Мастацкі вобраз Бацькаўшчыны ў літаратуры Беларусі XIX стагоддзя
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 245с.
Мінск 2023
Назва Дзеравянішча ўказваецца ў міжваенны час сярод паселішчаў Круговіцкай гміны. Там жыў нехта Баляслаў Чарноцкі. Відавочна, шляхецкага паходжання. Сядзіба яго была абсталявана тэлефонам [150, 151], што было надзвычайнай рэдкасцю па тым часе.
На мапах не аказалася такога ўрочышча, як Нівішча. Пра яго А. Бартэльс пісаў:
...W uroczyscszu, Na Niwiszczu
На такавішчах Там, у Нівішчах,
Gluszec gral...
[138, s. 1]
Глушцовы збор...
Прычым гэты мікратапонім суправаджаецца спасылкай, што мясціна знаходзіцца ў дзяніскаўскіх лясах і славіцца праз паляванні на глушцоў.
Дапамагла памяць мясцовых вяскоўцаў: «Ніўнае зараз гэта поле былога калгаса. У ваколіцах вёскі на ўсходзе. Знаходзіцца недалёка ад Мар’янова, дзе быў маёнтак пана Шумскага. Там было поле пана, дзе каласіла ніва», паведамляне адзін з інфарматараў [102],
Назва, як бачым, не зусім супадае толькі па сэнсе. Але цалкам дапускаем, што гэта адна і тая ж мясціна. Таму што найменні ў часавай прасторы нярэдка перажывалі некаторыя скажэнні і трансфармацыі. Праўда, існуе яшчэ адзін варыянт лакалізацыі урочышча, якое на мапах называецца «Ніўка» (гл. мал. 7.3). Яно месцілася пару кіламетраў на поўдзень ад Градак. Калі меркаваць па тым, што ці не кожны мікратопонім у творах А. Бартэльса цесна звязаны з тэматыкай палявання, дык апошні варыянт больш верагодны: наўрад ці паблізу вёскі маглі вадзіцца глушцы, пра наяўнасць якіх у тым урочышчы пісаў паэт, у той жа час іх масаваць удалечыні ад вёскі была б натуральнай.
Тым не менш акрэсліць участак «Дзяніскавіцкай пушчы» (словы А. Бартэльса [138, s. 1]) з усімі названымі ў творы тапонімамі пакуль не ўдалося хаця б на гіпатэтычным узроўні. Так, месцазнаходжанне ўрочышча Крэмцы аказалася не ўстаноўленым. Дзе яно магло быць? Арыенцірам тут служаць лакалізаваныя Градкі і верагодна лакалізаванае Дзерамінішча. Яны стаяць у адным шэрагу з Крэмцамі, дакладней пасля апошніх. Адпаведна ўрочышча Крэмцы можа знаходзіцца прынамсі ў адным баку з Градкамі і не павінна быць вельмі далёка ад іх, недзе перад імі з іншага боку, па логіцы, ад Дзерамінішча. Канечне, такая раскладка будзе пры ўмове, што аўтарам той шэраг складзены ў паслядоўнасці размяшчэння ўрочышчаў. Этымалогія назвы «Крэмцы» намі не прасочана.
Яшчэ некалькі мікратапонімаў адносяцца да недалёкіх лясоў пад Клецкам (Далматоўшчына, Грыцавіцкі бор, Цэпэр-
шчына, Брыгада, Раёўка, Быстрыца, Дзямідавіцкі лес, Краснастаў). Там, у Радзівілімонтах, знаходзілася летняя рэзідэнцыя Радзівілаў і ў наваколлі таксама часам ладзіліся паляванні, хаця і не такія маштабныя ў параўнанні з ловамі ў дзяніскаўскіх лясах.
Аднак тое, што дзяніскаўскія мікратапонімы ў творчасці А. Бартэльса пераважаюць, гэта яшчэ адно сведчанне таго, якую зямлю паэт лічыў сваёй малой радзімай і дзе, па прызнанні самога аўтара, ён прыйшоў на свет белы. Як слушна мяркуе Жанна Шаладонава, «прастора навакольнага свету з’яўляецца важнейшым модусам існавання, найбольш відавочным спосабам праяўлення феномена чалавека ў адзінстве яго духоўна-ментальных, сацыяльных, псіхалагічных і фізічных характарыстык» [116, с. 486], тэзіс, які арганічна стасуецца і з творчасцю разгледжанага паэта.
