэрнацкіх дзетак у тым, што наша дзяржава аднолькава клапоціцца пра дабрабыт кожнага чалавека — кім бы ён ні быў.
Пераканацца ў праўдзівасьці апісаных мной фактаў можа кожны ахвотны, наведаўшы горад над ракой Іпуць. Вось толькі спыніцца там на некалькі дзён ня ўдасца — бо гарадзкі гатэль абваліўся.
Рабочыя інтэрнаты — зьява аднолькава сумная што ў Добрушы, што ў Гомелі, што ў Менску. Калісьці яны задумваліся як часовы прытулак для бескватэрнай і несямейнай моладзі. Але для многіх інтэрнацкае існаваньне расьцягваецца на дзесяцігодзьдзі. Нядаўна праз адну зь менскіх FM-станцыяў я пачуў, як суседзі па рабочым інтэрнаце віншавалі нейкага Лёніка з пакоя нумар 17 з нараджэньнем унука. Жывучы ў інтэрнаце, Лёнік ажаніўся, нарадзіў, выгадаваў і пажаніў дзяцей, стаў дзядулем — а асобнай кватэры так і не дачакаўся.
Антон Мелюх, вёска Багданаўка, Лунінецкі раён
25.06.2008
Я — інвалід другой групы зь дзяцінства. Жыву адзін, у нястачы і крыўдзе. Як жыць далей — ня ведаю. 3 кожным днём усё даражэе. Крамы для такіх, як я, ператвараюцца ў музэі: паглядзець можна, а купіць — не. У маёй асабістай гаспадарцы нічога няма. Я апынуўся ў вельмі складаным становішчы. Майму жыцьцю не пазайздросьціць ніводзін сабака.
У мяне і жытло абы-якое. Парожніх хат у нас шмат — паўвёскі, але ў мяне няма грошай.
Прыяжджала па маіх сыгналах шмат камісіяў. Кажуць: «Вам няма дзе жыць? Але і ў нас няма на гэта сродкаў».
Куды зьвяртацца — ня ведаю.
Вось вы па радыё ўсё абвінавачваеце Лукашэнку. А ён, можа, нічога і ня ведае пра тое, як мы жывем. Усім прэзыдэнт не дапаможа.
Я вось тут зьвярнуўся ў нямецкі Чырвоны крыж — каб падарылі мне 9 тысяч эўра. Каб хапіла купіць дом, мэблю, паліва, прадукты, лекі — словам, усё. Мінула ўжо тры гады — ні адказу, ні прывітаньня. Можа, чаго-небудзь вы даб’яцеся ад іх у гэтай справе?
Пра сваіх сацыяльна неабароненых грамадзянаў найперш павінна дбаць беларуская дзяржава, а не нямецкі Чырвоны крыж. Вы ж, спадар Мелюх, ходзіце на выбары галасаваць не за дэпутатаў Бундэстагу і не за нямецкага прэзыдэнта.
Так, кіраўнік дзяржавы можа ня ведаць пра бядотны стан канкрэтнага чалавека. Але ж тыя раённыя начальнікі, якія прыяжджалі па вашых скаргах і якіх прызначыў на пасады прэзыдэнт, напэўна ж, ведаюць вашу сытуацыю. Дапамагаць такім, як вы — іх непасрэдны службовы абавязак.
Дарэчы, знайсьці ў вёсцы кінутую хату, выкупіць яе за сымбалічную плату (а то і ўвогуле забраць бясплатна) для раённай «вэртыкалі» ня ёсьць надта вялікай праблемай. Прынамсі, 9 тысяч эўра на гэта не запатрабуецца.
Мікалай Рыбакоў, пасёлак Копысь, Аршанскі раён
28.06.2008
Летам у сьпёку прыемна сесьці ў лодку ды паплыць па Дняпры. Але не заўважыш, як аднекуль ззаду падкрадуцца гэтыя так званыя «ахоўнікі». Лодкі ў іх зь японскімі рухавікамі — рухаюцца практычна нячутна. Непадрыхтаванага чалавека выгляд гэтых інспэктараў ня можа не спалохаць. Спыняюць. У руках — аўтаматы АК-74 з кароткім ствалом. Адразу наладжваюць ператрус лодкі. Паводзяць сябе часта непрыязна, некарэктна. Гэта выклікае адпаведнае стаўленьне ў адказ. Няма таго каб падплыць адкрыта, з усьмешкай, назваць сябе, паказаць пасьведчаньні... Тады б і да іх было зусім іншае стаўленьне.