• Газеты, часопісы і г.д.
  • Лісты на Свабоду  Валянцін Жданко

    Лісты на Свабоду

    Валянцін Жданко

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 428с.
    2014
    73.57 МБ
    ся любы сынок. Вось за чыю будучыню найбольш шчыміць сэрца і не даюць спакою думкі. Тыя невялікія спадзяваньні на зьмены, што былі да 19 сьнежня мінулага году, разьвеяліся як дым. I што чакае майго Арсеньку? Ці будзе ён сьпяшацца з вучобы ці зь якой трэніроўкі хутчэй дахаты, каб, як некалі ягоны бацька, пасьпець у 18 гадзін уключыць сваё дарагое Радыё Свабода? Ці, можа (крый Бог!), давядзецца яму хавацца з маленькім прымачом дзе-небудзь у лесе ці пад коўдрай, каб толькі паслухаць навіны па Свабодзе і каб ніхто пра гэта не даведаўся, бо слухаць беларускую мову, а тым больш на такім «варожым» канале будзе небясьпечна? А вось калі майму хлопчыку ня трэба будзе сьпяшацца дахаты, а тым больш хавацца, таму што пазыўныя Радыё Свабода будуць гучаць з вокнаў, у аўтобусах, з рэпрадуктараў на вуліцы, а вакол паўсюль будзе чуваць беларуская гаворка, — вось тады я буду ўпэўнены, што мой сын расьце ў сапраўды незалежнай самастойнай дзяржаве, якой можна і трэба ганарыцца.
    Я ўпэўнены, спадар Юры, што і ў вашага Арсенькі, і ў майго маленькага сына, якому пакуль толькі крыху больш за год, і ў тысяч іншых сёньняшніх беларускіх дзяцей, калі яны падрастуць, ня будзе таго страху і яны зусім ня будуць стаяць перад тым выбарам, пра які вы з такім непакоем пішаце. Зрэшты, і караткахвалевымі прымачамі яны ўжо наўрад ці захочуць карыстацца. Будуць заходзіць на сайт Свабоды ў любы час і зь любога месца, карыстаючыся нэтбукам, мабільным тэлефонам ці якім-небудзь яшчэ больш сучасным прыстасаваньнем, якое на той час зьявіцца. Можа, і Радыё
    Свабода падчас іхнай маладосьці ўжо ня будзе — адпадзе ў ім патрэба, калі свабоднымі стануць усе айчынныя сродкі масавай інфармацыі, калі людзі будуць свабодна выбіраць і пераабіраць сваю ўладу і гаварыць і пісаць пра яе ўсё, што яны сапраўды думаюць — без цэнзуры і бяз страху.
    Раіса Катлярова, Магілёў
    31.08.2011
    Улетку вечарамі я на вуліцы. У мяне каля пад’езду вялікі кветнік: прыкладна сотка зямлі. За шэсьць гадоў я давяла яго да прыстойнага стану. Я яго і даглядаю, і проста з кнігай ля кветак адпачываю. За горадам участку ня маю, таму ўнучкі прыходзяць да мяне на канікулах як на дачу. Любуюцца кветкамі і прыстойныя людзі, мінакі. А непрыстойныя ўсе шэсьць год вынішчаюць — рвуць, топчуць, дратуюць катамі, сабакамі, нішчаць машынамі. Тым ня менш кветнік жыве, цьвіце, квітнее, як выспачка будучай квітнеючай Беларусі. Я лічу так: змагацца за Беларусь трэба ня толькі на працы, на мітынгу, у прэсе, але і па месцы жыхарства. Што я і раблю, мяркую, пасьпяхова. А ўсё пералічанае вышэй я ў свой час прайшла. I скажу вам, што даволі спрэчнае пытаньне, дзе лягчэй: ці ў масе людзей, ці аднаму — практычна, у аблозе п’яніц, сталінскіх стаханавак і маладых цынікаў.
    Дарэчы, ці не абвясьціць на Радыё Свабода конкурс на тэму: як вы, змагары за свабоду, дэмакратыю і справядлівасьць, паказваеце
    прыклад на працы, па месцы жыхарства? Упэўнена, што я ў гэтым конкурсе была б не сярод апошніх. Бо жывем мы ўсё-ткі не на Плошчы. Мы там толькі змагаемся. А расквітнее Беларусь сваімі пад’ездамі, падворкамі, сялібамі, узьлескамі — словам, прыстойнымі месцамі агульнага карыстаньня.
    Так, спадарыня Раіса: дыктатары прыходзяць і сыходзяць, палітычныя рэжымы мяняюцца, бронзавыя манумэнты зямным уладарам паўстаюць і руйнуюцца — а кветкі ля ганку дбайнага гаспадара як цьвілі тысячу гадоў таму, так будуць цьвісьці ў наступным тысячагодзьдзі. Калі толькі палітыкі не давядуць чалавецтва да якой-небудзь катастрофы, пасьля якой не застанецца ні кветак, ні будынкаў, ні самога чалавека.
