• Газеты, часопісы і г.д.
  • Лісты на Свабоду  Валянцін Жданко

    Лісты на Свабоду

    Валянцін Жданко

    Выдавец: Радыё Свабода
    Памер: 428с.
    2014
    73.57 МБ
    Па сутнасьці, невялікая швэдзкая рэклямная кампанія даслала антыбеларускай дыктатуры сымбалічную «чорную метку». Схіляю галаву перад адвагай і вытрымкай таго чалавека, які не
    збаяўся спачатку навучыцца кіраваць самалётам, а потым — рызыкнуць жыцьцём, паспрабаваўшы прарваць нашу так званую «супэрсучасную» супрацьпаветраную абарону. Гэта выглядала асабліва эфэктна на тле таго, што напярэдадні на парадзе ў Менску ўлада хвалілася супрацьпаветранымі комплексамі «Тор», прызначанымі для малых вышыняў. Цікава, куды гэтыя комплексы паехалі пасьля параду? А можа, яны толькі для парадаў і прызначаныя? Так што, аказваецца, рассыпаць улёткі над Беларусьсю можна беспакарана. I ня толькі з самалёта.
    Ня думаю, спадар Іван, што нехта ў блізкай будучыні адважыцца паўтарыць бясстрашную акцыю швэдзкіх пілётаў. Рызыка насамрэч была вялізная. Памятаючы пра тое, як у сярэдзіне 90-х гадоў на загад Лукашэнкі ў беларускім небе бязьлітасна расстралялі паветраны шар зь бяскрыўднымі амэрыканскімі спартоўцамі — можна ўявіць, які лёс напаткаў бы швэдаў, калі б іх выявілі ды паднялі ў паветра зьнішчальнікі.
    А наступствы гэтага на першы погляд легкадумнага палёту могуць быць вельмі сур’ёзныя. I справа ня толькі ў адстаўках генэралаў.
    Калі дыктатара баяцца і дрыжаць перад ягонай ваеннай машынай — ён толькі ўмацоўваецца. A вось калі зь яго насьміхаюцца і доказна дэманструюць, што расхваленая вайсковая магутнасьць — усяго толькі блеф, пустая пахвальба — гэта для дыктатуры зьнішчальны ўдар.
    ...Нагадаю, што камуністычны рэжым у СССР пасьля прызямленьня Руста на Краснай плошчы праіснаваў чатыры гады...
    Хрысьціна Багданоўская, пасёлак Акцябрскі, Смалявіцкі раён
    22.08.2012
    Пайшла я нядаўна ў бібліятэку. Выбрала пару кніжак Быкава і вырашыла яшчэ замовіць штонебудзь гістарычнае. На мой запыт бібліятэкаркі перапыталі:
    — Дык вам пра вайну?
    — He, — кажу. — Што-небудзь з болып даўняй гісторыі Беларусі.
    У адказ пачула: «А хіба да вайны ў нас штонебудзь было?»
    Убачыўшы, што ў пытаньні гістарычнай літаратуры мы адзін аднаго не зразумеем, трохі падумаўшы, цікаўлюся:
    — А Гётэ ў вас ёсьць?
    I зноў чую адказ, які выклікае ў мяне вялікае ўзрушэньне.
    — А ён замежны пісьменьнік? — пытаецца ў мяне бібліятэкарка.
    Пачуўшы ад мяне станоўчы адказ, яна ўзрадавана кажа:
    — Ну, тады вам вунь тая палічка...
    I яшчэ адно цікавае бібліятэчнае назіраньне. Гляджу бібліятэчную картку на вокладцы кнігі Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Кніга ня новая, 80-га году выданьня. Па картцы бачна, калі яе бралі. Першы раз — у 81 годзе, другі — у 82-м; трэці — у 83-м; потым — у 90-м... I ўсё. 3 Быкавым — тая ж самая карціна. А «Фаўста» Гётэ за ўвесь час увогуле ніхто ня браў — ні
    разу за трыццаць гадоў. Асабіста для мяне выснова тут відавочная. Як кажа з гэтай нагоды мой бацька, выратаваць гэтую краіну здольная не эканоміка, а тым болып — не ідэалёгія і не прапаганда, а толькі адраджэньне нацыянальнай культуры.
    Пішу вам ня часта, бо, зважаючы на ўзрост (маю 14 гадоў), у мяне надта шмат розных спраў. Вучуся ў гімназіі-каледжы мастацтваў імя Ахрэмчыка. Граю на беларускім народным інструмэнце — цымбалах. Зь цікавасьцю сачу за ўсімі навінкамі «Бібліятэкі Свабоды».
    Прыемна даведацца, Хрысьціна, што, маючы безьліч спраў, вы знаходзіце магчымасьць шмат чытаць, у тым ліку тыя кнігі, якіх школьная праграма не вымагае. Сярод вашых равесьнікаў гэта сёньня не такая ўжо і распаўсюджаная зьява.
