Лісты на Свабоду
Валянцін Жданко
Выдавец: Радыё Свабода
Памер: 428с.
2014
Міхаіл Яўсееў, Магілёў
17.10.2012
Уся наша ўлада займаецца тым, што перакладвае паперкі зь месца на месца. Папераў шмат — a працы няма і працаваць няма каму. У начальніцкіх кабінэтах — адны трутні. Затое колькі пахвальбы — і гэта ў нас найлепшае, і таго мы дасягнулі. Як некалі казалі ў такіх выпадках: «Гітлер хваліцца, а фрыцы валяцца». Ялавічына ў краме — ужо болып як 100 тысяч за кіляграм.
Вось гэта дасягненьне! На мароз бы ўсіх гэтых трутняў зь цёплых кабінэтаў...
Вядома, людзі выжываюць хто як можа. Многія — крадуць. Балюча глядзець, як пасьля вандалаў застаюцца зьнявечанымі помнікі, фасады дамоў, элемэнты аздабленьня вуліц, паркаў, сквэраў. Прыкладаў — сотні. Чыгунныя каналізацыйныя люкі зьнікаюць дзясяткамі. Рабуюць і калгасныя мэхдвары, зрэзваюць драты зь ліній электраперадач, залазяць у хлявы сялян... А колькі надмагільных помнікаў апаганена: усё дзеля мэталу. А чаго хацець, калі па вобласьці працуе каля 400 пунктаў скупкі нарабаванага? Зьвяртаесься ў міліцыю, а там адказваюць: «Закрыць ня можам, гэта ўказаньне Аляксандра Рыгоравіча».
Беларусь мае буйны мэталюргічны камбінат у Жлобіне, але ня мае ўласнай жалезнай руды — адсюль гэтыя настойлівыя спробы ўлады наладзіць ва ўсіх рэгіёнах масавы скуп лому чорных і каляровых мэталаў. Колькасьць гэтых нарыхтоўчых пунктаў, сапраўды, даўно ўжо не адпавядае колькасьці таго мэталалому, якога калісьці, за камуністамі, было шмат (нават піянэраў прымушалі яго зьбіраць), a цяпер таго лому фактычна нідзе няма — усё даўно паздавана. Затое шмат даведзеных да галечы людзей, якія ня могуць знайсьці нармальную працу і часта ад безвыходнасьці крадуць каналізацыйныя люкі ці, рызыкуючы жыцьцём, лезуць на электрычныя слупы, каб зрэзаць і здаць у скупку мэталічны дрот.
Уладзімер Башкіраў, Магілёў
12.12.2012
Дзе толькі не шукаюць грошы нашы міністры — і на Ўсходзе, і на Захадзе. А ў мяне ёсьць свая прапанова. Трэба проста скараціць усе сілавыя структуры і чынавенскі апарат — хаця б да ўзроўню 1994 году. I ўсё — грошай паболее настолькі, што, можа, і ніякіх пазыкаў шукаць не давядзецца...
Мне ў сувязі з вашай, спадар Уладзімер, прапановай згадваецца, як у 1988 годзе да нас у Дом друку, у рэдакцыю «Звязды», дзе я тады працаваў, прыяжджаў тагачасны кіраўнік БССР Яфрэм Сакалоў. Чорную «Волгу», у якой ён прыехаў, суправаджала адна машына ДАІ. А ахоўвалі першага сакратара ЦК КПБ (кіраўніка 10-мільённай рэспублікі) два чалавекі ў цывільным...
Тым, хто хоць аднойчы назіраў, якімі манэўрамі соцень міліцыянтаў і агентаў Службы бясьпекі прэзыдэнта суправаджаецца любая паездка цяперашняга кіраўніка Беларусі, сёньня ў гэта нават цяжка паверыць.
Васіль Тур, Берасьце
12.12.2012
Нарадзіўся я ў Камянецкім раёне. У нас была свая мова — яе называлі «сельскай». Гаворка адрозьнівалася нават у суседніх вёсках — што
ўжо казаць пра літаратурную мову. У Берасьці мова была «гарадзкая». Скончыўшы восем клясаў, пераехаўу Берасьце: бліжэй сярэдняй школы не было. Размаўляў я тады ў школе на сваёй мове. Дужа яе любіў. «ДАЖЫ НЕКОТОРЫ ДЫТЫ ПЫТАЛІСЯ ЗА МНОЮ ГОВОРЫТЫ НА МОІЕЙ МОВЫ, ДОБРА ПОМНЮ...» На ўроках адказваў і па-беларуску, і па-расейску — залежна ад прадметаў. Тады, у 60-я гады, беларускай мове аддавалі ўвагі значна больш, чым цяпер.
