• Газеты, часопісы і г.д.
  • Маска Чырвонае Смерці  Эдгар Алан По

    Маска Чырвонае Смерці

    Эдгар Алан По

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 472с.
    Мінск 2011
    109.3 МБ
    Спачатку я быў занадта агаломшаны, каб спрабаваць нешта пільна разгледзець. Усплёск палахлівага, амаль сакральнага захаплення вусцішнай веліччу, што адкрылася вачам, — вось што я перажываў у тыя хвіліны. Крыху апрытомнеўшы, я неяк несвядома стаў пазіраць долу — у самую лейку. Шхуна так завісла над безданню, што без аніякіх перашкодаў можна было ахапіць паглядам усё наваколле. Яна ішла раўнютка — так, што палуба была паралельная вадзе, але сцены крутаверці сыходзілі долу пад адхонам градусаў у сорак пяць, таму здавалася, што мы ідзем амаль лежма на баку.
    Шхуна завісла, нібыўтрыманая нейкай чарадзейнай сілаю, на ўнутранай паверхні крутаверці.
    Аднак я не мог не заўважыць, што ўтрыманне раўнавагі тут займае менш высілкаў, чым калі б мы ішлі такім жа чынам па простай вадзе. Думаю, гэта адбывалася дзякуючы шалёнай хуткасці, з якой мы імчалі.
    Прамяні поўні, здавалася, асвятлялі самае дно неабсяжнай прорвы, але ўсё ж я не мог нічога дакладна разгледзець праз шчыльны туман, які ахутваў наваколле і над якім вісела чароўная ў сваёй прыгажосці вясёлка. Яна нагадвала той вузкі і валкі мост, які, па мусульманскіх паданнях, адкрывае адзіны шлях з Часу ў Вечнасць. Гэты туман, завісь мільёнаў пырскаў, быў, без сумневу, выкліканы сутычкаю высачэзных сценаў крутаверці, калі яны сыходзіліся на дне прорвы, але нечалавечы жахлівы енк, які ўзносіўся да нябёсаў з глыбіняў гэтага туману, я нават і не спрабую апісаць.
    Спачатку, калі мы саслізнулі ў бездань, сарваўшыся з паса пены, што круціўся ўверсе, шхуна адразу паляцела вельмі глыбока ў кацёл, але пасля мы апускаліся даволі нераўнамерна. Мы ўсё працягвалі круціцца, але не соўгаліся размерана і плыўна — рэзкія штуршкі і коўхі то шпурлялі нас на якіх футаў сто, то прымушалі ляцець ажно на цэлае кола наперад. Нашае прасоўванне — раз-пораз усё глыбей і глыбей — было павольным, але заўважным.
    Аглядаючыся на бязмежную празрыста-чорную прастору, па чыёй паверхні нас несла з неверагоднаю моцай, я заўважыў, што нашая шхуна была не адзінай рэччу, якая трапіла ў смяротныя абдымкі крутаверці. Унізе і ўверсе можна было распазнаць карабельныя абломкі, вялізныя бярвёны гонкага лесу, камлі дрэваў, і мноства болып дробных рэчаў: хатняе начынне, пабітыя скрыні, бочкі і дошкі. Я ўжо апавядаў пра нейкую хваравітую цікаўнасць, якая апанавала мяне за першым пачуццём сполаху. Здавалася, яна толькі ўзрастала разам з тым, як я набліжаўся да спаўнення свайго жудаснага лёсу. Я пільна назіраў за шматлікімі рэчамі, якія сталі нашымі спадарожнікамі ў апошняй вандроўцы. Напэўна, гэта было трызненне — бо я нават знаходзіў задавальненне ў тым, каб адгадаць, якая з іх хутчэй сарвецца ў бездань. «Гэтая вось яліна, — казаў я самому сабе, — наступная дасць нырца і
    назаўжды знікне», — а пасля здзіўлена і расчаравана назіраў, як яе апярэджваў касцяк галандскага гандлёвага карабля і ляцеў долу. Нарэшце сам факт маіх пастаянных памылак выклікаў у мяне думку, якая прымусіла ўсяго мяне задрыжаць; сэрца маё зноў шалёна закалацілася.
    He, гэтым разам не страх апанаваў маю душу, але неспадзяваная надзея, якая зыркім пробліскам заззяла перада мною. Яна нарадзілася аднекуль з глыбіняў памяці і часткова — з цяперашніх назіранняў Я паспрабаваў згадаць рознае халусце, якое звычайна засцілала ўзбярэжжа Лафатэна, усё, што спачатку заглынуў і затым выплюнуў Москестрэм. Большасць з гэтага была да такой ступені знявечаная — раструшчаная і абшкуматаная, што ад першапачатковай рэчы заставаліся адны шматкі і аскепкі. Але пасля я раптам прыгадаў, што некаторыя з іх былі быццам зусім не кранутыя стыхіяй.
