• Газеты, часопісы і г.д.
  • Лісты на Свабоду  Валянцін Жданко

    Лісты на Свабоду

    Валянцін Жданко

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 428с.
    2014
    73.57 МБ
    Алег Князевіч, Менск
    06.04.2011
    Беларуская эканоміка квітнела-квітнела — і, відаць, адцьвіла. Цяпер замест кветачак зьявіліся ягадкі.
    Учора абышоў паўдзясятка абменьнікаў, каб купіць 50 даляраў. Знайшоў толькі ў адным, і не 50, a 15.
    А ўвечары па тэлевізары галоўны банкір Пракаповіч супакойваў: ніякай дэвальвацыі ён не дапусьціць, валюта ёсьць і будзе, ня слухайце тых, хто разносіць панічныя чуткі. Добра, я іх ня слухаю і ня веру. Але чаму тады немагчыма купіць 50 даляраў? Дзе тая валюта, якая нібыта ёсьць?
    У тое, што дэвальвацыі ня будзе, верыць, напэўна, толькі Пракаповіч. Ды ці верыць і ён? I дзеля чаго з апошніх сілаў рабіць выгляд, што ўсё цудоўна і ўсё пад кантролем, калі насамрэч усім усё зразумела і рубель коціцца пад адхон? Каму патрэбная гэтая імітацыя і хлусьня?
    Падчас апошняй выбарчай кампаніі беларускім грамадзянам было абяцана: да канца 2010 году сярэдні заробак — 500 даляраў, да канца 2015-га — тысяча. (Натуральна, у беларускіх рублях, паводле афіцыйнага курсу Нацбанку). I ў мінулым сьнежні, перад выбарамі, абяцаныя 500 даляраў, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, сапраўды былі дасягнуты. Іншая справа — якім коштам. Ужо на пачатку году гэтая лічба пад уплывам інфляцыі істотна ўсохла. А калі зараз дэвальваваць рубель — як будзе вы-
    глядаць у вачах людзей улада, якая раздавала тыя абяцаньні? Іншая справа, што нерэальна нізкі валютны курс, які ўпарта трымае Нацбанк і па якім набыць у банках валюту практычна немагчыма — таксама немінуча адбіваецца на іміджы ўлады зусім пэўным чынам.
    Алег Пяткевіч, Полацак
    18.05.2011
    Працую ў школе настаўнікам. Дзеткі цягнуцца да ўсяго нашага, роднага. Пытаюцца: «А што? А як? А калі?» Але ж цяпер усё беларускамоўнае (і ўвогуле ўсё беларускае) вельмі звужана. Падручнікі — толькі на расейскай мове. Гавораць дзеці паміж сабой таксама толькі па-расейску.
    Як на мой погляд, дык дзеля таго, каб пашырыць беларускамоўнае асяродзьдзе, трэба, каб нашы эмігранты патроху вярталіся на радзіму.
    Напрыклад, наш славуты зямляк Сяржук Сокалаў-Воюш. Ен, праўда, кажа, што ў яго роднай вёсцы Астроўшчына Полацкага раёну няма ніякіх зьменаў і ён ня зможа ўладкавацца на працу. Я ў 2009-2010 гадах працаваў у будаўнічай фірме. I мы будавалі вялікі грамадзка-культурны цэнтар якраз у вёсцы Астроўшчына. I зараблялі няблага. У гэты цэнтар уваходзяць паліклініка, дзіцячы садок, лазьня. Лічу, нашым эмігрантам ня трэба баяцца сваёй Бацькаўшчыны. Чым болей нас будзе, тым хутчэй мы разам даможамся сапраўднай незалежнасьці. Мы павінны самі
    разам будаваць сваю краіну. А чынавенству да нас няма ніякай справы. Ім галоўнае — каб іх не чапалі, не заміналі займацца ўласнымі праблемамі.
    Людзі, якія эмігравалі на Захад, вельмі рэдка вяртаюцца на жыхарства назад у Беларусь. На тое ёсьць шмат прычын — і палітычных, і эканамічных, і ў кожнага — асабістых, сямейных. Наўрад ці варта за гэта дакараць эмігрантаў: кожны сам выбірае свой лёс. Беларуская нацыянальна арыентаваная эміграцыя чым можа дапамагае сваёй радзіме ў моўных і культурных справах. Але разьлічваць у моўным адраджэньні толькі на яе сілы — прынамсі наіўна і бясплённа, спадар Алег. Лёс і беларускай мовы, і беларускамоўнай адукацыі вырашаецца тут, на беларускай зямлі, беларускімі ж грамадзянамі.
