Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
У шыротах вострава Саліван зімы лютуюць рэдка, a ўвосень камін распальваюць толькі ў выключных выпадках. Аднак у сярэдзіне кастрычніка 18.. года дзень выдаўся надзвычай халодным. На самым змярканні я прадзёрся праз вечназялёныя зарасці да хаціны свайго сябра, з якім не бачыўся ўжо некалькі месяцаў, — у той час я жыў у Чарлстане, за дзевяць міляў ад вострава, але ж вандроўкі па моры былі тады зусім не такімі зручнымі, як цяпер. Наблізіўшыся да хаціны, я, як заўсёды, пагрукаўся, але, не пачуўшы адказу, дастаў схаваны ключ, адчыніў дзверы і ўвайшоў. Вясёлае полымя гарэла ў чарэні. Агонь у гэту пару года мяне здзівіў і, улічваючы мой стан, прыйшоўся дарэчы. Я скінуў паліто, уладкаваўся ў фатэлі насупраць каміна і, слухаючы патрэскванне дроваў, пачаў чакаць прыходу гаспадароў.
Яны прыйшлі неўзабаве, як узялося на цемру, і сустрэлі мяне надзвычай сардэчна. Юпітэр з усмешкай да вушэй адразу кінуўся гатаваць на вячэру курапатак. У Леграна ж быў адзін з яго прыступаў энтузіязму (а як іначай гэта назваць?]. У той дзень ён знайшоў невядомага яму раней двухстворкавага малюска, прадстаўніка новага віду, і нават больш за тое — з дапамогай Юпітэра злавіў жука-скарабея, якога лічыў сваім адкрыццём і меркаванне пра якога хацеў пачуць ад мяне наступнага дня.
— А чаму не сёння? — запытаўся я, паціраючы адубелыя рукі над полымем і ў думках праклінаючы ўсё скарабеева племя.
— Каб жа я толькі ведаў, што вы тут! — усклікнуў Яегран. — Мы не сустракаліся так даўна. Як жа я мог прадбачыць, што вы наведаецеся да мяне менавіта сёння?! Па дарозе дадому я сустрэў лейтэнанта Дж. з форта і вельмі неабачліва аддаў яму жука, таму, на жаль, пабачыць насякомае атрымаецца толькі з раніцы. Заставайцеся нанач, я пашлю па яго Юпітэра, як толькі надыдзе світанак. Гэта ж найпрыгажэйшая рэч ва ўсім свеце!
— Што? Світанак?!
— Ды не! Жук! Незвычайнага залатога колеру, памерам з вялікі грэцкі арэх, з дзвюма ярка-чорнымі плямкамі з аднаго боку і яшчэ адной прадаўгаватай з другога. А каб такія вусікі мець...
— Ды які там медзь, маса Ўіл, — перабіў яго Юпітэр, — гэта ж залаты жук, з чыста золата, і ўнутры, і звонкі, асабліва ж крылцы, я ў жыцці не бачыў такога цяжкога жука.
— Можа, і так, Юпі, — адказаў Легран, як мне падалося, больш суха, чым таго патрабавала сітуацыя, — але ж ці варта праз гэта спальваць нашу дзічыну? Аднаго колеру, — тут ён павярнуўся да мяне, — дастаткова, каб пацвердзіць словы Юпітэра. Падаецца мне, вы ніколі раней не бачылі такога яркага металічнага бляску, як на яго лусцы. Але ўпэўніцца ў гэтым вы зможаце толькі заўтра. А я тым часам паспрабую даць агульнае ўяўленне пра яго форму.
3 гэтымі словамі ён сеў за маленькі столік, на якім стаялі чарніліца і пяро, але не было ніводнага аркуша. Ён пашукаў у шуфлядцы, ды не знайшоў і там.
— Нічога, — сказаў ён з глыбіні пакоя, — падыдзе й гэты, — і, выцягнуўшы з кішэні камізэлькі нейкі абрывак, падобны да кавалка бруднай паперы для пісьма, зрабіў на ім грубы накід пяром. Пакуль Легран маляваў, я працягваў сядзець у сваім фатэлі ля агню, бо пачуваўся яшчэ зусім зябка. Скончыўшы накід, ён, не падымаючыся з месца, працягнуў мне паперу. А калі я ўзяў яе, раптам пачулася моцнае гырканне, і нехта зашкробся ў дзверы.
Юпітэр адчыніў і тут вялікі гаспадароў ньюфаўндленд уварваўся ў пакой, ускінуў мне лапы на плечы і атуліў мяне
ласкай, мабыць, памятаючы маю ўважлівасць да яго падчас папярэдніх візітаў. Калі ж яго свавольствы скончыліся, я зірнуў на паперу і, сказаць папраўдзе, дужа здзівіўся, пабачыўшы накід.
