Мастацтва разьбы па дрэве
Вучэбны дапаможнік для вучняў 7—11 класаў агульнаадукацыйнай школы з мастацкім ухілам
Выдавец: Беларусь
Памер: 255с.
Мінск 1998
Маслена-смаляныя лакі — гэта растворы прыродных і штучных смол у высыхаючых маслах. Яны вылучаюцца трываласцю, пластычнасцю, устойлівасцю да атмасферных уздзеянняў. Лакі бываюць светлыя і цёмныя, наносяцца тампонам і пэндзлем, сохнуць ад 1 да 3 сутак. Загусцелыя лакі разбаўляюць растваральнікамі для масленых лакаў. Пакрыццё робяць у 2—3 слаі з прамежкавым сушэннем 24—48 гадзін.
Нітралакі (нітрацэлюлозныя лакі) — гэта лакі, асноўнымі кампанентамі якіх з’яўляюцца нітрацэлюлоза, смолы, хуткавыпаральныя растваральнікі і пластыфікатары. Лакі вылучаюцца добрай трываласцю і ўстойлівасцю да атмасферных уздзеянняў. Яны падзяляюцца на лакі халоднага і гарачага нанясення. Ва ўмовах школы выкарыстоўваюцца лакі толькі халоднага нанясення, сярод іх:
НЦ-222 — бясколерны, празрысты, выкарыстоўваецца для апрацоўкі мэблі, разьбяных і точаных вырабаў, мазаічных набораў. Сохне за 40 хвілін, разбаўляецца растваральнікамі 646, 648, РМЛ, наносіцца налівам, фарбапультам, тампонам і пэндзлем;
НЦ-221 — цёмны лак, выкарыстоўваецца для апрацоўкі вырабаў, якія патрабуюць цёмнай лакавай аздобы, сохне за 80—90хвілін, разбаўляеццарастваральнікамі 646—648, наносіцца налівам, фарбапультам, пэндзлем, тампонам;
НЦ-218 — празрысты лак, выкарыстоўваецца для апрацоўкі вырабаў з далейшай паліроўкай, сохне за 60 хвілін, раз-
баўляецца растваральнікам РМЛ. Наносіццаналівам, фарбапультам, пэндзлем, тампонам, добра распаліроўваецца.
Сярод нітрацэлюлозных лакаў ёсць лакі, якія робяць пакрыццё матавым. Да іх адносіцца лак НЦ-49 светла-жоўтага колеру. Сохне 15 хвілін, разбаўляецца растваральнікамі 646—648, РМЛ. Наносіцца налівам, фарбапультам, хуткім пакрыццём пэндзлем.
Нітралакі наносяць на драўніну ў залежнасці ад патрабаванняў да пакрыцця. У тых выпадках, калі неабходна толькі выявіць тэкстурны малюнак драўніны і яе выразнасць, за выключэннем бляску, наносяць рэдкі лак адзін-два разы. Пры неабходнасці глянцавага пакрыцця наносяць 4—5 слаёў.
Нітралакі маюць рэзкі спецыфічны пах, яны таксічныя, таму з імі трэба працаваць у спецыяльных памяшканнях, з рэспіратарамі альбо ў выцяжной шафе. У апошнія гады з’явілася шмат новых сінтэтычных лакаў, але яны выкарыстоўваюцца пераважна ў прамысловасці.
ІНСТРУМЕНТ IАБСТААЯВАННЕ
Нам вядома, калі з’явіўся спецыяльны рэзчыцкі інструмент для драўніны. Але мы не можам уявіць сабе, што першыя вырабы посуду, прылад працы, хатніх вырабаў чалавек рабіў пры дапамозе каменных інструментаў. Потым чалавек зрабіў металічны інструмент, магчыма, першымі былі ножык, тапор, долата і цясла. У далейшым сляды гэтых інструментаў бачны на шматлікіх вырабах.
У перыяд сярэднявечча значна ўдасканаліўся інструментарый рэзчыкаў, але цяпер ён мала чым адрозніваецца ад тагачаснага. Асабліва дэталёва гэта бачна на даўніх гравюрах, малюнках, на разьбяных вырабах таго часу.
Пры ўдасканальванні самой разьбы змяніўся колькасна і якасна інструмент. Напрыклад, беларускія майстры XVII ст. пры выкананні складанай ажурна-рэльефнай разьбы карысталіся наборам інструментаў 24 назваў і 150 відаў. Яны шырока выкарыстоўвалі як спецыяльны рэзчыцкі, так і сталярны інструмент.
