• Газеты, часопісы і г.д.
  • Лісты на Свабоду  Валянцін Жданко

    Лісты на Свабоду

    Валянцін Жданко

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 428с.
    2014
    73.57 МБ
    2011
    «Беларуская эканоміка квітнелаквітнела — і, відаць, адцьвіла...»
    Безнадзейныя маркотныя чэргі ля банкаўскіх абменьнікаў, на акенцах якіх звыклы надпіс: «Валюты для продажу няма і сёньня ня будзе»... Разгубленыя людзі ля паліцаў у крамах, дзе лічбы на цэньніках, здараецца, за адзін дзень павялічваюцца напалову, a то і ўдвая. А многія кандыдаты ў прэзыдэнты, за якіх беларусы галасавалі летась у сьнежні — у турме...
    Ганна Пашкевіч, Івейскі раён
    05.01.2011
    Паслухала славуты тэлевыступ Яраслава Раманчука, калі ён нешта там мармытаў сабе пад нос, не паднімаючы вачэй ад паперкі, — і стала вельмі балюча і прыкра. Справа ў тым, што калі зьбіралі подпісы за вылучэньне кандыдатаў, я падпісалася менавіта за Яраслава. Ну і што тут такога? — спытаеце вы. Так, амаль нічога, калі ня ўлічваць той факт, што дзеля гэтага мне давялося паехаць у сталіцу (хоць сама я жыву ў Гарадзенскай вобласьці). Я проста ня ведала, дзе можна падпісацца ў маёй мясцовасьці...
    Зарплата на вёсцы невялікая (у мяне — дзесьці 340-350 тысяч). I гэтая паездка абышлася мне ў капеечку. Але жалю не было. Наадварот — адчувала нейкі гонар за свой учынак.
    Ну вельмі ж я паверыла Раманчуку. Нават некаторых сваіх знаёмых загітавала галасаваць за яго.
    Цяпер мае сябры глядзяць на мяне зь недаўменьнем. Добра, што яшчэ ня ведаюць пра сапраўдную мэту той маёй паездкі ў Менск — давялося сказаць, што езьдзіла купляць боты, — а то зусім засьмяялі б.
    Бывай, Яраслаў. Ты кажаш, што хочаш вызваліць Анатоля Лябедзьку. А як жа астатнія, якія пакутуюць у турме? Ня ведаю, як там што складзецца ў тваім жыцьці. Але асабіста для мяне ты назаўсёды застанесься здраднікам.
    Пра сапраўдныя матывы таго фатальнага тэлевыступу Яраслава Раманчука ў ноч з 19-га на 20-га сьнежня дагэтуль існуюць супярэчлівыя зьвесткі. Ён хацеў уратаваць ад турмы Анатоля Лябедзьку і захаваць сваю партыю? Але Лябедзька застаецца ў засьценках КДБ, а рэпутацыя Абяднанай грамадзянскай партыі найбольш пацярпела якраз ад учынку Раманчука. Ён чакаў абяцанай кіроўнай пасады ва ўрадзе? (Калі верыць ягоным заявам напярэдадні галасаваньня, у Адміністрацыі прэзыдэнта яму прапаноўвалі нават партфэль прэм ерміністра). Але ўрад ужо сфармаваны, і прозьвішча Раманчука там не фігуруе. Праўда, Аляксандар Лукашэнка падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі на наступны дзень пасьля разгону Плошчы сказаў, што Раманчуку можа знайсьціся месца — дзе-небудзь у
    гарадзкой ці абласной «вэртыкалі» (гэта значыць, пасада чыноўніка зусім не галоўнага калібру).
    Напэўна, гэта вельмі цяжкая доля — апынуцца адрынутым усімі: і сваімі, і чужымі.
    Іван Знаёмцаў, вёска Друцак, Талачынскі раён
    02.02.2011
    Усяму свой час, і кожнаму ўзросту — свой занятак. Можа, каму і падабаецца, як чалавек перадпэнсійнага веку ганяе клюшкай шайбу па лёдзе. Ну што кепскага, што ён напоўніцу кампэнсуе тое, чаго ня мог атрымаць у маленстве? Яно так, калі б гэтае ягонае захапленьне не распаўсюджвалася на эканоміку і фінансы дзяржавы. У нас маленькая і ня самая багатая краіна, a лядовыя палацы будуем так, нібы мы Нарвэгія ці Канада... У гэтую забаву кідаюцца мільярды рублёў — і не асабіста прэзыдэнцкіх, а народных. Хакею ўсё больш, а жыхароў у Беларусі ўсё менш. За гады, так бы мовіць, «спартыўнага» кіраваньня насельніцтва зьменшылася на 700 тысяч чалавек. Людзі паміраюць рана. Хакей фізычна нямоглага чалавека не ўратуе — яму б добры шпіталь, мэдычнае абслугоўваньне. Мала таго, што якаснай і даступнай мэдыцыны ў нас няма, дык яшчэ паўсюль пануе псыхалягічны дыскамфорт. На працы з чалавекам цяпер як абыходзяцца? Толькі і чуеш: «Ня нравіцца ў нас — ухадзі с работы, увальняйся! За тваёй сьпіной дзесяць
    работнікаў у вочарадзі стаяць!» I гэта праўда. Колькасьць працоўных месцаў мінімальная, a колькасьць прэтэндэнтаў — максымальная. Вось начальства і казырае гэтым.