* W W
Такім чынам, лакалізавана большасць большасць згаданых у творчасці тапонімаў малой радзімы А. Бартэльса ад пасяленняў да ўрочышчаў. Сёння гэта тэрыторыя Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Канцэнтруюцца яны вакол галоўнай для паэта вёскі Дзяніскавічы. Часцей за ўсё тыя назвы ўводзяцца ў творы або ў сувязі з успамінамі пра дзяцінства, або ў сувязі з паляваннямі ў багатых на дзічыну лясах.
Ужыванне А. Бартэльсам рэчаіснай тапанімікі роднай для аўтара глыбінкі, з аднаго боку, ажыццяўляецца згодна з трэндам рамантычнай паэтыкі, якая на той момант яшчэ не страціла сваіх уплываў, але з іншага боку, выяўляецца і ўздзеянне новай для мастацтва пазітывісцкай тэндэнцыі (асабліва ў творах пазнейшага перыяду паэта) [103, с. 370-372], Таму атрымліваецца, што прастора дзеяння ў названых паэмах канкрэтная і прыземленая. Разам з тым апаэтызаваная і такім чынам узнесеная да ўзроўню духоўнай каштоўнасці. Хаця, заўважым, што ўжыванне мікратапонімаў саміх па сабе робіцца без прэтэнзій на сімвалізм, універсалізм і анталагічнасць
(у адрозненне ад камоніма «Дзяніскавічы»), Мікратапонімы маюць характар прыватны, індывідуальны, часам з ухілам да інтымнасці. Яны вартасцёвыя, канечне, і паасобку. Але галоўная іх роля дапамагаць раскрыццю аўтарскага свету, які пачынаецца з Дзяніскавіч і ў далейшым рассоўвае свае межы да этнічных маштабаў пры захаванні памяці пра вытокі. Гэтак свет эксклюзіўны становіцца інклюзіўна анталагічным. Ля вытокаў такога разгортвання прасторы знаходзяцца якраз дробныя, нікому не вядомыя мясціны, не раўнуючы як маленькія часцінкі ў бяскрайнім космасе.
У XXI ст. назвы згаданых паэтам мясцін выпетрываюцца з памяці тутэйшых жыхароў. Няма столькі, як раней, дзічыны. Дый лес высякаецца няшчадна сучаснікамі. Гэтага баяўся А. Бартэльс, які ў сваіх творах выступаў за падтрымку, сёння сказалі б, экалагічнага балансу і за перадачу ў спадчыну наступным пакаленням прыроднага багацця таго часу. Відавочна, паэт прадчуваў, што нашчадкі не будуць так ашчадна адносіцца да свайго асяроддзя. XXI стагоддзе пацвердзіла недарэмнасць творчай інтуіцыі. Са знішчэннем прыроды знікаюць і назвы ўрочышчаў. На павестцы дня існаванне вёскі. Тым не менш дзякуючы такім патрыётам роднага кута, як дзяніскавец А. Бартэльс, на аснове, у тым ліку, яго творчай спадчыны ў будучыні магчыма адраджэнне і вёскі, і навакольнай прыроды, і вяртання на свае гістарычныя месцы мікратапонімаў.
7.4. Артур Бартэльс як папярэднік Якуба Коласа
Кожная нацыянальная літаратура мае два комплексы чыннікаў фальклорны і кніжна-літаратурны. Беларускае прыгожае пісьменства не выключэнне. Паказальным чынам такі дэтэрмінізм прасочваецца на прыкладзе класікаў, у тым ліку Якуба Коласа. Да таго ж, як пісаў Уладзімір Казбярук, толькі з улікам дасягненняў папярэднікаў гэтага народнага паэта можна дастаткова поўна прааналізаваць тую ж паэму «Новая
зямля» як з боку ідэйнага зместу, так і ў адносінах кампазіцыі, стылю, формаў мастацкай вобразнасці і наогул усяго таго, што складае сутнасць і спецыфіку рэалістычнага метаду [43, с. 7],
Канстанцін Міцкевіч нарадзіўся ў 1882 г., і яго першае знаёмства з кніжным словам адбылося яшчэ ў XIX ст. Натуральна, гэта была літаратура сучаснікаў ці трохі ранейшых пісьменнікаў. Дзякуючы і паведамленням самога Песняра, і шматлікім даследаванням у шэраг знаёмай будучаму народнаму паэту яшчэ з дзяцінства літаратуры трапілі творы рускіх мастакоў слова Івана Крылова, Аляксандра Пушкіна, Мікалая Гогаля, украінскага Тараса Шаўчэнкі, польскага Адама Міцкевіча, беларускіх Уладзіслава Сыракомлі, Янкі Лучыны, Францішка Багушэвіча і інш. Яшчэ ў савецкі час адносна станаўлення беларускай класічнай літаратуры адзначалася, што «пра добратворны ўплыў рускай літаратуры гаварылася даўно. <...> 3 цягам часу ўсё большую ўвагу пачынае прыцягваць праблема беларуска-польскіх літаратурных узаемасувязей XIX пачатку XX ст.» [44, с. 7].
