• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мільярд удараў  Юры Станкевіч

    Мільярд удараў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 324с.
    Мінск 2008
    75.5 МБ
    гэта тое, што яна не толькі не пачала плакаць ці пабегла скардзіцца настаўнікам, што б, пэўна, адразу зрабіла большасць яе сябровак, а наадварот запэўніла ўстрывожаную класную, быццам ударылася сама і, намачыўшы насоўку халоднай вадой, даседзела да канца ўрокаў. Наступным днём яе не было на ўроках, і я хваляваўся і пакутваў, але потым яна зноў з’явілася. 3 таго дня я неяк запаважаў яе, вылучыў з іншых, і па закону крышталізацыі кахання, яшчэ дзвесце год таму адкрытаму вялікім псіхолагам Стэндалем, да мяне і прыйшла нечаканая любоў. Нам было дзесьці па пятнаццаць, і, вядома, усё хутка прайшло: праз год я пайшоў працаваць і ўладкаваўся ў вячэрнюю школу, новыя жыццёвыя абставіны забіралі час, усе сілы і глуіпылі пачуцці. Пачыналася звычайная барацьба за выжыванне, а Юля, якой я тады так і не адкрыўся, засталася давучвацца ў школе.
    * * *
    Неўпрыкмет я прыглядаўся да жанчыны, якая цяпер сядзела побач са мной. Юля Мелешкевіч памажнела, на скронях ужо праглядвалася недафарбаваная пасма сівых валасоў, вочы яе — калісьці зялёныя, набылі шэрае адценне, але вось яна мне ўсміхнулася, і адразу на імгненне пераўтварылася ў стройную цёмнавалосую дзяўчынку, выдатніцу па матэматыцы і фізіцы, якая да таго ж вельмі любіла спяваць.
    — А ведаеш, Юля, я быў у цябе закаханы, — нязмушана прызнаўся я. Праз гады гэтыя словы вылецелі з мяне зусім лёгка. — Ну, пасля таго выпадку, калі я табе падмаладзіў вока. Адразу, так бы мовіць, і запаў.
    — Вось шкада, — сказала мая былая аднакласніца. — А я ў той час захапілася зусім іншым чалавекам.
    — Кім гэта? Хто быў той шчаслівы «чоловік»? — спытаў я, перабіраючы ў памяці магчымых былых сапернікаў і падтрымліваючы напаўжартоўны кірунак нашай гутаркі.
    Але яна раптам пасур’ёзнела. Я нават адчуў зыходзячы ад яе няўлоўны прдых смутку.
    — Настаўнік спеваў. Памятаеш — выкладаў у нас у восьмым класе?
    Я здзіўлена змоўк.
    — Ну, няўжо не памятаеш? — спытала мая былая аднакласніца Юля Мелешкевіч.
    — Чаму, успамінаю, — злёгку ашаломлены, крыху праз паўзу адказаў я. — У нас тады доўга не было ўрокаў спеваў і іх з'амянялі то фізікай, то алгебрай, але потым з’явіўся ён. Такі высокі, у зношаным касцюме, худы, пэўна, страшэнна бедны і гаротны. I дапяклі мы яго не слаба.
    — А ты назіральны. Але ж той яго касцюм быў заўсёды старанна адпрасаваны і кашуля чыстая, свежая, хоць і таксама зношаная. Ты хоць памятаеш, як яго звалі?
    Пасля роздуму я адмоўна пахітаў галавой. У твар памятаваў, колер валасоў, касцюма, а імя...
    — He.
    — Яго звалі Марка. Па бацьку Назаравіч. А прозвішча было — Байкоў.
    — Мы знарок на яго ўроках рабілі «цёмную», — успомніў я. — Употайкі выключалі святло, а потым дурэлі, нібы ў вар’ятні. Яго ніхто чамусьці не баяўся.
    — Так, гэта было спачатку. А потым мы ўсе нібы адумаліся, нават спяваць пачалі. Няўжо не памятаеш? А песню?
    Тут былая аднакласніца Юля Мелешкевіч нахілілася да мяне і ціха праспявала мне пачатак той самай, знаёмай з далёкіх школьных урокаў спеваў песні:
    Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць, Быодам рэк бурлівых хвалі ўдаль бягуць.
    Трэці год, як на выгнанні ў чужыне Трэба мучыцца душой і целам мне...
    — Цудоўна спяваеш, — сказаў я. — Як і раней. Гэту песню мы тады і вывучылі ў школе. Успомніў.
    — Ты хоць ведаеш, кім ён быў — той настаўнік спеваў і як ён на той час апынуўся ў нас у класе? He? А я амаль усё пра яго яшчэ тады даведалася. Цікаўнасць маладой дзяўчыны, ды яшчэ закаханай, не так лёгка спатоліць, хіба не так?
