Мільярд удараў
Юры Станкевіч
Выдавец: Галіяфы
Памер: 324с.
Мінск 2008
Следчы Локас думаў. Былая нявеста Крата і яе сужыцель — мёртвыя. Іх ужо не ажывіць. Нават калі засудзіць гэтага Крата па максіму. Што з таго, калі ён, Крат, альбо загіне на зоне, альбо праз дзесяць-пятнаццаць год вернецца старым інвалідам з туберкулёзам у апошняй стадыі? 3 іншага боку, што добрага ў тым, калі на ім, следчым глушцом павісне нераскрытая справа? Тады зняволенага Кра-
та трэба будзе неўзабаве вызваліць праз недаказанасць. А закон?
Жук-чарнацёлка...
Следчы Локас выцягнуў з пачкі цыгарэту, дапаліў яе да палавіны, кінуў у попельніцу, а потым, павагаўшыся, сунуў туды ж ліст старога і пстрыкнуў запальнічкай.
«Над жыццём няма суддзі», — раптам успомнілася яму.
Кармушка для сініц
1
У гэтым адносна ціхім гарадскім квартале Тоўсты Крамнік пасяліўся з лета. Крамнік прыехаў сюды аднекуль здалёк, зусім не ведаў мясцовай мовы, але разумеў і размаўляў па-руску. Ён быў лупаты, сапраўды тоўсты, з пукатым жыватом, спешчанымі рукамі, якія, пэўна, ніколі не ведалі фізічнай працы, і з ухілістымі чорнымі вочкамі. Тоўсты Крамнік купіў тут дом, потым — краму побач і пачаў гандляваць, наняўшы абслугу — некалькі чалавек з мясцовых. Праз месяц-паўтара да яго прыехала Крамнічыха з двума дзецьмі — увішнымі і ўкормленымі падлеткамі, якія ў верасні пайшлі вучыцца ў мясцовую школу. Крамнічыха, мажная, чорнавалосая, пачала выконваць пры краме абавязкі бухгалтара і фінансіста. «Хто не цэніць капейкі, той не варты і рубля», — часта казаў Тоўсты Крамнік.
Потым надышла позняя восень, і ўрэпіце — зіма. Выпаў снег, і нечакана, як гэта часта здараецца ў гэтых месцах, на кроткі тэрмін ударылі маразы.
У адзін з такіх дзён, на пачатку зімы, Тоўсты Крамнік атрымаў ліст.
«17 снежня 200... г.
Тоўсты Крамнік!
Мала таго, што Вы выказваеце знявагу да людзей — абважваеце і падманваеце пакупнікоў у цяперашняй Вашай краме, Вы і Ваша сям’я пару-
шаеце яшчэ адну запаведзь: жорстка ставіцеся да жывёл. Так, нядаўна вашыя дзеці скруцілі шыю і выкінулі за агароджу хатняга папугая, а Вы самі выгналі на вуліцу сабаку, якога тры месяцы таму прыдбалі, каб ахоўваў ваш дом, бо пасля таго, як Вы ўстанавілі сігналізацыю, сабака стаў Вам непатрэбны. У сувязі з усімі гэтымі наступствамі, я прыйшоў да высновы, што Вашыя маральныя якасці вартыя карэкціроўкі, і патрабую ад Вас неадкладнай своеасаблівай епітым’і:
1) знайсці і вярнуць у двор сабаку;
2) павесіць на дрэва кармушку для сініц і штодня насыпаць туды корм.
Тэрмін адпрацоўкі — суткі. У выпадку непадпарадкавання да Вас будуць прынятыя адэкватныя меры.
Выканаўца».
Крамнік доўга чытаў ліст, варушыў губамі, плямкаў, прыцмокваў, даў пачытаць Крамнічысе і ўрэшце плюнуў на яго, скамячыў і кінуў у сметніцу.
* А Л
Да вечару таго ж дня Тоўсты Крамнік ужо не памятаў пра ліст. Яшчэ праз дзень, выпраўляючыся ад брамы дома, дзе ён звычайна пакідаў свой грузавы пікап, Крамнік выявіў, што ў машыне праколатая шына... Ён памяняў яе на «запаску», а пасля быў вымушаны ехаць у аўтасервіс, каб заклеіць камеру. Праколаў было некалькі, і Крамнік насцярожыўся.
Назаўтра ён зноў атрымаў ліст.
«19 снежня 200... г.
Хітры Крамнік!
Вы не выканалі ніводнага пункта з маёй прапановы:
1) вярнуць сабаку;
2) уладкаваць кармушку для сініц.
У сувязі з гэтым будзеце пакараныя адпаведна вашай сутнасці.
Выканаўца».