    Павал Сац, вёска Асавая, Маларыцкі раён
    08.06.2011
    Нядаўна ў нашай вёсцы сабралі ўсіх алькаголікаў і абвясьцілі: «Будзеце працаваць, пойдзеце ў лячэбна-працоўны лягер. Там з вас усю дурноту выб’юць».
    Кажуць, у Нямеччыне пры Гітлеру нешта падобнае было. Лукашэнка абвясьціў, што трэба браць прыклад з Андропава. Паглядзім, што атрымаецца. У Андропава дык неяк ня надта каб атрымалася. Можа, не пасьпеў...
    Людзі радуюцца, што пэнсію хутка паднімуць. А чаго радавацца, калі цэны даўно абагналі тое падвышэньне? I навошта хваліцца, калі рэальна ў людзей сталі меншымі і пэнсіі, і заробкі...
    Я вось днямі зайшоў у краму. Запалкі на паліцы — па 700 рублёў. I якраз падвезьлі новую партыю. Такія самыя запалкі — але ўжо па тысячы. I што гэта за запалкі? Толькі кожная сёмая загараецца адразу — такая якасьць. Вось пры паляках і немцах тая ж пінская фабрыка вырабляла зусім іншы тавар. Запалку можна было раскалоць на 6 частак — і рэдка якая з гэтых расколінак давала збой. Людзі былі ашчадныя і выкарыстоўвалі гэта. I пры саветах пінская фабрыка вырабляла запалкі значна лепшай якасьці. Вось у мяне запалкі 1990 году выпуску. I нічога, ня страцілі сваіх уласьцівасьцяў — гараць добра.
    Ну, спадар Павал, калі вы запалак яшчэ ў 90-м годзе на дваццаць год наперад назапасілі — значыць, традыцыі беражлівасьці і ашчаднасьці ў нас жывуць і квітнеюць. А ўлады ўсё зьдзіўляюцца ды абураюцца: чаму гэта людзі кінуліся раскупляць цукар, соль, воцат, алей, бытавую тэхніку, будматэрыялы... Ды таму і кінуліся, што добра памятаюць, як вымушаны былі дзяліць кожную запалку на шэсьць частак. I ня без падстаў пабойваюцца, што цяжкія часіны ў любы момант могуць вярнуцца.
    Марыя Касьцюкевіч, вёска Пазяненты, Івейскі раён
    13.07.2011
    Паважанае Радыё Свабода! Вось у нас у Пазянентах было 15 кароў. А цяпер, у гэтым 2011 годзе, усю пашу для прыватных кароў мясцовы калгас заараў. Давялося ўзяць кароўку на вяроўку — навязаць.
    Калейка, па якой мы пасьвілі кароў, разладзілася. Бо пашы для статку фактычна не засталося. Хоць малако калгасу мы здаем. Вось вам праўда — як заціснулі людзей на вёсках.
    А хто ўжо ня мае сілы, той вымушаны жывёлу, перазімаваўшы, прадаць. Мы зьвярталіся да кіраўнікоў. Чыноўнікі нам адказалі: навязвайце сваіх кароў і коней хоць на печы. Вось такая народная праўда.
    У сваёй вёсцы ў Шчучынскім раёне я быў сьведкам падобных гісторый у 80-я гады. Саўгаснае начальства разворвала апошнія лапікі пашы, ігнаруючы ўсе сьлёзныя просьбы людзей. У адказ на скаргі адкрыта хамілі: «Можаце пасьвіць у лесе — там травы хапае». Скардзіцца было бессэнсоўна: саўгасны начальнік выконваў дырэктыву райкаму партыі — павялічваў ворны клін і валавы збор збожжа. За што людзі яго пракліналі, за тое партыйнае кіраўніцтва ўзнагароджвала чырвонымі сьцягамі і прэміямі.
    I што ж у выніку? Няма сёньня ў маёй вёсцы ніводнай прыватнай каровы. Як няма і ніводнага
    разаранага і апрацаванага калгаснага поля ў ваколіцах — усё зарастае кустоўем ды быльнягом.
    Паважаныя івейскія кіраўнікі! I ў Пазянентах будзе тое самае, калі вашы падначаленыя будуць думаць не пра людзей, а толькі пра высокія лічбы ў справаздачах.
