• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мільярд удараў  Юры Станкевіч

    Мільярд удараў

    Юры Станкевіч

    Выдавец: Галіяфы
    Памер: 324с.
    Мінск 2008
    75.5 МБ
    Па двары Крамніка бегаў сабака.
    Той самы!
    Потым з дзвярэй выйшаў гаспадар. У руках ён трымаў... He, памыліцца было немагчыма... Ён трымаў...
    Кармушку для сініц!
    3
    У гэтую ноч і наступную Тоўсты Крамнік спаў спакойна. Ён нават не зважаў на халодны, пранізлівы вецер і на нядобрыя позіркі Крамнічыхі, якой было загадана карміць сабаку і падсьшаць у кармушку корм.
    Сініцы раіліся пад ягонымі вокнамі.
    Днём Тоўсты Крамнік праверыў паштовую скрыню і выявіў там адрасаваны яму чарговы ліст.
    «25 снежня 200... г.
    Шаноўны Крамнік!
    Людзям заўсёды лёгка паразумецца, калі яны паважаюць адзін аднаго і жывуць па сумленні, а не па хлусні. Хіба не так?
    Сёння сонца паварочвае на лета. Я рады, што і нашыя стасункі набылі адпаведны паварот. Спадзяюся, сабака, якога Вы калісьці так неабдумана выкінулі на памыйку, дажыве свой век дагледжаны, а птушкі, якія залятаюць да Вас на падворак, будуць заўсёды накормленыя.
    Цяпер, калі Вы яўна становіцеся на шлях выпраўлення, зносіны з Вамі, хоць і аднабаковыя, становяцца ўсё болей прыемнымі. Добра, што Вы нескладанай маніпуляцыяй з калькулятарам вылічылі, што карміць сабаку і з дзесятак птушак значна танней, чым рамантаваць машыну і шкліць шыбы.
    Выканаўца.
    P.S. Дарэчы, на Вас, мудрага і паспяховага бізнесмена, накладаецца новая, зусім дробная епітым’я: выдаткаваць колькі грошай на рамонт залы ў мясцовай спартыўнай школе.
    Вы ж не супраць?»
    Яйка зязюлі павінна быць выседжана
    «Не, сапраўды ў мяне нейкі ненатуральна жоўты колер твару», — думала адна старэючая жанчына на прозвішча Марта Богуш, якая сядзела ў крэсле ў зале сваёй невялікай двухпакаёўкі і вяла сачыда за тым, як адыходзіць у нябыт чарговы дзень. За акном імкліва сутонела. У святле ліхтара на вулічным слупе яна бачыла, як сыпалася восеньская імжа. 3 пакойчыка яе прыёмнага сына Дзяніса даносіліся галасы акцёраў, якія раз-пораз перабівала гучная і псеўдазначная музычная застаўка: ён глядзеў серыял. Якраз у гэты час у дзверы ўпэўнена і настойліва пагрукалі. Марта Богуш пайшла і адчыніла. Адразу ледзь улоўнае пачуццё небяспекі ахапіла яе.
    — Здрасс...
    У вітальню дзелавіта ўварвалася Ульяна — сяброўка Дзяніса: чорненькая, з нямытымі сальнымі валасамі, дзіўнаватай, са скошанай патыліцай, галоўкай — такія бываюць у дзяцей, што ў першыя пасляродавыя месяцы ляжаць, спавітыя, выключна на спіне. Яе востранькі, вульгарнапрыгожанькі тварык не выяўляў, як амаль заўсёды, аніводнага пачуцця.
    Яна без запрашэння зняла мокрую заношаную куртку, кінула яе проста ў кут (пятля, каб чапляць на вяшак, на ёй, як і раней, адсутнічала) і, не звяртаючы ўвагі на яе, гаспадыню, праслізнула ў пакойчык. Марта Богуш ведала, што Ульяна старэйшая на год за яе Дзяніса. Пераходны ўзрост, — звыкла супакоіла яна сябе, назіраючы, як дзверы з трэскам
    зачыніліся і шчоўкнуў замок. 3 пакойчыка ледзь чутна загучэў Ульянін голас, а потым стала ціха.
    Ціха, як яна ведала, будзе пэўны час. Што яны там робяць — невядома: жанчына адганяла ад сябе рызыкоўныя думкі. Потым яны ўключаць відэамагнітафон і будуць глядзець адну за другой чарговыя серыі з папулярнай тэлестужкі, якая самой Марце Богуш не вельмі, нават зусім не падабалася. Крыху раней Дзяніс набыў гэтую стужку ў краме на выпрашаныя ў яе і часткова скрадзеныя, як яна падазравала, грошы. «Узрост, — думала яна, — такі ўзрост». Серыял яны глядзяць чацвёрты раз запар. Заўтра ў школу ён, вядома, наўрад ці пойдзе. Дакладней, зробіць выгляд, што пойдзе, а калі яна патэлефануе настаўніцы, тая скажа звыклае: «Не, сёння не з’яўляўся, так што прымайце меры...»
