Маска Чырвонае Смерці  Эдгар Алан По

Маска Чырвонае Смерці

Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
109.3 МБ
Тым часам звечарэла, і надышла цемра, і схавала зямлю, a пасля адступіла, і развіднела на новы дзень, і зноў пачалі згуш-
1 «У кожным яе кроку — пачуццё» (фр.).
2 «У кожным яе зубе — сэнс» (фр.).
чацца начныя прыцемкі — а я ўсё яшчэ нерухома сядзеў у тым самотным пакоі, усё яшчэ сядзеў, заглыбіўшыся ў сузіранне, і ўсё тая ж phantasma1 трымала мяне ў сваёй уладзе, з усёй сваёй агіднай выразнасцю лунаючы ў паветры пакоя, дзе святло паступова ператваралася ў цень. Праз некаторы час мае мроі перарвалі крыкі жаху і разгубленасці, за імі, імгненнем пазней, пачуліся гукі ўсхваляваных галасоў і слабых журботных і пакутлівых стогнаў. Я падняўся і, адчыніўшы адну з дзвярэй бібліятэкі, убачыў у перадпакоі служанку ў слязах, якая і расказала мне, што Берэнікі... болей няма. Раніцай у яе быў прыпадак эпілепсіі, і цяпер, з надыходам вечара, яе ўжо чакае труна — усё падрыхтаванае да пахавання.
Я ачуняў у бібліятэцы; побач зноў нікога не было. Здавалася, я толькі што прачнуўся пасля блытанага і хвалюючага сну. Я разумеў, што ўжо поўнач, і добра ўсведамляў, што пасля заходу сонца Берэніку пахавалі. Аднак што адбывалася пазней, у гэты маркотны час, я не меў ніякага выразнага або, прынамсі, хаця б прыблізнага ўяўлення. Аднак у памяці засталіся ўзгадкі пра нейкі жах — жах, яшчэ жахлівейшы праз сваю цьмянасць, вусціш, яшчэ больш вусцішная праз сваю няпэўнасць. Гэта была страшная старонка ў кнізе майго існавання, запоўненая цьмянымі, агіднымі і бязладнымі ўспамінамі. Я спрабаваў расшыфраваць іх, але дарэмна; аднак час ад часу я, здавалася, чуў пранізлівы і пакутлівы жаночы крык, які ажываў у маіх вушах прывідам памерлага гуку. Я нешта зрабіў — але што? Я задаваў гэтае пытанне ўголас, і рэха шэптам адказвала мне з кутоў пакоя: «Але што?» На стале насупраць гарэла лямпа, ля яе ляжала маленькая скрынка. Нічым асаблівым яна не вылучалася, я часта бачыў яе paweft — яна належала нашаму сямейнаму доктару. Аднак як яна трапіла сюды, на мой стол, і чаму я скаланаюся, гледзячы на яе? Разабрацца з усім гэтым ніяк не атрымлівалася, і тут мой погляд упаў на разгорнутую кнігу і на падкрэслены сказ. Гэта былі незвычайныя, але простыя словы паэта Ібн-Заята: «Dicebant mihi sodales si sepulchrum amicae visitarem, curas
Прывід, фантом, відзежа (лац.).
Гэта была страшная старонкаў кніземайго існавання...
meas aliquantulum fore levatas». Чаму, калі я прачытаў гэтыя словы, валасы на маёй галаве сталі старчма, а кроў застыла
ў жылах? У дзверы бібліятэкі ціха пагрукалі, і на дыбачках увайшоў бледны, як жыхар могільніка, слуга. Ён паглядзеў дзікімі ад жаху вачыма і звярнуўся да мяне няроўным, хрыплым і вельмі ціхім голасам. Што ён казаў? Я чуў толькі ўрыўкі фразаў. Ён апавядаў пра шалёны крык, які разарваў начную цішу, пра тое, як усе ў доме сабраліся, як рушылі на голас — тут яго словы зрабіліся пранізліва-выразнымі, ён
пачаў нашэптваць мне пра апаганеную магілу, пра знявечанае захутанае цела, якое ўсё яшчэ дыхала, усё яшчэ білася, усё яшчэ было жывым! Ён паказаў на маё адзенне — яно было брудным, у плямах запечанай крыві. Я маўчаў, і ён мякка ўзяў мяне за руку — яна была ўся ў слядах чалавечых пазногцяў. Ён звярнуў маю ўвагу на нейкі прадмет, прыхілены да сцяны, я глядзеў на яго некалькі хвілінаў — гэта была рыдлёўка. Я з крыкам кінуўся да стала і схапіў скрынку, што на ім стаяла. Аднак адчыніць яе я не здолеў — яна выслізнула з маіх нервовых рук, і цяжка ўпала, і разляцелася на кавалкі, і з яе са стукам вываліліся інструменты дантыста разам з трыццаццю двума маленькімі, нібыта вытачанымі са слановага біўня костачкамі, якія ўроссып пакаціліся па падлозе.