Мая былая жонка лічыла сябе расейкай, яе маці зь Петраграду, а бацька — былы вайсковец. Яна многіх маіх слоў зусім не разумела. Вось такую я выбраў. Думаў, перавыхаваю, навучу... Але не на тую нарваўся.
Мой старэйшы сын пры паступленьні на экзамэнах пісаў сачыненьне на беларускай мове. Але дома называў мяне «папой», ня «татам». Так яго выхавала мама. Мы з жонкай на той час ужо разьвяліся, але сын часта прыбягаў да мяне, многаму вучыўся. 3 малодшым сынам атрымалася па-іншаму: гэта ўжо быў цалкам жончын сын, такім і застаўся...
Але кропля камень точыць, а пад ляжачы камень вада не цячэ. Будзе сьвята і на нашай вуліцы (дарэчы, у нас кажуць «ГУЛІЦЫ»). Добрая справа набліжаецца, і вы на Свабодзе ёй спрыяеце. Посьпехаў вам. Хацелася б ведаць, якую адзнаку паставіце за мову мне як «западніку» (так называла мяне цешча).
Адзнака — выдатная, спадар Васіль. Вельмі цікавыя назіраньні — дзякуй вам за іх. На поўдні Берасьцейшчыны, сапраўды, адметныя гаворкі, якія
значна адрозьніваюцца ад беларускай літаратурнай мовы. Гэтаўрозныя гістарычныя пэрыяды спрыяла ўзьнікненьню сэпаратысцкіх альбо праўкраінскіх груповак, якія, зрэшты, ня мелі значнай грамадзкай падтрымкі. Моўныя адметнасьці (часта — вельмі істотныя) характэрныя для асобных рэгіёнаў практычна ў кожнай краіне. Паўночны немец з-пад Гамбурга часам зь цяжкасьцю разумее баварца, a расеец, які жыве пад Волагдай, з усьмешкай успрымае гаворку жыхара Стаўрапольля... Тым ня менш нацыю згуртоўвае найперш адзіная літаратурная мова, на якой павінна весьціся выкладаньне ў школах і ВНУ, якая павінна гучаць у чыноўніцкіх кабінэтах, на радыё і тэлебачаньні.
Мікола Глінянка, Карэліцкі раён
26.12.2012
У нашым калгасе мінулай вясной пасадзілі ажно 200 гектараў бульбы. Навошта так шмат — невядома. Напэўна, разьлічвалі на вялікія прыбыткі. Сяк-так выкапалі. А падзець няма куды: бульбы паўсюль поўна, ва ўсіх урадзіла.
Адборную бульбу здаюць усяго па 200 рублёў за кіляграм на Сноўскі крухмальны завод. Але ўсё завод нават за такія маленькія грошы не забярэ.
Які вынік? Бульба гніе, і яе сотнямі тон возяць на звалку.
Што цікава: мясцовыя людзі ўвосень прасілі ў калгаснага начальства — прадайце нам. Але ж
начальнікі заламалі цану — 800 рублёў за кіляграм. Задорага.
Добра было б, каб вашы карэспандэнты прыехалі ды сфатаграфавалі ўсё гэтае марнатраўства. Шкада, што цяпер паўсюль сьнег і завіруха, усё наўкол замяло. Але ж сотні тон бульбы — не іголка ў стозе сена: неяк знойдзеце.
Няблага было б, спадар Мікола, каб вы самі зрабілі здымкі ды выслалі нам. Вам як мясцоваму чалавеку, які добра ведае ўсё, што адбываецца ў калгасе, зрабіць гэта нашмат прасьцей.
...А з бульбай, сапраўды, шмат якія калгасы сёлета пралічыліся. Усё пачалося гады два таму, калі здарыўся вялікі бульбяны неўраджай у Расеі і многіх іншых краінах. У выніку кошты даходзілі да паўдаляра за кіляграм. Расейскія нарыхтоўшчыкі гналі грузавікі ў Беларусь, гатовыя былі выкладваць за бульбу вялікія грошы. А яна тады ня надта ўрадзіла і тут. Да таго ж і плошчы пад яе былі адведзены ня надта вялікія. Лукашэнка тады шмат езьдзіў па калгасах, загадваў неадкладна павялічыць бульбяныя плянтацыі і будаваць бульбасховішчы. Беларускае тэлебачаньне шматкроць паказвала эфэктны кадар: Лукашэнка выбірае з баразны некалькі буйных клубняў і трасе імі перад зьніякавелымі калгаснымі начальнікамі: «Вось, — кажа, — усяго некалькі бульбін — і ўжо даляр...»
