Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
— Забудзься пра неба і зважай, што я табе скажу. Глянь уніз на камель і палічы, колькі галінаў пад табой па гэты бок. Колькі галінаў ты ўжо мінуў?
— Раз, два, тры, чатыры, пяць. Я пяць вялікіх голек па гэты бок пералез, маса.
— Тады падыміся вышэй яшчэ на адну.
Праз хвіліну мы зноў пачулі голас, які абвясціў што і сёмую галіну мурын адолеў.
— А зараз, Юпі, — закрычаў Легран яшчэ больш усхвалявана, — я хачу каб ты палез па гэтай галіне як мага далей. Калі натрапіш на нешта дзіўнае, паведамі мне.
Калі дагэтуль я і меў нейкія сумневы наконт вар'яцтва майго сябра, яны канчаткова рассеяліся. Мне не заставалася нічога іншага, як прызнаць яго псіхічна хворым і падумаць, якім чынам даставіць Леграна дахаты. Пакуль я разважаў, як гэта зрабіць найлепш, зноў данёсся голас Юпітэра.
— Я баюся далёка лезці, голька трухлявая ўся.
— Юпітэр, ты сказаў, трухлявая? — дрыготкім голасам пракрычаў Легран.
— Так, маса, трухлявая, каб я ночы не прыждаў, чым толькі дзержыцца...
— Божа, што рабіць? — надзвычай занепакоена ўсклікнуў Легран.
— Рабі наступным чынам, — прамовіў я, узрадаваны магчымасцю ўставіць слоўца, — чаму б нам не пайсці дахаты і не легчы спакойна спаць? Хадзем зараз жа — пашкадуй яго. Ужо цямнее, да таго ж ты даў мне абяцанне.
— Юпітэр, — пракрычаў Легран, не звяртаючы на мяне аніякай увагі, — ты мяне чуеш?
— Так, маса Ўіл, добра чую.
— Правер галіну сваім ножыкам, ці напраўду яна спарахнелая.
— Як піць даць, маса, — адказаў мурын праз колькі хвілінаў, — але ж не так моцна, як магла б. Адзін змагу па ёй трохі пралезці.
— Адзін? Гэта ты пра што?
— Пра жука. Ён жа цяжкі, як вол! Як кіну яго долу, галіна пад адным мурынам не зламаецца.
— Ах ты падлюга! — закрычаў Легран, ужо больш паблажліва. — Што ты хочаш сказаць?! Толькі паспрабуй кінь жука, я табе шыю зламаю. Чуеш мяне, Юпітэр?
— Чую, маса, ой, не злуйце так на беднага мурына.
— Ага, а цяпер паслухай мяне: калі ты пралезеш па галіне яшчэ крыху наперад і не выпусціш жука, я дам табе срэбны даляр, як толькі спусцішся на зямлю.
— Добра, маса Ўіл, я ўжо тут, — умомант адказаў служка, — амаль на краёчку.
— На краёчку, Юпі?! — цяпер ужо радасна ўскрыкнуў Легран. — Кажаш, напраўду далез да самага канца?
— Хутка ўжо, маса! Авохці мне! Што ж гэта такое?!
— Што там?! — вельмі ўсцешана закрычаў Легран.
— Ды ўсяго чарапушка — кінуў нехта яе на дрэве, а вароны ўсё мяса здзяўблі.
— Чэрап, кажаш? Выдатна! Чым ён мацуецца да галіны? Што яго трымае?
— Так і ёсць, маса, зараз гляну. Дзіву даюся, які ж вялізны цвік у чэрап убіты. Дык ён на дрэве і дзержыць.
— Добра, Юпітэр, а цяпер рабі тое, што я табе загадаю, чуеш?
— Чую, маса.
— Тады будзь уважлівы. Знайдзі на чэрапе левае вока.
•— Ого! Ага! Добра. Ды няма ў яго ніякага левага вока.
— Каб цябе, дурань! Ты хоць розніцу між правай і левай рукой бачыш?
— Ага. Бачу. Я яшчэ вельмі добра бачу. I левую руку таксама, я ёй дровы калю.
— Дакладна. Ты ляўшун. Тваё левае вока з таго ж боку, піто і левая рука. Цяпер, спадзяюся, ты здолееш знайсці левае вока чэрапа ці тое месца, дзе яно было раней? Ну, знайшоў?
Юпітэр доўга нічога не адказваў. А потым нарэшце запытаўся:
— А левае вока чэрапа з таго ж боку, што і яго левая рука? Бо ў чэрапа ж ніводнай рукі няма... Ай, ды нічога. Знайшоў я левае вока! Вось яно! Што мне з ім рабіць?
— Працягні праз яго нітку з жуком і няхай яна спусціцца як мага ніжэй. Толькі асцярожна, не выпусці нітку з рук!
— Анягож, маса Ўіл. Гэта проста — нітку з жуком праз шчыліну працягнуць. Гляньце, вунь матляецца!