    Увогуле, беспрацоўе ў нас, асабліва ў правінцыі, — вялізнае. Сотні тысяч беларусаў зарабляюць на жыцьцё на будоўлях у Падмаскоўі, на так званых «шабашках». Добрыя заробкі ў Беларусі толькі ў чыноўнікаў ды «мянтоў».
    Думаю, спадар Іван, вы агучылі тое стаўленьне да так званай «хакейнай ліхаманкі», якое сёньня ўласьцівае многім у Беларусі. Улада, відавочна, адчувае гэтыя зьмены грамадзкай думкі. Наўрад ці выпадкова тое, што падчас мінулай выбарчай кампаніі прэзыдэнт Лукашэнка свае дасягненьні ў будаўніцтве новых лядовых палацаў асабліва не афішаваў, новых арэнаў не адкрываў. Хоць тое зусім не азначае, што ў гэтай справе нешта зьмянілася: масавае маштабнае будаўніцтва хакейных аб’ектаў у Беларусі не спыняецца — нягледзячы на вялікія фінансавыя праблемы.
    Іншая справа — праблема беспрацоўя. Паводле афіцыйнай статыстыкі, гэтай праблемы ў Беларусі ўвогуле не існуе: колькасьць людзей, якія ня маюць працы, вымяраецца нібыта мізэрнай лічбай — менш як адзін працэнт. Ніводная разьвітая краіна сьвету ня можа пахваліцца такім дасягненьнем. Але ж людзі ведаюць сапраўдную цану гэтай лічбе. Улада лічыць толькі тых беспрацоўных, якія афіцыйна рэгіструюцца на біржы. А каб яны не рэгістраваліся, дапамогу па беспрацоўі зрабілі проста сьмешнай — нешта каля 15 даляраў на месяц. Гэта — абсалютны эўрапейскі рэкорд. Пры гэтым
    афіцыйна беспрацоўнага могуць яшчэ накіраваць на абавязковыя грамадзкія працы — прыбіраць на вуліцы сьнег ці сьмецьце...
    Раман Багданаў, Ворша
    16.03.2011
    Перапалоханыя начальнікі перад выбарамі, каб залагодзіць людзей, зрабілі школьнікам бясплатны праезд у грамадзкім транспарце. Але вось выбарчая кампанія скончылася — і бясплатны праезд у дзяцей фактычна забралі. Пакінулі толькі права езьдзіць безь білета ў рабочыя дні ад дому да школы і назад. Як жа так? Перад выбарамі ж і дэпутаты, і прэзыдэнт казалі: дзецям трэба даць магчымасьць наведваць аддаленыя музычныя, спартыўныя, мастацкія школы. I на Ўсенародным сходзе пра гэта так прыгожа гаварылі. I Лукашэнка тады аддаў жорсткі загад. A што цяпер?
    Наша Ворша — няпросты горад у пляне крыміналу. На працягу многіх гадоў у нас часта здараліся масавыя жорсткія бойкі зудзелам падлеткаў розных раёнаў. Даходзіла да таго, што ішлі сьценка на сьценку з нажамі, былі ахвяры. Чаму ж не завабіць усімі магчымымі спосабамі гэтую моладзь у гурткі і сэкцыі? А платны праезд у грамадзкім транспарце — вялікі ўдар для сямейных бюджэтаў. Асабліва для шматдзетных сем’яў.
    Даць дзецям ільготы за месяц да выбараў і фактычна адабраць праз два месяцы пасьля выбарчай
    кампаніі — гэта вельмі красамоўны крок, які сьведчыць пра ўзровень маральнасьці тых, хто прымаў такое рашэньне. А ўвогуле, ільготны праезд для дзяцей у грамадзкім транспарце — агульнапрынятая практыка амаль ва ўсіх эўрапейскіх краінах. Дзеці плацяць напалову альбо нават на тры чвэрці меней, чым дарослыя. I пры гэтым ніхто не кантралюе, у школу яны едуць, у гурток ці па нейкіх іншых справах.
