Маска Чырвонае Смерці
Эдгар Алан По
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 472с.
Мінск 2011
Пабачыўшы такую ўдачу, Юпітэр ад радасці ледзь стрымліваўся, а вось на твары яго гаспадара, наадварот, было надзвычайнае расчараванне. I ўсё ж ён загадаў нам капаць далей. Ніхто не прамовіў ні слова, калі, ледзь не ўпаўшы, я натыкнуўся ботам на схаванае ў зямлі жалезнае колца.
Мы ўзяліся за справу з яшчэ большым імпэтам. I ў наступныя дзесяць хвілін я перажыў найвялікшае хваляванне ў сваім жыцці: за гэты час мы практычна выкапалі з зямлі прадаўгаваты драўляны куфар, які, дзякуючы выключнай трываласці і выдатнай захаванасці, адчуў на сабе толькі пра-
цэсы мінералізацыі, верагодна, крышталікамі сулемы. Куфар быў тры з паловай футы ў даўжыню, тры футы ў шырыню і два з паловай футы ў глыбіню. Ён быў шчыльна сціснуты абадамі з каванага і закляпанага жалеза, што рашоткай аблямоўвалі яго паверхню. Зверху з абодвух бакоў куфра было прымацавана патры жалезныя колцы, разам шэсць, з іхдапамогай несці куфар можна было ўшасцёх. Але нашых агульных высілкаў хапіла толькі на тое, каб злёгку зварухнуць яго з месца. Стала зразумела, што такі вялікі цяжар падняць мы не здолеем. На шчасце, механізм зашчапкі века складаўся з дзвюх засавак. Стаіўшы дыханне і трасучыся ад хвалявання, мы адкінулі іх і паднялі века. Раптам нашым вачам адкрыліся невымернай каштоўнасці скарбы. Прамяні ліхтароў асвяцілі яміну, і мігценне ды бляск цэльных кавалкаў золата і россыпу ювелірных упрыгожанняў нас проста асляпілі.
Я не буду хаваць тых пачуццяў, якія спазнаў, пабачыўшы такую раскошу. Натуральна, збольшага мной авалодала здзіўленне. Легран, знясілены турботамі, прамаўляў мала. А Юпітэр, смяротна збялелы з твару, наколькі гэта магчыма для цемнаскурага, падавалася, атупеў, аслупянеўшы. Затым ён упаў на калені і, занурыўшы голыя рукі па локаць у золата, затрымаў іх там, нібы насалоджваючыся ваннаю з раскошы. А потым, глыбока ўздыхнуўшы, усклікнуў нібы звяртаючыся да самога сябе:
— I ўсё гэта ён, залаты жук. Залаценечкі жучок, гаротны мой, а я ж яго так крыўдзіў! Гэй, стары мурын, і не сорамна табе, га? Ану адказвай!
Нарэшце мне давялося нагадаць і гаспадару, і служку, што ўжо час брацца за перанос нашага скарбу. Апускалася ноч. Яшчэ больш ускладняла нашу задачу тое, што багацце неабходна было схаваць яшчэ да світання. Нам цяжка было вырашыць, што рабіць далей, таму шмат часу мы змарнавалі, абмяркоўваючы свае наступныя дзеянні, бо прапановы былі даволі блытанымі. Нарэшце, выцягнуўшы з куфэрка дзве траціны ўсяго багацця, мы, хоць і з цяжкасцямі, здолелі падняцьскрынюзяміны. Рэчы мы схаваліўажынніку.пасадзіўшы сабаку іх ахоўваць. Юпітэр строга наказаў яму ні ў якім вы-
...мігценне ды бляск цэльных кавалкаў золата
і россыпу ювелірных упрыгожанняў нас проста асляпілі.
падку не сыходзіць з месца і не раскрываць пашчы да нашага вяртання. Пасля гэтага мы паспешліва рушылі з куфрам дахаты і без асаблівых прыгодаў хоць і прытаміўшыся, каля першай гадзіны ночы дабраліся да хаціны. Зняможаныя, мы былі не ў стане выправіцца ў дарогу адразу ж. Таму вырашылі павячэраць і адпачыць, а ўжо а другой гадзіне, узброіўшыся трыма вялізнымі торбамі, якія, на шчасце, знайшліся ў гаспадарцы, скіраваліся ў горы. Амаль а чацвертай раніцы мы былі каля яміны. Падзяліўшы пароўну рэшткі трафея і пакінуўшы яміну адкрытай, мы зноў рушылі ў напрамку хаціны і скінулі з плячэй свае залатыя ношы толькі калі першыя нясмелыя промні зараніцы на ўсходзе забліскалі між вершалінаў дрэваў.