У апошні час з’явілася шмат літаратуры па разьбе, у якой аўтары пералічваюць інструмент для разьбы па дрэве. Разам з традыцыйнымі мясцовымі ці рускімі назвамі ў літаратуры выкарыстоўваюцца і замежныя, што некалькі блытае пачынаючых рэзчыкаў. Колькасны шматлікі пералік усіх мудрагелістых разцоў і абсталявання адштурхоўвае вучняў, а часам і настаўнікаў ад гэтага віду традыцыйнай творчасці. A вось многія народныя майстры працавалі сякерай і ножыкам і стваралі цудоўныя рэчы. Вядомы полацкі рэзчык А. Міхеенка працаваў, маючы нажоўку, сякеру і сапожны ножык, a якія рабіў цудоўныя скульптуры! Потым ён пачаў прымяняць і іншыя разцы. Усім вядомая рэзчыца Г. Асіпкова стварала свае першыя работы, маючы пілу, тапор, ножык і адзін паўкруглы разец. Аказваецца, справа тут зусім не ў спецыяльных інструментах і іх колькасці.
Што тычыцца фірменных разцоў, якія сустракаюцца ў продажы, трэба адзначыць як лепшыя наборы разцоў мастацкага фонду Расіі і разцы Маскоўскага падшыпнікавага завода.
Аўтар прапануе аптымальны набор разцоў, якімі магчыма выконваць усе віды разьбы, дае мясцовыя назвы і апісвае спосабы разьбы ў хатніх ці школьных умовах.
АСНОЎНЫ РЭЗЧЫЦКІ ІНСТРУМЕНТ
Ножыкі (вялікія, малыя, шырокія, вузкія) неабходны для розных відаў разьбы. Для выканання контурных парэзак, плоска-рэльефнай, скулыітурнай, рэльефнай разьбы і іншых работ.
Касякі (шырокія, вузкія, з вуглом ад 30 да 60°) выкарыстоўваюцца ў тых жа мэтах, што і ножыкі, але яны з’яўляюцца асноўнымі разцамі пры выкананні геаметрычнай разьбы.
Касякі-падборнікі (левыя, правыя, прамыя, загнутыя з вуглом 30°) неабходны пры выкананні плоска-рэльефнай і рэльефнай разьбы з фонам, для выбірання фону ў вузкіх месцах і вуглах, а таксама для разьбы рэльефаў у цяжкадаступных месцах.
Прамыя стамескі (вузкія, сярэднія, шырокія) прымяняюцца для абсякання рэльефу, выбірання фону, зразання фасак і г.д.
Паўкруглыя стамескі (вузкія ад 1 мм да шырокіх 50 мм і болей) з’яўляюцца асноўнымі для выканання ўсіх відаў рэльефнай і скульптурнай разьбы, а таксама выкарыстоўваюцца ў праразной і скобчатай разьбе.
Вугалковыя стамескі (малыя, сярэднія, вялікія з вуглом ад 30° да 60°) выкарыстоўваюцца для выканання контурнай разьбы, плоскарэльефнай, рэльефнай, для гравіравання.
Палогія стамескі (вузкія, сярэднія, шырокія) вылучаюцца вельмі малым згібам рэжучай кромкі. Гэтыя стамескі вельмі блізкія да прамых, таму выкарыстоўваюцца для апрацоўкі паверхні рэльефу, фону, скульптуры і інш.
Разнастайнасцю палогай стамескі з’яўляецца стамеска «ластаўчын хвост», якой магчыма забрацца ў розныя малыя закуткі разьбы.
Клюкарзы (прамыя і адваротныя; прамавугольныя, вугалковыя, паўкруглыя; малыя, сярэднія і вялікія) — гэта загнутыя стамескі рознага профілю для выканання разьбы ці выбірання фону ў глыбокіх месцах, дзе трэба ўрэзацца ў драўніну і паступова выйсці на паверхню.
Лыжачныя разцы (пакатыя, паўкруглыя і кольцападобныя) з даўніх часоў выкарыстоўваліся для вырабу лыжак, чарпакоў, каўшоў, карытаў, сальніц, місак і іншага посуду ў сялянскім побыце.
Спецыяльныя, або камбінаваныя, разцы прадстаўляюць інструмент са змяненнямі ці ўдасканальваннямі вышэйпералічаных. Сюды трэба аднесці спецыяльныя ножыкі, касякі, камбінаваны разец, які аднаразова ўключае плоскую, вугалковую і паўкруглую стамескі.
Набор рэзчыцкага інструменту
Для выканання рознай разьбы ў школьных умовах дастаткова наступнага набору з 12 разцоў (мал. 17):
1. Ножык вялікі (багародскі) — 1 шт.
2. Касяк шырокі з вуглом 45° — 1 шт.
3. Касяк-падборнік з вуглом 30° — 1 шт.
4. Прамыя стамескі шырынёй 5 мм, 10 мм — 2 шт.