    Калі яшчэ быў жывы муж, меры прымалі ўсялякія, але даць рады прыёмышу яны так і не здолелі. «Хоць, хутчэй за ўсё, — зноў меркавала жанчына, — ва ўсім гэтым вінаваты ўсё той жа пераходны ўзрост. Пераходны ад чаго і да чаго? Вядома, да гатоўнасці размнажацца — адсюль нечуваны ўсплеск гармонаў, неадэкватныя ўчынкі на мяжы з псіхічнымі захворваннямі і малавытлумачальныя з’явы, ледзь не да палтэргейста ў жытле: і такое не раз, як яна дзесьці чытала, адбывалася».
    Было і так, што ў школу хадзілі ўтраіх. Яна з мужам, нібы канваіры, а наперадзе іх пятнаццацігадовы Дзяніс. У вестыбюлі школы ён распранаўся, але куртку ў гардэроб не здаваў — яны яе забіралі да вечара, каб той не ўцёк з урокаў, а пасля заняткаў, апранутага з іх рук, яго адразу забіралі дамоў. У класе, па словах настаўніцы, Дзяніс быў амаль непрыкметны, паводзіў сябе ціха і нават даседжваў да канца ўрокаў, але як толькі яго куртка па якіх-небудзь прычынах апыналася ў гардэробе, то з першага ж перапынку ён знікаў. Дзе ён у гэты час быў, чым займаўся, ніхто не ведаў. На пытанні ён адказваў заўсёды нешта неістотнае, а то і ўвогу-
    ле адмоўчваўся, быў ціхі, замкнуты ў сябе, амаль не спрачаўся. Але неўпрыкмет пачаў красці з іх кашалькоў, і грошы тыя знікалі немаведама куды — толькі аднойчы, зусім нядаўна, удалося адсачыць лёс апошняй пакражы. На скрадзенае ён наняў таксі і ездзіў у прыгарад да гэтай самай Ульяны. Але хто такая тая дзяўчына, а тым болып хто яе бацькі, яна і да гэтага часу так і не даведалася.
    Нягледзячы на ўсе створаныя іх выхаванцу самыя спрыяльныя ўмовы, бацькоў ён, відавочна, хіба што цярпеў, ва ўсякім разе ў жанчыны апошнім часам склалася менавіта такое ўражанне. Адкрыта сваіх пачуццяў прыёмыш не выказваў, але калі-нікалі Марта Богуш лавіла яго ўхілісты позірк з вугла — хуткі, пранізлівы, нядобры.	*
    Само сабой, яны з мужам ніколі не дазвалялі сабе ў адносінах да падлетка ніякага фізічнага ўздзеяння. Нешта такое адбылося ўсяго адзін раз і адразу пацягнула за сабой нечаканае наступства. Аднойчы яе нябожчык муж, у якога папярэдне з кішэні знікла буйная грашовая купюра, схапіў прыёмыша за каўнер і добра патрос яго, пакуль яна не абараніла свайго ўлюбёнца. Тым не менш, Дзяніс адразу знік за дзвярыма свайго пакойчыка, але праз хвіліну паўстаў перад імі з вяроўкай у руцэ.
    «Бачыце шворку?» — нейкім ненатуральна ціхім голасам спытаў ён іх.
    Яна адразу адчула тады нядобрае і ўнутрана сцялася ад раптоўнага незразумелага страху, але муж яе не зразумеў.
    «Што з таго?»
    «А тое, што калі вы мяне хоць раз кранеце ці пачнеце яшчэ як-небудзь шчаміць, то я засілюся вось на гэтай вяроўцы».
    «Ды ты што? — разгубіўся тады яе муж, а ён быў даволі мяккі па характары. — Хіба мы табе чаго шкадуем? Хіба не родныя?»
    Але лепш бы ён не гаварыў банальнасцей і не задаваў недарэчных пытанняў, бо адразу вочы прыё-
    мыша, бадай, упершыню ўтаропіліся на іх з непрыхаванай зласлівасцю.
    «Вы мне і не родныя, не бацькі. Я ўсё ведаю».
    * * *
    Іх прыёмны сын Дзяніс з’явіўся на свет у занядбаным пасёлку, кіламетраў за трыццаць ад сталіцы, у кінутай раней, напаўразваленай халупе — пэўна, узімку яе былыя гаспадары жыць там ужо не маглі, а потым увогуле вырашылі не вяртацца. Але якраз летам у ёй раптоўна з’явілася маладая жанчына, як казалі — прыйшла аднекуль, цяжарная, тым не менш, часта на падпітку і з цыгарэтай у пажадлівым шырокім роце, хутчэй за ўсё, як яна лічыла, якая-небудзь «залётная» німфаманка, і нарадзіла, як жывёла, адна і без дапамогі не толькі лекара ці акушэркі, а нават і суседзяў.