    Цяпер я быў абсалютна ўпэўнены ў прычыне гэтае з'явы: відавочна, толькі знявечаныя дарэшты ахвяры дасягнулі самага дна, дзе і былі раструшчаныя, а іншыя рэчы трапілі ў вір так позна або чамусьці апускаліся так павольна, што не паспявалі скончыць шлях да пачатку прыліву ці адліву. Я гатовы быў дапусціць, што ў такім выпадку іх магло зноў вынесці плынню на паверхню мора, так што іх не напаткаў лёс тых рэчаў якія прорва заглынула раней ці ўсмоктвала з большай хуткасцю. Акрамя гэтага, я зрабіў тры істотныя назіранні. Першае: звычайна чым большымі па памерах былі рэчы, тым хутчэй яны знікалі ў віры. Другое: з дзвюх рэчаў аднолькавага памеру тая, што мела форму сферы, апускалася хутчэй, чым тая, што мела нейкую іншую форму. I трэцяе: з дзвюх рэчаў роўнага памеру павольней патанала тое, што мела цыліндрычную форму.
    Ужо пасля выратавання я неаднойчы размаўляў пра гэта са старэнькім настаўнікам з мясцовых — гэта ён навучыў мяне гэтым мудрагелістым слоўцам: «цыліндр» і «сфера». Ён і патлумачыў мне, толькі я забыўся ўжо, у чым там соль, што гэтая з’ява, якую я назіраў — натуральная для рэчаў рознай формы. Ён апавёў мне, як так атрымліваецца, што цыліндр,
    які зацягвае вірам, больш трывала яму супраціўляецца, цяжэй паддаецца плыні, чым рэчы іншай формы такога ж аб’ёму1.
    Была і яшчэ адна дзівосная прычына, якая паўплывала на гэтыя мае развагі. Менавіта яна прымусіла мяне наважыцца на спосаб, які пасля і ўратаваў мяне: кожнага разу, на кожным вітку страшэннай спіралі, мы абміналі то бочку, то абломак рэі, то карабельную мачту. Тыя рэчы, што былі на адным узроўні з нашаю шхунай, калі я толькі расплюшчыў вочы, аглядаючы вусцішную прыгажосць крутаверці, цяпер былі нашмат вышэй: здавалася, яны ледзьве скрануліся з ранейшага месца.
    Больш я ні хвіліны не вагаўся. Я вырашыў як мага мацней прывязаць сябе да бочкі, за якую цяпер трымаўся, адрэзаць найтоў і кінуцца разам з ёю ў мора. Я знакамі спрабаваў прыцягнуць братаву ўвагу да бочак, што плавалі поруч з намі, зрабіў усё, што мог, каб патлумачыць яму, што я збіраюся рабіць. Мне падалося, што ён нарэшце зразумеў маю задуму, але ў адчаі адно пахітаў галавою і адмовіўся скрануцца са свайго месца. Немагчыма было прымусіць яго, да таго ж справа патрабавала тэрміновасці, таму, хоць сэрца маё аблівалася крывёю, я пакінуў брата на волю лёсу. Прывязаўшы сябе да бочкі тымі ж вяроўкамі, якія ўтрымлівалі яе на карме, я, ні хвіліны больш не марудзячы, даў нырца ў бездань.
    Вынік быў такі, на які я і спадзяваўся. To бок цяпер я сам апавядаю вам пра ўсё гэта і вы бачыце мяне жывым і ведаеце, якім чынам я выкараскаўся, і можаце ўжо здагадацца, што было далей. Таму я ўжо хутка скончу свой аповед. 3 гадзіну, можа, прайшло пасля таго як я выкінуўся са шхуны, калі яна, ужо знаходзячыся значна ніжэй за мяне, раптам на шалёнай хуткасці абярнулася разы тры-чатыры і назаўсёды знікла ў вірлівай прорве крутаверці, забраўшы з сабою і майго любага брата. Бочка ж, да якой я быў прывязаны, прайшла крыху больш за палову свайго шляху да дна лейкі, калі лічыць з таго месца, дзе я пакінуў шхуну, і раптоўна нешта ў бяскон-
    1 Гл.: Архімед. «De Incidentibus in Fluido» — «Пра целы на плыву», кніга 2 (заўв. Э. По).