5. Паўкруглыя стамескі дыяметрам 5 мм, 10 мм,
20 мм — 3 шт.
6. Вугалковая стамеска з вуглом 45°— 1 шт.
7. Палогая стамеска (прамая ці выгнутая) шырынёй 15 мм — 1 шт.
8. Клюкарза паўкруглая дыяметрам 15 мм — 1 шт.
9. Лыжачны разец паўкруглы дыяметрам 25 мм — 1 шт.
Выраб рэзчыцкага інструменту
Пры адсутнасці ў продажы рэзчыцкага інструменту яго можна вырабіць у школьных майстэрнях ці кузні пры наяўнасці неабходных матэрыялаў, інструментаў і абсталявання. Для вырабу інструменту неабходна спецыяльная сталь. Вось некалькі марак сталей, прыгодных для рэжучых інструментаў па дрэве: 65, 55 ГС, 55 СГ, 65 Г, 60 СГА. 3 гэтых марак сталі вырабляюць спружыны і рэсоры, спружынныя кольцы, тармазныя ленты, гравёрныя шайбы і г.д. (загар-
Мал. 17. Набор рэзчыцкага інструменту вучня:
1) багародскі нож; 2>касяк; 3) касяк-падборнік (бывае правы і левы);
4) плоскія стамескі; 5) паўкруглыя стамескі; 6) вугалковая стамеска;
7) палогая стамеска; 8) лыжачны разец; 9) клюкарза паўкруглая.
тоўванне робяць у машынным масле). Сталь 50 С2, 55 С2, 60 С2, 60 С2А і 70 СЗА — гэта спружыны і рэсоры для аўтамабіляў, трактароў і іншых транспартных сродкаў (загартоўванне ў масле). Сталь 50 ХГ, 50 ХГА, 50 ХФА — рэсоры легкавых
аўтамабіляў, спружыны клапанаў, кольцы поршняў, сальнікаў (загартоўваюць у машынным масле). Сталь У8, У8А, У9, УІО, У12 — гэта пілы, нажы дрэваапрацоўчых станкоў і нажы сельскагаспадарчых машын, інструменты для апрацоўкі драўніны, свярдзёлкі, фрэзы, нажовачныя палотны, напільнікі (загартоўваць у вадзе ці машынным масле). Сталь ПХ6, ПХ9, ПХ15, ПХ15СТ — гэта шарыкападшыпнікі і найбольш распаўсюджаныя абоймы падшыпнікаў (загартоўваць у машынным масле).
Ёсць розныя спосабы выканання інструментаў, мы разгледзім некаторыя з іх.
Кавальскі спосаб прымальны толькі там, дзе ёсць наступныя інструменты і абсталяванне: муфельная печ, накавальня, малаткі, зубілы, кавальскія клешчы, матрыцы і пуансоны, ціскі слясарныя, электратачыла з абразіўным і лямцавым кругамі.
Пры наяўнасці пласціны з неабходнай сталі 1,5—2 мм таўшчынёй спрашчаецца ўвесь тэхналагічны працэс выканання разцоў. Нажы і касякі вырабіць зусім проста, неабходна абрубіць ці выпіліць загатоўку неабходнага профілю, загартаваць і выканаць заточку. Фаску рэжучага інструмента неабходна заточваць, зыходзячы з таўшчыні металу разца. Таўшчыня металу павінна адносіцца да шырыні заточанай фаскі як 1:3.
Добрым матэрыялам для выканання стамесак можа быць сталь у выглядзе круглых пруткоў. Найбольш распаўсюджаны гэты метал у вырабе розных круглых спружын. Распаленую ў муфельнай печы спружыну адным канцом зажымаюць у цісках, а за другі цягнуць клешчамі. Затым зубілам рубяць на неабходныя загатоўкі. Нагрэтую да чырвонага колеру загатоўку куюць на накавальні да плоскай пласціны. Пласціну зноў награваюць і пры дапамозе матрыцы і пуансона фармуюць неабходны профіль стамескі. Затым атрыманую загатоўку стамескі абточваюць да прымальнай формы. Абточваюць унутраную і вонкавую паверхні, загартоўваюць частку разца (30—50 мм). Загартоўку спружыннай сталі выконваюць шляхам нагрэву да 720—830° і акунання ў машыннае масла ці аўтол. Якасць загартоўкі правяраюць напільнікам. Пры пацягванні напільнікам па загартаванай частцы металу напільнік павінен злёгку зрэзаць метал (значыць, загартоўка добрая). Слізганне напільніка даказвае, што загартоўка сухая і разец стамескі будзе выкрышвацца. У гэтым выпадку загартоўку трэба паўтарыць (мал. 18).