Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
Памятаеце, калі я падышоў да стала, збіраючыся зрабіць накід жука, то не знайшоў паперы на яе звычайным месцы. Я глянуў у шуфлядзе, але паперы не было і там. Тады я пачаў абшукваць кішэні, спадзеючыся на які-небудзь стары ліст, і тут намацаў пергамент. Я так дэтальна апісваю шлях, якім скарабей трапіў да мяне, бо гэтыя акалічнасці ўразілі мяне надзвычайна.
Бясспрэчна, вы будзеце лічыце мяне летуценнікам, але я ўжо тады знайшоў сувязь між падзеямі. Я злучыў разам два звяны аднаго вялікага ланцуга. На беразе мора ляжаў карабель, непадалёк — пергамент (а не папера) з выяваю чэрапа. Натуральна, вы запытаецеся: дзе тут сувязь? А я адкажу, што чэрап, ці эмблема смерці, — шырока вядомы атрыбут піратаў. Свой сцяг з чэрапам яны падымаюць у любой сутычцы.
Я ўжо ўзгадваў, што гэты шматок быў пергаментам, а зусім не паперай. Пергамент жыве доўга, амаль вечна. Драбніцы яму давяраюць рэдка, бо для звычайнага ліста ці малюнка ён пасуе не так добра, як папера. I гэтая мая здагадка знайшла сабе апраўданне, пэўную адпаведнасць, у выяве чэрапа. Я таксама звярнуў увагу на форму пергаменту. Хоць адзін яго край выглядаў выпадкова пашкоджаным, было заўважна, што першапачаткова пергамент меў прадаўгаватую форму. Такі ўзор старонкі найхутчэй выбралі б для важнага дакумента, каб запісаць нешта такое, што будуць помніць доўга і захоўваць беражліва.
— Але ж вы кажаце, — перабіў я, — што, калі вы малявалі жука, на пергаменце чэрапа не было. Чаму вы тады звязваеце карабель і чэрап, улічваючы, што апошні быўдарысаваны (Бог ведае кім і як) у час, пазнейшы за стварэнне накіду скарабея.
— А вось тут і пачынаецца сапраўдная загадка, хоць разгадаць яе мне не склала асаблівай цяжкасці. Я ішоў цвёрдым поступам і мог дасягнуць адзіна правільнага рашэння. Разважаў я, да прыкладу, такім чынам: калі я маляваў скарабея, чэрапа на адваротным баку не было. Скончыўшы накід, я аддаў яго вам і ўважліва назіраў за вамі, пакуль вы не вярнулі рысунак мне. Такім чынам, чэрап намалявалі не вы, а ніхто іншы зрабіць гэтага не мог. Значыць, выява з'явілася тут не па волі чалавека. Але ў такім выпадку як?
Разважаючы ў гэтым кірунку, я намагаўся ўспомніць і напраўду ўспомніў з усёй яснасцю кожную дэталь, якая спадарожнічала падзеям таго вечара. Надвор'е выдалася халодным (што за рэдкі і шчаслівы выпадак!), і ў каміне гарэў агонь. Разагрэты дарогай дахаты, я сеў ля стала. А вы, у сваю чаргу, падсунулі фатэль бліжэй да агню. Як толькі я даў вам
у рукі пергамент і вы ўжо збіраліся яго разгледзець, наш ньюфаўндленд Вулф уварваўся ў пакой і кінуўся вам на плечы. Левай рукой вы лашчылі сабаку і спрабавалі адагнаць яго, а правую, якой трымалі пергамент, абыякава апусцілі між каленяў, моцна наблізіўшы да агню. Раптам мне падалося, што полымя вось-вось шугане на пергамент, але перш чым я паспеў перасцерагчы вас, вы ўжо пачалі яго аглядаць. Улічыўшы ўсе дэталі, я ўжо ні кроплі не сумняваўся, што менавіта цяпло каміну стала прычынай з’яўлення чэрапа, які я заўважыў на пергаменце. Вам, безумоўна, вядома пра пэўныя хімічныя сродкі, якія існавалі спакон веку. Яны дазваляюць пісаць на паперы ці тонкім пергаменце, і напісанае пры гэтым праявіцца толькі пад уздзеяннем цяпла. Цафру* распускаюць у «царскай гарэлцы», разводзяць вадою ў прапорцыі адзін да чатырох і ў выніку атрымліваюць зялёны атрамант. А кобальтавы штэйн, распушчаны ў салетравым спірце, дае чырвоны колер. Гэты атрамант раней ці пазней знікае з паверхні, на якой ім пісалі пры нізкай тэмпературы, і зноў праяўляецца пад уплывам цяпла.