    Тамара Краўчук, Камянец
    21.09.2011
    Гэта было на пачатку 50-х гадоў. Мне тады было гадоў сем ці восем. Да нас у хату прыходзілі бацькавы сябры. Маці накрывала на маленькі столік — нібыта госьці. Але мужчыны сядалі не за стол, а слухалі радыё. У нас была вялікая радыёла: можа трафэйная, а можа немцы пакінулі. А магчыма, яшчэ зь Белавежы, дзе да вайны жылі мае родныя. У таты былі мянушкі «Балаховец» і «Палітыкан». Што праўда, ён у рэальнасьці быў і тым, і другім.
    Дык вось, калі ў хаце пачыналі слухаць радыё, мяне з маёй крыху старэйшай за мяне сястрой выпраўлялі на вуліцу — пільнаваць, ці ня йдзе да нас хто чужы. Калі мы бачылі незнаёмага чалавека, то павінны былі стукаць у акно.
    Мяне тады ахоплівала такое дзівоснае пачуцьцё таямніцы! Мы адчувалі, што дапамагаем у нейкай патаемнай важнай справе. Толькі дарослай я зразумела, што мой бацька і ягоныя сябры слухалі тады заходнія радыёстанцыі — Свабоду, «Голас Амэрыкі», Бі-бі-сі.
    На жаль, тата рана памёр: мне было толькі 9 гадоў, а яму — 59. Мінулі цяжкое дзяцінства, школа. I настаў час, калі я сама стала слухаць тыя ж радыёстанцыі. Як я цяпер разумею свайго бацьку, прыкладаючы вуха да старэнькага прымача, каб пачуць родны голас беларускай Свабоды!
    У савецкія часы я, назьбіраўшы за год грошай, пабывала па турыстычных пуцёўках у некалькіх краінах Эўропы. Бачыла, як адпачываюць старыя немцы на ўлоньні прыроды ў Саксоніі, прыехаўшы ў дамы адпачынку на ўласных «Трабантах». I думала пра няшчасную долю нашых пэнсіянэраў...
    А потым разваліўся Савецкі Саюз. Якое цудоўнае тады было адчуваньне — колькі надзей і чаканьняў! Я была так узрушана, нібы мне падарылі нешта такое, пра што я марыла ўсё сваё жыцьцё і займець што дагэтуль не было ніякай надзеі. Гэта было так, нібы я ўсё папярэдняе жыцьцё была ў клетцы — а тут раптам мяне выпусьцілі на волю! Вось пра што марыў мой бацька!
    Але нядоўга мы цешыліся... Вельмі шкада. Мне ўжо за 60. Няўжо Свабоду я буду толькі слухаць? Няўжо мне не наканавана пажыць ва ўмовах свабоднай дэмакратычнай краіны?
    Думаю, спадарыня Тамара, вы агучылі думкі, пачуцьці, чаканьні і расчараваньні тысяч і тысяч беларусаў вашага пакаленьня. Ніякія аналітыкі ды прагназісты ня здольныя прадказаць, які будзе далейшы лёс беларускай дзяржавы, ці хутка грамадзяне Беларусі зноў адчуюць той смак свабоды, які так хмяліў і натхняў на пачатку 90-х гадоў. I ўсё ж многія і многія ў Беларусі не без падстаў спадзяюцца і вераць, што 17 год — дастатковы тэрмін для таго, каб грамадзтва асэнсавала, якую цану заплаціла за ўласныя ілюзіі ды памылкі, і знайшло ў сабе сілы зьмяніць уласны лёс.
    Галіна Цялушкіна, Менск
    12.10.2011
    Усе мы, людзі, шукаем найперш уласнай выгады. I тут розьніцы няма, хто прэзыдэнт. Была б на месцы прэзыдэнта я ці вашы Лябедзькі — усё роўна кожны цягне коўдру на сябе.
    Вось адна мая знаёмая ў свой час працавала на адказнай пасадзе ў Нацбанку, цяпер атрымлівае вялізную па нашых мерках пэнсію. Дык вось, у банку яна ўзначальвала партыйную арганізацыю. А цяпер — заўзятая верніца, сьпявае на клірасе. Яе дзеці, зяці — усе ў БРСМ ці ў «Белай Русі». Так што ўсе мы — прыстасаванцы.
    А я ж вось трапіла на ваш кручок: наслухалася пра акцыі незадаволеных, далучылася. Затрымалі. Але паколькі я пэнсіянэрка, дык да мяне асабліва не чапляліся. Затое праз КДБ за мой «хуліганскі» ўчынак давялося адказваць дачцэ.