Начальства, як заўсёды, кінулася выконваць дырэктыву. Хоць усім добра вядома: сёлета бульба не ўрадзіла — а наступны год можа быць ураджайны. Напрыклад, каб зарабіць на бульбе даляр сёлета, трэба было прадаць яе ня два кіляграмы, a цэлы дваццацікіляграмовы мех.
«Нашы даяркі з прафэсійнай хваробай “хранічны запой”...»
Раней, да камуністаў, у беларускай вёсцы ў разгар сяўбы ці жніва цяжка было знайсьці чалавека нападпітку, а тым больш — п’янага. Цяпер — у любую пару году цяжка знайсьці цьвярозага.
Мікалай Бусел, вёска Пружынішчы, Акцябрскі раён
02.01.2013
На тэму п’янства ў вас шмат гаворкі. Вы канстатавалі, што на кожную беларускую душу на год прыпадае ўжо 1,3 дэкалітра сьпірту. Але — без аналізу зьявы. Між тым гэта дакладны паказьнік краху эканамічнай палітыкі рэжыму. П’е найперш бедны пласт народу. I, відаць, гэты пласт у нас значны, калі і на маю долю (чалавека, што рэдка ўжывае алькаголь), і на долю маёй жонкі, што за год выпівае мо паўшклянкі таго сьпірту, і на долю маіх дачок і сына, што ня п’юць увогуле — на кожную душу прыпадае ладнае вядро той вадкасьці (кубел на сям’ю на год).
Ведаю, было такое ў маёй улюбёнай Ірляндыі (я там, праўда, ніколі ня быў, я амаль нідзе
ня быў) — калі ўсе гналі і пілі. Ад страшэннай беднасьці, галечы. Дык дзе ж ваш аналіз гэтага страшнага зьявішча, панове?
Пра цяперашні масавы алькагалізм можна багата казаць. Я ня раз чуў меркаваньне, што дзяржава даўно і наўмысна спойвае людзей.
От узяць наш па плешку непэрспэктыўны край. У нашу вёску, як найнеабходнейшы прадукт, нядаўна прывезьлі мо сорак скрынак «чарніла»: амаль па скрынцы на душу.
Што ж выйшла з такіх «клопатаў»? Дарваўшыся да таннага пойла, тутэйшыя работнікі панапіваліся і не пайшлі на працу на фэрму. У цяперашнім калгасе, які колісь насіў імя «1 Мая», практычна няма нікога, каго б міліцыя не пазбаўляла трактарных правоў. Але некаму ж працаваць трэба. To з маўклівай згоды начальства, заплюшчыўшы вочы, гэтых экс-трактарыстаў ізноў саджаюць наякі-небудзь трактар ці пагрузчык. I такі чалавек працуе, цундзіць «чарніла» ў працоўны час, яго ізноў ловяць і праганяюць. I саджаюць іншага, і гісторыя ізноў паўтараецца. Гэта кашмар!
Адзін брыгадзір на гэта сказаў: «Лукашэнка ўсіх ператруціць гідролізам». А калі адна з жанок у краме папракнула нейкую начальніцу з Акцябрскага райспажыўгандлю («Навошта вы прыперлі такую процьму пойла?»), тая маўчала, бо як разумна і ўцямна можна апраўдаць такі алькагольны прэсінг на бедны народ? Ужо не мужыкі, а жанкі, былыя даяркі з прафэсійнай хваробай «хранічны запой», амаль у пеўні соўгаюцца па хатах, просячы хоць чаго-небудзь алькагольнага глыкануць, хоць карвалолу, хоць
валяр’янкі, хоць мурашынага сьпірту. У крамах пойла даюць нават на сьпіс.
Вы ж бачыце, бедным начальнікам — 50% падвышка заробкаў, а народу — 20% рост цэнаў на ўсё плюс ачмурэньне ад пуза.
Дык ці ж можна вінаваціць моцна люд за п’янства, калі ўлада цынічна правакуе яго?
Заробак у тутэйшага люду — ад паўтара да двух мільёнаў рублёў. Гэта — хімэрычны даход, зь якога нічога ня выкраіш, акрамя як на самае неабходнае — агіднае казённае пойла.
Дык чаму вашы спэцкары ня сходзяць у шоп-туры на дэгустацыю ў пойлавыя склепы, не раскажуць сакрэты пойларобства, вытворчыя і творчыя пляны хімічнага вынішчэньня народу?
Чаго не дарабілі Гімлер і Гарбачоў, тое пасьпяхова робіць Аляксандар Рыгоравіч, зьняўшы ўсякае табу з нашага легендарнага мафіёзнага «чарніла», правільней — перавёўшы Беларусь у постчарнільную, пойлавую фармацыю. (Знаўцы і аматары з тугой успамінаюць тое збольшага натуральнае «чарніла», асабліва народна-патрыятычна-папулярныя цэны на яго).