Мой сябар Дон Кіхот
Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
— Дасмяешся. Як тады, на востраве,— буркнуў я і выйшаў з зямлянкі. Думаў, што нарэшце адчэпяцца ад мяне. А яны таксама з зямлянкі вылезлі, рагочуць.
— Марозік, што табе Хелд перадаў? — заходзіцца Міхась.
— Андрэй, болей не будзеш ад нервовага напружання вызваляцца? — жартуе Наташа.
Я, мабыць, ад іх на возера ўцёк бы ці на дрэва схаваўся б. Лепей з ілістымі скакунамі сядзець, чым з імі. Уцёк бы, калі б не прыйшоў Апельсін.
Ён выцер узмакрэлы лоб, здзіўлена паглядзеў на нас:
— Чаго вы так развесяліліся?
— Так сабе,— сказаў Міхась.— А вы ўсё зрабілі?
— Зрабілі. He пройдзе праз мост павук-людаед. Але я вось што знайшоў.— Апельсін выняў з кішэні аркуш, падаў Міхасю.
Міхась узяў паперу, пачаў чытаць: «Ультыматум! Калі вы, галубкі-вундэркіндцы, да паўдня не вернецеся ў мой дом, то я знішчу ўсіх жыхароў Эльдарада. Кляйн».
— Што рабіць? — спытаўся Апельсін.— Такіх папер шмат паразвешвана.
Што рабіць? I мы пра гэта думалі. Ісці да Кляйна? Зноў у камарыны пакой пасадзіць. А можа, яшчэ што горшае прыдумае. He пайсці? Сваіх слоў Кляйн на вецер не кідае. Знойдзе спосаб, як жыхароў Эльдарада пакараць, калі нават павук яго не паслухаецца.
Вось пачвара! Пашчасціла нам трапіць да такога! Думалі, што жыхарам Эльдарада дапаможам, а выйшла наадварот: з-за нас яны загінуць. Загінуць, калі да Кляйна не прыйдзем.
Міхась разарваў аркуш і кінуў яго на зямлю.
— Вядомыя штучкі,— прагаварыў.— Фашысцкія.
— Пра што ты? — не зразумела Наташа.
— Пра ўльтыматум. Чытала ў кнігах? Так фашысты і ў вайну рабілі. Невінаватых заложнікамі бралі... Трэба ісці да яго.
— He ідзіце! — кінуўся да нас Апельсін.— Цяпер Кляйн як ашалеў. Я не ведаю, што ён з вамі зробіць!
— Пойдзем,— сказала Наташа.— Нам усё роўна трэба сустрэцца з ім. Інакш лабараторыю не знішчыш.
— Пойдзем,— уздыхнуў я.— Апельсін, пакажы нам дарогу. Толькі да ўзлеску давядзеш.
I Апельсін павёў нас да Кляйна. He стану расказваць, што было ў нас на душы. Дый вы самі гэта адчуваеце.
А Кляйн, відаць, чакаў нас. Ён стаяў каля моста і ўсміхаўся.
— Што, з’явіліся?
Мы маўчалі.
— Піф-Піф,— паклікаў Кляйн.
3-за будкі выскачыў Піф-Піф.
— Вартуй іх. He паслухаюцца — страляй. Адразу. Зразумела?
Піф-Піф махнуў галавою.
Доктар Кляйн, куды гэта вы? — спытаўся Міхась.— Вы стрымаеце сваё слова?
— Гм, за індзейцаў заступаецеся? — хмыкнуў Кляйн.— Зараз я вас пацешу! Свайго павука на паляванне выведу. Ён сюды індзейца прывалачэ.
Я заўважыў, як збялеў Міхась з твару. Ён памкнуўся наперад.
— Але ж вы пісалі...
— Мала што я пісаў,— перабіў Міхася Кляйн.— А ты, хлопчык, не бойся. Пакуль павук цябе і тваіх спадарожнікаў не кране. Ён па зададзенай праграме працуе. Сёння на белых ён не нападае. Толькі на індзейцаў. 3 вамі я пасля пагавару. Вы ў мяне...
Кляйн павярнуўся і хутка пакрочыў дарожкаю. Мы кінуліся за ім.
— Стаяць! — крыкнуў Піф-Піф, наставіўшы лук.— Яшчэ крок —і страляю.
Мы бездапаможна сціснулі кулакі.
Селі на траву, пазіраючы на пасыпаную жоўтым пяском дарожку. Мы чакалі. Чакалі Кляйна і ягонага павука. Чакалі, спадзяваліся...
Час цягнуўся марудна. I вось мы ўбачылі іх. Павук-людаед ішоў наперадзе. Ён, як кропля вады, быў падобны да таго першага павука-крыжавіка, які каля возера гнаўся за індзейцам. Гэткія ж доўгія ногі, адвіслае брушка, пукатыя вочы...
Мы ўсе як здранцвелі.
Павук спыніўся перад мостам.