— Выдатна. Цяпер патрымай яго некалькі хвілінаў.
Падчас гэтай гутаркі Юпітэра зусім не было відаць, але жук, якога ён такімі высілкамі спусціў уніз, на канцы ніткі ззяў нібы шар з адпаліраванага золата, іскрыўся ў апошніх промнях вечаровага сонца, якое яшчэ слаба асвятляла наша ўзвышша. Скарабей свабодна вісеў між галінамі, і калі б мурын выпусціў нітку, упаў бы да нашых ног. Легран тут жа ўхапіў касу і, расчысціўшы круглы ўчастак дыяметрам тры-чатыры ярды, загадаў Юпітэру адпусціць нітку і злезці з дрэва.
3 вялікім задавальненнем уваткнуўшы калок у тым самым месцы, дзе ўпаў жук, мой сябар дастаў з кішэні рулетку і, прымацаваўшы адзін яе канец да дрэва з найбліжэйшага боку, расцягнуў яе настолькі, каб рулетка дасягнула калка, а потым працягнуў у напрамку, ужо зададзеным двума пунктамі — дрэвам і калком — на адлегласць прыкладна пяцьдзясят футаў.
Юпітэр касой ачысціў дзялянку ад ажынніку. Адмераўшы адрэзак, мы ўваткнулі другі калок і вакол першага калка як цэнтра груба намалявалі кола дыяметрам чатыры футы. Узяўшы адну рыдлёўку сабе, даўшы другую Юпітэру, а трэцюю мне, Легран папрасіў нас пачаць капаць як мага хутчэй. Папраўдзе кажучы, я ніколі не атрымліваў асаблівай асалоды ад такога роду заняткаў, а ў той момант і пагатоў адхіліў бы просьбу, бо набліжалася ноч і я адчуваў знясіленасць яшчэ ад папярэдніх фізічных практыкаванняў. Але я не бачыў ніякай магчымасці гэтага пазбегнуць і да таго ж баяўся сваёй адмовай парушыць душэўную раўнавагу майго беднага хворага сябра. Калі б я быў цалкам упэўнены ў падтрымцы Юпітэра, я б тут жа ўзяўся даставіць вар’ята дадому, але ж я добра ведаў нораў старога мурына, каб спадзявацца, што ён пры любых умовах дапаможа мне ў спрэчцы са сваім гаспадаром. Я быў перакананы, што Легран падхапіў адзін з тых паўднёвых забабонаў якія апавядаюць пра закапаны скарб.
Знаходка ж скарабея толькі падмацавала яго выдумку, ці да гэтага хутчэй спрычынілася вера Юпітэра, што «жук з чысцюткі золата». Розум, схільны да вар'яцтва, адразу памылкова прымае такія сцверджанні, асабліва калі яны гучаць ва ўнісон з выпеставанымі ім ідэямі. I тут я ўспомніў, як небарака сказаў, што жук «пакажа на багацце». Я быў збянтэжаны і ўсхваляваны сітуацыяй, але нарэшце вырашыў скарыстацца зручным момантам і добраахвотна капаць, каб такім чынам хутчэй пераканаць летуценніка ў памылковасці яго ідэяў.
Засвяціўшы ліхтары, мы ўзяліся за справу з запалам, які, мабыць, быў варты больш разумнага ўжытку. А калі святло азарыла нашыя фігуры і рыштунак, я не мог адагнаць думку пра тое, што за карціну мы ўяўлялі сабой у той момант і якім дзіўным і падазроным падаўся б наш занятак любому незнаёмцу, які выпадкова заблукаў бы сюды.
Мы капалі безупынна дзве гадзіны. Амаль увесь час маўчалі, і галоўнай прыкрасцю было цяўканне сабакі, якога моцна зацікавіла тое, што адбывалася наўкола. Нарэшце ён разышоўся настолькі, што мы спалохаліся — ён жа мог прыцягнуць увагу заблукалых вандроўнікаў, ці, дакладней, спалохаўся Легран, бо я хутчэй узрадаваўся б любой перашкодзе, якая дапамагла б мне адвесці сябра дахаты. Але ўвесь шум разам перапыніў Юпітэр, які, з надзвычайнай няспешнасцю выбраўшыся з ямы, перавязаў жывёліне пашчу адной са сваіх падцяжак і, змрочна хіхікаючы, вярнуўся да працы.
Праз згаданыя дзве гадзіны працы мы дасягнулі глыбіні пяць футаў, але і знаку схаванага скарбу не было. На гэтым мы спыніліся, і я ўжо пачынаў спадзявацца, што нарэшце фарс набліжаецца да свайго канца. Але Легран, хоць і відавочна збіты з панталыку, задуменна выцер лоб і зноў узяўся за працу. Да гэтага мы пракапалі кола дыяметрам чатыры футы, а цяпер крыху пашырылі яго і заглыбіліся яшчэ на два футы. Але ўсё роўна нічога не знайшлі. Наш золаташукальнік, якому я шчыра спачуваў, з выразам горкага расчаравання на твары і ва ўсёй паставе, вылез нарэшце з яміны і пачаў павольна і неахвотна надзяваць паліто, якое папярэдне так жвава скінуў. Я тым часам не прамовіў ні слова. А Юпітэр па загадзе
гаспадара ўзяўся збіраць рыштунак. Скончыўшы з гэтым і развязаўшы сабаку, мы моўчкі рушылі дахаты.