Крамнік ізноў паказаў ліст Крамнічысе і заўважыў:
— Мне пракалолі шыну.
— Падрыхтуй пакет з садавіной ды агароднінай, занясі ўчастковаму разам з гэтай пагрозай, і няхай завядзе справу, — параіла Крамнічыха.
Ноччу зазвінела і рассыпалася шкло ў адной шыбе, потым — у другой. Крамнік імкліва апрануўся і, хоць быў баязлівец, выбег за браму, але на вуліцы нікога не ўбачыў. На марозе ён да таго ж прастудзіўся і падхапіў радыкуліт.
* * *
Участковы, малады хлопец з лейтэнанцкімі пагонамі, уважліва выслухаў Крамніка і спытаў, кіўнуўшы на пакет, які той паклаў яму на стол:
— А гэта што?
— Гэта вам, — лісліва заўсміхаўся Тоўсты Крамнік, — так бы мовіць, задатак. Бананы і ўсё такое. За раскрыццё справы.
— Забярыце, — грэбліва адхіліў пакет участковы і дадаў: — За прапанову хабару я магу завесці справу асабіста на вас.
— He, не, не, — спужаўся Крамнік і пацягнуў пакет да сябе.
— Урэшце, — дадаў участковы, — з фактамі тэрору, як вы гэта назвалі, мы разбяромся, але і да вас ёсць пытанні. Пакупнікі скардзяцца, што вы іх аблічваеце і абвешваеце, падсоўваеце нясвежы тавар. А на прапанову даць аднаму з іх кнігу скаргаў вы адказалі наступнае (участковы выцягнуў паперку з нейкай папкі і лрачытаў уголас): «Самі пішыце — самі і чытаць будзеце». Быў такі факт?
— Гэта паклёп, — сказаў Тоўсты Крамнік.
— Майце на ўвазе, — перасцярог яго ўчастковы, — у вашай рэспубліцы, адкуль вы прыехалі сюды, было адно, а ў нас тут іншае, іншая, так бы мовіць, ментальнасць...
Раніцай Крамнічыха выцягнула з паіптовай скрыні наступны ліст.
«21 снежня 200... г.
Сквапны Крамнік!
Дагэтуль я не бачу на вашым двары сабаку (ён пакутуе штодня ля памыйных скрыняў) і на дрэве няма кармушкі для сініц.
Выканаўца».
Па абедзе Тоўсты Крамнік выявіў, што ўсе чатыры шыны ягонага пікапа праколатыя.
* * *
— Можа, ты мала яму паклаў? — спытала ў мужа Крамнічыха, маючы на ўвазе ўчастковага.
— Змоўкні, дурная ты баба, — незалюбіў Крамнік і, абхапіўшы галаву рукамі, знерухомеў у цяжкім одуме.
Яму раптам успомнілася радзіма, дзе ён пражыў доўгія гады, навучыўся гандляваць, што было зусім не так проста, як можа здацца, але ён любіў гэтую справу. Ды надышоў неспадзявана смутны час, назравала вайна, а Тоўсты Крамнік не хацеў ваяваць, а хацеў менавіта гандляваць. А сапраўдны гандаль, лічыў ён, гэта высокае мастацтва падману. Толькі вось народ у апошнія часы стаў нейкі нервовы, зласлівы, і Крамнік вырашыў змяніць месца жыхарства.
I тут усё ў яго быццам ішло як належыць, каб не гэты невядомы Выканаўца з яго вар’яцкімі патрабаваннямі. Можа, ён сапраўды вар’ят, меркаваў Тоўсты Крамнік, і ўцёк з якой лякарні — цяпер іх большасць паадпускалі на волю, бо няма сродкаў карміць. Можна было б зразумець, каб гэта аказаў-
ся які рэкецір, вымагальнік, які прагнуў яго грошай, а тут пра нейкага сабаку, пра сініц...
Тоўсты Крамнік быў у вялікай роспачы. Ісці зноў да ўчастковага? Але той чамусьці, як кажуць, не вельмі лёг яму на сэрца: можа, сапраўды ён мала таму прапанаваў? Але не, тут не тое — Крамнік навучыўся крыху разбірацца ў людзях. На ўчастковага яму разлічваць было няварта. Застаецца адно — абараняць сябе і свае набыткі самому.
* * a
3 вечара ён знарок пакінуў свой пікап на вуліцы, ля брамы, а як сцямнела, цёпла апрануўся, захапіў бейсбольную біту, коўдру і, расклаўшы сядзенні, лёг, стаіўшыся, і стаў чакаць.