Перакпала Ганна Янкута
Падзенне ў Ма/іьстрэм*
Шляхі Божыя ў Прыродзе — гэта не нашыя шляхі. I узоры, намі створаныя, не могуць быць сувымернымі велічы, бездані і неспазнавальнасці Ягоных стварэнняў, глыбіня якіх большая за глыбіню Дэмакрытавага калодзежа*.
Джозэф Глэнвіл*
Цяпер мы ўскараскаліся на самую вяршыню стромай скалы. Некаторы час стары здаваўся занадта стомленым, каб гаварыць. «Яшчэ нядаўна, — сказаў ён нарэшце, — я мог правесці вас гэтаю сцежкаю гэтак жа лёгка, як і наймаладзейшы з маіх сыноў. Але вось ужо тры гады мінула, як здарылася са мною нешта такое, што ніколі раней не выпадала вынесці смяротнаму. А калі й здаралася нешта такое, то наўрад ці хто здолеў бы перажыць гэткі жах ды расказаць пра яго. Шэсць гадзін смяротнай жуды, якія давялося мне вытрываць, знішчылі маё цела і душу. Вы думаеце, што я — нямоглы стары? Але не! Аднаго дня хапіла, каб я ператварыўся з чорнавалосага маладзёна ў сівога як лунь старога, каб цела маё саслабела, каб нервы мае так абшкуматала, што цяпер я дрыжу ад найменшага высілку і баюся нават ценю. Ведаеце, я і зірнуць не магу з гэтай малой стромы, каб галава не закружылася».
«Малая строма», на самым краі якой так неасцярожна ўлёгся стары, абапіраючыся локцем на востры слізкі камень, так што большая частка ягонага цела павісла над безданню, дык вось, гэтая «строма» ўздымалася вострым гладкім адгор’ем бліскуча чорнага каменю футаў на сто пяцьдзясят вышэй за бліжнія скалы, якія натоўпам скупіліся пад намі. Нішто ў свеце не магло б прымусіць мяне наблізіцца да яе ўскрайку бліжэй чым на шэсць ярдаў. Насамрэч рызыка, з якой уладкаваўся мой спадарожнік, усхвалявала мяне да такой ступені, што я ніцма ўпаў на зямлю і ўчапіўся ў рэдкае кустоўе, не насмельваючыся нават падняць вочы да неба.
Я ляжаў быццам скуты, знерухомлены думкаю аб тым, што ў любы момант скала можа абрынуцца ад шалёнага ветру. Доўгі час я змагаўся з самім сабою, пакуль набраўся нарэшце адвагі прыўзняцца і сесці, каб агледзецца.
«Кіньце свае дзівацтвы, — сказаў мой праваднік, — я ж і прывёў вас сюды, каб як найлепей паказаць месца, дзе адбыліся падзеі, пра якія я казаў, і каб вам лацвей было слухаць і мець усё адразу перад вачыма».
«Мы цяпер знаходзімся, — працягнуў ён з той асаблівай грунтоўнасцю, што прысутнічала ва ўсёй ягонай асобе, — мы цяпер знаходзімся над самым узбярэжжам Нарвегіі, на шэсцьдзесят восьмым градусе шыраты, у вялікай правінцыі Нордланд, на тужлівых абшарах Лафатэна*. Гара, на вяршыні якой мы цяпер сядзім, — гэта Хельсэген, Хмарная. Прыўстаньце вышэй ды трымайцеся за траву, калі галава кружыцца, во так, і зірніце далей за тую паласу туманоў, што ўнізе, проста ў мора».
Я глянуў туды, куды паказваў стары, і ледзьве не самлеў: пада мною слаўся разлеглы абшар акіяну, каціў свае чорныя як атрамант хвалі, так што мне адразу ўзгадаліся радкі нубійскага географа* з апісаннем Mare Tenebrarum* — Mopa цемры. Чалавечае ўяўленне не зможа намаляваць сабе больш спустошанага, маркотнага краявіду, чым той, які адкрыўся маім вачам. Справа і злева, наколькі было відаць, нібы бастыён свету распасціраліся ланцугі жахліва чорных навіслых стромаў. Іх хмурнасць была яшчэ больш падкрэсленая наплывамі хваляў якія высока ўздымалі свае жудасныя белыя грабяні, напаўняючы прастору пранізлівым стагнаннем і выццём. Якраз насупраць мыса, на вяршыні якога мы спыніліся, на адлегласці нейкіх пяці-шасці міляў у моры можна было ўбачыць маленькую адкрытую выспачку ці, больш дакладна, адгадаць яе знаходжанне па высокіх хвалях, што шалёна біліся аб яе берагі з усіх бакоў. Прыблізна на дзве мілі бліжэй да ўзбярэжжа ўздымалася іншая выспа, меншага памеру, стромістая і пустынная, нераўнамерна аточаная цёмнымі скаламі.