Затым я ўважліва даследаваў чэрап. Яго абрысы, тыя, што найбольш набліжаліся да краёў пергаменту, былі выразнейшыя. Стала ясна, што ўздзеянне жару было толькі частковым і нераўнамерным. Я тут жа расклаў агонь і паднёс да зыркага полымя пергамент, дбаючы пра кожны яго ўчастак. Спачатку толькі светлыя лініі ў малюнку чэрапа пацямнелі, але, працягваючы свой эксперымент, я заўважыў, што ў куточку пергаменту, дыяганальна супрацьлеглым таму ўчастку, дзе быў чэрап, праступіла выява, якая спачатку падалася мне вельмі падобнай да дэльфіна. Але, агледзеўшы яе больш уважліва, я пераканаўся, што гэта мусіў быць кіт.
— Ха-ха! — не вытрымаўя. — Натуральна, я не маю ніякага права смяяцца з вас, бо паўтара мільёна даляраў — вельмі сур’ёзная падстава для радасці, але ж ці не хочаце вы сказаць, што знайшлі трэцяе звяно ланцуга? Вы ж не збіраецеся сцвярджаць, што між піратамі і дэльфінамі ёсць нейкая асаблівая сувязь. Усе мы ведаем, што піраты не палявалі на дэльфінаў, a зусім па-іншаму зараблялі на жыццё.
— Але ж я толькі што ўдакладніў, што выява была зусім не дэльфінам.
— Дэльфін ці кіт — ці не ўсё роўна?!
— He, — зазначыў Легран. — Вы, мабыць, чулі пра такога сабе капітана Кіда*. Выяву жывёлы я адразу ж пачаў разглядаць як каламбур ці іераграфічны подпіс. Я кажу «подпіс», бо яго месцазнаходжанне на пергаменце падводзіла мяне менавіта да такой высновы. А эмблема смерці ў супрацьлеглым куце па дыяганалі ў той жа час была вельмі падобная да пячаткі ці штампа. I ўсё ж я быў моцна збянтэжаны адсутнасцю самага галоўнага — тэксту.
— Я мяркую, вы спадзяваліся знайсці ліст паміж пячаткай і подпісам.
— Кшталту таго. Папраўдзе кажучы, я адчуваў моцную ўзрушанасць, прадчуваючы вялікае багацце. 1 я не ведаў, як гэта патлумачыць. Хутчэй за ўсё гэта ў большай ступені было прагай, чым сапраўдным перакананнем. Ведаеце, дурнаватая балбатня Юпітэра пра жука з чыстага золата неверагодным чынам паўплывала на маё ўяўленне. А потым яшчэ гэтыя супадзенні ды выпадковасці — усё гэта было вельмі незвычайна. Вы заўважылі, як дзякуючы простаму збегу абставінаў падзеі адбыліся менавіта ў той, мабыць, адзіны дзень за ўвесь год, калі праз халоднае надвор’е давялося распаліць камін, a без агню ці без умяшальніцтва сабакі менавіта ў той момант, калі яно адбылося, я б ніколі не заўважыў эмблему смерці і ніколі б не стаўуладальнікам вялізнага багацця?
— Ну не цягніце ж, мне не церпіцца пачуць працяг.
— Вы, канечне, чулі мноства гісторый, тысячы няпэўных пагалосак, што апавядаюць пра грошы, закапаныя капітанам Кідам і яго памагатымі на берагах Атлантыкі. Гэтыя гісторыі мусілі ж на чымсьці грунтавацца. I прычына таго, што чуткі існуюцьтакдоўгаідаўна, падалося мне.заключалася менавіта ў тым, што закапаны скарб дагэтуль не знойдзены. Калі б Кід толькі часова схаваў свой рабунак, а потым забраў яго назад, наўрад ці пагалоскі дайшлі б да нас у сваім першапачатковым выглядзе. Заўважце, што ўсе гэтыя гісторыі — пра шуканне скарбу, а не яго знаходку. Мне ўявілася, што неяк выпадко-
ва — прыкладам, праз згубу дакумента з апісаннем месцазнаходжання багацця, — капітан быў пазбаўлены магчымасці знайсці яго зноў. Тым часам пра гэтую акалічнасць дазналіся яго паслядоўнікі, якія дагэтуль нават не здагадваліся, што багацце было схавана, і, безвынікова спрабуючы без мапы знайсці яго, спарадзілі, а потым распаўсюдзілі сведчанні, якія мы сустракаем цяпер. Ці даводзілася вам калі-небудзь чуць пра буйныя скарбы, раскапаныя на ўзбярэжжы?
— He, ніколі.
