Мяжа
Андрэй Федарэнка
Выдавец: Літаратура і Мастацтва
Памер: 264с.
Мінск 2011
Сержык робіць доўгія зацяжкі і, выпускаючы дым, заплюшчваецца. Я падганяю: ды расказвай хутчэй! Пакуль я ўчора ўрокі рабіў, ён не спаў у шапку. Госці пачалі з’язджацца яшчэ з вечара. Да Гермачыхіштунды прыехаў сын, імяніннік Мікола, таксама штунда (так у нас завуць баптыстаў), не адзін, а з дзеўкаю, нават з дзвюма дзеўкамі! Абедзве гарадскія, бялявенькія, абедзве, калі Сержыка паслухаць, у Бога веруюць. Мікола Гермачышын іх у малітоўным доме недзе і знайшоў.
Сержык расказвае ў ролях, разыгрывае цэлы спектакль. Гэта трэба чуць і бачыць. Канечне, ён яшчэ ўчора ўсё падглядзеў, усё вывсдаў.
— .. .Коля на гітары іграе, дзеўкі параздзяваліся і таньчаць голыя, а Гермачыха на поліку сядзіць, у ладкі пляскае... Фу-у-у! — шумна выдыхае ён дым з рота.
Трэба ж! Такі абыякавы голас, такая нявіннасць у сумленных вачах! Нават і ведаючы яго, як аблупленага, міжволі засумняваешся — а мо праўда?
— Дык а што ён ім іграў?
I на гэта ў Сержыка ёсць адказ. Словы і нават мелодыю ўдалося яму запомніць. Ён перабірае, як па струнах, пальцамі па крысе новенькага свайго паліто і спявае рыхтык голасам Кабзона, на матыў колішніх «бамаўскіх» шлягераў:
Всрце ў Бога Ісуса Хрыста, I спамінайце Ліхіе дзела!
— Ды не брашы ты!
— Бля буду, — клянецца Сержык. — Яны ведаеш як усе ў Бога вераць? Ты што!
Я ўздыхаю.
— Вось каб паглядзець...
— На дзевак голых? Шчасце такое!
Сержык сплёўвае. Канечне! Тры сястры дома, на вачах, хочаш не хочаш, усяго наглядзішся...
Аднак хутка першы рэйс аўтобуса. Варушыцца трэба. A то засядзеліся тут, закурыліся — так і галоўнае, чаго добрага, прапусціш.
Хуценька ідзем да клуба. Мароз, сонца, ружовы снег, які скрыпскрып пад чаравікамі. Здорава! Проста нейкая дурная радасць у душы. А на прыпынку ўжо людзі. I два Міколы-імяніннікі сярод іх. Адзін — Піцерскі, двухметровая тычка, у новым кажусе, у хромавых ботах, якія блішчаць на сонцы халявамі; другі — гадоў пад шэсцьдзесят інвалід па мянушцы Пісталет. Абодва чакаюць гасцей. Піцерскі — свата, якога завуць Сідар (нам напярод, ад аднаго гэтага імені ўжо радасна), Пісталет — сына з горада Варапаева.
— Здароў, дзяды! 3 празьнічком!
Сержык сама ветлівасць. Нават галаву пачціва схіліў, нават да шапкі дакрануўся. Але добра нас усе ведаюць тут. Мікола Піцерскі адварочваецца, не жадаючы не тое што гаварыць, а і пазіраць на нас.
— Сына з Варапаева жджэце? — мядовым голасам пытае Ссржык у другога Міколы.
— Якое тваё сабачае дзела, — адказвае Пісталет, — каго я жду?
Значыць, у настроі, раз так кажа. Звычайна замахваецца каменькаю1 і крычыць на ўсю вуліцу: «Пайшоў на паскуства-гадасць!» Апошнія — самыя любімыя яго словы.
Скача Пісталецік з каменькаю, прытупвае, узяў ужо, канечне, пару «сотак» на грудзі. Паддзёўка на ім, афіцэрскім рамянём падперазаная. На адной назе валёнак у галёшы, на другой чаравік, падобны на артапедычны. Калі цёзку Піцерскага выгнала ў вышыню, дык гэтага ў шырыню — квадратная такая на неаднолькавых ножках трансфарматарная будка, з якой расце галава, што таксама здаецца квадратнай, бо на ёй салдацкая шапка з апушчанымі вушамі.
Такога кадра яшчэ пашукаць. У дзядзькі Міколы Піцерскага, акрамя службы ў войску і паездкі ў Ленінград, нічога больш за душою і няма; пра гэтага ж можна расказваць па гісторыі на кожную літару алфавіта.
