Мой сябар Дон Кіхот
Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
Міхась, а за ім і Наташа хуценька вылезлі з шалаша.
— Як так выйшла? — нічога не разумеў я.
Міхась сарваў чараціну, паламаў яе на дробныя кавалачкі, кінуў у ваду.
— Марозік, гэта востраў-плывун. Такія астравы, хоць рэдка, але і на нашых азёрах сустракаюцца. Ноччу быў моцны вецер. Вось і адагнала яго ад берага.
Я ў роспачы махнуў рукою.
Казаў вам, што лепш на дрэве начаваць. На смех паднялі. Смейцеся на здароўе.
— Штосьці трэба прыдумаць! Прыдумаць! — усклікнула Наташа.— Няўжо вы нічога не прыдумаеце?
Прыдумаць... Лёгка сказаць. Што ж тут прыдумаеш? Плыць да берага? Далекавата. Дый піраньі... Чакаць, калі зноў востраў да берага прыб’е? I гэта не выйсце. Невядома, колькі давядзецца чакаць.
— Каб лодка была,— уздыхнуў я.
— Думайце! Думайце! — Наташа ажно кулачкі сціснула.— Вы мужчыны. Будучыя мужчыны. Вам у армію ісці.
Я апусціў вочы.
— Наташа, мы пасля прыдумаем. Магчыма, якое дрэва да вострава прыб’е. Сядзем на яго і паплывём.
— Глядзі, плыве! — усклікнуў Міхась.
Я выцягнуў шыю, стаў азірацца па баках.
— Дзе плыве? Хто да нас плыве?
— He хто, а што,— паправіў мяне Міхась.— Бачыш, чарот плыве.
Каля берага на вадзе ледзь-ледзь калыхаліся чараціны, паламаныя Міхасём.
— Ты хочаш з чароту плыт зрабіць? — здагадаўся я.
Міхась абняў мяне.
— Мы прыплывём да берага. Абавязкова прыплывём. Правільна ты разважаеш. Зробім плыт з чароту і бамбуку. Ён вытрымае.
Я моцна стукнуў Міхася па плячы.
— Малайчына. Ты сапраўдны Рабінзон!
Узяўшыся з Міхасём за рукі, мы заскакалі, выкрыкваючы штосьці бязладнае. Наташа глядзела, глядзела на нас — і таксама заскакала. Калі б хто цяпер убачыў нас, то, напэўна, падумаў, што на востраве скачуць дзікуны. Ну і хай думаў бы! Нам было ўсё роўна. Радасць перапаўняла нас.
Весела гукаючы, мы раскідалі шалаш і пачалі будаваць плыт.
— Спачатку кош плялі, потым шалаш будавалі, цяпер — плыт,— сказала Наташа.— Што яшчэ давядзецца нам будаваць?
— Раскідаем лабараторыю Кляйна і пабудуем Дом культуры,— засмяяўся Міхась.
А я падумаў: «Някепска было б Дом культуры пабудаваць. Першы ў Эльдарада. Каб з розных куткоў людзі збіраліся. Каб спявалі, каб танцавалі».
Але цяпер мы былі на востраве і будавалі першы ў нашым жыцці плыт з чароту і бамбуку. Бамбук ліянамі звязалі, наклалі зверху снопікі чароту і спусцілі на ваду. Плыт закалыхаўся на хвалях. Мы з Міхасём крыкнулі «ўра-а!» і залезлі на плыт. Плыт толькі крыху асеў у ваду.
— Залазь і ты,— паклікаў я Наташу.
— А дзе шост? — запыталася Наташа.— Як мы без шаста паплывём?
Так, мы зусім забыліся, што без шаста на плыце як без рук. Добра, што хоць ад берага не адплылі. Калыхаліся б сярод возера.
— Наташа, на востраве бамбукавыя кіі ляжаць,— сказаў Міхась.— Прынясі.
Наташа прынесла два вялікія бамбукавыя кіі. Адзін кій узяў я, а другі — Міхась. Мы з Міхасём сталі па краях плыта, Наташа села пасярэдзіне.
— He перавернецца? — занепакоілася яна.
— He перавернецца,— сказаў Міхась.— Да самай Афрыкі даплывём.
Мы з Міхасём уперліся кіямі ў дно. Плыт скрануўся і паплыў. Востраў паступова аддаляўся.
Мы не ведалі, што чакае нас наперадзе. Гаманілі, смяяліся, і блізкі бераг Эльдарада не здаваўся, як учора, непрытульным і чужым.
Вогненны туман
Без асаблівых прыгод высадзіліся на бераг.
— Цяпер — на поўдзень. Толькі на поўдзень,— сказаў Міхась.— Трэба хутчэй знайсці Кляйна.
— А не заблудзімся? — запыталася Наташа.