— Але пра неймаверную каштоўнасць здабычы Кіда вядома ўсім. Я зыходзіў з таго, што яго багацце дагэтуль перабывае ў зямлі, і наўрад ці вы здзівіцеся, калі я скажу, што я адчуў надзею, амаль перакананне, што гэты дзіўным чынам знойдзены пергамент меў непасрэднае дачыненне да страчанага дакумента з пазнакай месцазнаходжання скарбу.
— I што вы рабілі далей?
— Калі агонь мацней разгарэўся, я зноў паднёс да яго пергамент, але нічога не з’явілася. Цяпер у мяне закралася падазрэнне, што, магчыма, мае спробы заканчваюцца няўдачай праз тоўсты слой бруду на паверхні. Таму я асцярожна прамыў пергамент цёплай вадой, а пасля паклаў яго на патэльню чэрапам уніз і паставіў на гарачае вуголле. Праз некалькі хвілінаў, калі патэльня ўжо моцна нагрэлася, я зняў пергамент і вельмі ўзрадаваўся, пабачыўшы ў некалькіх месцах на ім невялікія пляміны, якія, як выявілася, былі шэрагамі знакаў. Я зноў паклаў пергамент на патэльню і патрымаў яго так яшчэ з хвіліну. Калі я зноў яго зняў, ён выглядаў менавіта так, як цяпер.
3 гэтымі словамі Легран, які загадзя разагрэў пергамент, працягнуў яго мне. Вышэйзгаданыя знакі былі груба накрэсленыя чырвоным атрамантам на месцы між выявамі чэрапа і кіта:
53 = = + 3 0 5)) 6 *; 4 8 2 6) 4 = §) 4 =); 8 0 6 *; 4 8 + 8 # 6 0)) 8 5; 1 = 0: = * 8 + 8 3 (8 8) 5 * +; 4 6 (; 8 8 * 9 6 *?; 8) * = (; 4 8 5); 5 * + 2: * = (; 4 9 5 6 * 2 (5 *4] 8 # 8 *; 4 0 6 9 2 8 5];) 6 + 8)4 = =; 10 9; 4808 1; 8: 8 = 1; 48 + 8 5; 4) 485 + 528806*81 (=9; 4 8; (8 8; 4 0? 3 4; 4 8) 4 =; 1 6 1;: 18 8; =?;
— Але, — прамовіў я, вяртаючы яму пергамент, — усё роўна не ведаю, што і думаць. Калі б нават усе багацці Галконды* чакалі мяне, развяжы я гэтую задачку, я зусім не пэўны, што змог бы іх здабыць.
— I ўсё ж разгадка,— працягваў Легран, — зусім не TaKan заблытаная, як вы сабе ўяўляеце, хуценька прабегшыся поглядам па гэтых пісьмёнах. Можна лёгка здагадацца, што знакі складаюць пэўны шыфр і, такім чынам, маюць нейкі сэнс. Грунтуючыся на агульнавядомых звестках пра Кіда, я меркаваў, што ён не здатны на стварэнне звышскладанага коду, і таму адразу ж вырашыў што шыфр гэты сам па сабе не цяжкі, а такі, на які здатны прымітыўны розум марака, то бок проста патрабуе ключа.
— I вы напраўду знайшлі яго?
— Лёгка. Я разтадваў шыфры, у дзесяць тысяч разоў больш складаныя, чым гэты. Абставіны і пэўныя разумовыя схільнасці прывялі мяне да зацікаўленасці такімі задачкамі, і я не веру, што чалавечая кемлівасць здольная стварыць такую загадку, якую б іншая чалавечая кемлівасць, пры адпаведных высілках, не змагла б развязаць. Больш за тое, з самага пачатку вызначыўшы дакладную ўзаемасувязь паміж сімваламі, мне стала прасцей раскрыць іх сэнс.
У дадзеным выпадку, і гэта датычыць любога закадаванага тэксту, найперш варта вызначыцца з мовай, на якой напісаны шыфр. Што да спосабаў дэшыфроўкі, галоўным чыннікам будзе выступаць характар самой мовы, і гэта асабліва праўдзіва для простых кодаў. Наогул, не існуе іншага спосабу, як перабіраць розныя мовы, беручы пад увагу ўсе варыянты, пакуль патрэбная мова не будзе знойдзеная. Але ўсе цяжкасці дадзенага шыфру здымаліся подпісам на пергаменце. Гульня словаў «кіт» і «Кід» яскрава сведчыла, што гаворка ішла пра капітана Кіда, які як ангелец натуральна карыстаўся ангельскай мовай. Але перш чым рабіць такія высновы, я ўзяўся за гішпанскую і французскую мовы, на якіх таямніца піратаў Гішпанскага мацерыка* хутчэй за ўсё і магла быць перададзеная. Пасля гэтых спробаў я пераканаўся, што мова шыфру — ангельская.