    У вас таксама свае ўласныя інтарэсы. Праз такіх дурняў, як я, вы выжываеце і цудоўна сябе адчуваеце. Але ўсё гэта — падман, ня больш за тое. Болып вы не спадзявайцеся, што я траплю да вас на кручок.
    Нават і ня ведаю, што вам параіць, спадарыня Галіна. У БРСМ вас, напэўна, ужо не запішуць. A вось у «Белую Русь» папрасіцца можна — яны якраз ператвараюць гэтую арганізацыю ў палітычную партыю. Праўда, ці падвысяць вам за партыйства пэнсію — пытаньне складанае. Напэўна, трэба зьвяртацца з запытам у райкам ці абкам партыі...
    Што да, кажучы вашымі словамі, «закідваньня кручкоў». Hi да якіх палітычных акцыяў мы не заклікаем. Удзельнічаць ці ня ўдзельнічаць у іх — справа вашага асабістага выбару. А вось інфармаваць пра грамадзкія пратэсты і пра тое, як улада помсьціць іх удзельнікам, мы будзем гэтак жа, як інфармавалі заўсёды. Кожны чалавек мае права на ўласныя палітычныя погляды і на публічнае іх адстойваньне, у тым ліку шляхам мірных пратэстаў і дэманстрацыяў. Гэтае прызнанае ва ўсім цывілізаваным сьвеце права мы шляхам распаўсюду праўдзівай аб’ектыўнай інфармацыі дапамагаем абараняць тым людзям у Беларусі, якія, адрозна ад вас, спадарыня Цялушкіна, ня лічаць прыстасаванства і крывадушнасьць чалавечымі вартасьцямі.
    Алесь Яжэвіч, вёска Запольле, Чэрвеньскі раён
    26.10.2011
    Такога разгулу беларусафобіі, нянавісьці да беларускай мовы не было нават у Савецкім Саюзе. У агульнаадукацыйнай сярэдняй школе зь беларускай мовай навучаньня ў клясах, дзе вучацца мае дзеці, на мове выкладаюцца толькі тры прадметы (два зь якіх — сама беларуская мова, а таксама беларуская літаратура). Абсалютная балыпыня дысцыплін выкладаецца настаўнікамі па-расейску. Таксама на расейскай мове ў школе зь беларускай мовай навучаньня праходзяць лінейкі і бацькоўскія сходы.
    Справа дыскрымінацыі беларускамоўных зайшла так далёка, што на працы іх адмаўляюцца нават разумець. Начальства ігнаруе паперы, напісаныя па-беларуску. Патрабуе перапісаць па-расейску.
    Калі ты размаўляеш па-беларуску — у цябе могуць быць вялізныя праблемы з працаўладкаваньнем, прасоўваньнем па службе. Мая адукаваная беларускамоўная сям’я з чатырох чалавек даўно жыве за рысай беднасьці, а дакладней сказаць — выжывае. He заплаціць альбоўрэзаць заробак, абмежаваць у выбары працы, звольніць паводле сфальшаваных прычынаў, давесьці да галечы — вось цяперашняя палітыка беларускай дзяржавы ў адносінах да іншадумцаў.
    Кіраўнікі прадпрыемстваў, ведаючы, як у вярхах ставяцца да мовы, баяцца браць бела-
    рускамоўных на працу. А тыя, хто ўсё ж узяў, імкнуцца хутчэй пазбавіцца — каб не наклікаць на фірму бяды.
    Я неяк уладкаваўся на працу мэнэджэрам па грузаперавозках. Сваю «аську» на працоўным кампутары ўсталяваў па-беларуску. Дырэктар фірмы, калі ўбачыў гэта, хуценька ўласнаручна перавёў яе на расейскую мову. А праз гадзіну мяне звольнілі. Трэба шукаць новай працы, a значыць — саступаць сумленьню і пераходзіць на расейскую мову. Са сваім статутам у чужы манастыр ня пойдзеш. Хто ня мае досьведу шматгадовых зносін на беларускай мове, не ўспрыняў гэтую мову сэрцам — той не зразумее, як гэта балюча, млосна, цяжка...
    Настаўнікі разумеюць, што беларуская мова ў нашай дзяржаве амаль нідзе не патрэбная. Добрасумленныя дзеці, якія палюбяць мову, стануць ахвярамі нашай беларускай рэчаіснасьці і ня змогуць потым працаўладкавацца. Таму, кіруючыся найлепшымі намерамі, настаўніца хіміі прапанавала дзецям перайсьці на расейскую мову. Бо школа, урокі — яны ж не для адзнак, а для жыцьця. На заклік настаўніцы станоўча адрэагавалі амаль усе вучні. Яны пайшлі ў школьную бібліятэку і памянялі беларускамоўныя падручнікі на расейскамоўныя, акуратна падрыхтаваныя дзеля гэтага загадзя. Адмовіўся гэта зрабіць толькі мой сын Вітаўт. I я ганаруся сваім сынам.