а) — стральба кабана. Справа ў тым, што наш Мікола баіцца, калі свіней рэжуць ці колюць (дарма што хлусіць, што ваяваў, нават з пісталета страляў — адсюль мянушка), і завс на такія выпадкі лесніка са стрэльбаю, таксама, дарэчы, Міколу. Пісталетава хата роўненька праз вуліцу насупраць крамы. Аднойчы Мікола-ляснік прамазаў. Куля прабіла кабану лыч і ўляпілася ў магазінскія дзверы. Спрацавала сігналізацыя. Выхадны дзень, раніца, магазіншчыца ў нас з горада, а як у той горад паведаміць? Як туды дазваніцца, калі адзіны тэлефон стаіць у гэтай самай краме? Словам, сірэна выла больш за суткі, пакуль не прыехала ў панядзелак і не спыніла гэты кашмар прадаўшчыца... А заманліва, праўда, гэтую лінію развіць? Як з таго часу сігналізацыя пашкодзілася і пачала спрацоўваць самавольна, і да яе так прывыклі, што калі аднойчы ўночы да крамы ціха падруліла аўто з фургонам...
б) — халяўная выпіўка. Летні вечар, каля крамы змораныя за дзень мужчынкі п’юць «Праменнае» нуль восем. Паселі ў радок, як ластаўкі на правадах, на жэрдках. Закусваюць вахлямі. Пісталет, глытаючы слінкі, скача побач — не завуць яго! Тады прыдумваецца наступнае. Мікола падчыльгіквае да дзядзькі Агуста, худзюшчага і з чорным ад жыцця і ад п’янкі тварам, і пачынае выціраць яму далоняю вусны. «То я ваклю еў», — вяла адмахваецца Агуст. —
1 Каменька; на Мазыршчыне яшчэ чапялу называюць кіыянёй.
«Я не знаю, што ты еў! Мо ты мел2 еў! Стой смірна, паскуства ты, гадасць!» Ну, як пасля такога не аддзячыць чалавека? He наліць «чарніла» паўшклянкі?
в) — як жывога бацьку пахаваў Рэвізія ў краме (чамусьці з крамаю гісторыі ўсе звязаныя, цяпер толькі заўважаю; нейкія ўсе «крамныя», ці «крамольныя»?..). Рэвізія рэвізіяю, а піць жатрэба! Пісталет бярэ сваю Аксеню, якой яшчэ раней паленам адбіў мазгі і яна развучылася гаварыць, ідуць у магазін, так і так, бацька (на другім канцы вёскі жыве) памёр. Ну, раз так... Колькі будзеце браць? Скрынку «чарніла». Узяліся з Аксеняю з двух бакоў, перанеслі праз вуліцу. Да канца рэвізіі хапіла. А стары бацька перажыў сына гадоў на дваццаць.
г) — як бульбу капаў («Аксеня, пасунь каша, паскуства ты, гадасць!» д) — як тавар пасвіў, на лісапеце, з будзільнікам у кішэні. ж)... з)... Каму не смешна ці не цікава ўсё гэта, раю паслухаць у Сержыкавым выкананні... вось толькі, праўда, не скоратакое стане магчымым. Сядзіць недзе ў «суровай» аршанскай турме Салавей наш, матчын сынок наш, анёльчык, якому ў задніцу дзьмухалі, тэрмін «цягне», трэцяя ходка — і ўсё па дурасці, усё ад разбэшчанасці, інфантыльнасці, ад таго, культывуемага некалі намі стаўлення да жыцця як да нечага несапраўднага, несур’ёзнага!.. Першы раз па п’яні ўтапіў Сержык дзяржаўную машыну ў рэчцы — год з паловай. Другі — недзе ў Калінкавічах (Гарасёў па блату зрабіў яму там кватэру) пабіўся з нейкім дзедам, пенсіянерам нейкім, на трыццаць тры савецкія рублі3, вызначыць суд, «знёс» яму ўстаўных зубоў — два гады плюс кампенсацыя. I вось цяпер трэці раз, за штосьці, здаецца, зноў з нейкім пенсіянерам звязанае — можа, і з тым самым.
Аднак Пісталета забылі. е) — вось хоць бы і гэты сын з Варапаева. Ніколі ніхто яго ў вочы не бачыў, як і ніхто не чуў, дзе гэтае таямнічае Варапаева?.. У тыя далёкія, дарагія гады я і падумаць не мог, што сам некалі буду мець да гэтага горада дачыненне. У 80-я з літсуполкаю «Тутэйшыя» выправіліся цягніком у Дрысу, каб адтуль на лодках плыць у Дзвінск, пратэставаць супраць будаўніцтва ГРЭС, ці што, не помню («хто без чаўна, хто ча чаўне, мы шпацыруем па Дзвіне»), і вось уночы, калі рабілі перасадку на глухой, пустой і цёмнай станцыі, раптам кінулася ў вочы — Варапаева!