    Немаўляці было тыдзень, не больш, калі маці паклала яго, спавітага, на ложак, запаліла комін і, зачыніўшы юшку, знікла назаўсёды.
    Суседзі выпадкова заўважылі, як дым прасочваецца з дзвярэй і напаўразбітых вокнаў, забеглі ў халупу і выратавалі немаўля. А праз год яна з мужам сабралі адпаведныя дакументы і ўсынавілі хлопчыка, забраўшы яго з інтэрната.
    * * *
    Жанчына на прозвішча Марта Богуш, як і раней, сядзела ў крэсле, але трывога пакрысе апаноўвала яе. Так заўсёды адбывалася апошнім часам, калі да іх наведвалася гэтая Ульяна, ці прыёмыш гадзінамі сядзеў у сваім пакойчыку перад відэамагнітафонам альбо проста так, склаўшы кісці рук з ненармальна доўгімі пальцамі на каленях — а пра што ён думаў, яна ніколі не ведала.
    Дзяніс не цікавіўся нічым, ну хіба што спачатку, калі яму прыносілі нешта новае. Так, летась дні са два пабрынкаў на гітары, пасля чаго назаўсёды запіхнуў яе пад ложак, бо, каб навучыцца іграць нават на такім адносна простым музычным інструменце, трэба было, як цяпер запознена лічыла яна, цярпенне, захапленне і ўрэшце нейкі талент. Тое ж спасцігла і камп’ютэр, хакейную амуніцыю, ружжо для падводнага палявання, рыбацкія вуды. Жанчына са здзіўленнем бачыла, што ўсё гэта было яму быццам у цяжар.
    Яна ўспомніла, як аднойчы муж, тым не менш, прыйшоў дадому задаволены і адразу паклікаў Дзяніса. Той неахвотна выйшаў са свайго кута.
    «Ведаеш, старэча, я цябе ў прэстыжную спартыўную секцыю ўладкаваў».	,
    «Гэта яшчэ што за секцыя?»
    «Кікбоксінгу. Вось і снарадныя пальчаткі табе адразу купіў. A то сустрэў даўняга сябра, аднакласніка. Ён цяпер завучам у спартыўнай школе. Заўтра пойдзем і, так бы мовіць, аформімся афіцыйна».
    Дзяніс не выказаў на гэта аніякіх пачуццяў, але пайсці назаўтра ў спартзалу згадзіўся. На трэніроўкі ён схадзіў тры разы. Па першым разе яго нагрузілі агульнафізічнай падрыхтоўкай, па другім трэнер паказаў асновы і, па завядзёнцы, з трзцяга разу паставіў яго ў спарынг з больш падрыхтаваным аднагодкам, каб праверыць, як ён звыкла казаў, не толькі фізічныя, а і маральна-псіхалагічныя якасці вучня.
    У першым жа раундзе, атрымаўшы адчувальны ўдар у твар, навічок увесь затрэсся, збялеў, кінуўся на праціўніка і ўкусіў таго за шыю так, што ледзь адарвалі. Вядома, яго адразу адлічылі.
    Другі неўразумелы выпадак адбыўся ў школе. Як жанчыне зноў-такі расказала настаўніца, на перапынку нехта з хлопчыкаў, значна мацнейшы за іх прыёмыша, ці то знарок ці ўвогуле не наўмысна зачапіў яго. Пасля так і не разабраліся. У адказ Дзяніс выхапіў з кішэні ручку і вострым яе бокам працяў таварышу плячо. А цэліў у галаву, змроч-
    на расказвала класная, а што, калі б трапіў, напрыклад, у вока? Ці ў сонную артэрыю?
    * * A
    Марта Богуш, жанчына пяцідзесяці пяці гадоў, з пасівелымі ўжо скронямі, сядзела ў крэсле і прыслухоўвалася. Цішыня. Што яны там робяць за замкнёнымі дзвярыма — невядома. Аднойчы муж, калі яшчэ быў жывы, успомніла раптам яна, выявіў, што дзверы ў пакойчык, дзе якраз з’явілася госця, засталіся адчыненымі, і ўвайшоў туды па нейкай неістотнай нагодзе. Што ён там убачыў, ён ёй так і не сказаў, нават значна пазней, але ў тыя хвіліны йна, сцяўшыся, пачула яго крык: «Прэч адгэтуль!», і ўбачыла, як праз хвіліну ён выцягнуў дзяўчыну, якую звалі Ульяна, і выпхнуў за дзверы на лесвіцу, выкінуўшы ўслед ёй куртку.