— Так, — пачаў я, прыгледзеўшыся да малюнка, — павінен прызнаць, гэта напраўду дзіўны жук. Абсалютна мне невядомы. Гэта нешта нечуванае, калі, канечне, не чэрап — эмблема смерці, бо менавіта да яго накід, па-мойму, падобны найбольш.
— Чэрап! — ускрыкнуў Легран. — Так, сапраўды, на паперы ён, без сумневу, да яго падобны. Дзве чорныя верхнія плямкі нагадваюць вочы, так? А прадаўгаватая пляміна ўнізе нібы рот, і па форме яго цела — авал.
— Магчыма, — сказаў я. — Але я баюся, вы проста благі мастак, Легран. Давядзецца мне самому агледзець жука, каб скласці хоць якое ўяўленне пра яго выгляд.
— Ну, не ведаю, — адказаў Легран крыху пакрыўджана. — Я малюю даволі прыстойна — прынамсі, мушу так маляваць, бо настаўнікі ў мяне былі добрыя, а я лічу сябе не такім ужо й няздарам.
— Тады, мой дружа, вы, мабыць, жартуеце, бо гэта даволі прыстойны чэрап, я б нават сказаў проста цудоўны чэрап зыходзячы з абыватальскіхуяўленняў пра яго фізіялагічную будову, і ваш жук мусіць быць вельмі незвычайным жуком, калі нагадвае яго. 3 гэтага падабенства маглі б вынікнуць розныя цікавыя забабоны. Думаю, вы можаце назваць яго scarabaeus caput hominis — «скарабей чалавечая галава» ці нешта накшталт таго, у прыродазнаўчых энцыклапедыях шмат такіх назваў. Але ж дзе вусікі, пра якія вы згадвалі?
— Вусікі! — усклікнуў Легран (ён заўсёды расчульваўся, калі гаворка заходзіла пра іх). — Упэўнены, вы павінны іх бачыць. Я намаляваў іх гэтак жа выразна, як у сапраўднага жука. Мне падаецца, гэтага дастаткова.
— Ну-ну, — заўважыў я, — можа, вы і малявалі, але я іх тут не бачу.
I без далейшых тлумачэнняў я працягнуў яму паперу, не жадаючы больш раздражняць сябра, але пры гэтым у моцным здзіўленні ад таго, што адбылося. Яго нездаровы гумар
мяне азадачыў. Што ж да малюнка, вусікаў там дакладна не было, а сваімі абрысамі жук вельмі нагадваў звычайны чэрап.
Легран злосна схапіў паперку і ўжо збіраўся скамечыць яе і кінуць у агонь, як раптам яго позірк на імгненне спыніўся на малюнку. Твар яго ўмомант зрабіўся ярка-чырвоным, а потым рэзка збялеў. Некалькі хвілінаў ён безупынку разглядаў і вывучаў малюнак, седзячы ў фатэлі. Нарэшце ўстаў, узяў са стала свечку і заняў месца ў самым дальнім куце пакоя — на матроскім куфры. Там ён зноў вельмі пільна агледзеў абрывак, круцячы яго ў руках у розныя бакі. За ўвесь гэты час ён не прамовіў ні слова, і яго паводзіны мяне моцна здзівілі. Але я абачліва вырашыў не нагнятаць напружанасць сябра сваімі заўвагамі. Праз некаторы час Легран дастаў з кішэні паліто партманэт, асцярожна паклаў туды паперку і схаваў яго ў пісьмовым стале, зачыніўшы на ключ. Цяпер, падаецца, ён крыху супакоіўся, але яго ранейшы запал знік. I ўсё ж Легран выглядаў ужо не столькі сярдзітым, колькі заклапочаным. 3 набліжэннем ночы ён усё больш заглыбляўся ў свае думкі, і нават мае жарты не маглі выцягнуць яго з гэтага стану. Папярэдне я збіраўся пераначаваць у хаціне свайго сябра, як часцяком рабіў гэта раней, але, зважаючы на настрой гаспадара, палічыў больш разумным сысці. Ён не ўпрошваў мяне застацца, але на развітанне моцна паціснуў руку з яшчэ большай сардэчнасцю, чым звычайна.
Пасля таго візіту мінуў, мабыць, месяц (увесь гэты час я не атрымліваў ад Леграна ніякіх навінаў), як раптам да мяне ў Чарлстан завітаў яго служка Юпітэр. Ніколі я не бачыў добрага старога мурына такім засмучаным. Я спалохаўся, што з маім сябрам здарылася нешта страшнае.