    * * *
    ...Стан цемры мы стваралі штучна. Клас наш быў перагружаны — каля сарака вучняў. Многія з іх панаехалі да нас з розных куткоў тагачаснай краіны. Большасць з іх выдзяляліся раз’юшаным норавам, хуліганствам, бойкамі, курэннем на перапынках. Некаторыя сядзелі ў класе па некалькі год запар, а іншыя з дзяўчат, пэўна, спазналі ўжо блізкасць з мужчынамі.
    Па вечарах, праз эканомію электраэнергіі, у горадзе часта выключалі святло. Так як мы вучыліся ў другую змену і рана цямнела — настаўнікі адразу скіроўвалі ў настаўніцкую і, каб працягваць урок, прыносілі адтуль газавую лямпу. Вядома, пакуль яны адсутнічалі — у цемры тварылася ўсякае непатрэбства. У паветры ляцелі чыісьці падручнікі, на дошцы нехта паспяваў накрэмзаць брыдкія словы, 3 вешалкі, а яна стаяла тут жа, ля сцяны, зрывалася адзенне. А кажух цельпукаватага расейца Вані Смоліна, у якім ён хадзіў у школу — станавіўся аб’ектам паглуму. Нехта паспяваў памачыцца таму ў кішэні. I ўвогуле, згадалі цяпер мы, не трэба даваць веры, што выключна ўсе дзеці добрыя, шчырыя і памяркоўныя маленькія чалавечкі. Гэта
    далёка не так. Некаторыя з іх — хітрыя, як чарвякі, іншыя па жорсткасці, якая звычайна носіць бяздумны характар, часта пераўзыходзяць злачынцаў. А сустракаюцца яшчэ і з прыгнечанай псіхікай, разумова адсталыя. Верагодна, і ў нашым класе тады такіх хапала.
    Тады мы, канечне, не ведалі, што настаўнік Марка Байкоў быў раней зняволены, а ў канцы пяцідзесятых выйшаў з лагера па амністыі. Дагэтуль, у шаснаццацігадовым узросце ён, у часе акупацыі, спяваў у царкоўным хоры, бо быў надзелены абсалютным слыхам і адметным голасам — меў выдатны барытон. Напрыканцы вайны яго прымусова запісалі ў беларускую самапомач. Праўда, некаторыя сцвярджалі, што ён пайшоў туды добраахвотна. Гэтая падзея ракавым чынам адбілася на ягоным лёсе. Як толькі на часова акупаваныя землі вярнуліся савецкія войскі, яго, па наіўнасці застаўшагася ў горадзе, праз нейкі час арыштавалі, асудзілі на дзесяць год і скіравалі ў сібірскія лагеры. He пазбегнуў ён і Калымы.
    Як ён вярнуўся, то, негледзячы на рэабілітацыю, доўга не мог знайсці працы, але неяк жыў і нават з цяжкасцямі атрымаў пачатковую музычную адукацыю. Настаўнікам спеваў яго прынялі ў наіпу школу з вялікай перасцярогай. «Справа была ў тым, — тлумачыла мне цяпер былая аднакласніца, — што ў свае трыццаць з нечым ён быў незразумелым для іншых ізгоем і да таго ж не меў анічога: ні кута, ні сям’і, ні родных. Але хіба мы тады ўсё гэта ведалі? Хіба маглі спачуваць?»
    * * *
    Я ўспомніў яго першыя ўрокі. Настаўнік Марка Байкоў уваходзіў у клас з адхіленай, рахманай усмешкай. Размаўляў ён заўсёды па-мясцоваму, пгго, пэўна, таксама спрычынілася да немінучых наступстваў. Нягледзячы на шум і ўсялякія дурныя выхадкі і кпіны,
    ён звяраўся з класным журналам, выцягваў з кішэні пінжака — адтуль дзе павінна быць насоўка — рэдкасны для нас інструмент — камертон, удараў ім па рагу стала, устаўляў у вуха і вымаўляў распеўна:
    — Ля-а-а-а!
    Адказам былі крумканне, рохканне, гіканне, рогат. Але настаўнік спеваў Марка Назаравіч не крыўдзіўся. Пэўна, пасля лагераў яму і такое было сцерпна і дапушчальна. «Ну, давайце спяем», — мякка гаварыў ён. Пасля доўгіх угавораў і блазенства мы ўрэшце пачыналі звыклае:
    ...навстречу утренней заре, по Ангаре, по Ангаре...