У названым шэрагу, аднак, няма Артура Бартэльса, імя якога вынесена ў загаловак. Узнікае пытанне: якое ж месца займае гэты творца ў жыцці і творчасці беларускага класіка?
Якуб Колас нарадзіўся за тры гады да смерці А. Бартэльса. Фактычна яны размінуліся сваімі дарослымі шляхамі. Аднак нават у жыцці (на творчасці спынімся далей падрабязней) паміж імі знаходзяцца кропкі судакранання. Канечне, хутчэй метафізічнага, але не толькі. Звернем увагу на наступнае. Вёска, якую А. Бартэльс лічыў сваім родным кутом, належала да ўладанняў Радзівілаў. У іх жа служыў лесніком бацька Якуба Коласа. Несумненна, абодва адчувалі адну і тую ж атмасферу прыроднага асяроддзя. Больш таго, для кожнага з іх кола леснікоў не было чужым: К. Міцкевічу так было наканавана жыццём, А. Бартэльсу у сілу яго любові да палявання, таму апошні ў творах колькі разоў згадвае стражнікаў як добрых знаёмых. Адзначым, што А. Бартэльс, хоць і належаў да
шляхецкага саслоўя, пасля вучобы не забываў пра родны кут любіў дзяніскаўскія лясы. Важнымі старонкамі ў біяграфіях названых творцаў з’яўляецца той факт, што К. Міцкевіч два першыя гады свайго прафесійнага жыцця правёў якраз у мясцовасці, якую ўздоўж і ўпоперак выхадзіў А. Бартэльс, у Люсіне, якое размяшчаецца на паўднёвы ўсход ад Дзяніскавіч, якраз праз апаэтызаваны польскамоўным творцам лес. Значыць, абодвух паэтаў гадаваў і тым самым нябачна яднаў тоесны прыродны дух. Таму і ў творчасці не магло не быць некаторай пераклічкі.
Адметна, што ў названых паэтаў назіраюцца аналагічныя эскапады лёсаў: першую частку жыцця яны правялі на радзіме, затым, пасля сацыяльна-палітычных катаклізмаў (для кожнага сваіх: у храналагічнай паслядоўнасці паўстання 1863 г. і Першай сусветнай вайны), апынуліся ў эміграцыі / бежанстве. На «вялікую» радзіму Якуб Колас вярнуўся, аднак таксама не на тую, пра якую марыў, да таго ж родны кут заставаўся яшчэ доўга недасягальным. А. Бартэльс, эміграваўшы, бацькаўшчыны ўжо не пабачыў.
Выпрабаванні лёсаў, тым не менш, толькі ўзмацнілі гуманістычны пафас творчасці. Таму што без агульначалавечых каштоўнасцей, няхай і, як можа падацца, таўталагізаваных у мастацтве, патрыятычны лейтматыў не стаў бы такім цвёрдым стрыжнем, якім ён з’яўляецца ў любога пісьменніка.
Пераклічка паміж творамі аўтараў розных эпох выяўляецца ў аснове творчага матэрыялу. Ён браўся ад жыцця. Што праўда, у А. Бартэльса шляхецкага, у Якуба Коласа сялянскага. Але ў абодвух гэта жыццё на адной і той жа зямлі. Да яе паэты адчуваюць невымерную любоў. Хаця сама тэматыка мае пэўныя разыходжанні. Так, паэма Якуба Коласа «Новая зямля» заснавана на матэрыяле сялянскай працадзейнасці канца XIX ст. Цыкл вышэйназваных паэм А. Бартэльса галоўным чынам пра паляванне. У той жа час адметна, што і ў беларускага класіка, і ў яго папярэдніка гэтыя творы атрымалі самую высокую ацэнку як па сваёй маштабнасці, так
і ў сувязі з эстэтычнымі якасцямі: паэма Якуба Коласа названа энцыклапедыяй жыцця беларускага сялянства; цыкл паэм А. Бартэльса адзінай у сваім родзе паляўнічай эпапеяй. Менавіта ў гэтых шэдэўрах назіраецца найбольш відавочная пераемнасць мастацкіх традыцый у творчасці названых аўтараў.