— Ідзі! — крыкнуў Кляйн.— За індзейцам ідзі. Індзейцы смачныя!
Павук адступаўся.
— Ідзі!.. Наперад!..
Кляйн, упёршыся рукамі, стаў пхаць павука.
— Чаго заўпарціўся? У крыжовы паход ідзі!
«Крыжовы паход...» — прашаптаў я збялелымі вуснамі.
Цяпер зразумела, чаму ён гэты від павучыных людаедамі робіць. He які-небудзь іншы, а гэты, у якога крыж на спіне. Старажытнасць успомніў. Успомніў, як нямецкія рыцары з вышытымі на грудзях крыжамі ў паходы хадзілі. Каб разбойнічаць, каб знішчаць. Любіць ён той перыяд старажытнай гісторыі...
А павук-крыжавік усё адступаўся, адпіхаў Кляйна.
— He падабаецца пах,— прашаптаў Міхась.
— Піф-Піф, дапамажы,— крыкнуў Кляйн.
У гэты момант павук павярнуўся, збіў Кляйна з ног і пабег дарожкаю. Кляйн ляжаў на пяску і штосьці мармытаў. Да яго падбег Піф-Піф, падняў, абхапіўшы за плечы.
— За ім! Дагнаць! Вярнуць! — затупацеў нагамі Кляйн.
Піф-Піф і Кляйн кінуліся за павуком.
— Уцякайце! Хутчэй уцякайце!
3 кустоў, якія раслі каля моста, выскачыў Апельсін. Мілы, добры Апельсін! Ён не пакінуў нас, ён не спалохаўся павука...
— Уцякайце!
Мы пабеглі да лесу. Да лесу заставалася метраў сто, калі зямля пад намі здрыганулася. Пачуўся магутны выбух. Пругкая хваля паветра кінула нас на зямлю.
Мы азірнуліся. Там, дзе была Кляйнава лабараторыя, шугала полымя, слаўся чорны дым. Выбухі грымелі адзін за адным, усё вышэй і вышэй уздымалася полымя...
He, не блакітны агонь, як тады, каля возера, бачылі мы перад сабою, а сапраўднае полымя, ненатольнае, неўтаймаванае.
Ластаўчын тунэль
— Чаму ўзарвалася лабараторыя? — спыталася Наташа.
Цяжкае пытанне яна задала. Хто мог на яго адказаць? Хіба сам Кляйн? Але там, куды нядаўна ён пабег, шалела полымя.
— Напэўна, нейкая няспраўнасць,— выказаў я здагадку.
— He,— сказаў Міхась,— думаю, што гэта работа Мікі. Кляйн хацеў, каб ён быў дыверсантам, каб узрываў. I навучыў на сваю галаву. Ён сам сябе загубіў.
He чакаў я такога фіналу, не чакаў, што Кляйн сам сябе загубіць. Калі мы ляцелі сюды, то думалася, што здзейснім штосьці гераічнае. Будзе пагоня, перастрэлка, як у сапраўдных дэтэктывах. Але ні пагоні, ні перастрэлкі не было. Праўда, было цяжка. Вельмі цяжка. Ці можна ўсё гэта гераічным назваць? Пакуль на гэтае пытанне я не мог адказаць.
— Мне дамоў хочацца,— прагаварыла Наташа.— Мяне мама чакае.
— У нас цяпер вясна,— прамовіў я.
— Як мы дамоў дабярэмся? — зноў азвалася Наташа.
— Калі Кока-Кола з тымі бандытамі — Бананам і Кальмарам — у «Яшчарцы» барукаўся, то крыкнуў мне, каб да «Ластаўчынага тунэля» ішлі,— нясмела сказаў я.
— Да «Ластаўчынага тунэля»? — зацікавіўся Апельсін.
— Але, я добра памятаю. А дзе той тунэль, не ведаю.
Апельсін устаў з зямлі.
— Я завяду вас туды. Хадзем.
I мы пайшлі за Апельсінам. Спачатку ішлі лесам, потым выйшлі на бераг возера.
Я заўважыў, што над намі лятаюць ластаўкі. Іх было шмат, вельмі шмат.
— Ластаўкі ў Эльдарада? — здзівіўся я.— Яны жывуць толькі ў нас, у Еўропе, а на зіму ў Афрыку адлятаюць.
Міхась не згадзіўся са мною:
— Ёсць і такія, якія заўсёды ў Паўночнай Афрыцы жывуць. У іх нават крыло на чатырнаццаць міліметраў меншае, чым у нашых ластавак. Афрыканскім ластаўкам, дзе клімат сухі і гарачы, лятаць лягчэй. Таму і крыло ў іх карацейшае.
-— Але чаму ў Эльдарада ластаўкі? Як яны сюды трапілі?
— He здзіўляйцеся,— сказаў Апельсін.— Іх прывёз сюды Кляйн. Яны тут і прыжыліся. Вось так. А вы, напэўна, стаміліся? Пацярпіце крыху. Хутка «Ластаўчын тунэль»...