    Зацягвалі першымі дзяўчаты, а потым і мы падхоплівалі следам. Але аднойчы настаўнік Марка Байкоў крэйдай напісаў на дошцы верш і сказаў, што гэта новая песня, якую мы будзем спяваць і называецца яна — «Зорачкі», і што з аўтарам яе ён калісьці быў знаёмы. «Гэтую песню, — даводзіў ён нам, — мы вывучым і будзем пець хорам». I ён напеў яе нам ад пачатку да канца, а потым папрасіў перапісаць словы ў сшыткі.
    Якраз тады нехта з нас, асабліва зухаваты, выявіў хібу ў электраправодцы і прыстасаваў да дрота нітку, пацягнуўшы за якую, адразу можна было патушыць святло і стварыць у класе цемру. Так як наш клас быў у школьным будынку кутні, святло ў вокнах суседніх класаў мы не бачьілі. He бачылі і настаўнікі, якія адпаведна меркавалі, гігго паблізу ад школы яго няма нідзе.
    * * *
    У той памятны вечар, як і звычайна на ўроку спеваў мы, як цяпер кажуць, адцягваліся на поўную катушку.
    Святло ўрэшце доўгачакана лыпнула і згасла. У паветры паляцелі падручнікі, нехта зароў, іншы вішчэў, з грукатам абрынулася вешалка, ратаваў свой кажух Ваня Смолін. Кагосьці ўкалолі пяром.
    — А-га-а-ва-ла-ра-а-а!
    Ва ўзнятым вялікім гармідары не хапала хіба толькі біблейскага скрыгату зубоў.
    Але раптам у гэтай малой апраметнай, у аглушальнай цемры і тлуме зазвінеў дзявочы голас, які пачаў спяваць песню. 3 адчувальным украінскім акцэнтам, што дадало яе выкананню асаблівую прыгажосць, наша аднакласніца Юля Мелешкевіч заспявала «Зорачкі».
    ...Уночы зорачкі прыветліва мігцяць, Быццам з неба на мяне яны глядзяць... Што чуваць, скажэце, зорачкі, вы мне У маёй роднай — ды далёкай старане?
    I адразу, літаральна праз некалькі секунд, у класе, апантаным анархіяй і цемрай, нечакана стала ціха. Юля праспявала першы куплет, а на другім да яе далучыліся спачатку адзін дзявочы, потым другі, а потым і нехта з нас, хлапчукоў. Песня ўзмацнела, але, здаецца, набрала сваю межавую сілу і, нягледзячы на імпэт нешматлікіх выканаўцаў, вось-вось павінна была пайсці на спад і згаснуць, як яе падтрымаў узнёслы барытон нашага настаўніка, а потым да яе далучыліся амаль усе астатнія, хто быў у класе. Мы даспявалі яе да канца.
    ...3 новай верай, з новай сілай зажывём, Беларускі гімн свой родны запяём, Беларускай песні роднае пад тон Заарэм мы і засеем свой загон...
    А праз нейкі час, і пра што мы тады, вядома, не маглі ведаць, нехта напісаў на настаўніка Марку Байкова данос, у якім той праз сваю беларускасць
    быў абвінавачаны ў нацыяналізме, і напалоханая дырэктарка школы прапанавала яму звольніцца. I неяк незаўважна настаўнік спеваў ціха знік з нашага ўбогага існавання, быццам яго ўрэшце назаўсёды паглынула тая самая бязглуздая і бязлітасная цемра. Больш мы яго не бачылі.
    * * *
    — Цяпер я нарэшце разумею, чаму ты тады заспявала першай, — сказаў я сваёй былой аднакласніцы Юле Мелешкевіч. — Ты была з ім заадно.
    — Навокал былі яшчэ зусім дзеці, слепышы, a ён — сапраўдны настаўнік, чалавек.
    У кароткай паўзе мы думалі пра сваё.
    — А ведаеш, — урэшце дадаў я, — колькі год таму я пабачыў аўтара той знакамітай песні. Ну, з якім быў шмат раней знаёмы наш настаўнік Марка Байкоў. Як я цяпер мяркую — на Калыме і пазнаёміліся. Тады ён — аўтар — быў яшчэ жывы.
    I я расказаў сваёй аднакласніцы пра імпрэзу ў Доме творчасці, і як яго, дзевяностагадовага пад рукі ўвялі ў залу, пасадзілі на першым радзе, а са сцэны маладыя музыкі «прасунутага» сталічнага рок-гурта грымнулі ягоныя «Зорачкі», і ён сядзеў — з бяскроўным шэрым тварам лагерніка, які правёў болыпую частку жыцця за кратамі і дротам, і глядзеў проста перад сабой, быццам у далечыню, — на жоўтым, голым чэрапе не было ні адзінага воласа, а за спінай і над ім ужо адчувальна грувасцілася цемра.