    Аляксандар Лешык, Баранавічы
    10.08.2011
    Ходзіш па калідорах гарвыканкаму і думаеш: божухна, колькі ж тут кабінэтаў — сотні. I амаль у кожным — па чатыры чыноўнікі. Сядзяць, паперкі перакладваюць, рэзалюцыі пішуць... А якая з гэтага карысьць? Такое ж становішча на прадпрыемствах. Рабочых людзей на заводах — добра калі адна траціна. Астатнія — наглядчыкі, падлікоўцы, кантралёры ды ідэолягі... Які росквіт эканомікі можа быць пры такіх парадках? Здаецца мне, што ўлада зусім забылася, каму і як яна павінна служыць. Рабочы чалавек, які стварае багацьце для дзяржавы, павінен за сваю працу атрымліваць не жабрацкую падачку з панскага стала, а дастойны заробак. Ён мае права пасьля працоўнага дня зайсьці ў рэстаран ці бар, сустрэцца там зь сябрамі ў прыстойных умовах. А што ў нас? Паўсюль нават сталоўкі ліквідуюць — тыя самыя, што ў брэжнеўскія часы былі на кожным кроку, танныя і зручныя. Рабочы чалавек зь цяперашняй зарплатай ня можа дазволіць сабе нават гарачы абед у сталоўцы.
    Ды што казаць, калі нават папы ў цэрквах, гэтыя былыя камуністы, заломваюць цяпер за свае паслугі такія сумы, што валасы дыбарам. 30 хвілін памоліцца над нябожчыкам — давай 150 тысяч. Няўжо гэтаму іх Хрыстос навучаў?
    Увогуле, калі на чалавека звалілася бяда, памёр нехта з блізкіх — дык толькі пасьпявай грошы даставаць. Паслугі ў моргу: 150 тысяч за 10 хвілін (за тое, што апрануць нябожчыка). А смурод там які! Зробіш заўвагу, дык кажуць: няма грошай утрымліваць маразільныя ды халадзільныя камэры. I ўсё гэта робіцца на тле лядовых палацаў, якія будуюцца ўжо ледзь ня ў кожным райцэнтры...
    Вашы, спадар Аляксандар, жыцьцёвыя назіраньні ўражваюць і схіляюць да зусім пэўных пытаньняў. Калі ў дзяржавы няма грошай на тое, каб утрымліваць у належным стане халадзільныя камэры, прызначаныя для нябожчыкаў — то ці мае яна маральнае права выдаткоўваць сотні мільёнаў даляраў на лядовыя забавы? Дарэчы, вялікіх грошай каштуе ня толькі будаўніцтва лядовага палаца, але і яго ўтрыманьне. Падтрымліваць у летнюю сьпёку ў працоўным стане халадзільнае абсталяваньне хакейнай арэны — прыемнасьць зусім ня танная. Прынамсі, гэта не ідзе ні ў якае параўнаньне зь лядоўнямі раённага шпіталя. Бюджэт вялікага гораду знайсьці на гэта грошы яшчэ можа. А як быць невялікаму райцэнтру, у якога не хапае сродкаў ня тое што на хакей — на самае неабходнае, мэдыцыну ды адукацыю? Няўжо разьлічваць на тое, што за ўсё заплацяць нешматлікія аматары катаньня на каньках?
    Юры Кутузаў, Смаргонь
    24.08.2011
    У 1991 годзе нарадзілася мая другая дачка. Сам я на той час быў звычайным абывацелем, які ня лез у палітыку, амаль не разьбіраўся ў ёй. Між тым адчуваліся нейкія зьмены, ад якіх тады, як мне цяпер здаецца, лягчэй рабілася дыхаць. Я пачынаў цікавіцца грамадзкімі праблемамі, раіцца з дасьведчанымі сябрамі. Радаваўся вяртаньню гістарычных сымбаляў. Нават двойчы абіраўся сябрам выбарчых камісіяў. Чакалася, што маім дзеткам наканавана жыць у сапраўды самастойнай, заможнай дзяржаве, што іх чакае сьветлая будучыня. Але ня ўсё выходзіць так, як нам марыцца...
    У 1994-м я ўсіх родных, знаёмых адгаворваў галасаваць за Лукашэнку — ня ведаючы нават дакладна, чаму. Як прадчуваў. А ў 96-м, калі была зьменена Канстытуцыя, ліквідаваны парлямэнт, калі пачаў усталёўвацца жорсткі аўтарытарны рэжым, я ўжо ведаў, што буду змагацца з гэтай хлусьлівай уладай, як магу. Так яно і ёсьць.
    Дочкі вырасьлі. Старэйшая вучыцца на апошнім курсе акадэміі ў Варшаве. Другая, равесьніца Незалежнасьці, вучыцца завочна тут. Ужо выйшла замуж. Хоць па-бацькоўску з жонкай перажываем за іх, дапамагаем як можам, але ж, па вялікім рахунку, яны ўжо дарослыя, са сваім сьветапоглядам, прынцыпамі, з выбранай жыцьцёвай сьцежкай.
    А ў сярэдзіне мінулага году зьявілася ў маёй сям’і яшчэ адно вялікае шчасьцейка — нарадзіў-