Маска Чырвонае Смерці  Эдгар Алан По

Маска Чырвонае Смерці

Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
109.3 МБ
Гара задрыжэла да самага падножжа, скалы затрэсліся. Я кінуўся на зямлю тварам долу, нервова схапіўшыся за ўбогае бадыллё.
«Гэта, — нарэшце сказаў я старому, — без сумневу, той самы вялікі вір Мальстрэма».
«Так яго часам называюць, — адгукнуўся стары. — Мы, нарвежцы, мянуем яго Москестрэм, па назве выспы Моске, якая знаходзіцца пасярэдзіне».
Звычайныя апісанні паўсюдна вядомага віру ніякім чынам не маглі падрыхтаваць мяне да таго, што я ўбачыў. Апісанне Ёнаса Рамуса*, самае падрабязнае з усіх, не можа даць нават прыблізнага ўяўлення ні пра веліч, ні пра вусцішную прыгажосць відовішча, ні пра пачуццё разгубленасці і незвычайнасці, якое ўражвае гледача. Я не магу дакладна сказаць, адкуль аўтар назіраў за вірам і пры якім надвор'і, але адно можна сцвярджаць без сумневу: не з вяршыні Хельсэгена і не ў шторм. Вось некалькі абзацаў з ягонага апісання;
варта прывесці іх тут хаця б за іх дэталёвасць, хай і даволі невыразную ў параўнанні з уражаннямі, якія выклікае само відовішча.
«Між Лафатэнам і Моске, — піша ён, — глыбіня вады дасягае трыццаці шасці-сарака марскіх сажняў а ў іншым кірунку, бліжэй да Вэра (або Вурга), яна памяншаецца так, што ніводзін карабель не можа прайсці там, не рызыкуючы разбіцца аб скалы, нават у самае пагоднае надвор'е. Калі пачынаецца прыліў вада з шалёнай хуткасцю ўрываецца ў пратоку паміж Лафатэнам і Моске. Гул, які падымаецца, калі вада падчас адліву стрымгалоў імкне назад да мора, толькі аддалена можна параўнаць з гулам наймагутнейшых вадаспадаў. Яго чуваць за некалькі кіламетраў а віры і лейкі дасягаюць такой шырыні і глыбіні, што варта толькі якому караблю падысці да іх бліжэй — і яго немінуча паглыне і зацягне вірам на самае дно, а там разаб'е аб скалы на малыя трэскі. Калі ж вада зноў супакойваецца, некаторыя з іх плынь выносіць на паверхню. Але гэтыя перапынкі зацішша бываюць толькі паміж прылівам і адлівам і толькі ў пагоднае надвор’е. Доўжыцца гэта не больш за пятнаццаць хвілін, пасля гайданка зноў пачынае нарастаць. У час, калі плынь найбольш шалёная, ды яшчэ раз’ятраная штормам, небяспечна падыходзіць да яе бліжэй чым на нарвежскую мілю*. Шлюпкі, чоўны, караблі засмоктвае ў вір, ледзь толькі яны неасцярожна падыходзяць бліжэй. Даволі часта здараецца таксама, што кіты праплываюць занадта блізка ад крутаверці, і тады іх зацягвае ў яе нутро. Немагчыма апісаць енкі і лямант падчас той бясплённай барацьбы, калі яны спрабуюць вызваліцца. Аднойчы мядзведзь спрабаваў пераплысці з Лафатэна на Моске, і яго закруціла плынню і пацягнула ўніз, і ягоны рык быў такі жудасны, што яго было чуваць ажно на беразе. Вялізныя камлі ялінаў і хвояў пасля таго як іх засмокча вір, выплываюць на паверхню абшкуматаныя і паторганыя, быццам пакрытыя густою шчэццю. Бо на самым дне — вострыя камяні, аб якія іх і разбівае ўшчэнт. Крутаверць залежыць ад прыліваў і адліваў: вада ў моры падымаецца і спадае кожныя шэсць гадзін. У 1645 годзе, у перадапошнюю нядзелю перад
Вялікім постам, з самага рання мора ўскіпала так раз'юшана, што некалькі хацінаў на самым беразе разнесла ў друзачкі».