Цяпер мы цалкам знясілелі, але ўзрушанасць падзеямі апошняй ночы не давала спакою. Пасля нейкіх трох-чатырох гадзінаў трывожнай дрымоты мы, нібы згаварыўшыся, падхапіліся разам, каб больш пільна агледзець сваё багацце.
Куфар быў поўны скарбаў па самае века, цэлы дзень і палову наступнай ночы мы правялі, даследуючы яго змесціва. Тут не было і намёку на нейкі парадак: рэчы былі перамяшаныя ды зваленыя ў кучу. Асцярожна ўсё разабраўшы, мы выявілі, што мы — уладальнікі яшчэ большага багацця, чым меркавалі спачатку. Улічваючы тагачасны кошт даляра, мы падлічылі, што толькі манетамі тут было больш за чатырыста пяцьдзясят тысяч даляраў. Ніводнай срэбнай — усе як адна былі з чыстага золата, старажытныя ды з розных краёў — французскія, нямецкія, гішпанскія, некалькі ангельскіх гінеяў сустракаліся сярод іх і такія манеты, якіх мы раней ніколі не бачылі, а таксама некалькі вельмі вялікіх і цяжкіх манетаў сцертых настолькі, што разабраць надпісы на іх было ўжо немагчыма. Амерыканскіх грошай не было зусім. Ацаніць жа кошт упрыгожанняў выявілася для нас яшчэ больш складаным. Былі тут дыяменты — некаторыя з іх неверагодна буйныя і прыгожыя — агулам сто дзесяць камянёў і ніводнага дробнага; трыста дзесяць смарагдаў і ўсе як адзін непаўторныя, дваццаць адзін сапфір і яшчэ апал. Камяні, вырваныя з аправаў былі рассыпаныя па ўсім куфры. А самі ўпрыгожанні, якія мы аддзялілі ад іншых залатых
вырабаў, мелі на сабе сляды ўдараў, што мусілі ўскладніць працэс іх апазнання. Акрамя гэтага, мы знайшлі тут вялізную колькасць вырабаў з цэльнага золата, каля дзвюх сотняў цяжкіх пярсцёнкаў і завушніцаў, дарагія ланцужкі колькасцю ў трыццаць штук, калі, канечне, памяць мне не здраджвае, восемдзесят тры масіўныя і важкія распяцці, пяць вельмі дарагіх залатых кадзілаў, цудоўны кубак для пуншу, багата аздоблены выгравіяваным вінаградным лісцем і вакхічнымі фігурамі, дзве гарды выкшталцонай чаканкі і яшчэ шмат іншых дробных прадметаў, якіх я ўжо не ў стане ўзгадаць. Агульная вага ўсяго нашага багацця складала больш чым трыста пяцьдзясят ангельскіх фунтаў, а да спісу я яшчэ не дадаў сто дзевяноста сем выдатных гадзіннікаў, тры з якіх — коштам у пяцьсот даляраў кожны. Многія гадзіннікі былі надзвычай старыя і адлічваць час ужо непрыдатныя, іх унутраны механізм у той ці іншай ступені быў пашкоджаны іржой, але пры гэтым багатае ювелірнае аздабленне корпусу надавала некаторым з іх надзвычайную каштоўнасць. Той ноччу змесціва куфра па нашых ацэнках складала паўтара мільёна даляраў, але калі мы прадалі ўсе манеты і ювелірныя вырабы, за вьгняткам некаторых каштоўнасцяў што вырашылі пакінуць сабе, выявілася, што мы моцна недаацанілі сваю знаходку.
Калі нарэшце мы завершылі поўны агляд сваёй маёмасці і эмацыйнае хваляванне крыху спала, Легран, заўважыўшы маю скрайнюю нецярплівасць дазнацца разгадку гэтага незвычайнага здарэння, пачаў ва ўсіх дэталях распісваць падзеі, што да яго спрычыніліся.
— Вы ж памятаеце, — сказаў ён, — тую ноч, калі я працягнуў вам свой накід скарабея. I памятаеце таксама, як мяне раззлавала вашае сцверджанне, што мой малюнак меў моцнае падабенства з чэрапам. Спачатку я палічыў вашыя словы проста жартам, але потым прыгадаў незвычайныя плямкі на спінцы жука і падумаў сам сабе, што, магчыма, вашая заўвага мае пад сабой падставы. Але ўсё ж вашыя кпіны з маіх мастацкіх здольнасцяў мяне раздражнілі, бо, у прынцыпе, мяне лічаць добрым мастаком, і таму, калі вы працягнулі
мне кавалак пергаменту, я ўжо збіраўся парваць яго на шматкі і кінуць у агонь.
— Вы маеце на ўвазе кавалак паперы, — заўважыў я.