— Болей у лес не палезем. Уздоўж берага пойдзем.
— Міхась,— кажу,— я вуду вазьму. Каля пальмы ўчора схаваў. Вуда нам яшчэ спатрэбіцца.
— Вазьмі,— згадзіўся Міхась.
Я пабег берагам возера. Мінуў купку дрэў. Ужо блізка пальма, метраў трыста да яе засталося. Трэба яшчэ тыя дрэвы мінуць, а там...
А там, за дрэвамі, я ўбачыў на траве чырвоную лужыну.
«Хто ж гэтулькі фарбы разліў? — дзіўлюся.— Тут цэлая бочка разлітая, не меней».
Нагнуўся, дакрануўшыся да лужыны пальцамі. На пальцах засталіся чырвоныя сляды. Паднёс пальцы да носа, панюхаў. Зусім не пахне. Фарба, я гэта добра ведаў, звычайна пахне ацэтонам ці аліфай. Дзіўна: чаму гэтая не пахне?
Чырвоныя плямы, заўважыў я, выступалі на далонях, потым уся рука стала чырвоная.
Чаму так? Хіба я плёхаўся рукою ў лужыне? He. Толькі пальцы памачыў. Дык чаму тады ўся рука чырвоная?
Гляджу: і сарочка, і штаны, і чаравікі чырвоныя.
Агонь. Гэта, відаць, агонь, водбліскі полымя...
Чырвонае полымя пабегла па возеры, ахапіла лес. Вакол мяне калыхалася суцэльнае мора агню. Вогненныя малінавыя языкі ўздымаліся, здавалася, да самага паднябесся.
Чаму загарэўся лес? Няўжо на Эльдарада які вулкан прачнуўся? А што з Міхасём і Наташай?
Падзьмуў ветрык, і пацягнула гарэлым. Нясцерпна абпякло шчокі. Я кінуўся назад, туды, дзе пакінуў Міхася і Наташу. А яны ўжо беглі да мяне.
— Пажар! — штосілы закрычаў я.
Міхась і Наташа падбеглі бліжэй, спыніліся. Я ажно зніякавеў. Валасы ў Міхася і Наташы былі карычневыя, шчокі, нос чырвоныя-чырвоныя, як бурак. А твары нейкія выцягнутыя. He твары, а дзве агідныя маскі.
Міхась дакрануўся рукою да валасоў — валасы падняліся і загарэліся мноствам чырвоных нітак.
Я хацеў падысці да Міхася, а Міхась адхіснуўся ад мяне.
— Марозік, ты... такі страшны.
Я зразумеў, што і мой твар падобны да маскі.
— Гарым? Мы гарым? — ледзь раскрываючы губы, прашаптаў я.
— He,— адказала Наташа.— Даўно згарэлі б. Дый не горача нам.
Сапраўды, я ўжо не адчуваў на пічоках гарачыні, хоць і шалеў агонь.
— Гэта ён,— прагаварыла Наташа.
— Хто ён?
— Кляйн. Атамную бомбу ўзарваў.
Наташа павярнулася да лесу, сціснула пальцы ў кулачок і замахала ім.
— Кляйн! Ты не чалавек! He чалавек!
Я схапіў Наташу за руку.
— Ты не напалохаеш яго, Наташа. Нам трэба хавацца. Мы выратуемся. Бомба далёка ўзарвалася. Мы расквітаемся з ім.
Наташа вырывалася ад мяне і крычала, крычала...
А агонь раптоўна знік. Раптоўна з’явіўся і раптоўна знік. Зноў зазіхацела сонца, зазелянела трава, заблішчала возера.
Наташа села на зямлю і заплакала.
— Дакуль так будзе? Я не магу, я болей не магу. Я даўно маму не бачыла. Я дамоў хачу.
Я прысеў каля Наташы.
— Наташа, не трэба. Людзі Эльдарада просяць дапамогі. Хіба забылася пра ліст? Кока-Кола сябе ўзарваў. Каб мы людзей Эльдарада выратавалі.
Наташа выцерла рукою слёзы.
— Гэта не атамная бомба? Праўда?
— Сонца свеціць. Птушкі пяюць,— сказаў я.
Наташа ўстала, паправіла пасму валасоў, вінавата ўсміхнулася:
— Даруйце. Я напалохала вас. Міхась, чаму так гарэла?
— Я спачатку таксама думаў, што хтосьці лес запаліў, а пасля — што атамная бомба,— сказаў Міхась.— Цяпер дайшло, што і не пажар, і не атамная бомба. Гэта нявывучаная яшчэ з’ява прыроды. Некаторыя вучоныя называюць яе вогненным туманам. Такі вогненны туман некалькі разоў бачылі ў нас на поўначы. Ён, як раса, нечакана з’яўляецца і нечакана знікае. А астатняе пакуль невядома. Загадка прыроды.