— Ну, Юпі, — сказаў я, — што гэтым разам? Як там твой гаспадар?
— Дальбог, маса, хутчэй дрэнна, чым добра.
— Дрэнна?! Вельмі прыкра чуць гэта. На што ж ён скардзіцца?
— А тое й яно, што маўчыць, дый годзе. А яму ж так пагана.
— Пагана, кажаш? Дык што ж ты маўчыш?! Ён што, ляжыць, не ўстае?
— Ды якое там! Дома й абцугамі не ўтрымаеш. А як сыдзе, не знойдзеш. Ой, баліць маё сэрца за масу Ўіла.
— Юпітэр, хацеў бы я ведаць, што ты маеш на ўвазе. Ты кажаш, твой гаспадар захварэў. А ці не казаў ён, што ўяго баліць?
— Толькі ж не злуйце, маса. Маса Ўіл не кажа, што з ім, але ж самі падумайце, чаго ён бегае паўсюль, голаў апусціўшы, белы, як гусак, ды на дошцы ўсё нешта крэсліць.
— Што крэсліць, Юпітэр?
— Ды значкі нейкія, ніколі ў жыцці такіх не бачыў. Ой, моцна мяне гэта пужае, скажу я вам. Яго цяпер трэба з вачэй не спускаць. А ўчора праспаў я, дык ён, як сонца яшчэ не ўзышло, уцёк і блукаў недзе ўвесь божы дзень. А я ўзяў вялізную палку ды збіраўся быў пабіць яго, як прыйдзе, але не паднялася мая рука, расчуліўся, як пабачыў гэтага небараку.
— Што?! Ого! Ведаеш, напэўна, так лютаваць не варта. He бі бедалагу, Юпітэр, ён можа гэтага не вытрымаць. А ці ёсць у цябе нейкія здагадкі, што магло спрычыніцца да хваробы ці зменаў у яго паводзінах? Можа, здарылася што благое, пакуль мяне не было?
— Ды не, маса, потым нічога благога не здарылася. Якраз у той дзень, калі вы былі ў нас, яно й здарылася.
— Як так? Што ты маеш на ўвазе?
— Жука маю.
— Каго?
— Ну, жука таго. Думаю, гэта масу Ўіла залаты жук у галаву ўкусіў.
— А чаму ты так лічыш?
— Па-першае, лічу лапы вялізныя, па-другое, рот шырачэзны. Ніколі раней такога страшнага жука не сустракаў — б'е ды кусае ўсё, што трапіць. Маса Ўіл спаймаў яго, потым выпусціў, тады, мабыць, і цапнуў. Пашча страшная-страшная, голымі рукамі яго не возьмеш, дык я ўзяў кавалкам паперы, побач валяўся, закруціўу яго і зяпу заткнуў. Вось так.
— I ты напраўду думаеш, што твайго гаспадара пакусаў жук і нейкім чынам спрычыніўся да яго хваробы?
— Нічога не думаю, ведаю я. Чаму ж ён сніць пра золата, калі жук не кусаў? Шмат я чуў пра такіх жукоў.
— А адкуль ты ведаеш, што яму золата сніцца?
— Як адкуль? У сне ён пра яго гаворыць. Адкуль жа яшчэ?!
— Добра, Юпі, мабыць, ты маеш рацыю. Але чым я абавязаны твайму неспадзяванаму сённяшняму візіту?
— Вы пра што гэта, маса?
— Ці прынёс ты мне якое-небудзь пасланне ад Леграна?
— Ніякага паслання, маса, толькі пісьмо, — і Юпітэр працягнуў мне цыдулку наступнага зместу:
«Дарагі ***,
Чаму вы так даўна да нас не наведваліся? Спадзяюся, вы не пакрыўдзіліся на якую-небудзь маю нетактоўнасць. Але не, гэта проста немагчыма.
3 часу нашай апошняй сустрэчы адбыліся падзеі, якія моцна мяне ўзрушылі. Мне неабходна вам нешта сказаць, але як гэта зрабіць і ці варта казаць наогул, не ведаю.
Цягам вось ужо некалькіх дзён я пачуваюся блага, а бедны стары Юпі сваёй добразычлівасцю і ўвагай прыносіць мне толькі раздражненне, часам я ледзь стрымліваюся. Можаце сабе ўявіць? Надоечы ён падрыхтаваў вялізную палку, каб пабіць мяне толькі за тое, што я ўцёк з-пад яго нагляду і ўвесь дзень правёў на самоце між узгоркаў мацерыка. Думаю, толькі хваравіты выгляд выратаваў мяне ад лупцоўкі.