Ён не ведаў, колькі прайшло часу. Мароз пачынаў ужо дабірацца да пальцаў на нагах і руках. Прахожых станавілася ўсё менш — Тоўсты Крамнік чуў, як снег парыпваў пад іх ботамі. Ён нават задрамаў, яму снілася чамусьці лета, у сябе, на Каўказе. Ля вёскі, дзе ён нарадзіўся, у вінаградніку на сцяжынны ён убачыў шыпуна. Змяя пагрозліва сыкала на яго, і ён спужаўся.
Тоўсты Крамнік раптам прачнуўся. Шыпела праколатае кола, спускаючы паветра. Ён выскачыў з машыны, убачыў зламысніка, які быў так заняты сваёй справай, што не зважаў на небяспеку, і схапіў таго за каўнер.
Злачынец вырываўся з усяе сілы, але быў малы ростам, што адразу надало Тоўстаму Крамніку рашучасці. Ён ужо замахнуўся бейсбольнай бітай, каб абрынуць яе на праціўніка, ды раптам спыніўся і атарапеў: перад ім была дзяўчынка!
— А-а, дык гэта ты праколваеш мне шыны! — засіпеў ён і, ашчаперыўшы яе, пачаў трэсці.
— Дапамажыце! — крыкнула між тым дзяўчынка нечакана звонкім, пранізлівым голасам, і ўжо на ўсю вуліцу:
— Ратуйце! Педафіл!
Апошняе слова прымусіла Тоўстага Крамніка адразу кінуць яе і адскочыць убок, нібы абваранаму кіпенем. Абвінавачванне ў педафіліі, калі яно даказанае, каралася вельмі жорстка, пра тое ён ведаў дасканала.
Невядомы «злачынец», адразу выкарыстаўшы яго няўпэўненасць, кінуўся ўцякаць і імгненна знік за рогам вуліцы. Дакладней, знікла...
Тоўсты Крамнік доўга стаяў на марозе і лавіў ротам ледзяное паветра. «Вось дык куля...» — думаў ён.
2
Танюткую светлавалосую дзяўчынку звалі Наста. Ёй было трынаццаць год.
Па вуліцы, дзе цяпер пасяліўся Тоўсты Крамнік, Наста ўжо некалькі год хадзіла штодня: у школу і назад, дадому, у краму ці па якіх сваіх іншых справах. Так яна і цяпер вярталася з урокаў. Шлях яе праходзіў паводле знаёмых арыенціраў — закінутай лядовай пляцоўкі, цырульні, куды зрэдку заходзілі жанчыны, шэрагу пяціі дзевяціпавярховых будынкаў, паўз смеццевыя скрыні, якія раз-пораз перакульвалі ў сябе машыны-смеццезборнікі, невялічкага скверыка і прыватных дамоў, адзін з якіх належаў Тоўстаму Крамніку. Менавіта яго падворак яна добра бачыла з вышыні дзевятага паверха, дзе жыла з бацькамі і братам Данілам.
Ля сметніцы Наста, як заўсёды, заўважыла некалькіх бадзяжных сабак, але таго, якога выгнаў Тоўсты Крамнік, чамусьці не было. Дзяўчынка мінула краму, потым дом гандляра і на ліфце паднялася ўрэшце ў сваю кватэру.
Бацькі былі на працы — абое хадзілі на завод у першую змену, а пятнаццацігадовы брат Даніла збіраўся на трэніроўку ў спартыўную секцыю. Ён займаўся кікбоксінгам.
— Ты позна швэндаешся на вуліцы, — сказаў ёй Даніла. — Маці ўчора непакоілася.
— Я за сябе пастаю.
— Глядзі, — працягваў вучыць яе Даніла. — Жыццё не даруе памылак, — і спытаў: — Цябе ніхто не крыўдзіць?
Наста моўчкі ўсміхнулася брату. У далёкім дзяцінстве яна марыла быць хлопчыкам і стаць такім, як ён. Асабліва цяпер Даніла быў для яе аўтарытэтам. Ён не курыў, не піў піва з бутэлек, не апранаўся, як «панк» ці які абсос, і ненавідзеў тых, хто нюхае клей ці ўжывае наркотыкі. Брат быў высокі і шыракаплечы, насіў простую куртку «пілот», нармальныя нагавіцы і дыхтоўныя, добра прашытыя чаравікі «грындэрс». ,
— Я прыйду пазней, — сказаў ужо ў дзвярах Даніла. — Мы цяпер трэніруемся ў падвале, бо не хапае грошай на рамонт залы. Даводзіцца дапамагаць і пасля трэніровак.
Даніла сышоў, а Наста, пакуль падаграваўся суп, выйшла на балкон і зірнула ў бок дома, дзе пасяліўся Тоўсты Крамнік.
Дзяўчынка знерухомела ад здзіўлення.