— Я разгадаю. Я некалі абавязкова яе разгадаю,— сказала Наташа.— He хачу, каб людзі палохаліся.
«Гадзюка» на дрэве
Вуды я так і не ўзяў.
— Хопіць сюды-туды бегаць,— сказала Наташа.— Пойдзем Кляйна шукаць. Сёння трэба яго знайсці. Гляньце, што робіцца. Ніводнага чалавека вакол. Гэты Кляйн горшы за ўсю старажытную інквізіцыю.
Так, шмат дзівосаў мы пабачылі ў Эльдарада. Але самым дзіўным было тое, што ніводнага чалавека не сустрэлі. Праўда, конніка бачылі, але і той уцёк.
Дома, у вёсцы, прывыклі штодзень страчацца з людзьмі. 3 самага ранку ў вёсцы шум, гамана. А тут? Быццам прайшоўся па гэтай зямлі страшны мор.
— Хадзем,— сказаў Міхась.
I мы пайшлі на поўдзень. Пайшлі ўздоўж возера. Нялёгка было ісці. Сонца, гарачыня. Але мы ішлі і ішлі, не адпачываючы. Інтуіцыя падказвала нам, што лабараторыя Кляйна дзесьці тут, непадалёку.
— Андрэй,— звярнуўся да мяне Міхась,— ты памятаеш, як цябе зваць?
— Рудольф,— кажу.— Мы з Баварыі прыехалі.
— He прыехалі, а прыляцелі,— паправіў мяне Міхась.— He пераблытай.
«Рыхтуе да сустрэчы з Кляйнам»,— здагадаўся я.
— He пераблытаю. Усё роўна ж буду маўчаць.
— Малайчына, што не забыўся,— пахваліў мяне Міхась.— А памятаеш, як мяне зваць, як Наташу?
— Клара, Макс.
Баіцца Кляйна Міхась. А чаго яго баяцца? Кляйн ужо стары. Відаць, толькі за кульбаку і трымаецца. Зловім, звяжам і ў Еўропу прывязём. А там у клетку пасадзім, будзем па ўсіх гарадах вазіць, людзям паказваць. Нам за гэта яшчэ якую прэмію дадуць.
Так я думаў, ідучы берагам. Напэўна, так думаў таму, што ўсё пакуль для нас складвалася шчасліва, хоць і нямала нацярпеліся: і з чалавекам-жабай, як гаворыцца, нос у нос сустрэліся, і ў лесе заблудзіліся, і на востраве былі, і агні Эльма, і вогненны туман пабачылі.
Ды не ведаў я, што Кляйн адзін быў страшнейшы і за чалавека-жабу, і за вогненны туман, і за агні Эльма. He ведаў і ў душы смяяўся з Міхася, з ягоных страхаў.
Успомнілася, што неўзабаве давядзецца маўчаць. Магчыма, гадзіну, магчыма, паўдня. Ажно паўдня маўчаць! He жартачкі. А калі яшчэ болей, чым паўдня?
— Міхась, а доўга мне маўчаць прыйдзецца?
— Думаю, што суткі, а мо і двое.
— Ты што, жартуеш? Двое сутак я не вытрымаю.
Тады мы табе рот зашыем,— няласкава прамовіў Міхась.
Двое сутак — сорак восем гадзін. Сорак восем гадзін маўчаць? Дык гэта сапраўдная пакута! Трэба хоць цяпер нагаварыцца. Каб на двое сутак хапіла. Ды маўчыць Міхась. I Наташа маўчыць. Як жа разварушыць іх?
— Міхась, праўда, што наша планета дыхае? — кажу першае, што прыйшло ў галаву.
— Адчапіся,— буркнуў Міхась.
— Цяжка табе сказаць? А калі я хачу ў фізічны гурток запісацца? Калі ўсё ведаць хачу?
— Ну, дыхае,— неахвотна адказаў Міхась.— Раўнамерна падымаецца і апускаецца. У Маскве, напрыклад, за шэсць гадзін падымаецца на сорак сантыметраў.
— А пасля апускаецца на сорак сантыметраў?
— Апускаецца.
— Выходзіць, што і мы падымаемся?
— Падымаемся. Чаго ты прычапіўся?
— Міхась, а каб мы падняліся і не апусціліся? Што тады было б?
— Тады ты ўпаў бы і расквасіў сабе нос.
— Міхась, а я носам не падаў бы.
— Цьфу,— плюнуў Міхась.— Вось прычапіўся. Падымаецца — апускаецца... Зусім замучыў.
— Міхась, а мы...
— Андрэй,— тузанула мяне за сарочку Наташа,— гадзюка!
Я проста прыліп да зямлі. Пасля прысеў, як заяц, глянуў угору. На галіне дрэва, над самай маёй галавой, вісела