Паверхня акіяну паміж найбольш аддаленай выспаю і берагам мела ў сабе нешта незвычайнае. Нягледзячы на тое.
што вецер у бок узбярэжжа дзьмуў настолькі моцны, што невялікі карабель удалечыні ішоў пад зарыфленым трыселем*, час ад часу знікаючы з вачэй, занураючыся ўсім корпусам у хвалі, тут можна было назіраць нешта зусім не падобнае да звычайнай марской гайданкі. Гэта былі хутчэй нейкія кароткія і хуткія раз’ятраныя ўсплёскі ва ўсе бакі — і па ветры, і супраць ветру. Пены амаль не было, толькі скаламучаная вада зусім побач са скаламі.
«Тую выспу што паводдаль, — зноўку загаварыў стары, — нарвежцы называюць Вург. Гэтая, найбліжэйшая да нас — Моске. За мілю адсюль на поўначы — Амбарэн. Вунь там знаходзяцца Іфлезен, Хатхольм, Кейльхельм, Суарвсн і Букхольм. Крыху далей, паміж Моске і Вургам — Атэрхольм, Флімен, Сандфлезен і Стакхольм. Вось вам дакладныя назвы гэтых мясцінаў, але для чаго было наагул даваць ім найменне — гэтага ні мне, ні вам не зразумець. Чуеце што-небудзь? Бачыце, як змяняецца вада?»
Мы былі на вяршыні Хельсэген ужо хвілін дзесяць. Уздымаліся сюды з унутранай часткі Лафатэна, аддаленай ад узбярэжжа, і таму не бачылі мора, пакуль яно знянацку не адкрылася нашым вачам з вяршыні скалы. Пакуль стары прамаўляў, я злавіў сябе на думцы, што чую нарастанне нейкага пранізлівага гулу. Ён нагадваў рык вялізнага статка буйвалаў на прасторах амерыканскіх прэрыяў. У тое ж самае імгненне я ўсвядоміў што кароткія ўсплёскі на вадзе (рыбакі звычайна называюць іх «сечкаю»] раптоўна ператвараюцца ў вірлівую плынь, якая імкне на ўсход. Літаральна на вачах гэтая плынь набывала шалёную хуткасць. 3 кожнай хвіляй раз’юшаная навала ўзрастала. Ужо праз пяць хвілін увесь марскі абшар да самага Вурга ператварыўся ў апантаную, нястрымную лютую пачвару. Найбольш утрапёна яна шалела на тым кавалку, што паміж берагам і Моске: тут шырокая водная прастора, цяпер ссечаная ўпоперак глыбокімі шнарамі і зморшчынамі ад тысяч сустрэчных плыняў, умомант скурчылася ў страшэнных сутаргах, уздыбленая, яна сыкала, клекатала, нібы кіпень, круцілася спіраллю, утвараючы незлічоныя вялізныя віры. I ўсё гэта віхураю шпурляла і несла на ўсход з нястрым-
наю моцай і хуткасцю, быццам вадаспад, што звяргаецца з вышыні ў бездань.
Яшчэ праз некалькі хвілін уся карціна зноў раптоўна змянілася. На паверхні мора пацішэла, злагаднела, і віры адзін за адным зніклі. Вада пакрылася непамерна вялікімі палосамі пены — там, дзе раней нічога не было. Яны даўжэлі, расцягваліся па шырокім абшары, злучаліся між сабою, усмоктваючы кругавы рух аціхлых ужо віроў і нібы рыхтуючы нараджэнне яшчэ адной, яшчэ большай крутаверці. У адно імгненне, зусім нечакана, абмаляваліся яе выразныя абрысы, бездань ашчэрыла зеўру, большую за паўмілі ў дыяметры. Самы край крутаверці быў аблямаваны шырокім пасам бліскучай пены, але ні каліва яе не трапляла ў сярэдзіну жудаснай лейкі, чыя ўнутраная частка ўяўляла, наколькі можна было зазірнуць туды, гладкую, бліскучую, як гагат, сцяну вады, нахіленую да гарызонту пад вуглом градусаў сорак пяць. Яна імкліва закручвалася ўглыб няроўнымі цяжкімі штуршкамі, напаўняючы паветра вусцішнымі гукамі — ці то пранізлівым енкам, ці то рыкам, які нават вадаспад Ніягары не здолеў бы ў сваёй агоніі ўзнесці да нябёсаў.