    Што да вашых сумных бібліятэчных назіраньняў. На жаль, узровень аплаты працы бібліятэкара ў Беларусі цяпер такі, што высокаадукаваных спэцыялістаў у бібліятэцы сустрэнеш ня часта. Ня думаю, што выпускнікі Ўнівэрсытэту культуры ня ведаюць, на якой мове пісаў Гётэ. Але ці даяжджаюць тыя выпускнікі з дыплёмамі да беларускіх бібліятэк? Ведаю, што вельмі часта раённыя аддзелы культуры вымушаны браць на шматлікія вакантныя месцы ў бібліятэкі людзей, як кажуць, «з вуліцы» — без усялякай адукацыі.
    Мікалай Козіч, Менск
    19.09.2012
    Было гэта напрыканцы 60-х гадоў. Я тады працаваў на заводзе аўтаматычных лініяў. Аднаго разу начальства сабрала нас у актавай залі — дзеля таго каб мы паназіралі, як будуць прапясочваць ідэалягічных дывэрсантак. Аказалася, што КДБ вылавіў дзьвюх непаўналетніх дзяўчатак, якія раскідвалі па паштовых скрынях у дамах у раёне кінатэатру «Зьмена» нейкія ўлёткі (здаецца, антысавецкія). У актавай залі сабралася шмат народу — усім цікава было паглядзець на гэтых, як тады казалі, «шпіёнак». Выступалі маладыя інжынэры, партыйныя актывісты: казалі пра ідэалягічныя недапрацоўкі, пра тое, што школа аддае недастаткова ўвагі ідэйнаму выхаваньню. Быў там і дырэктар школы нумар 62, што разьмешчана ў раёне заводу. Яму дасталося на арэхі больш за іншых.
    Былі два супрацоўнікі КДБ. Пра зьмест улётак асабліва не распавядалі, сказалі толькі, што гэтыя дзьве «шпіёнкі» заклікалі ўступаць у шэрагі антысавецкага супраціву.
    Гэтых дзьвюх непаўналетніх дзяўчатак увялі ў залю. Гадзіны дзьве іх бэсьцілі, прыніжалі, псыхалягічна апрацоўвалі ў нас на вачах...
    ...Мне ўжо 85 год. 13 зь іх я адпрацаваў на заводзе аўтаматычных лініяў. Часам успамінаю даўні выпадак са «шпіёнкамі». Цікава, як склаўся лёс тых дзяўчатак. Увогуле, што гэта быў за рух супраціву? Да чаго яны заклікалі? Як увогуле адважыліся ў той змрочны час на такі ўчынак?
    Хутчэй за ўсё, ніякага арганізаванага руху супраціву не было — размова ішла, напэўна, пра дзёрзкі адважны ўчынак некалькіх падлеткаў, якім абрыдла шэрая будзённасьць брэжнеўскай эпохі, і яны вырашылі ва ўлётках напісаць пра яе тое, што сапраўды думаюць. Калі б у рэальнасьці існавала падпольная антысавецкая арганізацыя, то, мяркую, гэтых дзяўчатак не прапясочвалі б на сходзе грамадзкасьці, а вельмі хутка б кінулі ў «Амэрыканку» і аддалі пад суд. Зрэшты, ім пашанцавала, што гэта былі ўжо параўнальна лібэральныя 60-я гады. На пачатку 50-х за такія ўлёткі нават непаўналетніх пасылалі ў лягеры гадоў на дваццаць.
    Нешта больш канкрэтнае, ня ведаючы прозьвішчаў, сказаць пра гэты выпадак цяжка, спадар Козіч. Можа, нехта са сьведак тых падзей адгукнецца на гэтую перадачу і раскажа больш падрабязна.
    Ніна Гетманчук, Берасьце.
    19.09.2012
    Пасьля вайны ў Камянцы зьявілася процьма міліцыянтаў. Усе — з усходу, расейцы. Езьдзілі конна, на брычках, на санях: машын не было. Часта рабавалі мясцовых людзей: забіралі што хацелі. Вельмі многа пілі. А вось да працы прывучаны не былі. I вельмі хутка ўся конная гаспадарка ў іх прыйшла ў заняпад. А мой бацька быў вельмі працавіты, усё ўмеў. Яны пра гэта ведалі. I вось аднаго разу прыехалі, пасадзілі яго ў фурманку. Сказалі: «Давядзеш у нас да ладу збрую, коней — і адпусьцім». Бацька так стараўся, што
    за месяц усё было ў парадку. Ён прасіўся дадому: шмат працы па гаспадарцы, дзяцей трэба гадаваць. Але яму сказалі: «Ніколі! Або тут — або Сыбір». Грошай яму не плацілі, жыў пры конях. Ежу сабе гатаваў у разбураным будынку. Раз на тыдзень прыходзіў дадому — браў хлеб, сала, бульбу. Усе мы былі ў адчаі.