Зноў падышлі да лесу. 1 тут, на ўскрайку, я ўбачыў незвычайнае: магутныя дрэвы высока над зямлёю пераплялі галіны, утварыўшы доўгі зялёны тунэль.
Мы ўвайшлі ў гэты створаны прыродаю тунэль — напэўна, адзіны ў свеце. I тут на нас накінуліся камары... A вакол, ледзь не чапляючы нас крыламі, ляталі ластаўкі, глытаючы камароў.
Вось калі я здагадаўся, чаму гэты тунэль назвалі «ластаўчыным».
Вузкая сцяжынка вяла на ўзгорак. Адмахваючыся ад камароў, мы абагналі Апельсіна і падняліся на ўзгорак. На ўзгорку была роўная расчышчаная пляцоўка.
— Самалёт! — закрычала Наташа.— Глядзіце, самалёт!
— He, гэта планёр,— сказаў Міхась.
Так, на ўзгорку стаяў двухкрылы планёр, за хвост прымацаваны да зямлі. На насавым круку планёра мы ўбачылі два доўгія гумовыя шнуры.
Наташа пакратала іх рукою.
— Навошта яны?
— Стартавая каманда гэтыя шнуры нацягвае. Пяць— восем чалавек. Пілот адчапляе хвост планёра ад зямлі, і планёр, крыху прабегшы, як камень з рагаткі, вылятае ўперад,— растлумачыў Міхась.
— I мы на ім паляцім?
— He ведаю. Самастойна падняцца вышэй за месца старта планёр не можа. А гэты ўзгорак не вельмі высокі. Дый трэба, каб яшчэ надвор’е спрыяла. Чытала пра лунаючы палёт птушак? Буйныя драпежныя птушкі гадзінамі кружацца ў небе, не варушачы крыламі, а толькі пагойдваючы імі то ў адзін, то ў другі бок. Яны выкарыстоўваюць струмені цёплага паветра, якія ўзнімаюцца ад нагрэтай сонцам зямлі. Такім спосабам і планёр ляціць.
Да нас падышоў Апельсін.
— Гэты планёр адрозніваецца ад тых планёраў, якія ёсць у вас,— сказаў ён.— Тут матор стаіць. I ягоная кабіна цяплейшая. Я дапамагаў Кляйну яго рабіць. Разам з КокаКолам.
— Значыць, мы даляцім дамоў? — узрадавалася Наташа.
— Абавязкова,— усміхнуўся Апельсін.— А спачатку навучу вас кіраваць планёрам.
He, не думайце, што праз паўгадзіны мы селі і паляцелі. Мы хацелі так зрабіць, ды Апельсін не дазволіў.
Спачатку ён паказаў, як кіраваць планёрам. Амаль не да вечара нас трэніраваў. А потым мы начавалі на ўзгорку. Усю ноч не спалі, размаўлялі. Тады Апельсін і сказаў нам:
— Кока-Кола не хацеў так жыць, як мы жывём. Хацеў з суседзямі пазнаёміцца. Мы ім дапамагалі б, а яны нам. Я пра гэта нашым людзям раскажу.
А на другі дзень, зранку, Апельсін прывёў «стартавую каманду» — сваіх сяброў-індзейцаў. Мы селі ў планёр,
індзейцы нацягнулі гумовыя шнуры. Планёр, прабегшы метраў дзесяць, адарваўся ад узгорка.
Мы не крычалі «ўра!». Мы разумелі, што шмат цяжкасцей чакае нас наперадзе. Але кожны з нас верыў, што адолее іх. Жаданне трапіць дамоў, на радзіму, верылі, дапаможа адолець гэтыя цяжкасці.
А пакуль планёр бясшумна ляцеў над Эльдарада.
ЗМЕСТ
Мой сябар Дон Кіхот 5
Здраднік 82
Эльдарада просіць дапамогі 206
Якімовіч, A. М.
Я45 Мой сябар Дон Кіхот : аповесці / Аляксей Якімовіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. — 333 с. : іл.— (Бібліятэка прыгод і фантастыкі).
ISBN 978-985-02-1878-0.
3 чым мы сустракаемся ў жыцці і без чаго не можам абысціся? Без сяброўства, дабрыні, смеласці, узаемавыручкі. Аповесць «Мой сябар Дон Кіхот» вучыць падлеткаў гэтым важным чалавечым якасцям.
Трагічныя падзеі сямнаццатага стагоддзя, калі рушылася беларуская дзяржаўнасць, паказаны ў аповесці «Здраднік» на прыкладзе варагуючых сем’яў Станішэўскіх і Краўцоў.
У прыгодніцка-фантастычнай аповесці «Эльдарада просіць дапамогі» шасцікласнікі даведваюцца, што каля іх вёскі з’явіліся дзіўныя прыхадні, якія просяць дапамогі... Ці маглі дзеці застацца безуважнымі да чужой бяды?