— He, ён вельмі падобны да паперы, з самага пачатку я і лічыў яго паперай, але калі пачаў маляваць, выявілася, што перада мною вельмі тонкі пергамент. Да таго ж даволі брудны, як вы памятаеце. I калі я ўжо наважыўся парваць той шматок, мой погляд раптам упаў на выяву, якую бачылі і вы. Уявіце ж маё здзіўленне, калі на тым самым, як мне падавалася, месцы, дзе я маляваў жука, я заўважыў чэрап. У той момант я быў занадта здзіўлены, каб мысліць разважна. Я ведаў, што мой рысунак моцна розніўся з гэтым, хаця ў агульных абрысах яны былі нечым падобныя. Я тут жа схапіў свечку і, заняўшы месца ў далёкім куце пакоя, працягнуў пільны агляд пергаменту. Перавярнуўшы яго, на адваротным баку я пабачыў свой рысунак. Мяне вельмі моцна ўразіла гэтае незвычайнае падабенства: вось так, думаў я, толькі дзякуючы простаму збегу абставінаў і з невядомых мне прычынаў на адваротным баку пергаменту была выява чэрапа, ды яшчэ якраз пад маім рысункам скарабея, і пры гэтым чэрап не толькі абрысамі, але і памерам моцна нагадваў мой накід. Напраўду гэтая простая выпадковасць мяне моцна збянтэжыла. Так бывае заўжды, калі сутыкаешся з супадзеннямі: розум спрабуе выявіць сувязь, нейкую прычынна-выніковую паслядоўнасць, але калі знайсці яе не атрымліваецца, чалавек проста ўпадае ў ступар. Калі ж я ачомаўся, мяне пакрысе напаткала яшчэ адно адкрыццё, якое напалохала больш, чым падабенства. Паступова я вельмі яскрава пачаў успамінаць, што калі толькі ўзяўся за свой накід, на пергаменце не было ніякіх малюнкаў. У гэтым я быў практычна перакананы, бо згадаў, як варочаў пергамент у руках, шукаючы на ім чысцейшае месца. Калі б чэрап быў там, я, натуральна, не змог бы яго не заўважыць. Перада мною паўстала сапраўдная загадка, якую я не ведаў як патлумачыць. Але ўжо тады я адчуваў, што ў самых далёкіх і таемных куточках маёй свядомасці паблісквае слабым агеньчыкам светляка разуменне таго, што найлепшым чынам прадэманстравалі падзеі мінулай ночы.
Я адразу ж падняўся і схаваў пергамент у надзейнае месца, адклаўшы ўсе далейшыя развагі да таго часу, пакуль не застануся на самоце.
Калі вы з'ехалі, а Юпітэр хутка заснуў, я заглыбіўся ў больш метадычныя даследаванні. Спачатку я абдумаў шлях, якім пергамент трапіў да мяне. Месца, дзе мы знайшлі скарабея, знаходзілася на ўзбярэжжы мацерыка, прыкладна за мілю на ўсход ад выспы, але непадалёк ад лініі прыліву. Калі я схапіў скарабея, ён моцна мяне ўкусіў, што вымусіла мяне яго кінуць. Юпітэр, перад тым як злавіць насякомае, што да яго падляцела, з заўсёднай асцярогай агледзеўся наўкола ў пошуках лістка ці нечага падобнага, каб ухапіць жука. Менавіта тады Юпі, а з ім і я, прыкмецілі шматок пергаменту, які ў той момант падаўся мне паперай. Шматок быў амаль цалкам закапаны, толькі кончык тырчэў з зямлі. Каля таго месца, дзе мы яго знайшлі, я заўважыў рэшткі карабля, што выявіліся часткай баркаса. Выглядала на тое, што рэшткі ляжалі тут ужо досыць даўна, бо падабенства з карабельнымі бэлькамі было вельмі аддаленае.
Юпітэр падняў з зямлі пергамент, загарнуў у яго жука і аддаў мне. У хуткім часе мы накіраваліся дахаты і па дарозе сустрэлі лейтэнанта Г... Я паказаў яму насякомае, а лейтэнант упрасіў мяне дазволіць яму аднесці жука ў форт. 3 маёй згоды ён сунуў жука ў кішэню камізэлькі, не загарнуўшы ў пергамент, што я так і трымаў у руках, пакуль ён аглядаў дзіўнае насякомае. Магчыма, ён баяўся, што я перадумаю, і лічыў найлепшым тут жа вызначыцца з цаною. Вы ж ведаеце, якім апантаным ён робіцца, калі справа датычыць прыродазнаўства. I ў той самы момант, незаўважна для самога сябе, я, мабыць, і паклаў пергамент у кішэню.