Што да глыбіні бездані, мне не ўяўляецца магчымым хоць якім-небудзь чынам вызначыць яе паблізу ад крутаверці. Тыя самыя «сорак сажняў», відавочна, адносяцца толькі да той часткі пратокі, што бліжэйшая да берага, каля Моске або Лафатэна. Глыбіня жу сярэдзіне Москестрэма мусіць быць непараўнальна большай. Найлепшым доказам гэтага можа быць відовішча, якое адкрылася нам з вяршыні Хельсэгена, хоць і адтуль можна было зазірнуць у пашчу бездані толькі збоку. Цяпер, стоячы на стромым адгор'і, пад якім звар’яцела біўся нарвежскі Флегетон*, я не мог не ўсміхнуцца той прастадушнасці, з якой шаноўны Ёнас Рамус згадвае як прыклад немажлівага, з ноткаю недаверу, показкі пра кітоў і мядзведзяў. Для мяне ж было відавочна, што нават найвялікшы лінейны карабель*, трапіўшы ў пастку гэтай смяротнай каруселі, будзе толькі лёгкім пёркам, якое паспрабавала супраціўляцца ўрагану — і было адразу ж дарэшты знішчанае.
Спробы патлумачыць прыроду гэтага феномена, некаторыя з якіх, як мне згадваецца, падаваліся на першы погляд даволі верагоднымі, цяпер зусім не задавальнялі. Агульная ідэя заключалася ў тым, што сама крутаверць, «падобна як і тры меншыя віры паміж выспамі Феро, узнікае ад таго, што хвалі, падымаючыся і падаючы, сутыкаюцца, ствараючы дзве плыні. Яны рухаюцца ў розных напрамках і, сціснутыя шэрагамі скалаў і рыфаў, утвараюць нешта падобнае да вадаспаду; і чым вышэй стаіць прыліў, тым з большай вышыні падае маса вады. Натуральны вынік гэтага працэсу—узнікненне віру або лейкі. Вялізная сіла яго ўсмоктвання дастаткова вывучаная на матэрыяле меншых па значнасці прыкладаў». Такія звесткі падае Брытанская энцыклапедыя. Кірхер*, a іншыя мяркуюць, што ў цэнтры Мальстрэма знаходзіцца скразная бездань, якая працінае ўвесь зямны шар і выходзіць на паверхню ў аддаленым месцы — як сцвярджаюць некаторыя — у Батнічным заліве*. Гэтае меркаванне абсалютна бязглуздае само па сабе. Але яно, як я цяпер усвядоміў, было адзіным, з якім уяўленне было найбольш гатовае пагадзіцца.
Сказаўшы аб гэтым правадніку, я са здзіўленнем пачуў, што, хоць гэты пункт гледжання найбольш распаўсюджаны сярод нарвежцаў, асабіста ён яго не падзяляе. Што да папярэдняга меркавання, то стары зазначыў, што наагул няздольны зразумець яго. I тут я з ім пагадзіўся, бо, як ні пераканаўча гэта выглядае на паперы, яно робіцца зусім незразумелым пасярод аглушальнага рыку бездані.
«Вось цяпер, калі вы ўжо наглядзеліся на вір, — прамовіў стары, — калі мы перабярэмся вось за гэты камень і прысядзем з падветранага боку, каб не так чуваць было шум вады, я раскажу вам гісторыю, якая пераканае вас у тым, што я нешта цямлю ў Москестрэме».
Я ўладкаваўся, каб было зручна, і ён працягнуў.
«Нас было тры браты, і мы мелі шхуну на семдзесят тонаў. Зазвычай мы хадзілі на рыбу да выспаў што за Моске, бліжэй да Вурга. Ля бурлівых віроў у моры добра ловіцца рыба, пры належных умовах і калі дастае смеласці, каб паспрабаваць. Але з усіх жыхароў Лафатэнскага ўзбярэжжа толькі мы ўтрох заўжды хадзілі на лоўлю да выспаў, як я і казаў. Зазвычай дзялкі знаходзяцца нашмат ніжэй на поўдзень. Там рыбу можна браць у любы час і без небяспекі, і таму там заўсёды шмат народу. Тут, паміж скалаў, месцы — самыя вяршкі: і рыбы тут нашмат болей, і рэдкія гатункі водзяцца, так што мы, бывала, за адзін толькі дзень мелі столькі, колькі баязліўцам з тутэйшых рыбакоў разам не наскрэбці і за тыдзень. I вось гэта зрабілася для нас адчайнай гульнёй — рызыкаваць жыццём, замест таго каб проста працаваць, і смеласцю зарабляць на хлеб.