Мы зрабілі ўсяго з дзясятак крокаў у патрэбным кірунку, як раптам з праклёнамі і лаянкай Легран кінуўся на Юпітэра і ўхапіў яго за каўнер. Моцна здзіўлены, служка вылупіў вочы, разявіў рот, выпусціў з рук рыдлёўкі і ўпаў на калені.
— Ах ты, нягоднік! — працадзіў праз сціснутыя зубы Легран. — Зладзюга ты чорны! А ну кажы мне зараз жа, паказвай, і без свайго круцельства, дзе ў цябе левае вока!
— А божачкі мае, маса Ўіл! Дык а гэта ці не левае маё вока? — зароў напужаны Юпітэр, прыціскаючы далонню свой правы орган зроку з такім адчаем і ўпартасцю, нібы баяўся, што гаспадар наважыцца яго вырваць.
— Я так і думаў! Я ведаў гэта! Ура! — загарланіў Легран, адпусціўшы мурына, і пачаў бегаць, скачучы і гарцуючы, чым дужа здзівіў свайго служку, які, падняўшыся з каленяў маўкліва пераводзіў пагляд са свайго гаспадара на мяне і з мяне на гаспадара.
— Давайце ж, трэба вяртацца, — прамовіў Легран, — гульня яшчэ не скончаная.
I ён зноў рушыў у напрамку цюльпанавага дрэва.
— Юпітэр, ідзі сюды!паклікаў ён, калі мы падышлі да дрэва. — Скажы, чэрап быў прымацаваны да дрэва тварам вонкі ці да ствала?
— Вонкі, маса, каб жа варонам зручней было вочы дзяўбці.
— Ага, тады праз гэта ці праз вось гэта вока ты працягнуў нітку з жуком? — пры гэтых словах Легран дакрануўся да вачэй Юпітэра.
— Праз вось гэта, маса, — левае, як вы мне і загадалі, — і мурын паказаў на сваё правае вока.
— Добра, тады варта паспрабаваць яшчэ раз.
Пры гэтых словах мой сябра, у вар'яцкіх паводзінах якога я бачыў — ці думаў што бачу, — праявы пэўнай логікі, прыбраў калок, які паказваў месца падзення жука, і перанёс яго на тры дзюймы на захад ад таго месца, дзе ён быў раней. Цяпер, адмераўшы адрэзак ад дрэва з найбліжэйшага боку да калка і адлічыўшы пяцьдзясят футаў па простай, ён пазначыў новы
пункт, што знаходзіўся на некалькі ярдаў убок ад таго месца, дзе мы капалі.
Вакол новага пункта мы зноў намалявалі кола, крыху большае, чым папярэдняе, і ўзяліся за рыдлёўкі. Я быў моцна стомлены, але, ледзь разумеючы, што ж змяніла ход маіх думак, не адчуваў ніякай агіды да гэтай працы. Раптам невядома чаму тое, што з намі адбывалася, пачало ўнушаць мне цікаўнасць ці, хутчэй, нават усхваляванасць. Мабыць, у абсурдных паводзінах Леграна пачала прасочвацца пэўная разважлівасць і прадуманасць дзеянняў, што мяне моцна ўражвала. Я капаў з задавальненнем, час ад часу заўважаючы за сабой, што амаль са спадзевам насамрэч шукаю гэты ўяўны скарб, мары пра які звялі з розуму майго няшчаснага прыяцеля. У той самы момант, калі гэтыя думкі авалодалі мной у найвялікшай ступені і калі ад пачатку працы мінула ўжо гадзіны з паўтары, наша шчыраванне перапыніла выццё сабакі. I калі ў першым выпадку яго ўсхваляванасць была выкліканая хутчэй гуллівым настроем, то цяпер у яго голасе чуліся горыч і турбота. На спробу Юпітэра зноў завязаць яму пашчў сабака даў злосны адпор і, скокнуўшы ў яміну, пачаў шалёна грэбці лапамі зямлю. Праз некаторы час ён раскапаў рэшткі чалавечых костак, што некалі складалі два шкілеты, а цяпер ляжалі ў зямлі ўперамешку з металічнымі гузікамі і кавалкамі згнілай бавоўны. Некалькі ўзмахаў рыдлёўкі выцягнулі на свет лязо вялізнага гішпанскага нажа, а капнуўшы далей, мы знайшлі тры ці чатыры залатыя манеты.