    цым кручэнні віру моцна змянілася. Адхон страшных сцен увачавідкі рабіўся менш стромкім. Вір круціўся ўсё павольней. Паступова вада стала спакайнейшай, туман і вясёлка зніклі, і дно лейкі пачало пакрысе ўздымацца. Неба ачысцілася, вецер сціх, поўня ззяла ўжо на самым захадзе, і я апынуўся на паверхні акіяну, проста насупраць узбярэжжа Лафатэна, на месцы, дзе толькі што біўся апантаны вір Москестрэма. Надышоў час зацішша, але мора яшчэ не супакоілася пасля шторму і ўздыблівала высачэзныя хвалі. Мяне падхапіла імклівай плынню Мальстрэма і за некалькі хвілінаў даімчала да берага, на дзялкі мясцовых рыбакоў. Я быў настолькі зняможаны змаганнем, што цяпер, калі небяспека ўжо мінула, ледзьве дыхаючы ад перажытага жаху, не мог вымавіць ні слоўца. Мяне падабралі старыя сябрукі, колішнія паплечнікі, але не пазналі мяне — дый як пазнаць прыхадня з таго свету! Валасы мае, якія яшчэ дзень таму былі чорныя, бы смала, ушчэнт пасівелі, як бачыце. Яны сказалі, што і сам выраз твару ў мяне змяніўся непазнавальна. Я апавёў ім пра ўсё, што адбылося, але яны мне не паверылі. Цяпер вось апавядаю вам, але і не спадзяюся нават, што вы дасце ўсяму гэтаму веры больш, чым бесклапотныя рыбакі з Лафатэна».
    Пераклала Юлія Шадзько
    Залаты жук
    Гэй-гэй! Ён скача, бы шалёны, Яго тарантул укусіў...
    А. Мэрфі. «Усе памыляюцца»*
    Шмат гадоў таму я сябраваў з містэрам Ўільямам Легранам. Ён паходзіў са старажытнага гугеноцкага роду і некалі быў уладальнікам саліднай маёмасці, але шэраг няўдачаў давёў яго да суцэльнай беднасці. Ратуючыся ад ганебнага краху, ён пакінуў Новы Арлеан, горад сваіх продкаў, і пасяліўся на востраве Саліван пад Чарлстанам, што ў Паўднёвай Караліне.
    Востраў гэты даволі незвычайны. Амаль увесь ён складаецца з аднаго марскога пяску і цягнецца ўсяго тры мілі ў даўжыню і не больш за чвэрць мілі ў шырыню. Ад кантынента востраў адмяжоўвае ледзь прыкметная ручаінка, што струменіць між густога глеістага трыснягу, дзе так любяць гняздзіцца балотныя птушкі. Расліннасць на востраве, як можна здагадацца, даволі рэдкая і чэзлая. He знойдзеш тут ніводнага вялікага дрэва. Ля заходніх межаў, дзе стаіць форт Моўлтры* і месцяцца ўбогія забудовы, што на лета займаюць стомленыя гарадскім пылам і мітуснёй уцекачы з Чарлстану, можна пабачыць шурпатыя пальмы, але сам востраў, за выняткам гэтай заходняй яго часткі і белай паласы цвёрдага пляжа на ўзбярэжжы, цалкам пакрыты густым зараснікам мірту, што так цэніцца садоўнікамі Англіі. Кусты часта сягаюць пятнаццаці-дваццаці футаў у вышыню і сплятаюцца ў амаль непраходныя зараснікі, насычаючы паветра сваім водарам.
    На лясной прагаліне ля ўсходніх, больш аддаленых межаў вострава Легран пабудаваў сабе хаціну, у якой і жыў, калі я ўпершыню па волі лёсу сустрэўся з ім. У хуткім часе нашае знаёмства перарасло ў моцнае сяброўства, і не дзіва, бо пустэльнік быў чалавекам адукаваным і надзвычай разумным, хоць і схільным пры гэтым да мізантропіі і хваравітых зменаў настрою — ад энтузіязму да меланхоліі. У Леграна
    было шмат кніг, але чытаў ён рэдка. Час бавіў на паляванні, рыбалцы, шпацырах па пляжы і ў зарасніках мірту, шукаючы ракавінкі і рэдкіх насякомых, а яго энтымалагічнай калекцыі мог бы пазайздросціць сам Свамердам*. У гэтых падарожжах Леграну звычайна спадарожыў стары мурын па імені Юпітэр, які яшчэ да збяднення гаспадара атрымаў вольніцу, але ні пагрозы, ні абяцанкі не маглі прымусіць яго вырачыся свайго, як той лічыў, права паўсюль ісці следам за маладым «масам Ўілам». Цалкам верагодна, родныя Леграна, не зусім упэўненыя ў цвярозасці яго розуму, унушылі тыя ж падазрэнні Юпітэру, каб ён даглядаў і ахоўваў гора-вандроўніка.