    Сьвятлана Асаёнак, Менск
    23.03.2001
    Пры аднолькавым працоўным стажы ў аднаго пэнсія — 300 тысяч рублёў, а ў другога — 3 мільёны. I такая несправядлівасьць існуе ўжо на працягу 15 год. Мы, пэнсіянэры, б’ем у званы, але адпаведныя міністэрствы, парлямэнт, Адміністрацыя прэзыдэнта не ўнікаюць у гэтую праблему. Больш за тое, якраз чыноўнікі і дэпутаты і ўстанавілі такі парадак. А народны прэзыдэнт падпісаў — відаць, не разабраўшыся. I цяпер чыноўнікі не інфармуюць прэзыдэнта пра недапушчальную сытуацыю з пэнсіямі. А каб адцягнуць увагу, настройваюць яго на зьнішчэньне апазыцыі — замест таго каб наладжваць зь ёй супрацоўніцтва, як робяць гэта ў братняй Расеі.
    Хіба можна мірыцца з фактамі, калі рабочы, лекар, настаўнік, якія адпрацавалі на сваіх месцах па сорак гадоў, атрымліваюць пэнсію ўдвая
    меншую за самых дробных чыноўнікаў шматлікіх выканкамаў і міністэрстваў, падатковых інспэктараў, міліцыянтаў? I гэта пры тым, што стаж у гэтых клеркаў часта ў два ці тры разы меншы...
    За што ж такія прывілеі? Відаць, прэзыдэнту проста не даводзяць, чым займаюцца гэтыя чыноўнікі на сваіх працоўных месцах. Прайдзіце па выканкамаўскіхкабінэтах... Цішыня. Чыноўнікі сядзяць у інтэрнэце, бавяць час за кавай і чакаюць падвышанай ільготнай пэнсіі, якую гарантуе ім закон, падпісаны прэзыдэнтам.
    Народ гатовы перачакаць цяжкасьці ў краіне, але ня можа цярпець несправядлівасьці. Чаму не скарачаецца колькасьць чыноўніцкага апарату? Да якога часу будзе існаваць такая дзікая несправядлівасьць у налічэньні пэнсіяў? Што творыцца з цэнамі? Чаму квітнее карупцыя? Пэнсіянэры, не аблашчаныя прэзыдэнтам, ня могуць зьвесьці канцы з канцамі. А ён хоць і шмат і прыгожа гаворыць, але не пра тое, пра што мы хочам пачуць. А хочам мы паслухаць пра тое, якія рэальныя заробкі і пэнсіі, з аднаго боку, у працоўнага люду, а з другога — у чыноўнікаў, міліцыянтаў, кадэбістаў ды іншай прыслугі.
    Увогуле, пэнсіянэры лічацца той часткай грамадзтва, якая найбольш пасьлядоўна і аддана падтрымлівае дзейную ўладу на ўсіх выбарах і рэфэрэндумах. Але і сярод людзей сталага веку нямала тых, якія гэтак жа, як Сьвятлана Асаёнак, параўноўваюць, супастаўляюць факты са свайго штодзённага жыцьця і спрабуюць шукаць адказы на нязручныя для ўлады пытаньні. I сапраўды,
    за якія такія асаблівыя заслугі столаначальнік у выканкаме, які ўсё жыцьцё перакладваў паперы з аднае шуфляды ў другую, атрымлівае ўдвая ці ўтрая большую пэнсію, чым трактарыст, даярка, сьлесар? Чым праца міністэрскага клерка больш адказная, цяжкая ці небясьпечная за працу настаўніка і лекара?
    Відавочна, чыноўнікі, якія распрацоўвалі пэнсійнае заканадаўства і шматлікія падзаконныя акты, крыўдзіць самі сябе не зьбіраліся. А што ж, так бы мовіць, «народны прэзыдэнт», які падпісваў гэтыя законы? Можа, і праўда падмахнуў ня гледзячы, ня ведаючы, не ўнікаючы ў сутнасьць? Ды не, спадарыня Асаёнак. Справа тут у іншым. Гэта ў палітычна зацішныя пэрыяды чыноўніцкая раць мірна дрэмле ў мяккіх крэслах, шастае па сацыяльных сетках у інтэрнэце ды бавіцца кавай падчас бясконцых перакураў А ў часе выбараў? Хто фармуе бездакорны склад выбарчых камісіяў? Хто арганізуе гарантаваны падлік галасоў? Хто забясьпечвае чарговую «элегантную перамогу»? I яшчэ ў большай ступені гэта датычыць міліцыянтаў, кадэбістаў ды іншых асобаў у мундзірах. Так што тут сыстэма наладжана якраз паводле прынцыпу «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Праўда, большасьць грамадзтва застаецца ўбаку ад гэтага «міжсабойчыка», у якім між сваімі дзеляць зарплаты, пэнсіі ды прывілеі. Ну, але для гэтага можнаўвесьці рэжым сакрэтнасьці. I ня варта зьдзіўляцца, што прафсаюзы ды СМІ пра гэтую праблему маўчаць. Яны жу Беларусі — частка сыстэмы, рэальнай незалежнасьці ня маюць.