Аднак да-а-алёка яшчэ да начной перасадкі і да шпацыру па Дзвіне. Пакуль і без таго цікава. Вунь аўтобус ужо выплывае з-за
2 Крэйду.
3 Паставіць звычайны жалезны зуб каштавала тады штосьці каля рубля.
павароту. Тармазнуў, праехаў юзам па слізкай шашы. Расчыніліся дзверы — і вось нам першая ўзнагарода за чаканне. 3 пярэдніх дзвярэй вывальваецца, не выходзіць, не саскоквае, а акурат неяк бокам вывальваецца Міколаў сват дзядзька Сідар. Упаў на калена, падхапіўся і выдаў на ўсю вуліцу наступнае:
— Э-эх, ты, маць перамаць тваю Прасвятую Багародзіцу... у Пятра і Паўла рогі маць!..
Ашаломленыя, мы з Сержыкам нават не смяемся. Ну, калі такі зачын, сумна сёння не будзе!
— Сват, а мо не гнявіце ў Бога? — просіць Мікола, азіраючыся.
Яму сорамна за свайго госця перад людзьмі. За гэтыя брыдкія яго словы, за тое, што прыехаў паддаты і з пустымі рукамі. Што боцікі ў яго нячышчаныя, дзіравыя, і ў адзін калашына ўбілася. Што зялёнае паліточка расхлістанае, без гузікаў, шаліка няма, праз расшпіленую брудную кашулю свеціцца худая шыйка... Росту дзядзька Сідар нашага, падлеткавага. I калі сваты пайшлі па вуліцы — Мікола далікатна падтрымліваў Сідара за локаць, вялікі з малым, дык ззаду здавалася, што дзед вядзе дамоў наравістага ўнука.
Астатнія пасажыры прывезлі хоць нейкае адчуванне свята. 3 гасцінцамі, зтортамі ўруках цэлай працэсіяй расцягнуліся па вуліцы. Апошнім сіратліва клыпае Пісталет. Зноў да яго так і не прыехаў сын з Варапаева. Нічога, будзем старымі гісторыямі жывіцца! Хай сабе клыпае, балазе, яму недалёка, вунь насупраць крамы хата, — ды «квасіць» там са сваёй Аксеняю. А тое, што не пагаворыш з ёю, хай на сябе крыўдуе — не трэба людзей біць паленам па галаве, тым больш жонку.
Бліжэй да абеда пад’ехаў яшчэ аўтобус. Ажыўленне, рух на вуліцы і ў дварах! Напаўняецца вёска людзьмі. Нарэшце пад вечар яшчэ навіна, самая важная — музыкаў «пазік» прывёз! Да гэтага часу паспелі ўжо напіцца, наесціся, наспявацца, хто і пакімарыць, набіраючыся сілы перад другім таймам... Самы час пахмяліцца, асвяжыць халоднай вадою рыла — і ў клуб, на танцы!
Мы з Сержыкам пабылі ў мяне, потым у яго. I там, і там сядзелі за сталом і ўсё адно ўмудрыліся застацца амаль галоднымі сярод гэтага банкетавання, гэтага багацця розных смажанняў, тушэнняў, марынадаў, грыбкоў-гуркоў-памідораў... Ну, не лезе дома! — асабліва калі яшчэ госці, ды ў рот пазіраюць... Гэта за вуглом дзе-небудзь, у тых жа карчах на рэчцы, калі гаварыць трэба шэпатам, азіраючыся, піць з рыльца, закусваць якім-небудзь белым ад тлушчу кавалкам гусяціны, што толькі што выслізнуў з рук пад ногі, а ты падбіраеш, абдзьмухваеш — і ў рот, «зубамі яго, зубамі»!
Можна было б і ў карчы, але ж часу шкада. Ужо нават у нашым канцы чутно, як у клубе наладжваюць інструменты, як зуммерыць бас-гітара, піліць, нібы скрыпка, сола-, пераліваецца іоніка, бохае барабан-«нажнік» і медна бразгочуць ударныя талеркі.... Вось-вось пачнецца першы этап гульбы; тут свая традыцыйная іерархія. Гадзін да дзевяці-дзесяці вечара будуць тупаць-шоргаць свае «падыспані» з «карапетамі» старыя, потым перапынак — пакарміць-папаіць музыкаў — і другая, маладзёва-«культурная» частка, танцы да ўпаду, гэта значыць, да бойкі.