Мы трымалі сваю шхуну ў затоцы, міляў за пяць далей па ўзбярэжжы, калі лічыць адсюль. Звычайна ў пагоду мы скарыстоўвалі пятнаццаць хвілін зацішша, каб прайсці праз галоўную пратоку Москестрэма, нашмат вышэй за вір, і пасля стаць на якар недзе каля Атэрхольма ці Сандфлезена: там лейкі не так шалёна віруюць, як паўсюль. Там мы чакалі амаль да наступнага зацішша, тады збіраліся і йшлі дамоў. Мы ніколі не выбіраліся ў гэткі шлях, калі на моры не было трывалага бакавога ветру, такога, каб мы былі ўпэўненыя, што
ён не сціхне да нашага вяртання, і, трэба сказаць, мы рэдка памыляліся на гэты конт. Толькі двойчы за шэсць гадоў нам даводзілася стаяць усю ноч на якары праз мёртвы штыль, і аднойчы мы затрымаліся на дзялцы амаль на тыдзень, ледзьве не трапілі да Абрама на піва з галадухі, і ўсё праз шторм. Ён пачаўся адразу пасля таго, як мы прыйшлі на месца, і зрабіў пратоку такой бурлівай, што і думаць няма чаго было пра вяртанне. У гэтым вьіпадку нас бы абавязкова вынесла ў мора, бо віры так трапалі нас, так раз'юшана шпурлялі ва ўсе бакі, што якар урэшце заблытаўся і пацягнуўся па дне. I калі б мы не трапілі ў адну з тых шматлікіх сустрэчных плыняў якія сёння ёсць, а заўтра няма, і каб гэтая плынь не аднесла нас пад Флімен, дзе мы, на шчасце, і спыніліся, гэта быў бы канец.
Я і малой часткі не змагу вам пералічыць з тых цяжкасцяў якія нам трапляліся на дзялцы, — нядобрае гэта месца, нават у пагоду, — але мы заўсёды высільваліся і неяк вымудраліся праслізнуць праз самае жарало Москестрэма без прыгодаў хаця былі імгненні, у якія аж дух займала: гэта калі мы траплялі за хвілю да або пасля зацішша. Часам вецер дзьмуў не так моцна, як мы разлічвалі, і мы праходзілі меншы шлях, чым хацелі б, і праз плынь шхунаю немагчыма было кіраваць. У майго старэйшага брата быў сын васямнаццаці гадоў і я сам меў двух дужых хлапцоў Яны былі б добраю дапамогаю ў такія хвіліны, у веславанні ды і ў лоўлі таксама, але неяк так атрымалася, што, рызыкуючы сваім жыццём, мы не насмельваліся выпрабоўваць маладзейшых, бо, вось вам святая праўда, страшэнная небяспека гэта была.
Тое, пра што я хачу апавесці, здарылася, без некалькіх дзён, амаль тры гады таму. Гэта было дзясятага ліпеня 18.. года — дзень, які месцічы ніколі не забудуць, бо менавіта тады пачаўся самы вусцішны шторм, які нябёсы пасылалі на нашую грэшную зямлю. А раніцою і нават амаль праз цэлы дзень дзьмуў лёгкі ўстойлівы ветрык з паўднёвага захаду, сонца ярка свяціла, так што нават старэйшыя з рыбакоў не маглі нічога такога прадбачыць.
Мы ўтраіх з братамі трапілі да выспаў дзесьці а другой папоўдні, і вельмі хутка шхуна запоўнілася найлепшаю рыбай.
Мы ўсе заўважылі, што яе ў моры было нашмат больш, чым звычайна. На гадзінніку была рыхтык сёмая, калі мы сабраліся і накіраваліся дадому, разлічваючы так, каб прайсці праз вір Москестрэма ў зацішша, гэта значыць роўна а восьмай.
Калі мы выйшлі, з правага борту дзьмуў свежы вецер: пэўны час мы ішлі хутка, нават не думаючы пра небяспеку, бо не было аніякіх прычын для хвалявання. Але знянацку нас адкінула назад ветрам аднекуль з-за Хельсэгена. Вось гэта было зусім дзіўна, раней такога ніколі не здаралася, і мне стала злёгку ніякавата, сам нават не ведаю, чаму. Мы скіравалі шхуну па ветры, але здавалася, што яна стаіць на месцы, зусім не набліжаючыся да пратокі. Я ўжо прапанаваў быў вярнуцца і стаць на якар, калі, азірнуўшыся назад, мы ўбачылі вялізную хмару незвычайнага меднага колеру, якая вельмі хутка запаўняла небасхіл.
Акурат у гэты час вецер, што перашкаджаў нам кіравацца наперад, сціх, і шхуна застыла ў мёртвым штылі, гайдаючыся на сустрэчных плынях ва ўсе бакі адразу. Аднак усё гэта доўжылася недастаткова доўга, каб мы мелі час падумаць, што гэта ўсё значыць. Праз якую хвіліну нас ужо накрыла штормам, а праз дзве неба зацягнула дарэшты, мора ўспенілася, і раптам стала так цёмна, што мы не маглі ўбачыць нават адзін аднаго.