    I вось мінула зіма. Ён прасіўся: трэба араць, дзеці памруць з голаду. He пусьцілі. Тады ён пайшоў сам. Дзень араў, а назаўтра прыехалі, зьвязалі, кінулі ў фурманку тварам уніз — і павезьлі. Толькі празь месяц мы даведаліся, што ён у турме ў Берасьці.
    У вялікую камэру без усялякай мэблі іх набілі чалавек сто. Днём стаялі, а ноччу падалі на падлогу ў два ярусы. Ноччу ніжнія выпаўзалі наверх, потым зноў мяняліся месцамі, як парасяты. Цягнулася гэта доўга, месяцы паўтара-два. Ніякіх допытаў не было. Давалі баланду і выводзілі ў прыбіральню два разы на суткі — рана і ўвечары. Зьявіліся вошы, потым — хваробы. Людзі пачалі паміраць — напэўна, ад тыфу. Ніякай мэдычнай дапамогі не было — ні лекаў, ні дактароў. Нябожчыкаў станавілася ўсё болей. Неўзабаве камэра перастала быць цеснай.
    I вось аб’явілі, што пачынаецца суд. Адчынілі дзьверы ў калідор. Там стаяў стол, накрыты чырвонай анучай, і сядзелі тры мажныя энкавэдысты. Выклікалі па адным, не пыталі ні слова — толькі зачытвалі прысуд. Віна вядомая: нехта пра Сталіна казаў кепска, нехта — пра бальшавіцкую ўладу. Большасьці быў прысуд — расстрэл, меншасьці — 25 год Сыбіры. На дзесяць год асудзілі толькі аднаго.
    Бацьку выклікалі ў ліку апошніх. Пра свой лёс ён ужо здагадваўся, на ватных нагах падышоў да стала. I тут здарылася неверагоднае: няйначай, Бог пашкадаваў нявіннага чалавека. Аказалася, бацькавы паперы згубіліся. «Судзьдзі» захваляваліся, паслалі аднаго шукаць, але той нічога не прынёс. Бацька імгненна здагадаўся: гэта быў шанец для яго. Яго сталі распытваць: якое злачынства ўчыніў. Бацька прыдумаў на хаду: кажа, пасварыўся з суседам з-за таго, што сабака задраў курыцу. Ну, вось той і напісаў на яго ўчастковаму.
    Усе зьдзівіліся. А самы галоўны закрычаў: «Вон адсюль!» Тады адзін з памагатых падышоў да бацькі, схапіў за каўнер, прывалок да дзьвярэй і з размаху з усяе сілы выцяў ботам па хрыбце. Бацька апынуўся за дзьвярыма, падняцца ня мог. Дапоўз да сьцяны і сядзеў. Міліцыянты, што бегалі сюды-туды, сьмяяліся зь яго: «Што, не наседзеўся?»
    Мэтраў за 300 ад турмы ў Берасьці — царква. Папоўз туды. Калекі, жабракі яго пакармілі, далі на дарогу хлеба, яблык і кій. Так ён выправіўся дахаты — за 65 кілямэтраў. Часам добрыя людзі падвозілі на фурманках. Начаваў у вёсках. Ішоў тыдзень.
    Калі ўвайшоў у хату — мы ўсе вельмі крычалі. Ці то ад радасьці, ці то ад страху. Бо прыйшоў жывы труп. Калі арыштоўвалі, важыў 85 кіляграмаў, калі вярнуўся — 45.
    Пасьля гэтага бацьку паралізавала, ён некалькі гадоў не паднімаўся. Добра, што старэйшы сын пасьля вайны ўладкаваўся правадніком, езьдзіўу Польшчу і Нямеччыну, прывозіў адтуль бацьку
    лекі — і той урэшце стаў на ногі. Але працаваць ужо ня мог. Да канца жыцьця хадзіў з палачкай. Доўга маўчаў пра ўсё тое, што перажыў: баяўся. A расказаў толысі тады, калі я была ўжо дарослая, падчас хрушчоўскай адлігі. Тая драматычная гісторыя бацькі потым трагічна адбілася на ўсёй нашай сям’і.
    Дзякуй вам, спадарыня Ніна, за гэты шчыры пранізьлівы аповед. Калі я гляджу цяперашнія афіцыйныя падручнікі па гісторыі савецкага пэрыяду, у якіх распавядаецца выключна пра «гераічныя зьдзяйсьненьні», «працоўны энтузіязм» і «вялікія будоўлі сацыялізму», мне заўсёды згадваюцца падобныя гісторыі — іх могуць расказаць ледзь ня ў кожнай сям’і, асабліва — у Заходняй Беларусі. Думаю, ня надта далёкі той час, калі нашы дзеці будуць вучыцца па праўдзівых падручніках. Ну, a пакуль што ж — мы самі раскажам ім тое, пра што баяцца казаць настаўнікі ў школах.